«Не могуць жа яны не разумець, што трэцяя сусветная вайна прынесла б такія неўявімыя бядоты, што гэта азначала б канец для чалавецтва… Мне здаецца, ніводзін нармальны чалавек не можа жадаць гэтага» {5}.
Ніводзін нармальны чалавек?.. Гэта, вядома, праўда.
Але ж не выключана, што да рулёў i кнопак прарвуцца iстоты з псіхалогіяй, «ідэяй» знаёма-нацысцкай: гэтым жыць, а гэтым не, гэтыя чыстыя, а гэтыя нячыстыя!.. Або са знаёма палпотаўскай арыфметыкай: для таго-та нам досыць столькі-та мільёнаў чалавек замест наяўных 5 мільярдаў!..
Вось i ў рамане «Катастрофа» Э. Скобелева нехта Сэлман правакацыйна, злавесна ўспамінае пра «клуб трохсот», дзе вырашаюць, змаўляюцца, да дзесяці ці менш мільёнаў скараціць насельніцтва Зямлі, каб «устараніць каласальныя біямасы», якія становяцца небяспечна некіруемымі для ўладыкаў гэтага свету.
Што ж, калі мог быць Гітлер, Пал Пот, мільянерскі «клуб сяброў рэйхсфюрэра», чаму не аб'явіцца зашыфраванаму «клубу трохсот»?..
Але нават калі не ix мець на ўвазе, усё роўна наша пераконанасць, што нармальныя людзі «не могуць», «не павінны» i да т. п. — таксама небяспечная. Ну, а калі змогуць, апантаныя д'яблам палітычных i іншых страсцей? Назад ужо не адкруціш: ах, выбачайце, памыліліся, пераацанілі людскую нармальнасць!
Далей, далей яе, бомбу, i ад нармальных таксама, а ix — ад бомбы! А то ж занадта многія прывыкаюць да думкі, што яна заўсёды пад рукамі, зноў i зноў з'яўляецца спакуса, калі не з таго, дык з другога боку, падступіцца да гістарычнага супраціўніка i пазбавіцца яго адным ударам. З космасу, напрыклад.
Тым больш што самім амерыканцам сёе-тое больш відно, вось i Эдвард Кенэдзі папярэджвае, што многія дзеячы ў адміністрацыі Рэйгана i пасля таго, як ваенны прамысловы комплекс атрымаў пажадлівыя новыя мільярды i як бы супакоіўся трохі, быццам удаў, які пераварвае праглынутае, тым не менш многія дзеячы, якія прымаюць адказныя рашэнні, «па-ранейшаму лічаць магчымасць абмену ядзернымі ўдарамі прымальным варыянтам. Супрацоўнік Савета нацыянальнай бяспекі прадказвае, што верагоднасць такога канфлікту складае 40 са 100» {6}.
Гэты супрацоўнік, ён ужо ж у другім, не «праскрыпцыйным», спісе. Або прарываецца — у патрэбны, зарабляе права. Магчыма, зусім нармальны з пункту погляду медыцыны чалавек. Але ў тым жа i справа, што наяўнасць супербомбы i народжаная ёю «бункерная псіхалогія», усе надзеі на тое, што «вайны ніхто не хоча», робяцца надта хісткімі. Гітлеры, палпоты, яны зноў тут, на планеце — у гэтай самай бомбе. Не адыходзіць, i тут не адыходзіць ад рэальнасці, ад прыўды, усёй праўды! {7}
Даць, даць ёй выбухнуць, не бомбе — праўдзе! У нас выбухнуць — у літаратуры, кіно, у мастацтве. Каб як мага больш людзей успрынялі ўсю праўду, не ўхіляючыся ад яе, — вось першае і, мусіць, галоўнае сёння, да чаго абавязвае пісьменніка сама сітуацыя ў свеце.
Сапраўды, яшчэ раз праў Дастаеўскі, у якога раптам вырвалася: праўда вышэй за Пушкіна, вышэй за народ, вышэй за ўсё! Таму, відаць, што яна — сама ўмова існавання i «Пушкіна» (мастацтва) i нашага роду (на-роду).
Які, які яшчэ аргумент паслаць у бок «бункерных душ»?
Пасля ўсіх папярэджанняў вучоных. Пра ўсюдыісную, усёпранікальную (на дзвесце, на трыста год наперад) смяртэльную радыяцыю ад разбомбленых рэактараў — i пісалі, i гаварылі. Пра бясконцую ядзерную ноч i ядзерную зіму? — таксама вядома. Вучоныя прадказвалі, а цяпер ужо выяўляюць, што разбурэннем азоннага пласта, які адсякае ад нас ультрафіялетавую радыяцыю на высотах ад 17 да 25 кіламетраў, ствараюцца ўмовы для ўтварэння ў атмасферы фасгену (БАР — баявога атручальнага рэчыва!) i яшчэ больш небяспечных атручальных газаў.
Любое прымяненне ядзернай зброі літаральна сарве азонны шчыт, які жывому дазваляе жыць. I павіснуць над усёй планетай новыя БАР. Таксама на цэлыя дзесяцігоддзі.
Альберт Эйнштэйн разгадаў i вызначыў матэрыю як «застылую» энергію (Е=мс2), i адразу вучоныя занепакоіліся: а як чалавек распарадзіцца сваім лёсам, калі даступнай яму стане тая энергія, якая літаральна «пад нагамі» ў яго?
Нямецкі фізік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Вальтэр Нернст папярэджваў у 1921 годзе: «Можна сказаць, што мы жывём на востраве, зробленым з піраксіліну… Але, дзякуй богу, мы пакуль яшчэ не знайшлі запалкі, якая падпаліла б яго» {8}.
Роберт Юнг у кнізе пра самую, мусіць, трагічную ў гісторыі чалавечай думкі старонку — пра стварэнне самазабойчай ядзернай зброі, піша i пра такія вось сумненні, якія ўзнікаюць пры распрацоўцы ўжо вадароднай бомбы: «Сярод пытанняў, якія належаць разгляду, адно было асабліва злавесным. У Берклі (дзе ў Каліфарнійскім універсітэце амерыканскія вучоныя-фізікі раіліся па пытанні «аб стварэнні найлепшага тыпу атамнай бомбы». — A. A.) успаміналася пра тое, што тэрмаядзерныя працэсы, аднойчы пачаўшыся ў выніку выбуху бомбы (вадароднай), маглі распаўсюдзіцца на атмасферу i воды зямнога шара. Нястрымная ланцуговая рэакцыя, народжаная супербомбай, магла за кароткі час ператварыць увесь зямны шар у палаючую зорку» {9}.
Разважалі, прыкідвалі, тэарэтызавалі — не павінна б! Рызыкнулі на практыцы праверыць свае разлікі. Ну, а каб не сышлася задача з адказам?.. Людзі, чалавецтва нават не падазравалі, якія эксперыменты за спіной у ix рабіліся — з ix планетай.
Ну, а каб колькасць перайшла ў якасць — пры адначасовым выбуху соцень, тысяч такіх бомбаў? Не павінна б?.. Ды хто мае права гадаць, прыкідваць i рызыкаваць пры гэтым усім, што нікому паасобку не належыць?!
За пасляваенныя сорак год узарвана 1500 ядзерных устройстваў. (Адна трэць — у адкрытай прасторы, дзве трэці — пад зямлёй.) Ніводзін вучоны не можа паручыцца, што адначасовы залп такой колькасці ядзерных зарадаў не ўцягнуў бы ў адзіную ланцуговую рэакцыю інертныя элементы, рэчывы планеты. А тым больш — дзесяткі тысяч зарадаў, якія могуць выбухнуць у любы момант. Якія ўжо тут «выжывалкі»? За пэўным «болевым парогам» Зямля сама можа ператварыцца ў звышбомбу, за выбухам якой таксама невядома што паследуе, адбудзецца — ужо з Сусветам. Так гэта ці не так — хто мае права эксперыментаваць?
Але ў тым жа i справа, што «смелых», а дакладней — тых, хто не дадумвае да канца, куды больш, чым хацелася б. I сярод вучоных, i сярод палітыкаў, ваенных. I на бытавым узроўні таксама.
У адказ на мае або Юрыя Каракіна артыкулы: «Нічога важней», «Не спазніцца!», «Яе спарадзіла вайна, фашызм», «Уявім сабе», «Прызнаць галоўнае — галоўным», «Жывы час», «Рабіце звышлітаратуру!.,», «Overkill» i інш. {10} мы атрымліваем пісьмы, якія спрачаюцца.
Упусціць у сябе ўсю жорсткую праўду, дадумаць да канца? I што з гэтага, што паследуе? Дзеянне, дзеянне ў чым выразіцца?
Талстой калісьці выказаў вельмі простую, але такую, выяўляецца, важную i патрэбную думку: складанасць пытання не ў тым, што рабіць, a ў тым, каб зразумець, што трэба рабіць раней, а што пасля.
Адкладваць «усю праўду» на потым, на пасля, i зноў пачынаць, як нам пішуць, гавораць, з даўняй руціннай працы па веравыхаванні чалавека, па дэмакратызацыі асноў жыцця (каб масы сапраўды маглі ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў) i г. д. i да т. п., — ды хто нам на гэта час адпусціў? Акрамя таго, i гэтыя задачы куды больш энергічна здольна літаратура выконваць, калі па-сапраўднаму данясе да чалавека жорсткую праўду: або неадкладнае i рашучае адмаўленне ад усяго, што пагібельна, — у чалавеку, у грамадскіх збудаваннях, або прымай яе, пагібель, як непазбежнасць!