А нас чакаюць другія немцы — знешняе кола блакады.
Мы завяршаем свой апошні круг, каб усё-ткі пераканацца, што немцы сапраўды пайшлі, што пайшлі ўсе.
Нам трэба даганяць сваіх.
…I ўсё ж чаму за Касачом мне бачыцца Барыс Бокій i наадварот — Касач за Бокіем? Я ж не вельмі разумею, што такое Касач, каб параўноўваць ix. А Бокія я i не бачыў ніколі, толькі чуў яго нязгодны голас. Бокій — увесь з кніг, з бібліятэкі, з радыё i газет, a ў Касача ўсё гэта — ад вайны. Што гэта — я, здаецца, i не сфармулюю дакладна. Горкая, бязрадасная, часам жорсткая думка пра людзей, пра чалавека? У аднаго — густа настоеная на ўласным жыцці, у другога — вырасла з вопыту іншых, але тым не менш вельмі асабістая, свая. Часам у Касача гэта прарываецца нейкай спыненай (як яго ўсмешка) думкай, выказанай абавязкова праз дзеянне, у другіх жа, як у Бокія, сама думка, пакутлівая, няспынная, i ёсць дзеянне. Бокій нагадвае мне чалавека, які не верыць у шчаслівы канец хваробы, бо звыш усякай меры балюча, страсна жадае такога шчаслівага выніку. Думку яго на ляту, як спазмай, перацінае нецярплівасцю, гаркотай, болем. Такая спазма, але якая пераходзіць ужо ці нават перайшла ў застыглую жорсткасць, часам адчувалася i ў Касачу. Асабліва гэта прарвалася пасля Пераходаў, на тым балоце. Бокій часам мне ўяўляецца Касачом, які раптам разгаварыўся…
Але ж i сапраўды, няма сёння спакойнага разумення. Калі яно спакойнае — значыць, чалавек не адчуў, не зразумеў усёй пагрозы. Я дэманструю перад Бокіем такое ўраўнаважанае разуменне, але ён, вядома, не верыць мне, бачыць у гэтым палемічна задзірлівы прыём i яшчэ рэфлекс сляпога, прывычку асцерагацца рэзкіх рухаў. А сам ён, мой пастаянны апанент, увесь з такіх рухаў! Часам ён так намацвае, адгадвае мае ўласныя сумненні, мой боль, што яго можна было б прыняць за сваё другое «я», тое, што называюць «апанентнае», без якога няма «стэрэаскапічнага», аб'ёмнага бачання падзей i самога сябе…
— Вось, палюбуйцеся, Фларыян Пятровіч, якое яны сабе свята зрабілі — патрыятычнае! — нават з суда над забойцамі Сангмі! Тысячы пісьмаў прыходзіць да лейтэнанта Уільяма Колі, які ўзяў на сябе нацыянальную ношу — забіваць. А ён драпіруецца, какетнічае: «Скажа мне большасць (учора гаварылі: «Фюрэр скажа!») забіць цэлую краіну — заб'ю! Я заўсёды ставіў волю Амерыкі вышэй за сваё сумленне!» Заўважце розніцу: Клод Ізэрлі, які скінуў на горад першую атамную бомбу, сам лез у турму, прасіўся пад суд, покуль не схавалі «нацыянальнага героя» ў вар'яцкі дом. Там вайна ўсё-такі была супраць фашызму! А гэты толькі здзіўляецца: «Забойства? Смешна! Вы ж мяне паслалі, я выконваў абавязак! Самі ж казалі, што ў В'етнаме мы — «лепшыя з лепшых». Дык якога вам д'ябла!»— не смяшыце лейтэнанта. Сённяшнім ізэрлі смешны суд сумлення. Хоць у адрозненне ад Клода Ізэрлі яны будуць ведаць, які груз у чэраве ix самалёта ці ў зяпе ракеты… Вось так, Фларыян Пятровіч, а вы мяне ўсё ўгаворваеце! Усё яшчэ разлічваеце, на маю боскую цярплівасць? Усе знакі выстаўлены, паказаны. Выбірай, чалавек, куды ісці! Хіба мала знакаў: Бухенвальды, Хатыні ды Хірасімы… A дзесьці i апошні. Дабяжыш — звароту не будзе. Раней замест чалавека прырода старалася. Цяпер сам паклапаціся. Ёй ужо не саўладаць з тваімі бомбамі ды фашызмамі. Самому прыйдзецца.
I ўсё-такі! Так яно, дарагі Бокій, але i не так. Калісьці Гегель па-мефістофельску ўсміхаўся, што гісторыя адзіны дае ўрок, a іменна той, што яна нікога нічому не навучыла. Здавалася б, i сёння так: зноў Хатыні, зноў адольфы! Зноў знаходзяць прастакоў з кароткай памяццю, знаходзяць блізарукіх, знаходзяць жорсткіх — зноў пад рукамі сухое сучча для агню, які вось-вось папаўзе. Зноў кароценькія наркатычныя ідэі i наркотыкі замест ідэй.
Стрэлка скранулася, пастаяла, дрыжачы, i зноў нашчупвае тыя ж самыя рыскі…
Так i не навучыліся людзі нічому? Але ж мы не ведаем, так, Бокій, не ведаем, дзе б цяпер быў свет са сваімі бомбамі, калі б не пякельны вопыт трыццатых — саракавых гадоў!
I калі б не было ў чалавецтва тых пятнаццаці хвілін. Калі Нюрнбергскаму суду, журналістам, ахове, публіцы (i падсудным таксама) паказалі кінадакументы нацысцкіх зверстваў у Еўропе (у Беларусі, у Падмаскоўі, на Украіне, у Польшчы, у Югаславіі), паказалі Асвенцімы i Хатыні (яны яшчэ не называліся Хатынямі) i калі пасля гэтага зноў успыхнула святло ў зале, людзі, падняўшыся з месцаў, усе павярнуліся i сталі глядзець на галоўных забойцаў: пяць хвілін, дзесяць, пятнаццаць… Моўчкі глядзелі на чалавекападобных, якія такое тварылі.
Ужо не пятнаццаць хвілін, а дваццаць пяць гадоў доўжыцца ён, — той позірк… Так, дзе-нідзе фашызм ужо падняўся з той падсуднай лавы, размінае застоеныя мускулы, ужо не смірненька-здзіўленая міна на фізіяноміі, а нахабная ўхмылка. Ён ужо рыкае сытым баварскім голасам: «Сёння Германія дастаткова моцная. Мы маем права патрабаваць, каб усё мінулае было забыта». Але новыя фюрэры нервуюцца, дзе б яны ні паявіліся. I даводзіцца нават першыя крокі рабіць пад позіркамі мільёнаў людзей, якія помняць…
Пятнаццаціхвілінны позірк той доўжыцца…
Сангмі… I адразу ўспыхвае, як у промні: Лідзіцэ, Арадур, Хатынь, Хатыні!
Малойчыкі, што лупяць па галовах за чытанне кніг… Адразу паўстае: вогнішчы з кніг на плошчах Берліна i Мюнхена!..
Штраус, Адольф фон Тадэн, Галдуотэр, Альмірантэ… I адразу праяўляюцца на твары вусікі, спаўзае на лоб касмыль…
Пра ix, пра новых фюрэраў, людзі памятаюць усё.
I яны самі памятаюць пра сябе… Хоць вельмі ж хацелася б забыць! Як сядзелі, злоўленыя, a людзі ў Нюрнбергу, у Мінску, у Кіеве, у Варшаве, у Бялградзе разглядвалі ix, a іхнія ахвяры з кінаэкранаў зноў глядзелі ў вочы… Помняць яны, цяперашнія, як раптам абмяклі пад гэтымі позіркамі, быццам i не было гэтага — дзесяцігоддзяў жорсткай улады над жыццём, над лесам мільёнаў… Помняць яны, як у ix (тады ix называлі герынгамі, кохамі, гесамі) расцягваліся ад паслухмянай усмешкі губы перад салдатам, канваірам, пераможцам. Як бездапаможна, непадобна выглядалі яны, нядаўнія дучэ, пад дулам партызанскага аўтамата («— Я ведаю, мне не зробяць шкоды!»). Як вішчэлі, зажмурвалі вочы, страчвалі прытомнасць, як не хацелася ім, кальтэнбрунэрам i розенбергам, у пятлю, хоць чужыя смерці, мільёны, імі запланаваныя, абуджалі ў ix толькі прафесійную нудоту. I як у ix, што называліся тады Гітлерам, дрыжэлі губы i пальцы, калі ад усяго ў ix засталася толькі пацучыная атрута.
Як бы нахабна ні паводзілі сябе сёння пад абаронай новай сілы, улады, яны памятаюць, што тады была ў ix улада над паловай свету, а потым быццам прачнуліся, апынуўшыся сам-насам са сведкамі — суддзямі, якіх, здавалася, яны даўно спалілі ў крэматорыях…
Як гэта ў Піта Сігера — пявучага амерыканца?.. «Апошні цягнік у Нюрнберг! Апошні цягнік у Нюрнберг! Кожны займае сваё месца! Вы бачылі лейтэнанта Колі? Вы бачылі капітана Медыну? Вы бачылі генерала Костара? Вы бачылі Уастморленда? Адпраўляецца цягнік у Нюрнберг!»
Знакі сапраўды выстаўлены, асветлены, ва ўсіх перад вачамі, перад памяццю!..
Так, усялякае ашуканства, махлярства не можа цягнуцца бясконца: немагчыма ўсіх ашукваць вечна. Сёння гэта такая ж ісціна, як i ў даўнейшыя часы. Але гэта ўжо не суцяшае, як раней. Занадта небяспечны i нядоўгі падман многіх. Таму што ёсць Бомба, для якой такога часу дастаткова. На сабе спыні ланцуговую рэакцыю! У час спыні homo sapiens, у сабе таксама абарві дроцік, які цягнецца да Бомбы!..
У армейскім лазарэце, памятаю, сусед — сапёр з выпаленымі вачамі, апавядаў пра тое, як тапіўся, а яго ратавалі, адкачвалі на беразе возера. Дык ён, аказваецца, увесь час чуў галасы людзей, якія стараліся над ім. A ў нейкі момант пачаў i разумець, пра што гавораць. I раптам — выразнае:
— Баста! Нашто яго мучыць? Сорак хвілін — i ніякай адзнакі! Безнадзейна.
Чалавеку хацелася крыкнуць, што ён жывы, хоць бы застагнаць, губамі паварушыць, а ён не мог. I памятае, які жах быў: а раптам i астатнія згодзяцца з гэтым: «Безнадзейна!»