Литмир - Электронная Библиотека

Глаша па-свойму ацаніла маю маўклівасць:

— Скажы: не перашкаджай мне, калі сама нічога не робіш.

I ўсміхнулася вінавата, радасна-пакорліва. Гэта ў яе было новае, незнаёмае, узніклае пасля вайны: гаварыць за мяне i прычым заўсёды мне на палёгку, а сабе на дакор («Скажы: не хапала мне яшчэ бабскіх слёз…», «Скажы: сама разбірайся са сваім Касачом…»).

А то раптам пачынала расказваць пра тое, што было з ёю пасля «вострава»: пра тыфозны прыфрантавы канцлагер каля палескіх Азарыч, пра пяцігадовага хлопчыка, які памёр на мокрым снезе:

— Ён усё суцяшаў мяне, я яго грэю, а ён абяцае: «Прыйду дамоў i зраблю тры печкі: мамцы, сабе i табе!» А яго мамка, застрэленая, ужо ляжыць каля калючага дроту: хацела сучча сабраць, каб сагрэцца… Ну вось, зноў я… Скажы: не бачыў я вайны!

Глашы ўсё здавалася, што яна навязвае мне свае ўспаміны, свае слёзы, сваё мінулае. А я прымушаў яе зразумець, паверыць, што гэта i мае мінулае, i мае ўспаміны, — усё гэта наша.

Паступова яна гэтаму паверыла, але, паверыўшы, як гэта бывае ў жанчын, адразу пайшла далей. Зараз ёй ужо здавалася, што любіла яна зусім не Касача, а мяне, але я сам, сваёй дурной улюбёнасцю ў камандзіра i сваёй пераконанасцю, што яна можа любіць толькі яго, толькі такога, — адным словам, гэта я перашкаджаў ёй разабрацца ў самой сабе. Дый наогул мог бы быць больш надобным на Касача! Толькі каб не такі вымаражаны…

Я не вытрымліваў — так шчыра яна папракала мяне, з такой упэўненасцю ў сваёй праваце i ў маёй віне, — i пачынаў рагатаць. Глаша злавалася i крыўдзілася яшчэ больш:

— Ну чаго ты, як Флёра з той паляны! З-за цябе я столькі папакутавала. А з-за каго ж?

— Ага, каб вочы Акуліны Іванаўны ды да фігуры Мікалая Фёдаравіча…

Што зараз яна адчувае, што ў ёй, калі абодва мы тут, — я i Касач? Першапачатковае напружанне, калі яна, бадай, сама не ведала, як успрыме гэту нечаканасць, прайшло. Яна па-другому ўжо i сядзіць i з Сярожам гаворыць. Звычайна, як дома. А на твары яе, хутчэй за усё, той наіўна-спакойны выраз, з якім яна тады, у час блакады, заснула, прыхіліўшыся да дрэва: а, самі разбірайцеся з гэтай вайной, з гэтай смерцю! Ёй надакучыла. Самі разбірайцеся, калі вы такiя… Але якія мы — мы з Касачом, — калі глядзець яе вачамі? Я неаднойчы заўважаў у ёй злосць супраць нас абодвух. Ужо супраць абодвух. Так, Касача нібы не існуе для яе, нават здзіўлена, што было, магло нешта быць, але i маё, «Флёрава», яе часта раздражняе.

— Добра быць Флёрам, але ж у меру! Табе ўжо не семнаццаць. Колькі можна саступаць кожнаму? Так i будуць усё жыццё верхам на табе!

Ужо не да Касача, а да трэцяга кагосьці раўнуй: той — не такі, як Касач, але i не такі, як Флёра. Да яе будучага пачуцця раўнуй. У ix, жанчынах, яно заўсёды жыве — гэта «будучае пачуццё». Як заўтрашняя, а не толькі сённяшняя мера чалавека, чалавечага. I для гэтага самім жанчынам зусім не абавязкова быць лепшымі за нас. Проста ім аддадзена гэта на захаванне. I куды б жыццё ні накіроўвалася, вымяраем мы сябе, вывяраем, любім або ненавідзім усё-ткі жаночым позіркам…

…Ноччу атрады рушылі ў глыбіню балота. Зарава запаленых лясоў, на якія перапаўзлі пажары, жоўта адбіваецца ад нізкіх, што нам насустрач бягуць, хмар, кладзецца на ваду, пад ногі нам, надаючы ўсяму яшчэ больш імклівы, трывожны тэмп. Адстанеш — дагоняць, паспяшыш — напорашся! Мы адрываемся, адыходзім ад карнікаў — насустрач ім. I чым больш выразнае гэта пачуццё, тым больш упарта мы спяшаемся на другі край балота, дзе, напэўна, перасоўваюцца ўжо, расцягваюцца батальёны i засады, чакаючы нас. Хлюпанне па гразі, усплёскі, злыя ці недарэчна вясёлыя воклічы, цяжкае дыханне — усё здаецца несканчоным, невядома калі ўзніклым, бясконцым. Твае i нечыя рукі сустракаюцца, хапаюцца, счапляюцца ці спалохана адпіхваюць адна другую, i — наперад, наперад! Параненых нясём, тоўпячыся каля насілак i коўдраў па шэсць, па восем чалавек, да болю ўчэпіста трымаючы пальцамі, пазногцямі коўдру або брызент. Трэба як мага вышэй трымаць, але нечакана знікае ўсякае дно пад нагамі, i тады людзі кідаюцца ў адзін, у другі бок, трымаючы ношу i як бы чапляючыся за яе. На дапамогу кідаюцца, хто бліжэй, i пачынаецца нібы схватка, барацьба — з крэктам, воклічамі, стогнам, лаянкай.

Твары, вочы параненых сярод усяго гэтага ўражваюць нерухомасцю, нібы нават абыякавасцю, за якімі адчай i сорам, бездапаможнасць, крыўда на сваю няўдачу. Але i сярод параненых ёсць свае веселуны:

— Цягні, браткі, невад! Юшка будзе.

Мяне змянілі каля насілак-коўдры, але адразу ж у твар зазірнуў Косця-начштаба, не пазнаў, вядома, але загадаў:

— Памажы ахове. Валочым яшчэ фрыцаў для нечага! Чорт ведае!..

Мы ix, сапраўды, для нечага гонім перад сабой i нібы разумеем, для чаго, чаму, але па чарзе здзіўляемся: «Чорт ведае што!» Я знайшоў ix там, дзе галасы гучней, самыя рэзкія. Тут i Пераходы — дзядзька i пляменнік. Яны самыя маўклівыя ў ахове.

Дзіка назіраць, як карнікі стараюцца ўратавацца ад балота, як кідаюцца, цягнуцца да чэзлых дрэўцаў i купін, хапаюцца адзін за аднаго, за партызанаў, нават за Пераходаў, нібы не разумеюць, што ўжо мерцвякі. Але, мусіць, не верыць у гэта ніхто, пакуль жывы. I таму паводзіць сябе чалавек часам вельмі дзіўна, недарэчна, калі глядзець збоку.

Я не адразу пазнаў свайго брытагаловага ворага, так выматала карнікаў балота, а гэты яшчэ без акуляраў, як сляпы. (Малпы пры ім няма ўжо.) Некалькі разоў мы аказваліся побач. Але дзіўна, я нібы саромеюся чагосьці. Не хачу, каб ён пазнаў мяне зараз, калі мы адзін на адзін, а не ў натоўпе партызанаў, дзе я гучна дабіваўся, каб ён убачыў, разгледзеў, пазнаў мяне, уратаванага з забітай ім вёскі. Недарэмна я так пратэставаў, так ненавідзеў з самага пачатку гэту ix бездапаможную пакорлівасць, паслухмяную стараннасць. Яны нібы загадзя ведалі мяне, чакалі, што ва мне з'явіцца гэта няёмкасць ад поўнай улады над нечым жыццём i смерцю. Няёмкасць, якой у ix саміх, помніцца, не было.

Я іду за сваім галоўным ворагам, як павязаны, вартую, як з засады, але блізка, вачамі сустракацца мне не хочацца.

Раптам пагрозліва ўскалыхнулася падманлівая паверхня, на якую ён стаў. I адразу ж, па-бабску ўсклікнуўшы i ўзмахнуўшы рукамі, ён праваліўся. Спачатку з'явіліся пальцы, растапыраныя, выцягнутыя, потым выкацілася галава i засталася, як адрэзаная, на дрогкай паверхні цвёрдага моху — без твару, без вачэй, аплеценая цінай, нібы нечакана аброслая ёю.

— Гэй, памажы таму, не бачыш! — гукнулі да мяне.

Няўстойліва трымаючыся за нізенькі корч, я падаў ствол вінтоўкі, крануў ім варухлівыя пальцы. Яны адразу кінуліся да маёй вінтоўкі: я ледзь не адхапіў. А ён ужо ўсім цяжарам павіс, сцягваючы i мяне з хісткай купіны.

Была б гэта палка, а не вінтоўка, я ўжо выпусціў бы яе з рук. А тут мы нібы змагаемся за вінтоўку, вырываем адзін у другога. Я падцягнуў да сябе аплеценую багавіннем, цінай галаву, дрыготкія плечы, рукі майго ворага, ён схапіўся за корч, за мяне — прагна, спалохана, слепа. Я ўжо адпіхваю яго, адрываю ад сябе, крычу раз'юшана:

— Ну што, так i будзеш? Пайшоў, гадзіна!

Гразь сплыла з голенай галавы, i ўжо бачны вочы — блізкія, шалёныя ад перажытага жаху. I нібы пазналі мяне.

I тады я рвануў вінтоўку ўбок, клацнуў затворам, але не ўтрымаўся i сам схапіўся за яго плячо. Схапіўся i, зверху гледзячы ў жоўтыя ад далёкага зарава вочы, крычу:

— Ты, фашыст, глядзіш, вылазіш, гадзіна, жыць, так, жыць?!

Я выкрыкваю яму прысуд i не магу прабіцца скрозь бяссэнсава спалоханы позірк старога з запэцканай галавой: перада мной гэтыя вочы, а мне трэба, калі мы ўжо так блізка i зараз я заб'ю яго, я хачу ўбачыць таго, хто стаяў каля машыны, сядзеў у машыне…

Ён, мусіць, зразумеўшы, што гэта смерць яго крычыць, ірвануўся ўбок i зноў праваліўся, па пояс. Я кінуўся за ім, проста на яго кінуўся. Цяпер я штурхаю, ганю яго, выціраючы свае балючыя вочы, іменна яго ганю, i ён ведае, што гэта я, што я ёсць, што я ўвесь час іду следам. Ён блізарука азіраецца, нібы шукае мяне. Зараз ён ведае, хто яго гаспадар, яго жыцця i смерці гаспадар, i гэта неяк дзіўна на яго падзейнічала: ён яшчэ больш старанна, ужо нібы спецыяльна для мяне, ратуе ад балота сваё жыццё…

40
{"b":"599003","o":1}