Литмир - Электронная Библиотека

Спачатку мы ўсё чакалі, што нас адкрыюць. Але вось яны зусім побач: кашляюць, размаўляюць, страляюць — метраў за пяцьдзесят ад нас. Наша канава ўпіраецца проста ў лазняк, i немцам даводзіцца спускацца, перасякаючы яе. Усё надступіла ўсутыч, здаецца, што проста на нас яны ідуць, вось-вось на галаву стануць. I ў той жа час усё аддалілася: нібы не ты гэта ляжыш тут ці ты, але не цяперашні, а было гэта некалі з табой i ўжо прайшло, прамінула i толькі ўспамінаецца — да жаху рэальна…

Пайшлі немцы ca сваімі параненымі, са сваімі забітымі — услед нашым пайшлі, i мы сталі чакаць зноў з'яўлення партызанаў, Касача. Цяпер мы сваіх бачылі таксама збоку: i хаця другімі вачамі, па-другому, з радасным пачуццём звароту да самога сябе, але зноў здалося на міг, што i гэта толькі ўспамін аб нечым такім, што адбывалася з табой даўно-даўно… Падпоўз, далучыўся да нас i Пухаў: ён усё кашляе, але зараз адкрыта, вітаючы нас, жыццё, бяспеку сваёй радаснай, ужо шумнай дыхавіцай, кашлем. Косця-начштаба пастукаў кулаком па яго тоўстай спіне, але i сам закашляўся i засмяяўся.

Мы рушылі насустрач сваім: памахалі ім зброяй i зараз ідзём насустрач. Уклініліся ў калону, зліліся з ёю, з яе рухам. Цяпер нам весела расказваць, як блізка былі немцы, як мы ix разглядвалі i якія яны.

I зноў ідзём вакол лесу, несучы сваіх, даганяем ворагаў i ўцякаем ад ix, i ўжо не верыцца, што было што-небудзь, акрамя гэтага бясконцага блукання пад пякучым нелітасцівым сонцам, i што будзе, магчыма, нешта іншае. Становішся ўсё больш абыякавы, далёкі самому сабе: нас, жывых, быццам меншае, а тых, каго нясём — параненых, забітых, — становіцца больш: ужо няма падмены, ужо i шасцярым цяжка цягнуць мёртвага ці раненага.

Сонца амаль завяршыла свой паўкруг, пакідаючы нас адных. Спёка сышла, але стома большае, хаця, здаецца, i немагчыма стаміцца больш. Тарфяны дым гусцее, кашаль душыць усіх, параненых таксама. Толькі забітыя ціха ляжаць у правіслых гамаках-коўдрах, на якіх мы ix носім.

I ў той меры, як чырвонае, з дымным, сінявым абадком, сонца спускалася за пачарнелы край зямлі, за тарфяныя ўзгоркі, а неба ўздымалася да самых дробных зорак, з чорнай зямлі выступала, сачылася, пачынала трапятацца, дрыжаць сваё святло — злавеснае, нутраное. Яно таксама падсінена тарфяным дымам — гэта выраслае знізу паўзучае святло землянога пажару. Яно ўжо ўсюды, усё больш шырокім кальцом замыкае i нас, i лес, вакол якога мы ходзім, i нябачных (але мы ix чуем) немцаў. Ужо не знаеш, дзе яны, тыя сцежкі, якімі сюды прыйшлі i мы, i немцы i якімі можна вырвацца назад ці наперад. Агонь усюды, i ён наступае. Глянцавыя водбліскі яго на лазняку, на нашых тварах i тварах мёртвых. З кожным кругам тыя забітыя, якіх i мы, i немцы пакінулі на зямлі — уласаўцы, — быццам неяк змяняюцца, кожны раз яны нас сустракаюць інакшымі. Трупы бялеюць там i тут, i яны то бліжэй (пачынае здавацца) адзін да аднаго, то распаўзаюцца — пакуль мы i немцы робім наступны круг. Потым заўважаеш, што яны на тым жа самым месцы i ўсё тыя ж, адзначаеш гэта з бяссэнсавай, выпадковай зацікаўленасцю чалавека, стомленага смяртэльна. Мы ўсё часцей спыняемся: апускаем на зямлю раненага i самі падаем каля яго, як забітыя. А потым ён, голасам, рукой, будзіць нас. Нехта там, спераду — Касач, Косця-начштаба, — нехта распараджаецца, але ўжо з дапамогай параненых: яны зараз самыя свежыя, жывыя, не змучаныя, яны нас будзяць, штурхаюць, i мы зноў нясём ix, нясём забітых, вяла i цяжка. Нешта ў гэты час робяць нашы ворагі, напэўна, такія ж выматаныя, робяць тое ж, што i мы — уцякаюць ад нас i даганяюць нас: i мы i яны занадта вытрыбушаны, выматаны, каб спыніцца i пачаць бой.

Недзе ёсць дарога, па якой мы прыйшлі, па якой прыйшлі нашы ворагі. Можна паспрабаваць адной з гэтых дарог вырвацца з цеснага кола землянога пажару. Але адразу адкрыеш сябе кулямётам другога: другі адразу ж скарыстае такую перавагу. Земляны агонь усё разгараецца пад пацямнелым небам, ён так шчыльна нас акружае, што ўжо не верыцца ў ацалелыя дарогі, сцежкі — дзе яны там?! Але яны ёсць: не мог за адзін дзень торф падгарэць кругом, усюды. Трэба толькі знайсці тую дарогу, але спачатку адарвацца ад немцаў.

А пакуль што спыніліся, услухоўваемся, дзе немцы, дзе страляюць. Можна ўпасці i ляжаць, ляжаць… Зноў нас будзяць раненыя, гукаюць: «Хлопцы, пад'ём, пад'ём!» Трэба ўставаць, але можна пабыць яшчэ міг у салодкім небыцці, пакуль не ўсе яшчэ ўсталі. Штурхаюць, трэба…

Ага, мы зараз на тым месцы, дзе пабілі коней. Сюды падыходзіць дарога, па якой немцы з'явіліся. Значыць, па ёй будзем адыходзіць: нам туды прарывацца. Значыць, будзем адыходзіць…

Адразу зляцела санлівасць, i нават пра стому нібы забыліся. Па ланцугу ідзе каманда, яе падхопліваюць, жывей i гучней, чым трэба, як бывае пасля сну.

— Раненых нясіце, другая рота нясе раненых, — мармыча з насілак малады партызан, у якога на лбе набраклы крывёй белы бінт, а твар закарэў, чорна зіхаціць ад засохлай крыві.

— Першая пойдзе, першая — насустрач немцам, — напружана слухаючы, зычна паўтарае каманду паранены, строга пазіраючы на нас з зямлі, нібы мы сапраўды спім ці самі не чуем.

Не, я пайду з першай, мы пойдзем насустрач немцам, а тым часам нашы панясуць параненых, адыдуцца як мага далей. Нарэшце i вось гэтак скончыцца — мы павернем, мы рушым назад, насустрач ворагу, i ўсё, што было за гэтыя дні, што збіралася на бясконцых кругах, разрадзіцца. Магчыма, смерцю, але разрадзіцца. Вочы мае ўсё слязяцца, але я нібы звыкся ўжо з гэтым — з тым, што ўсё расплываецца, растае, афарбоўваецца болем i вясёлкай…

Тым, хто пойдзе на немцаў, збіраюць i перадаюць патроны. У мяне нямецкая вінтоўка, мне патрэбны нямецкія… Ага, ужо ідзём, адыходзім, — ну, вось i добра! Мы азіраемся на сваіх, пакуль яшчэ можна бачыць: няспрытна, стомлена, ярасна ўчапіўшыся ў коўдры, у брызент, ці проста так, за рукі, за ногі нясуць параненых, забітых — расцягваюцца ў трывожную i таропкую працэсію, ідуць насустрач дымнаму зараву. Не, мы ўжо не вернемся на гэтую дарогу, мы гэта ведаем, нас мучыць туга гэтага ведання, i, каб заглушыць яе, задушыць яе ў сабе, мы ўсё паскараем крок. Плямамі зіхціць лістота лазняку, твары ў людзей афарбаваны злавесным земляным агнём, цені ад купін i калдобін, ад кустоў здаюцца чорнымі ямамі… Мы ўжо бяжым, аднекуль сіла ўзялася бегчы: мы растрачваем нейкі НЗ, апошні запас, які раней несвядома зберагалі. Зараз ужо няма патрэбы берагчы. Зробім менш, чым паўкруга, i тады знойдзем, сустрэнем тых, ад каго ўцякалі, каго праследавалі. Косця-начштаба з намі. Калі ён азіраецца на хаду, мне здаецца, што твар, што вочы ў яго ненатуральна вясёлыя. Зрэшты, я дрэнна бачу, мне шмат што толькі здаецца.

Мы ўжо стаміліся бегчы, дыхаць няма чым, перайшлі на таропкі крок. Ланцуг наш моцна перакасіла: крыло, што далей ад лесу, адстае. Як ваду ў нізінку, усіх зганяе да лесу, дзе i калдобін не столькі, i круг меншы.

Справа ад нас — няроўна падсветленая сцяна лазняку, злева — зламаны тарфянымі ўзгоркамі гарызонт, які палае агнём — чырвоным, жоўтым, сінім, нават чорным. Нават чарната нібы палае, плавіцца.

Мы ўбачылі людзей. Гэта мёртвая засада — уласаўцы. Знаёмымі плямамі бялеюць на зямлі трупы. Нешта помслівае, злараднае ў ix нерухомасці, заспакоенасці.

Косця-начштаба ўсё азіраецца на нас, нібы прыкідвае, колькі часу гэтыя трыццаць ці сорак чалавек змогуць пратрымацца. Мы адбеглі, адышлі даволі далека ад сваіх, даўно ўжо не бачым ix, a немцаў няма. I не чуваць больш, каб яны стралялі.

А што калі i яны, адначасова з намі, наважыліся павярнуцца i ісці нам насустрач? I таму зноў адыходзяць ад нас i зараз наскочаць на нашых параненых. Косцю-начштаба відавочна непакоіць гэта: немцы нібы скрозь зямлю праваліліся. I не страляюць больш, а раней увесь час мы ix чулі.

— Вунь яны, глядзі! — крыкнуў нехта, узрадаваўшыся, з палёгкай. За кіламетр, калі не больш, ад лазняку — нейкі жывы рух, падсветлены дымным заравам. Так, яны пайшлі: дарогай, якая нас сюды прывяла.

Там ix сустрэнуць: вусаты камандзір, яго атрад.

47
{"b":"599003","o":1}