Литмир - Электронная Библиотека

Глаша пасля вайны сустрэлася з Касачом. У сорак шостым, пасля звароту з Германіі. Касач працаваў у райвыканкоме, у тым жа раёне, дзе партызаніў.

Праз шмат гадоў, у пяцьдзесят трэцім, Глаша мне расказвала пра ix новую i апошнюю сустрэчу. Яна ніяк не магла вытлумачыць (i гэта яе мучыла, здзіўляла, нават злавала), чым так уразіў новы, пасляваенны Касач i што прымусіла яе паехаць, пайсці ад яго, ужо назаўсёды. Як у пушкінскай «Мяцеліцы»: «Гэта не ён! Не ён!» Імчалася да яго, столькі марыла пра дзень, калі ўбачацца, сустрэнуцца: i ў Азарыцкім канцлагеры, дзе валялася тыфозная на снезе, i ў Германіі, куды яе вывезлі немцы. A ўбачыла: «Не ён!»

Не, гэта іменна ён, Касач, якім i раней быў, але абставіны зусім іншыя, i перад ёй усё па-другому раскрылася. Адна справа, калі вайна, усё хістаецца, смерць, жорсткасць на кожным кроку, а сярод усяго — нехта самы цвёрды, упэўнены ў кожным слове i ўчынку, такі ўладны i трохі таямнічы, на ўсё пазірае з нейкай незразумелай, нават пагардлівай вышыні. На ўсё: i на дрэннае, i на добрае. На ўсіх: i на сябе таксама, бо i сябе ўсялякім бачыў, знае, помніць. I ў партызанах, i да партызанаў — у палоне, а магчыма, у даваенным. (Магчыма, я ўскладніў, ускладняю Касача. Вунь нават з Бокіем падабенства ўбачыў! Але Глаша — ёй было васемнаццаць, дзяўчынка, закаханая! — яна, вядома, яшчэ больш яго ўскладняла. Дзе было ёй зразумець яго, толькі кахала i пакутавала. Бегала на паляну плакаць. Выдумляла сабе на пацеху, што толькі магла, фантазіравала: вунь нават «дзіцянятка» нафантазіравала на той паляне!

А потым — зусім іншае! — яны сустрэліся ў сорак шостым. Неаднолькава гэты час адгукнуўся ў розных мясцовасцях, хаця галодны ён быў усюды: паўкраіны зруйнавана, спалена, а тут яшчэ жудасная сухмень! Але ў былой партызанскай зоне, дзе пакінулі Касача працаваць, усё гэта мела асаблівую вастрыню. Ад вёсак засталіся толькі бярозы, ды клёны, ды лавачкі каля зарослых лебядой папялішчаў i рэдкія дзе-нідзе зямлянкі. Hi машын, ні коней. Людзі самі ўпрагаліся ў плуг, на сабе аралі i баранавалі.

Але да гэтага ўжо ўвыклі за вайну.

Да чаго людзі прывыкнуць не маглі, не хацелі, не чакалі, што трэба будзе прывыкаць, дык гэта да таго, што забудуць пра тое, што яны вынеслі, перацярпелі ў вайну.

Гэта потым, пазней сталі нанава прыгадваць усё: прыязджаць на сустрэчы, ставіць помнікі, пісаць, узнагароджваць.

У сорак шостым, беручы падатак, не пыталі, з якой вёскі. I ці ёсць, ці існуе вёска, ці ёсць хата. I атрымлівалася, як у прыказцы: муж любіць жонку здаровую, а сястру багатую. Вёскі, мясцовасці, што найбольш пацярпелі, тыя, што больш за ўсё партызанам памагалі,— якраз яны апынуліся ў становішчы «сястры нелюбімай».

Якім быў у гэтых абставінах Касач, калі ад яго ўжо не патрабавалася асабістай храбрасці, халоднай гатоўнасці на смяртэльную рызыку, але затое заставалася пры ім яго іранічная адчужанасць ад людзей з усімі ix пастаяннымі i жорсткімі клопатамі — пра гэта я магу толькі здагадвацца. Але іменна ў гэту мясцовасць i да гэтага Касача прыехала Глаша.

— Стаіць чалавек перада мной, сядзіць за сталом, размаўляе па тэлефоне або з заплаканай бабай, крычыць або ўсміхаецца, a ў мяне такое адчуванне, што я не туды, не да таго прыехала. Усё такое ж, як было: твар, рукі, моцныя плечы, нават кіцель той жа, толькі больш выцерся. Але нам абаім нязручна. Ну, уяўляеш: была ноч, i чалавеку здавалася адно, а тут раптам — дзень, светла!.. Я не магу гэта растлумачыць. Не ён, i ўсё! Але самае галоўнае i крыўднае: я не ведаю, я не помню, a які ж «сапраўдны» ён. I ў мінулым яго няма. Ёсць вялізны чужы чалавек. Гэта я помню. I пачуццё сваё помню. Але падзелена — тое i другое. Нешта ў самім паветры было разліта, акружала яго, нас, злучала. Знікла гэта паветра — i нічога… Ты вось усё тлумачыш пра чужы боль. Было б вельмі проста, калі б па-твойму. Калі б той, хто сам шмат перажыў, калі б такі заўсёды i другога чалавека бліжэй разумеў. А то ж бывае i наадварот, зусім наадварот! Робіцца чалавек — як вымаражаны. Гэта Касач пра сябе добра сказаў, толькі дзіўна i мне нават зараз крыўдна, што са мной ён ні аб чым сур'ёзным не гутарыў, а з табой раптам, чамусьці… Вось бачыш, вось i зразумей нас, жанчын. Не, сапраўды, вымаражаны! Дом з выдранымі вокнамі i дзвярамі. У вайну i такі дом — шчасце, нібы нават грэе. Але ўсё жыццё ў такім?! Гэта ўжо страшнавата. Уцякла я. Не паглядзела i на тое, што вас, мужыкоў, так мала, а нас усё яшчэ так многа. Не скажу, што я абавязкова аб табе тады думала. Успамінала, паплакала, калі сказалі, прайшла чутка, што Флёра Гайшун памёр у нейкім шпіталі. I ў снах я цябе неаднойчы бачыла, як мы ратуемся, пажары. Але ўсё роўна галоўнае быў ён, вакол яго ўсё. А тут сабралася i паехала. Сказала, што мама хворая (гэта праўда, ногі ў яе адняло). Як ён зразумеў мой напамінак пра маму, не ведаю. I яна мне ніколі нічога не сказала… Не ведаю. I баюся ўсё ведаць… Такой старой сябе адчула, стомленай. Толькі i адпачывала, калі ўспамінала пра нашу з табой паляну, лячылася гэтымі ўспамінамі. А часам раптам хацелася яго ўбачыць, але самотнага, старога, нецікавага. Ну, але гэта глупствы жаночыя…

Чаму мне так хочацца пабачыць ix зараз побач — Глашу i Касача? У чым я хачу пераканацца? Што нічога не мінаецца ў жанчын? I наогул нічога. Дык хіба я гэта па сабе не ведаю! Вунь як усё, даўно адмерлае, адсохлае, адчуваеш. Пачынае балець. Так у цяпле пачынаюць шчымець адмарожаныя пальцы. І чым менш ix адчуваў да цяпла, тым мацней шчымяць, ажываючы.

Мяне Глаша так знайшла. У пяцьдзесят трэцім прыехала паступаць у інстытут на завочнае. Маці пасля доўгай пакутлівай хваробы памерла, i яна прыехала. Раптам бачыць каля дэканата — Флёра, жывы! Каб не думала яна, што я памёр у тым шпіталі, магчыма, i не ўсклікнула б так, на здзіўленне ўсяму калідору, не кінулася б на шыю радасна пачырванеламу маладому выкладчыку псіхалогіі. I не сцёрліся б так адразу гады, што прайшлі з таго дня, як я ішоў праз балота, а яна засталася на «востраве», сумная, нібы прадчувала. Што потым адбылося на «востраве», я ад яе дазнаўся ў тым жа інстытуцкім калідоры.

Праз пяць дзён карнікі дапялі i да другога «вострава». Калі ўспаўзлі, мокрыя, смярдзючыя, злыя, на бераг i пачалі страчыць па ўсім, што хавалася ці бегла за кустамі, Сцёпка-«фокуснік» (ён адзіны з партызанаў мог на мыліцы хадзіць) адстрэльваўся, а потым прыскакаў i сеў сярод параненых, падцягнуўшы да сябе рэчмяшок з толам. Глаша з трыма малымі ляжала ў балоце за вываратнем i бачыла, як гэта было. Ён прыбег, адкінуў мыліцу, пустую вінтоўку i сеў. I да яго папаўзлі параненыя, а ён ix укладваў галовамі да сябе, да мяшка з толам, Глаша таксама хацела падбегчы: вось-вось з-за кустоў з'явяцца карнікі! Ужо галасы ix чула. Але не магла падняць сябе, так ёй зрабілася жудасна. Асабліва, калі папаўзлі да яго параненыя, нібы да збавіцеля, а ён акуратна ўкладваў ix галовы, Напаследак вочы Глашы i Сцёпкі-«фокусніка» сустрэліся. Ён глядзеў (Глаша тут кожны раз, калі расказвала, плакала) i неяк дзіўна ўсміхаўся.

— A мо мне здалося. Да яго паўзуць, а ён трымае гранату на мяшку з толам i глядзіць на мяне: нібы просіць памагчы, не хаваць вачэй, не хавацца, а каб я не баялася, усміхаецца мне… Я не вытрымала, схавалася, i адразу — выбух!.. Калі немцы цягнулі нас праз «востраў», гналі ўсіх, каго не забілі, я яшчэ раз убачыла месца, дзе былі параненыя…

Перад самай нашай жаніцьбай былі мы з Глашай на Браслаўшчыне — паехалі на азёры. Пакуль я ставіў палатку, яна некуды знікла, а потым паклікала мяне незнаёмым, нейкім чужым голасам. Я спалохана прыбег, а яна сядзіць спакойна, абхапіўшы загарэлыя калені, i глядзіць уніз — на застылую вячэрнюю прыгажосць возера, акружанага жоўтымі бярозамі, якія адбіваюцца ў вадзе i на якіх нібы гарыць яшчэ дзень, i цёмнымі, амаль чорнымі, амаль начнымі елкамі.

Я заўсёды зведваў ад прыгажосці бачнага свету пачуццё хутчэй пакутлівае, а не радаснае. Нібы ты вузкагорлая пасудзіна, у якую шырокім струменем льюць густы ліпкі мёд: нешта ў сярэдзіну трапляе, але больш — па сценках, звонку… (Затое зараз магу тоненькім, эканомным струменем цадзіць, зберагаючы кожную кроплю. Тое, што сабрана ў пасудзіне — цёмнай, назаўсёды закрытай, — толькі тое табе засталося i новага не будзе. Пералівай, цадзі — з сябе ў сябе…)

39
{"b":"599003","o":1}