З рук дабрадушнага вусатага камандзіра фатаграфіі пайшлі па крузе (толькі Касач не бярэ). Мне трапілася салдацкая, адзіночная. Нехта з гэтых: у чорным плашчы, рукі на аўтамаце, а ствол скіраваны проста ў аб'ектыў, у твар таму, хто будзе глядзець. Я разглядваю жывых карнікаў, каб угадаць, чыя фатаграфія. Але ні ў кога няма такога твару, такога позірку. На фатаграфіі спыніўся міг, калі не было нават думкі, нават намёку на думку, што можа быць становішча, калі ён сам будзе не разумець, не будзе помніць, як яму магло хацецца нечага іншага, а не гэтага: каб не было настаўленага яму ў галаву аўтамата, каб не забівалі яго, каб жыць, жыць!..
— Што з імі рабіць будзем? — пытае пажылы партызан, мусіць, з тых, каго прызначылі ахоўваць палонных карнікаў.— Хутка на забеспячэнне папросяцца. Гляджу я, нібы i людзі, калі не ведаеш.
— Самі ведаюць, чаго яны заслужылі,— спакойна сказаў вусаты камандзір. — Па-руску… тут ёсць хто?
— Во гэты, доўгі.
— Ну дык што? Навошта здаваліся? Няўжо спадзяваліся, што пасля ўсяго зямля вас насіць будзе? — вусаты гаворыць цвёрда i ўсё гэтак жа спакойна. Напэўна, усё вельмі проста каля такога камандзіра. Да яго партызаны звяртаюцца з абавязковай усмешкай, i гэта ўсмешка міжвольная.
— Мы — не немцы. Немцы — вось, — упарта паўтарыў кадыкасты перакладчык.
— Больш нічога ў сваё апраўданне?
— Што? Забіць?! — раптам усклікнуў Пераход-старэйшы. З пратэстам, з нязгодай усклікнуў: — Ды ix трэба! Ды ix!..
У гэтым амаль бяссэнсавым, але адразу зразумелым намі пратэсце супраць таго, што яны знікнуць, схаваюцца ў смерць, а вёска Пераходы, а тое, што там адбылося, застанецца з намі — у гэтым, мабыць, тлумачэнне, чаму мы ix пагналі далей, павялі з сабою жывых. Яны для нашай нянавісці былі замест таго холаду, які я некалі шукаў, хапаў на хаду, нёс у пачырванелай, апухлай далоні…
…Ужо праз дзве гадзіны нас цяснілі браневікі, ланцугі аўтаматчыкаў. Над узлессем праносіліся самалёты. Мы адыходзілі на балоты — на Чортава Калена, ведучы з сабой злоўленых карнікаў.
Па сляпым злым артабстрэле, па самалётах адчувалася, што немцы, якія сціскалі кола блакады, моцна занепакоіліся, выявіўшы партызанаў у сябе за спіной. (Касачоўцы i атрад вусатага камандзіра дзён за пяць да Пераходаў вырваліся з блакаднага мяшка.)
Пакуль нашы засады стрымліваюць немцаў, абодва атрады адыходзяць, несучы параненых. Параненых шмат, i амаль усе — нядаўнія, «блакадныя», людзей, рук не хапае для насілак, хоць нас нямала ідзе, сотні з тры. Злоўленых карнікаў таксама прымусілі бегчы з ношай (з коўдраў i жэрдак насілкі). Яны цягнуць старанна i вельмі палохаюцца, калі паранены ад трасяніны пачынае стагнаць.
Каля самага балота нас сустрэла ноч. Немцы спыніліся, ix ракеты скачуць кіламетры за тры ад нас. Час ад часу немцы кідаюць снарады ў балота, лічачы, што мы ўжо там. Пад нагамі мокра, насілкі трэба трымаць навісу, падстаўляючы калені, i людзі збіраюцца групамі, ціха размаўляюць, кураць.
А я шукаю Касача. Некалькі разоў я прайшоў каля карнікаў, што сядзелі на кукішках. Партызаны, якія вартуюць ix, прыкметна нервуюцца, злуюцца: у такой цемры, ды калі нас саміх акружылі, нас саміх вартуюць нямецкія дывізіі, вядома ж, карнікі прыкідваюць, каб уцячы.
Нарэшце я ўбачыў яго. Касач з кімсьці гучна гаворыць каля белай, нібы яна святло выпраменьвае, бярозы ці асіны.
Я дачакаўся, калі ён застанецца адзін, i падышоў. Касач сядзіць на пні i стомлена курыць. Я вымавіў: «Таварыш камандзір» i зноў заспяшаўся: «востраў»… параненыя… Рубеж… туды можна прайсці, выйсці праз гэта ж балота… Глаша…
— Якая Глаша? Чакай! Глаша?! Як яна туды трапіла? Дык ты адтуль, з ёй быў?
— Бой як пачаўся, я быў на паляне. «Герынга» шукаў, Глашу сустрэў, у лагер не змаглі прабіцца…
— Як яна?
— Нічога, — я адгукнуўся, як злоўлены.
Што такое, што адбылося? Чаму я не магу пра Глашу з ім гаварыць? I з Глашай апошні час пра яго — таксама не атрымлівалася. Я зноў пра тое, што адсюль, праз балота, можна прайсці да «астравоў», хаця гэта i далека…
— Бачыш, падстаўляюць нам новы мяшок, яшчэ мацнейшы, — пасля нядоўгага маўчання сказаў Касач.
Мы глядзім на ракеты, зусім блізкія. Снарады ўсё падаюць у балота: стукне стрэл, рэха паўторыць яго, потым рване ў цемры, i зноў рэха пацвердзіць. Вельмі баляць i слязяцца мае вочы, усё навокал растае, расплываецца ў надакучлівай вясёлцы. А тут яшчэ рознакаляровыя ракеты скачуць: сіні, чырвоны, жоўты колер, мройлівы, дрогкі сцякае з мёртвага белага цела асіны, з зарослага змрочнага твару Касача, з маіх рук… Я — нібы ў паўсне. I размова з Касачом, i гэта наша, на адзіноце, маўчанне — такое ўсё нерэальнае, несапраўднае, немагчымае. Мяне пачынае калаціць, хоць на мне зноў салдацкі кіцель i нават світэр, таксама нямецкі. (Знайшоў на возе, калі, пад абстрэлам ужо, разбіралі з калёсаў трафеі: захоплены ў немца ў абоз давялося кінуць.) Я нібы ў паўсне, адносіць мяне ад рэальнасці, i толькі помню, што трэба яшчэ сказаць пра «востраў». Мне ўсё здаецца, што дрэнна расказаў, растлумачыў i Касач не зразумеў…
— Страшна было? — нечакана пытае Касач. Сіні колер на яго стомленым, зарослым твары змяніўся белым, чырвоным, а я ўсё пра «востраў» тлумачу, не магу скеміць, што мяне пра Пераходы спыталі.
— У Пераходах, — вяртае мяне Касач да пытання.
— Жанчыны ў акенца выкідвалі дзяцей, a знізу пад сцяной салома гарыць, i туды падаюць дзеці… З акенца рукі — вось так рукі… мацяркі, жанчыны рукі цягнуць…
Я, як сляпы, сам выцягваю рукі з растапыранымі пальцамі, а з ix сцякае зменлівае, мройлівае святло. Касач глядзіць на мяне, на мае агніста пафарбаваныя пальцы, i ўпершыню на твары яго я бачу такое: нерашучасць, ніякаватасць.
— Трэба ж было мне ix паслухаць! Упрасілі, угаварылі не чапаць карнікаў у вёсцы. Каб людзей не спалілі. Самі ж Пераходы, i дзядзька, i пляменнік, прыйшлі прасіць. Спаляць сем'і, калі ў вёсцы атакуем! Вось табе i «калі»!
Ён нібы перада мной апраўдваецца — Касач!
— Гэта ў ix ужо вар'яцтва! Не іначай! Не проста забіць нават, а абавязкова жыўцом спаліць, замарозіць, голадам замарыць. Абрад такі прыдумалі, ці што? Ніводнаму небу не прыносілі такіх ахвяр, як прыносяць зараз зямным ідалам — якому-небудзь вусатаму яфрэйтару. Цябе яны палілі, а мяне, у сорак першым, вымаражвалі. Да апошняй, брат, слязінкі. Зямля, як жалеза, голае поле, абгароджанае калючкай, а пасярод — згарэлая цагляная каробка. Былы цагельны заводзік, ці што. Пабітыя печы, ямы. I нас шмат тысяч. Ляжаць, хто дзе скарчанеў. У ямах, у мёрзлых печах. Па два, па тры, кучамі: не падзелішся — не сагрэешся! А хто яшчэ мог поўзаць, нашыліся ў цагляную каробку. Набілася аж даверху. Хто пад нізам, той сагрэўся, а хто сагрэўся, той ужо задыхнуўся. У жывых, як i ў мёртвых — ледзяныя бароды ад апошняга дыхання. I апошняя сляза — таксама ледзяная. Так, брат, чалавека можна глыбока вымаразіць. Да апошняй слязінкі. Можна. Толькі самі потым не скугольце…
Ён нават устаў, калі вымавіў: «Самі не скугольце!» Устаў, здзіўлена зірнуў на мяне i раптам усміхнуўся, як закрыўся. Нібы засланіўся сваёй іранічнай усмешкай.
…I зараз яна на ім — тая заўсёдная бязадрасная ўсмешка? У голасе была, калі павітаўся. Мне б зірнуць на яго, толькі зірнуць. На Глашу. I ўбачыць, хаця б адзін раз, Сярожу. Сярожу свайго я помню блакітнавокім: шмат разоў бачыў такога ў сне. Блакітнавокага, светлагаловага. Ад Глашы ведаю, што ён чорненькі, i вочы таксама цёмныя. Убачыўшы сапраўднага, калі б мяне вылечылі, страціў бы таго блакітнавокага, светлага. Нават вось так можна страчваць!
Якія яны разам — Касач i Глаша? У ix свеце людзі старэюць. А для мяне яны ўсё тыя ж. (Здаецца, адзіная перавага мець такога мужа, як я.)
А мой жа Бокій нечым падобны на Касача! Мне гэта толькі зараз прыйшло ў галаву. Я ніколі не бачыў твару Бокія Барыса, але так i бачыцца на ім гэта заўсёдная, адрасаваная бог ведае каму касачоўская ўсмешка. Яна ў Барысавым голасе, у словах. Вось яно! Вось чаму мне ў гэтым аўтобусе ўсё ўспамінаюцца спрэчкі з Бокіем.