Литмир - Электронная Библиотека

Занадта многае залежыць ад сённяшніх намаганняў людзей, — якая б сітуацыя ні склалася — чалавек не мае права рашыць: «Баста! Безнадзейна!»

…— Паваротка на Хатынь, — сказалі ў аўтобусе. Нас хіснула, i гул машыны зрабіўся лясны, блізкі.

— Адзін… два… тры…

Сярожа ўголас чытае лічбы. Мабыць, на кіламетровых слупах. Зноў адкрытая прастора (гук адступіў далей). Спыняючыся, мы зрабілі круты разварот.

— Прыехалі, татка.

Дзень вельмі сонечны, цёплы. Гэта мая звычка: выходзячы з будынка ці машыны, перш-наперш пашукаць тварам, павекамі казытлівыя промні сонца. Агульная, так сказаць, арыенціроўка ў космасе.

Галасы навокал, шмат, прыглушаныя. I замежныя галасы. Ix цяпер i на вуліцы нашага несталічнага горада пачуеш. З тых часоў, як я перастаў бачыць, a асабліва ў апошнія гады ix з'яўляецца ўсё больш…

Шорганне ног па цэменце, шархаценне колаў i маторы машын. Ударыў — мне пад ногі — рэзкі металічны гук. Гэта мой алюмініевы кіёк, тут ён нязвыкла i непрыемна гучны. Я ўзяў яго, нясу пад локцем. Пачакаў, пакуль мяне знойдзе Глашына рука. Але металічны гук, як рэха, застаўся ў прасторы: ён здалёку прабіваецца да нас — праз галары i шорганне падэшваў. Гэта i ёсць хатынскія званы? На высокіх комінах, кажуць, вісяць званы — там, дзе стаялі хаты…

Мы ідзём насустрач гэтаму гуку, кволаму, быццам расколатаму. Прыпыніліся каля людскіх галасоў, што чытаюць лічбы:

— …2 мільёны 230 тысяч… На Беларусі загінуў кожны чацвёрты.

— Гэта магільныя пліты? — ціха пытае Сярожа.

— Не, проста дарожка.

Глашына рука паказвае i падказвае, як ісці, як ставіць нагу, але сёння яна не тая, што звычайна — дома ці на вуліцы горада. Яна, як тады, у лесе, дзе грымела нямая (для мяне, аглушанага) страляніна, а Глаша віснула на маёй руцэ, паказвала, ці далека страляніна…

Гук ужо мацнейшы, бліжэй: тарганецца i цішэе, як заціснуты боль, каб тут жа раздвоіцца. Прагучыць, падвоены, патроены — надтрэснута, цымбальна — i таксама абрываецца, быццам на яго лягла нечая далонь. Але зноў i зноў паяўляецца ў свеце надтрэснуты, цымбальны звон, яго ўжо чакаеш, i з ім узнікае даль, яна імкліва пашыраецца. I ў табе таксама штосьці шырыцца: звон зноў i зноў шукае, абмацвае дно, кліча рэха. Пліты, мабыць, чорныя: Сярожа спытаў, ці не магільныя.

— Мамка, гэта гэты стары жывы застаўся? Які цяпер з каменя зроблены?

— Цішэй, Сярожа, паслухай, што цёця расказвае…

Малады, дзявочы голас тлумачыць, як тут было, што тут дзеелася чвэрць стагоддзя таму назад: як наляцелі карнікі, як сагналі ўсіх у хлеў i падпалілі, a людзі вырываліся, выбягалі на кулямёты, i як уцалеў гэты стары. А сям'я яго, як i астатнія, каго спалілі, запісана на бронзавай дошчачцы, прымацаванай да коміна-звона…

За дзявочым маладым голасам — як праўда, якую выказаць, перадаць немагчыма, але якая, тым не менш праўда — усё тое ж цымбальнае перакліканне званоў, пералік мёртвых комінаў.

«Дзіця з'ядае хлеба больш, чым дарослы» — гэта засела пад чэрапам маньяка ў адным канцы Еўропы, i праз некалькі гадоў сюды, у другі канец кантынента, прыйшлі, каб забіць дзяцей… Якія з'ядаюць больш…

У каменнага старога, што ўзняў, трымае забітага хлопчыка, далонь, пальцы прастрэлены. Я не ведаю, ці заўважаюць гэта відушчыя. Я бачыў не адзін раз — пасля вайны. Амаль ва ўсіх, каго расстрэльвалі разам з дзецьмі i хто выпадкова пры гэтым застаўся жывы, рука знявечана. Тая, якая закрывала, прыціскала да зямлі галаву дзіцяці. Чалавек упаў побач з забітымі, паспеў паваліцца жывы з жывым дзіцем, ix залівае жах, залівае кроў мёртвых: не дыхаць, не варушыцца, што б там ні тварылася!.. Але хлопчык, але дзяўчынка — яно хоча ўстаць, вось-вось заплача, закрычыць! I яго, яе трымае, прыціскае да зямлі рука маці ці бацькі, просіць, моліць маўчаць, не клікаць да сябе смерць. А смерць падышла ўжо, глядзіць у патыліцу, цэліцца. Страляе ў галоўку дзіцяці — i ў руку, якая абараняе, хавае цёплую, як летняя зямля, галоўку…

Гук, ломячыся, пульсуючы, адскоквае ўдалячынь i ўсё лічыць, лічыць коміны… Я сярод неіснуючай вёскі, слухаю, як людскія галасы счытваюць з нябачных табліц імёны, прозвішчы спаленых людзей, назвы забітых вёсак. Назвы гарадоў i — зноў i зноў паўтораныя — лічбы тысяч закатаваных у канцлагерах: 80 тысяч… 180 тысяч… 250 тысяч…

Сонца казыча павекі, стараецца ix, не закрытыя, раскрыць. Калісьці я любіў глядзець на сонца заплюшчанымі вачамі: праз жывую расплаўленую чырвань павек. Сесці дзе-небудзь ці вось так стаяць ці ісці насупраць сонца i глядзець на сонца, афарбаванае маёй жывой крывёю i быццам ад крыві маёй цёплае.

Цяпер мае павекі чорныя, i толькі іскры болю паласуюць чорнае, заўсёды гарачае неба…

Гук хатынскіх званоў ужо за спiной у нас лічыць, пералічвае коміны, мы ідзём адсюль, а ён застаецца, ён зноў даганяе, крышыцца, пытае: «Вы — за-пом-ні-лі?.. Дык вы — пом-ні-це?.. пом-ні-це?.. пом-ні-це?»

Мы аддаляемся. Я ўжо апусціў палку, яна звініць аб пліты нязвыкла гучна, патрэбны час, каб гук гэты зноў стаў звычайны. Усяго толькі стук металічнай палкі аб камень. Я кудысьці іду — i нічога больш.

Але ці ёсць цяпер у свеце хоць што-небудзь, пра што можна сказаць: i нічога больш!

Гук ззаду робіцца слабейшы, а мой кіёк, нашы крокі, галасы людзей — гучаць больш упэўнена, звыкла.

— Ну, далей паехалі? — малады голас шафера.

1966, 1968–1971 гг.

Публіцыстыка

Дадумваць да канца

Аўтабіяграфія-85

Анкетныя звесткі адпаведна дакументам: год нараджэння — І927, месца нараджэння — вёска Канюхі Капыльскага раёна Мінскай вобласці; сям'я — з гадамі ўсё болей медыцынская: урачом быў бацька, а потым i маці скончыла фармацэўтычныя курсы, пазней i брат мой Яўген стаў хірургам (я i сам паступаў спачатку ў медінстытут); вялізная (калі лічыць i дзядзькоў, цётак, швагроў) сям'я наша амаль уся ваявала, але ніхто не загінуў, відаць, рэдкі выпадак сямейнай удачлівасці.

З 1928 года жылі ў рабочым пасёлку Глуша на Бабруйшчыне, там застала вайна, прайшлі праз падполле, якое на Беларусі было ў кожным, нават меншым за нашу Глушу, пасёлку, сялібе, калі там не стаялі партызаны, а з 3 сакавіка 1943-га i па пачатак 1944-га я праваяваў радавым партызанскага атрада імя Кірава; потым апынуўся за лініяй фронту (для нас гэта азначала — па той бок, дзе няма немцаў), паехаў на Алтай, там жыла яшчэ адна мая цётка, год вучыўся ў Ленінагорскім горна-металургічным тэхнікуме, паступіў таму, што была стыпендыя i інтэрнат, i яшчэ таму, што апынуўся раптам зусім адзін: маці i брат — засталіся ў партызанскім атрадзе, бацька — з першых дзён вайны недзе на фронце; a знайшліся ўсе, адшукалі мы адзін аднаго, я вярнуўся ў Беларусь, у сваю Глушу, паступіў у Мінскі універсітэт, закончыў аспірантуру, абараніў адну, а затым другую (доктарскую) дысертацыі (тым часам употай пісаў сваю партызанскую дылогію), стаў (з 1954 г.) працаваць у Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР, але нечакана для самога сябе паехаў вучыцца на Вышэйшыя сцэнарныя курсы, затрымаўся ў Маскве (1962–1966 гг.), таму што адначасова з вучобай на сцэнарных курсах узяўся чытаць беларускую літаратуру ў Маскоўскім універсітэце. Вярнуўся ў Мінск, у Інстытут.

Але акрамя стажу навукова-акадэмічнай працы, літаратуразнаўчай, немалы ўжо, як сам ca здзіўленнем выяўляеш, набіраецца стаж працы ў самой літаратуры — раманы, потым аповесці, дакументальныя кнігі, а напаследак дык ужо i апавяданні (нейкі нетрадыцыйны, адваротны шлях жанравага руху, развіцця).

У маім чатырохтомніку (у які, зразумела, не ўвайшлі працы сааўтарскія — «Я з вогненай вёскі…», «Блакадная кніга») не менш за два тамы — гэта крытыка, публіцыстыка. Палова! Рызыкоўная трата, размеркаванне пісьменніцкай энергіі, сілы. З пункту погляду выжывання ў часе. Тым не менш уключыў у Збор твораў i артыкулы, выступленні, крытычныя эсэ. Відавочна, з надзеяй, што гэта не так ці не зусім так. А раптам не ўсё ці не зусім памерла, яшчэ пажыве! Пісаў ix з тым жа напружаннем i бясконцым перапісваннем, як i прозу. Не, ніколі, здаецца, не пускаў артыкул, выступленне, як нешта «буфернае», паперадзе прозы, каб ёй затым прайсці, пражыць больш бяспечна. У вайну немцы (ды i мы таксама, калі перайшлі граніцу) наперадзе паравоза ставілі, пускалі платформы з пяском — на небяспечных участках дарогі. I ў нашай справе бывае спакуса: артыкул, выступленне нагрузіць мёртвым баластам. Затое, маўляў, у рамане, у паэме скажу, што думаю, як думаю, з усім наяўным сумленнем!

49
{"b":"599003","o":1}