Литмир - Электронная Библиотека

Найтанчэйшая, эластычная мембрана жыцця, якая дыхае, — чалавечая скура. Колькі яе на чалавеку? А на ста тысячах?

Сотні, тысячы квадратных метраў, кіламетры невыноснага болю!

Жывая, эластычная… A калі пра ўсю падумаць, якая на чалавецтве, — белую, жоўтую, чорную? Не апаліць, не прапаліць да нутра сама думка пра гэта?!

Але куды ад яе схавацца, ад такой думкі?..

I ўсё ж самая галоўная думка, галоўнае веданне — нават не пра сусветны гэты боль. А пра тое, што бомба заб'е ўсіх. У літаральным, у арыфметычным значэнні слова ўсіх. А значыць — назаўсёды!

Пачуццё роду, яно выяўляецца, гаворыць у нас, заяўляе пра сябе нават мацней, чым мы ўяўляем. Калі падступае, падступіла такое — найрэальная пагроза поўнага нашага знікнення.

I ўсё ж кожны сам павінен прайсці нейкі ўчастак шляху — насустрач усёй праўдзе. Ісці насустрач ёй — ісці да выратавання.

«Што я магу, я, менавіта я?..» — колькі людзей задае гэта пытанне сабе i іншым.

Але ж гэта можа кожны — пазнаць праўду. Або хоць бы імкнуцца да таго, каб пазнаць яе. Але толькі ўсю праўду, якая б ні была яна жахлівая. Вось тады i адкрыецца, што ты, кожны, можаш. А дакладней, што ты павінен. Паколькі, пазнаўшы, вымушаны будзеш (бязлітаснай праўдай вымушаны) шукаць шляхі да дзеяння, учынку.

Чытаю зборнік артыкулаў, выступленняў на міжнародных кангрэсах П. Л. Капіцы — аднаго з буйнейшых фізікаў XX стагоддзя, i тут выяўляецца пацверджанне сказанаму вышэй. Памёр ён змагаром супраць смяротнай пагрозы, якая зыходзіць ад ядзернай зброі. Але ж ў 40-я, 50-я гады ён яшчэ схільны быў сябе i іншых супакойваць: маўляў, паводле дадзеных, якія ёсць цяпер у навуковай літаратуры, «можна заключыць, што атручванне атмасферы нават пасля самай буйной атамнай вайны не прывядзе да спынення жыцця на Зямлі. Да таго ж нельга забываць, што, як паказвае гісторыя чалавецтва, нават у час эпідэмій самых жахлівых хвароб заўсёды знаходзіліся асобы, якія мелі прыроджаны імунітэт, якія не гінулі i не гублялі жыццяздольнасці»{3} I г. д. i да т. п.

І ён жа у 1972 годзе: «Агульнапрызнана, што такая вайна, дзе б яна ні ўзнікла, за некалькі гадзін магла б атруціць увесь зямны шар i спыніць жыццё чалавека»{4}.

Так i да агульнапрызнанага кожны павінен прыйсці i прыходзіць сам. Калі, вядома, гаварыць не проста пра «паглынанне» інфармацыі, а пра адпаведныя «рэакцыі паводзін»: я гэта прыняў, увабраў у сябе, а таму ўжо не магу думаць, адчуваць, дзейнічаць, жыць — як раней, учора!

Ці не з гэтага: усведамлення, разумення, што знікне ўсё i назаўсёды i ніякіх шанцаў выжыць няма i ні ў кога — усё пачалося, адбылося i ў Бернара Бансана? Ён нажыў мільярд на таленавітых кібернетычных ідэях, якія прагна падхоплівалі фабрыканты зброі, але калі зразумеў, куды ўсё ідзе-коціцца, чаму сам служыць, — рэзка змяніў лад жыцця, дзейнасці, a мільярд аддаў на справу міру, абароны, выратавання ўсіх дзяцей Зямлі.

Ці лёгка генералу ахвяраваць кар'ерай, павагай сваёй касты, але ж многія ідуць на гэта, як заходнегерманскі генерал Герт Бастыян, нарвежскі — Юхан Крысці, італьянскі — Піна Пасці, французскі — Антуан Сангінэцці i інш. Свой воінскі абавязак яны бачаць у тым, каб процістаяць сваім дзяржаўным мужам, якія ігнаруюць або проста не ўсведамляюць, што азначалі б ядзерныя ўдары па ваенных i аператыўных аб'ектах, абмежаваная i ўсякая іншая «прэлюдыя» да вайны, якая не можа не ператварыцца ў тэрмаядзернае пабоішча — забойства ўсяго жывога на Зямлі. Калі ядзерная вайна азначае немінучую пагібель усіх народаў, якія ваююць i якія нават не ваююць, дык у чым вышэйшы патрыятычны, воінскі абавязак нават ваеннага чалавека, як не ў адным-адзіным: рашучым процідзеянні падрыхтоўцы i развязванню такой вайны. Вось ён, галоўны прынцып паводзін, дзейнасці генералаў-пацыфістаў. (Ды хіба можна было калі-небудзь у даядзерныя часы ўявіць гэта: генералы-пацыфісты?)

Так што ў псіхалогіі ядзернай эры ёсць i свая спецыфіка.

Мы самі назіраем, што адбываецца з нашым братам-пісьменнікам: учора жыў, як заўсёды, у адным свеце i раптам — быццам на другой планеце апынуўся!

Што «я памру» — гэта ведае кожны, але нейкім донцам душы кожны ў гэта ўсё роўна не верыць, ды i тэрміну свайго не ведаем, i тое добра.

Добра, радасна было не верыць i ў смяротнасць роду чалавечага.

Чалавек, лічылі нашы дзяды-прадзеды, смяротным стаў, з'еўшы плод з дрэва пазнання. Унукі-праўнукі ўдакладняюць: чалавек таму i чалавек, што ведае, у адрозненне ад жывёл, што ён, як i ўсё на свеце, смяротны. Так што смерць (у гэтым сэнсе) сапраўды ўзыходзіць да ведаў, пазнання. Таму i гаварылі: памнажаючы веды — памнажаюць скруху…

Але прабацька наш, першы чалавек, з'еў не самы вялікі i небяспечны плод, i таму род яго ў цэлым, так сказаць, заставаўся неўміручым. Да 6 жніўня 1945 года, калі смяротным стала раптам усё чалавецтва. Сарваны быў зусім іншы плод, які дае веданне, як забіць неабмежаваную колькасць да сябе падобных.

I адразу на ўсё ўпаў густы цень: за спіной у людзей раптам зачыніліся, па-зладзейску закрыліся вароты, як пастка!..

На месцы многіх нашых Хатыняў узвышаюцца цяжкія пліты, стэлы, а на ix слупкі прозвішчаў, дзесяткі аднолькавых прозвішчаў (толькі ініцыялы розныя): Камінскі, Камінская, Камінскі… Грыцэвіч, Грыцэвіч, Грыцэвіч, Грыцэвіч… У хатах, хлявах, свірнах, царквах жыўцом згарэлі не проста сем'і, а цэлыя роды вясковыя. Дрэвы родавыя з усімі каранямі i галінкамі — i дзяды, i ўнукі-праўнукі.

Ну, a сённяшнія шматмільённыя гарады, на якія нацэлены, вось-вось гатовыя вырвацца з шахтаў, з-пад вады, сарвацца з крыла самалёта ракеты з ядзернымі боегалоўкамі, што яны такое, гарады Зямлі,— ці не тыя ж «свірны», «хаты», дзе ўжо сабраныя людзі, а сцены аблітыя бензінам, абкладзеныя саломай i нехта запальніцу трымае ў паслухмяна напружанай руцэ? Людзі нават могуць убачыць такую вось руку — на ўсюдыісным тэлеэкране — руку, якая нясе за ўсмешлівым чалавекам чамаданчык з кодам, шыфрам Суднага дня. (І там, тады яны, асуджаныя без суда, выглядвалі ў вокны, у шчыліны, услухоўваліся ў бразганне бензінавых каністраў.)

Гарады-Хатыні!.. Краіны-Хатыні!.. Кантыненты-Хатыні!.. I, нарэшце, уся планета, падрыхтаваная, каб успыхнуць i абвугліцца за нейкія гадзіны, хвіліны!..

Ды хто пасмеў! Хто гэта мог i як дазволілі людзі?

А вось жа пасмелі i нават не хаваюць свой «чамаданчык», нават бравіруюць, ганарацца: яшчэ б — касмічная моц у руцэ вартага жалю смяротнага!..

Адбылося гэта, адбываецца, небяспечна доўжыцца, i канца гэтаму пакуль што не відно, таму што не адзін толькі салдафон Хейг з яго знакамітым «ёсць рэчы важней за мір», а занадта многія на гэтай планеце ўсё яшчэ калі не кажуць: «Мір, але любой цаной», то думаюць, калі не думаюць самі, то згаджаюцца, каб думалі ix кіраўнікі, i ўсё таму, што да канца дадумаць або не знайшлі часу, або баяцца, не адважваюцца, або проста не здольныя.

Калі кажуць табе або сам ты: ды што я, я асабіста, што я магу? — адказ адзін: дадумай да канца, менавіта да канца, не дазваляючы сабе адхіліцца ўбок, адвільнуць ад усёй праўды — за сябе дадумай, a калі трэба, то i «за таго хлопца», у якога «чамаданчык». Калі ўжо, па назіраннях вучоных (японскіх), працэс пазнання (пераймання) i празарэння можа лавінападобна ахапіць нават статак малпаў (эфект «сотай малпачкі»: пасля яе раптам усе тысячы малпаў, на ўсіх астравах, сталі таксама мыць салодкі батат, замест таго каб есці з пяском) — тады чаму i табе не спадзявацца, што з цябе якраз i пачнецца ланцуговая рэакцыя празарэння, таго самага дадумвання да канца! A ці ёсць на Зямлі або ў галовах людзей нешта такое, дзеля чаго можна, дапусціма трэба рызыкаваць такой простай i вялікай рэччу, як жывая клетка, якая самадзеліцца? У якой усё i без якой нічога — ні капіталізму, ні сацыялізму, ні мінулага, ні сённяшняга, ні будучыні.

вернуться

3

Капица П. Л. Эксперимент. Теория. Практика. М., 1972. С. 292.

вернуться

4

Тамсама. С. 421.

53
{"b":"599003","o":1}