Литмир - Электронная Библиотека

Хто ён быў, той нямецкі камендант, што яму ўбачылася, падумалася, можна толькі гадаць. Па яго ўчынках. Ён не загадаў жанчыну арыштаваць, схапіць усіх, хто ў яе там дома, — менавіта так ён павінен быў зрабіць, адпаведна жалезнаму ix правілу. Замест гэтага ён раптам сказаў, а перакладчык фольксдойчэ Барталь радасна пераклаў: «Пан камендант верыць вам, ідзіце i спакойна жывіце, паліцэйскі будзе пакараны». Праўда, ужо ўвечары, калі i мы вярнуліся са свайго сховішча, Барталь забег i папярэдзіў, што камендант выпусціў Гузікава з «халоднай», паклікаў да сябе i загадаў не спускаць вачэй «з дома гэтай жанчыны». Відаць, быў момант пры гэтым, калі два мужыкі, немец i наш, зірнулі адзін на аднаго здзіўлена-запытальна: што гэта яна з намі, ведзьма, прарабіла?!

Але міг быў выйграны, выратавальны, які вырашыў наш лёс. I, можа быць, не толькі наш. Вырашана было неадкладна ісці ў лес, у атрад, сем'яў дзесяць падпольшчыкаў пакінулі пасёлак у адну ноч пад прыкрыццём партызан.

Да дваццацігоддзя Перамогі прыслалі маёй маці медаль «За адвагу» (ужо раз атрыманую). Яна не абрадавалася — спалохалася: «Што гэта? Ці зноў вайна? Зноў мы патрэбныя?»

Яна таксама, асабліва пад канец жыцця, раптам пачынала ўсё перажытае ў вайну ўспамінаць, расказваць. Але ніколі не плаціла вайне даніну, як часам плацім мы, хто піша пра яе. Прыхарошванне вайны праз любаванне сабою — там, на вайне, — гэтага ні разу ў ёй не адчуў. Як не адчуваў у жанчынах беларускіх Хатыняў (ды i ў мужчынах).

Спачатку вайна забрала ў яе ўсё i яе самую ўсю забрала. Што ж, такі быў час. Але вось вайна скончылася, жанчына, якая ўсіх згубіла (у адным баі — абодвух сыноў, ёй так паведамілі), знайшла раптам нас усіх (мой старэйшы брат не пісаў ёй з арміі да самага Дня Перамогі, «каб не хавала двойчы»). I муж адшукаўся, наш бацька, які за вайну стаў падпалкоўнікам медыцынскай службы.

Вось тут яна i разлічылася з вайной. Па-свойму, па-жаночы. Сама аб гэтым любіла ўспамінаць. Пра сваю паездку ў Роўна. Наступіў момант рашаць, ці ёй рабіцца жонкай падпалкоўніка, ці яму — зноў вясковым урачом. За тры вайны (вызваленне Зэходняй Беларусі, фінская, Айчынная) бацька наш з чалавека зусім цывільнага ператварыўся ў тое, што называюць «ваеннай костачкай». Весела i па-жаночы звысоку ледзь-ледзь гучаў мамін расказ пра тое, як маёры, падпалкоўнікі i нават адзін генерал (Пухаў, з якім бацька сябраваў да самай смерці) падрыхтаваліся перамагчы яе — не аддаць Міхаіла Іосіфавіча, а наадварот, яе зрабіць жонкай афіцэра. Жанчына выслухала ўсе натхнёныя тосты, перакаштавала закускі (запомніліся вялізныя біфштэксы), а потым: «Я ўстала i сказала: дзякую вам за ўсё, але не, Міша, збірайся, едзем, біфштэксы не знаю, але бульбачка будзе, я абяцаю…»

Калі трэба было ўсім ахвяраваць, яна — любоў — першая кінулася насустрач небяспецы. Нянавісць падаспела потым, я гэта добра помню. У нас у Глушы ўсё пачалося — i супраціўленне, i падполле — з таго, што жанчыны кінуліся ратаваць нашых ваеннапалонных. Як уласных дзяцей.

Ну што ж, раз ужо я ўпамянуў артыкул з «Нового времени», на які спасылаюцца нямецкія чытачы «Карнікаў», паўтару некаторыя факты, думкі адтуль.

…Пасля заявы Савецкага ўрада аб нечалавечым абыходжанні з ваеннапалоннымі, ix, савецкіх ваеннапалонных, пачалі раз на тыдзень прыводзіць у глушанскую бальніцу i аптэку «на лячэнне». Карміць па-ранейшаму не кармілі, але з усіх сіл пачалі рабіць выгляд, што лечаць. Кожны аўторак сотню ці дзве галодных да вар'яцтва людзей прыганялі да аптэкі (за сцяной сядзеў мясцовы ўрач) «атрымліваць лякарства».

Даведаліся аб гэтым нямногія, але здарылася надзвычайнае. К трэцяму аўторку бабы з самых далёкіх вёсак (не гаворачы ўжо пра пасялковых) панеслі ў аптэку ў кошыках, мяшочках ежу — «лякарства» для палонных. Нават бульбу ў чыгунках. Была апаска, што даведаюцца паліцаі, дазнаюцца немцы: i першы, і другі, i трэці тыдзень прайшлі ўдачна. Думаю, што калі нават i ведаў хто-небудзь з паліцаяў, не адважыўся данесці на ўсю акругу.

Правал здарыўся па неасцярожнасці галоднага чалавека. Помню я гэтага палоннага: выпіраючы рот нябожчыка i запалыя вочы з вар'яцкім бляскам. Ён адной рукою трымаў каля рота кавалачак хлеба з сырам i глытаў, глытаў, а другою цягнуўся да жанчын, каб узяць яшчэ. Мама дала яму другі кавалак. Уцягнуў хлеб у рукаў, выпхнуўся на вуліцу, але не вытрымаў i адкусіў, а немец заўважыў, падбег, ударыў, выхапіў хлеб i, высока трымаючы яго, як доказ, уляцеў у аптэку. Стаў прабівацца, крычачы, праз натоўп палонных. Мама паспела нам (мы з братам насілі ежу з падмосця) шапнуць: «Хавайцеся». Раз'юшаны ахоўнік дабраўся да шкляной стойкі, дзе мама ўзважвала парашкі. Да яе i рынуўся немец з абвінаваўчым кавалкам хлеба, падняў над яе галавою бярозавую дубіну. Аптэчныя работніцы потым гаварылі: яна пабялела, але глядзела прама ў вочы, а немец ударыў не яе, а па вяртушцы з лякарствамі.

I сталі выганяць палонных. Ix павялі, а маму — загадчыцу аптэкі — тут жа выклікалі ў камендатуру. Там ёй сказалі: «Яшчэ паўторыцца, i не будзе ні аптэкі, ні загадчыцы!»

Так, пачыналася з нармальнай рэакцыі людзей на «жыццё навыварат», якое ўсталявалася з прыходам акупантаў. Чалавек будзе адкідваць руку, якая перашкаджае яму дыхаць, чым бы яму гэта ні пагражала. Не рабіць гэтага ён проста не можа.

* * *

Цяпер пра трэці «эпіцэнтр».

Нядаўна ўзяўся праглядаць запісныя кніжкі 40-х, 50-х гадоў i быў уражаны: гэта ж i тады думалася амаль тымі ж словамі — «ядзерная катастрофа», «пагібель цывілізацыі, рода чалавечага»… Хоць здавалася чамусьці, што ў табе гэтыя думкі ўзніклі намнога пазней. Але ўразіла i іншае: як не трымаліся раней думкі пра гэта ў свядомасці, у душы. Узнікалі час ад часу i знікалі без глыбокага следу, таму i здавалася, што пачалося толькі ў 70-я, у 80-я.

Калі апаліла. Як раней апаліла вайна. А потым XX з'езд.

Не, сёння не так: зайшло i выйшла. Яно зайшло i засталося. Ціснучы, адціскаючы ўсё астатіняе.

…Неба перадвячэрняе (або ранішняе, або ўдзень) за горадам, калі яго, неба, пачынаеш заўважаць, але як: вось яно заўсёды было якое, а стане скрозь, да касмічных вышынь, скрозь сажа, ядзерная ноч. А годам пазней — брудна-бурае, без адзінага блакітнага акенца! I не будзе каму думаць, якое яно. Hi тых вунь дамоў не будзе, ні лесу на даляглядзе…

Заяц ля дарогі, пераскоквае з месца на месца, ускідваючы такія нялоўкія, калі не імчыцца, а вось так гуляе, доўгія заднія ногі, якія, здаецца, перашкаджаюць яму… Поле ціхае i бязлюднае на ўсе бакі, па-майску смачна-свежае. Так добра, што не заўважае мяне i магу за ім назіраць. Вось i любуйся, радуйся, дык не: колькі такіх вось жывых камячкоў адразу ўспыхне на ўсёй зямной паверхні або абвугліцца, спёкшыся, на глыбіні да метра i больш!

Прачытаў нядаўна: нейкі харвацкі фюрэр-фашыст, які тужыць у эміграцыі па страчаных магчымасцях на радзіме, возіць з сабою карабок, дваццацікілаграмовы, у якім… вочы! Вырваныя ў палонных або забітых партызан.

Бомба-фашыст таксама перш за ўсё да жывых вачэй пацягнецца, калі ўспыхне тысячамі сонцаў. Яшчэ i сапраўднае сонца ператворыць у спадручнага-паліцая, які выпальвае, вырывае вочы ва ўсяго жывога.

Калі пісаў «Хатынскую аповесць» i прывёў партызана Флёру Гайшуна на папялішча яго хаты, вёскі, дзе фашысты ўсіх спалілі, прымусіў яго адчуць пранізлівы да локця, да пляча боль ад выпадковага апёку — неасцярожна раздушыў гарачую бульбіну. Некалі я сам, забаўляючыся на полі, упаў i рукой раздушыў проста з кастра, з жару бульбіну, а потым, як i мой Флёра, хапаўся за ўсё, што магло астудзіць боль. Але што магло астудзіць Флёраў боль, калі перад вачамі ў яго пажарышча, дзе жыўцом згарэлі маці, сястрычкі, усе жыхары вёскі?

Больш за восемдзесят тры тысячы чалавек забіта, згарэла ў беларускіх Хатынях.

Наша беларуская Хірасіма!

Які ж гэта быў выкід у неба болю чалавечага, да якіх сфер касмічных ён дастаў!

52
{"b":"599003","o":1}