Усе нішы ў свядомасці сваёй абмацаць жорстка логікай «ядзернай эры», усе лагуны мозга, дывертыкулы затоеныя, дзе хаваюцца хітрыкі ўчарашняга розуму, старажытныя забабоны, даўно ці раптоўна састарэлыя ісціны, i не палохацца, калі раптам прагучыць ці то ў табе, ці то ў нечых старонках, у нечых вуснах: не толькі дрэнны мір лепшы за добрую вайну, але i любы — лепшы! Непараўнальна, несупаставіма лепшы.
Ды гэта ж толькі па звычцы, па аналогіі з мінулым называецца «вайной» — тое, што сёння супрацьпастаўлена «міру». На самай жа справе яно нешта зусім іншае, па-за ўсякімі аналогіямі i супастаўленнямі. Людзям ва ўсім свеце па-ранейшаму ўнушаюць, звыклым спалучэннем слоў, паняццяў: трэба быць гатовымі да вайны! Страшнавата, але як быццам знаёма. Але калі папраўдзе, дык варта б казаць: трэба рыхтавацца, быць гатовым да самазабойства. Так, не вайна ўжо гэта, а самазабойства i нешта іншае, менавіта омнецыд, як нехта вызначыў,— усеагульны генацыд, самагенацыд чалавецтва!
Дадумваць, дадумваць да канца! Ці не ў гэтым паратунак?
«Свету загінуць ці мне чаю не піць?..» — выбар цалкам са сферы высокай палітыкі, словы «падпольнага чалавека» Дастаеўскага вось так загучалі: быць мёртвам, або быць чырвоным, або быць не чырвоным?
Сыходзячы да чыста бытавой свядомасці, таксама сёе-тое знаходзім, адкрываем. Яна стараецца сябе не дакляраваць, не фармуляваць — на тое яна i бытавая, — але таксама ўтрымлівае ў сабе нешта. Сябра-філосаф аднойчы спалохаўся вельмі простай думкі: а свет жа можа загінуць проста таму, што нехта пашкадуе чырвонца. У любой валюце. Пашкадуе ахвяраваць ім або пажадае «даатрымаць» яго. У выглядзе менавіта чырвонца. Або ўзнагароды. Або павышэння па службе. І да т. п.
Прытым нехта вельмі канкрэтны — з імем-прозвішчам, месцам жыхарства, пасадай, з пашпартнымі асаблівымі прыкметамі або без ix.
Ён не пытае: што я магу, я, менавіта я? — перш чым дзейнічаць, гэта значыць існаваць паводле законаў адвечнага эгаізму, а таму цісне на сусветную сітуацыю неадступна i ўвесь час, як атмасферны слуп. Ён масападобны, але складаецца з індывідуумаў. I вось апошні, вырашальны драбок нейчага эгаізму на шалях сусветных вагаў i…
«Свет загінуў таму, што чалавеку было лягчэй памерці, чым змяніцца». Гэта — з рамана «Катастрофа» Эдуарда Скобелева, у якім аўтар задумваецца, ад якіх заган, якасцей чалавечых надыдзе, надысці можа ядзерны Армагедон.
Так, горка пра такое пісаць, усведамляць такое, але ўзрушэнне патрэбна, i яшчэ якое. Жыць, як жылі, думаць, як думалі, адчуваць, як адчувалі,— небяспечна, смяртэльна небяспечна для ўсіх людзей.
Не, усё-ткі яны змяняюцца — i ў масе, i індывідуальна. A інакш адкуль бы ўзяцца: маршам хатніх гаспадынь праз цэлыя кантыненты, лагеру ў Грынэм-Коман?..
Калі Марш міру-82 праходзіў па хатынскім лесе апошнія 5 кіламетраў да мемарыяла, позірк не-не дый вяртаўся да непрыгожа поўнай, з задышкай жанчыны ў лёгкай квяцістай сукенцы, для якой кожны крок азначаў востры боль — ногі ацёчныя, у сініх вінаградзінах успухлых вен. Твар вялікі, потны, чырвоны, недзе на вакзале магла б сысці за звыкла раздражняльны вобраз у натоўпе, ад якога няма куды дзецца. Тут, за дзве тысячы кіламетраў ад свайго дому, ад дзяцей i, мусіць, унукаў, яна была прыгожая. Стаіць перад вачамі i цяпер. Чаму голуб — сімвал міру? — пытае ў адной з мініяцюр сваіх Янка Брыль. I прапануе ўзамен: толькі што са сну, з хітрынкай, «рассмяянае» дзіця. A ў мяне ў вачах — хатняя гаспадыня з вялікімі нагамі на далёкай для яе лясной дарозе да Хатыні…
Не, не чакае асуджана, безгалоса свайго канца планета людзей. Не маўчыць Зямля. Людзі ўжо бачаць, што супраць ix падрыхтавана, ужо чуюць бразгатанне каністраў…
Цішыня — у бункерах. У супербункерах, «выжывалках». Там — так.
У «выжывалцы», куды зазірае чытач рамана Э. Скобелева, прадугледжана ўсё: ад сексшопаўскага інвентару да морга. Але галоўнае, што прадугледжана: каб не праніклі туды тыя, што не ў асобным спісе. На ўсіх не хопіць. Астатнія — у зусім іншым «спісе», мысленным. Увесь фокус у тым, каб у патрэбны момант самому застацца тут, астатніх пакінуць там.
«Я баялася, што тыя, звонку, не дадуць зачыніцца люку. Я розум страціла ад страху, ведаючы, што яны, калі пранікнуць у сховішча, разарвуць мяне ў клочча… Але ўдача — люк закрыўся… На падлозе валяліся адрэзаныя кісці рук. Дзве чорныя i адна белая…»
У бункер-«выжывалку» трапілі не тыя, хто яго канструяваў, у думках абжываў, любуючыся i радуючыся, як усё здорава прадугледжана. Спрацавала выпадковасць. Зрэшты, больш чым заканамерная, калі гаворка ідзе пра вайну. На вайне выпадак занадта часта — гаспадар становішча, ходзіць у генеральскім мундзіры. А тым больш калі гаворка пра тэрмаядзерную. Тут ужо дакладна: скамячыць, развее любыя падлікі-разлікі самых вялікіх хітруноў-разумнікаў. Так што дзіцячы гэта занятак — ix бункеры-«выжывалкі». Але i злавесны. I проста подлы. «Праскрыпцыйныя» фактычна спісы ўласнага насельніцтва — усяго. За выключэннем нямногіх абраных, званых. Уся подласць у тым, што сябе выдзелілі, ратуючыся не дзеля саміх быццам бы сябе, а дзеля таго самага насельніцтва. Каб яно, да апошняга знікшы з зямлі ў агні, у пакутах-сутаргах, усё ж аказалася «пераможцам». У «абмежаванай», у «зацяжной», «зорнай» ці якой-небудзь (паводле ix планаў) вайне.
Бункеры-«выжывалкі» — гэта нешта большае, чым жалезабетон i электроніка. Гэта — псіхалогія. Якая ўздзейнічае i на высокую палітыку, тым самым — на лёсы мільёнаў, мільярдаў людзей. Бункерная псіхалогія — з'ява зусім новая, народжаная ядзернай цывілізацыяй. Ёю многае тлумачыцца ў паводзінах некаторых асоб, здавалася б, нелагічных, незразумелых, невытлумачальных.
Многімі адзначана: прэзідэнт вялікай дзяржавы на пасадзе i пасля, адстаўлены ад спраў,— два розныя чалавекі. Паводле поглядаў на ядзерную пагрозу, на магчымасць перамогі ў ядзернай вайне i да т. п. I нават ваенны міністр зусім іншым чалавекам i палітыкам робіцца, калі ён, як Макнамара, пакідае пост.
Што гэта, псіхалогія вадзіцеля, які паратварыўся ў пешахода? Чалавек, пакуль сам не пасядзеў за рулём, за тармазамі, яшчэ можа верыць, што ўсе яны, вадзіцелі, народ надзейны i ўсё могуць (павярнуць, затармазіць), але калі ўжо сам пабыў вадзіцелем, пачынае баяцца, нават больш, чым звычайны пешаход. Ён-то ўжо ведае, як яно з кабіны бачыцца i можацца. Гэта значыць інфармаваны больш, чым астатнія.
Але, магчыма, не гэта або, дакладней, не толькі гэта, a i яшчэ нешта — у паводзінах адстаўных прэзідэнтаў, міністраў. Калі мець на ўвазе псіхалогію.
Так, Макнамара, аддадзім яму належнае, сёння адзін з аўтарытэтных крытыкаў нястрымнай гонкі ўзбраенняў, у якой i сам быў у свой час вінаваты.
Вельмі рэальная карціна: Каспар Уайнбергер pазумна, цвяроза мяркуе пра катастрафічныя вынікі ядзернай супергонкі. Дзе-небудзь у пачатку 90-х гадоў, аддаліўшыся ад міністэрскага крэсла. I разам з тым — ад міністэрскіх «выжывалак». Вось-вось, ці не ў ix частка адгадкі, праўды?
Нешта не чутно, каб Збігнеў Бжэзінскі сёння выказваўся, як раней, у гэтым вось духу, смела i «шырока», што пагібель у ядзернай вайне ўсіх амерыканцаў i ўсіх рускіх яшчэ не азначае канца чалавецтва, а таму, маўляў, не так ужо страшна… Ах, дык ён ужо не саветнік па нацыянальнай бяспецы! А значыць, i не ў «спісе». Які, хоць i глупства, — нікому i нідзе не пераседзець, не пазбегнуць непрадказальных вынікаў ядзернага пабоішча, — але ўсё ж, усё ж небывалы жалезабетон, электроніка, а побач першыя ў дзяржаве людзі прадугледзелі, каб ім выжыць, не можа быць, каб не прадугледзелі. I галоўнае — сям'я, дзеці, дзеці! — дзеля ix на ўсё пойдзеш.
Так, i «бункерная псіхалогія» бацькоўскіх пачуццяў не пазбаўлена. А можа, нават на ix i трымаецца. Што яшчэ больш жахліва.
Часта мы сабе i адзін аднаму задаём пытанні (i самі на ix адказваем): не, не могуць i яны ўсур'ёз хацець вайны! Як бы ні бразгалі зброяй, боегалоўкамі. Што б i хто б ні гаварыў на публіку, кожны разумее, што адбудзецца i чым скончыцца, калі каму-небудзь пачаць.