Литмир - Электронная Библиотека

Памятаю, на адным з бурных маскоўскіх сходаў 60-х гадоў, калі пісьменніцкая грамадскасць прабірала самых гучных у той час паэтаў, сядзелі мы, некалькі чалавек, наводшыбе, перагаворваліся, назіралі, як наш брат, які выйшаў на трыбуну, імкнуўся выцягнуць туды ж «ахвяру». Зусім як у Цютчава:

…С какой отвагой благородной

Громите речью вы свободной

Всех тех, кому зажали рот.

Хто і ў чым правы ці не правы, быццам ужо i значэння не мае: галоўнае, нахіліць, нахіліць галаву ўпартаму! Нешта крыўднае i абразлівае, непрыстойнае ў нежаданні некага гаварыць словы, якія я, бач, рытуальна, гавару.

Раптам узняўся i пайшоў да трыбуны i наш сусед, з якім толькі што гаварылі пра ўсё гэта ў такім вось сэнсе (аказваецца, значыўся ў спісе прамоўцаў). Я нават здрыгануўся: зараз выдасць спаўна, не, да чаго ж адчайная галава!

Загаварыў… быццам i не сыходзіў з трыбуны папярэдні прамоўца. Вярнуўся, сеў зноў побач, я, малады яшчэ, пачынаючы, не адразу адважыўся зірнуць на яго, баючыся, што чалавеку няёмка. Нарэшце глянуў: нічога падобнага! Ён жа ведае, што i мы ўсё разумеем: не за выступленні ж, прамовы мы яго цэнім, а за раманы, аповесці, у якіх сапраўды i думка, i смеласць грамадзянская, i сумленне.

Але прыйдзе час, i свае выступленні, артыкулы збярэ i надрукуе (ці другія збяруць i надрукуюць), a нашчадкі гадай: дзе ж ён сапраўдны — у гэтым ці ў раманах? Глядзі, яшчэ i праблема аўтарства ўзнікне: ці ён пісаў свае раманы, калі вось такі быў, як у гэтых выступленнях, артыкулах? Ды ці не перабольшваем раманныя вартасці, ці не гучаць у раманах інтанацыі (i ўмоўчванні) яго прамоўніцкія?.. Нехта жорстка, але слушна сказаў: у косках, нават у кропках-косках скажацца!

Але нам i пашанцавала: не толькі вось такія сходы выпалі на наш час, a i зусім іншыя: шквал асвяжаючых ідэй, імкненняў, думак, слоў, учынкаў. Усё тое, што стаіць для нас за любым упамінаннем пра час пасля XX з'езда партыі.

У сваёй аўтабіяграфіі 1962 года я такое вось зрабіў назіранне, якое гатовы пацвердзіць: «Кожны, хто піша, ведае той галоўны штуршок у жыцці, які зрабіў яго літаратарам. Для адных гэта была рэвалюцыя, грамадзянская вайна… Для мяне i многіх маіх аднагодкаў — Айчынная вайна i XX з'езд. Два штуршкі — два «эпіцэнтры». Без другога i пра вайну расказвалі б інакш. Або наогул не расказвалі б.

Прозу сваю я пачаў пісаць, ствараць («запісваць» — так будзе больш дакладна) недзе ў 1948-1949-м. Але пакуль не спяшаючыся запісваў уласную ваенную памяць (з гэтага выраслі, узніклі раманы «Вайна пад стрэхамі» i «Сыны ідуць у бой»), увесь, ca сваімі эмоцыямі, маладой нецярплівасцю рынуўся ў крытыку, якую сам час завострываў публіцыстычна. Чым яна была, у тыя 50-я, у пачатку 60-х, літаратурная крытыка, з якім пачуццём пісалася? А з тым жа, з якім у дзяцінстве мы ступалі на лёд, які запрашаў, патрэскваў, страляў пад нагамі, слізгалі, прагульваліся па ім: вось трымае, глядзіце, стаю, не правальваюся!..

Аглянуўся — два тоўстых тамы набралася! A ўласна прозы не вельмі многа. Ці ад таго, што крытыка-публіцыстыка энергію забірала? Выгаварышся ў артыкуле — не трэба аповесць пісаць, a калі ўжо пацягнула, сеў за аповесць, дык спяшацца няма чаго, думкі, пачуцці, якія «свярбяць», ты ўжо выказаў, пашукай што-небудзь глыбей!..

Склаўся, устанавіўся нейкі свой (як у кожнага) характер пісання аповесцей. Справа не толькі ў тым, што перапісваюцца шматразова, а што працэс выспявання, даспявання на паперы адбываецца быццам сам па сабе, па ўласных законах, паскорыць яго — быццам ужо не мая ўлада. Як немагчыма паскорыць стварэнне, рост сталагміта ці сталактыта, таму што менавіта ў павольна-пастаянным прасочванні вады скрозь зямныя нетры, тоўшчы, у кропляў уся справа. У кропляў, у павольным капанні i нарошчванні салявой масы.

«Хатынская аповесць» пісалася больш чым пяць гадоў (1965, 1968–1971), «Карнікі» — каля дзесяці (1971–1979), зараз вось пішу, з 1982-га, яшчэ адну аповесць — аб тым, аб чым i мае артыкулы, выступленні апошніх гадоў. Хацеў бы хутчэй напісаць, рабіць тую самую «звышлітаратуру», з якой у артыкулах прыстаю да іншых. Але, аказваецца, нават у такім выпадку не магу хутчэй, a толькі па кроплі…

Больш за дзесяць гадоў, пачынаючы з 1970-га, займаўся галоўнай, відавочна, справай свайго жыцця, прынамсі, ужо страчанага, — кнігамі народнай памяці: «Я з вогненнай вёскі…» i «Блакаднай». Але гэтыя працы далёка выходзяць за рамкі, за межы маёй уласнай біяграфіі, не яны — частка мяне, хутчэй я — ix часцінка (як i сотні сааўтараў гэтых кніг).

Некалі я называў два «эпіцэнтры» свайго, нашага пісьменніцкага лёсу. У 80-я выявіла сябе, заявіла пра сябе, закруціла, пацягнула за сабою (па невядомых законах грамадска-духоўнай гравітацыі) новая магутная крыніца энергіі, яшчэ адзін «эпіцэнтр», — не аднаго мяне, вядома, пацягнула. Там: Айчынная вайна, XX з'езд. Тут — нанава, з неспазнанай раней яснасцю i жорсткасцю выяўляемая праўда ядзернай эры — край бездані, які адкрыўся перад вачамі.

* * *

Але вярнуся i да чыста жыццёвай рэальнасці, без чаго, відаць, не абысціся ў жанры «Аўтабіяграфіі». Хаця гэта i не самае цікавае. А часам i дзіўна яго ўспамінаць, жыццё пражытае, глядзець адсюль — туды. Гэта калі ўзяць і, расставіўшы пальцы, глядзець на ўласную руку: няўжо маё? вось гэта? дзіўнае i страшнаватае, падобнае на нябачнага звярка ці нешта такое, што раптоўна вынырнула з-пад тоўшчы акіяна?!.

Няўжо я гэта, ля акна ў цёмнай хаце, усе некуды пайшлі, нікога каля мяне, а па шашы ідуць, едуць на конях салдаты з белымі дзідамі. Мне тры ці чатыры гады, i мне страшна… Хоць я ўжо разумею, што ёсць салдаты чужыя, а ёсць нашы і гэтыя з дзідамі — нашы.

Даваенная самая святочная радасць — кінафільмы, якія зацягваліся да 2 гадзін ночы (без канца псавалася апаратура), a калі гаснуў экран, — я радасна ўсхопліваўся з падлогі (наша, хлапчукоў, месца ў кіназале) i глядзеў, глядзеў у тую кропку прасторы, дзе, ведаў, сядзела Яна, маё Першае Каханне. Мае першыя вершы.

Колькі тады было першага, упершыню — у табе самім, у лёсе, у людзях, у птушках, звярках, нават у дрэвах каля хаты, звыкла знаёмых, якія ўспрымаліся амаль як хатнія жывёлы.

А потым быў першы дзень вайны. I ўжо праз шэсць дзён — першыя немцы, ворагі!

Разглядваеш сябе з далечыні часу, ca здзіўленнем распазнаючы: i гэта таксама я, вось той, што жыве ў доме каля «варшаўкі» хлопец! Ненавіснаму немцу карніку з Берліна, самаму галоўнаму, каб мяне забіць, сцерці з твару зямлі, не трэба нават ведаць, падазраваць аб маім існаванні. Але яму, які ўсё можа, на Зямлі існаваць аставалася не болей чым пяць гадоў, ведаў бы ён гэта i што хлопец той з Глушы будзе мець асалоду, перажыўшы яго, выварочваць яго надзьмута-вялікасную ягомасць, як гаспадыня брудныя вантробы. Не, што ні кажы, добра перажыць фюрэра!

А тады я існаваў пад ім, што закрываў сонца сваёй надзьмутай злосцю, i сам наліваўся нянавісцю да ўсіх, хто прыйшоў з яго імем. Маці жыве ў незвычайным напружанні, чаканні нечага самага жудаснага, чаму здаецца яшчэ больш спакойнай i як бы ледзь-ледзь наводдаль ад нас, уласных дзяцей: гэта каб не хныкалі, не напрошваліся ў яе справы.

З верасня 41-га яна працуе на партызан: прывозіць з Бабруйска медыкаменты (за партызанскія грошы, харчы), сама носіць ix у лес. А мы, а мы?

— Не дурыце галавы! Для вас усё гэта гульня! Я i так хутка звар'яцею!..

Але без старэйшага ёй ужо не абысціся ў гэтых справах, а малодшага можна i праігнараваць. Але ў яго даўно ўжо свая вайна з немцамі i з ix фюрэрам: што-небудзь сказануць афіцэру-пастаяльцу, напомніць пра лёс Напалеона, перахаваць кімсьці закапаныя ў яме каля шашы гранаты (i зараз ёсць тое месца, дзе ix закапваў, усякі раз, калі бываю ў Глушы, праходзячы міма, глядзіш, глядзіш здзіўлена: няўжо ўсё было? Вось жа яно, тое месца, тут!).

50
{"b":"599003","o":1}