Калі глядзіш на перажытае, яно ўяўляецца адной-адзінай лініяй, наперад зазіраеш — гэтых ліній цэлы пучок, i ўсе яны значаць дарогі, толькі не ведаеш яшчэ, якая з ix адзіная. Пражыў месяц, дзень, мінуту, i тое, што было пучком, абшморгваецца, агаляецца, як галінка, заціснутая ў моцным кулаку, — толькі пацягні яе. Але нават пасля таго, як застаўся толькі гэты голы дубчык, чалавек будзе зноў i зноў азірацца — з безнадзейнай спробай вярнуцца да таго моманту, калі ўсё магло быць па-другому. Калі не было гэтай аголенай, бязлітаснай, адзінай праўды…
Я ўжо ведаў, бачыў праўду — чорны тунель, уваход у яго. Але ўсё яшчэ з надзеяй некага маліў, не ўваходзіў: толькі не гэта, толькі не туды! Я ўжо хаваўся за сваю глухату, якая аддаляла ўсю праўду, аддаляла імгненне, калі больш не застанецца надзеі.
А незнаёмы ўжо ішоў наперадзе, паказаўшы нам, каб ішлі за ім. Крывыя ногі яго, абутыя ў скураныя пасталы, клычуць, ірвуць густую асаку, што расце проста з вады. Глаша на хаду зачэрпвае далонню ваду i змывае з сябе гразь, адламала галінку i хацела сцерці гразь з майго парудзелага мундзіра, але я адхіснуўся, мяне палохае яе раптоўная вінаватая клапатлівасць, яе апушчаны позірк, я ўсё стараюся не ўпускаць у сябе тое, што ўжо ўвайшло, што ўжо ведаю…
На другі «востраў», яшчэ больш парослы алешнікам, мы пераходзім па кладках, затопленых у багне. (Потым мы даведаліся, што такая ж кладка ёсць i да першага «вострава». A кароў патапілі паліцаі i немцы, калі спрабавалі вывесці ix з «вострава». На другі «востраў», куды ўсе перабеглі i дзе былі схаваны параненыя партызаны, яны не пайшлі, i гэта выратавала людзей.)
Узброіўшыся доўгімі жардзінамі, якія наш праваднік выцягваў з кустоў, абапіраючыся на ix, мы ступалі ўслед за незнаёмым па схаваных у багне слізкіх жэрдках. Ix дзве, а дзе i тры, ногі трэба ставіць упоперак, i таму ідзём мы нязграбна, бокам. Усё гэта неяк памагае хавацца ад самога сябе, пераконваць сябе, што нічога яшчэ не вядома, дойдзем да месца, i тады даведаюся, толькі тады!..
На другім «востраве» нас ужо чакаюць. Жаночы натоўп, дзеці, некалькі партызанаў ca зброяй стаяць каля кустоў, глядзяць на нас, пра нешта яшчэ здаля распытваюць нашага правадніка. Сышлі мы з кладак на бераг, у мяне таксама пытаюцца, пасля здагадаліся (ці сказалі ім), што я глухі, i мяне перасталі чапаць, толькі дзеці яшчэ з большай цікаўнасцю пачалі глядзець на мяне. Звычайныя на той час дзеці: абкураныя дымам, пакусаныя заеддзю, з вялікімі, гарачлівымі ад голаду вачамі i занадта сур'ёзныя, але ўсё роўна цікаўныя: каго яшчэ прыгнаў на іхні бераг той свет, дзе нешта небяспечнае, страшнае адбываецца? Праваднік нешта сказаў, i позіркі жанчын зноў знайшлі мяне. Глядзяць, глядзяць — мусіць, вось так я глядзеў на Сашку, калі ён поўз па чырвонай сцежцы з ненатуральна доўгай адарванай нагой, i Сашка вось так у маіх вачах убачыў, што з ім здарылася, што адбываецца нешта страшнае…
Ніводнага знаёмага аблічча, людзі не з нашай вёскі, але на мяне глядзяць так, нібы пазнаюць, пазналі. Нібы па металічнай трубе ўдарылі — загуло, заныла ва мне ўсё, у нагах, у руках, адразу набрынялых цяжарам. Я сеў у асаку, Глаша — на кукішкі, нібы даўно чакала таго ад мяне, зняла з маёй галавы мокрую пілотку i выцерла ёю халодны пот з майго твару.
Мяне палохае пакутная рысачка, што торгаецца ля пастарэлага Глашынага рота, ненавіджу гэтую ўпартую i прагавітую жаночую шкадобу, шукаю наўкол сябе нешта другое, але нават у дзіцячых вачах — тое, што бязлітасна вяртае мяне да праўды, асуджае на праўду. З безнадзейнасцю асуджанага я ўсё адно шукаю выратавання, хаваюся ў паспешлівую думку, што я ж во глухі, не чую, а таму ўсё-такі нічога не ведаю напэўна. I раптам з'яўляецца, дурманіць, супакойвае яшчэ адна шалёная думка, што маму, сястрычак, што ўсіх вяскоўцаў ужо не заб'юць, ніколі не заб'юць… Смерць ix схавала ад забойцаў, ад новых забойцаў…
На гэтым, як на павуцінні, я правісеў адно толькі імгненне. Адхіснуўшыся ад самога сябе, які шкадуе не ix, забітых, спаленых, a ўсё яшчэ сябе, — я, цяпер ужо сам, абрынуўся ў боль. Увесь адкрыўся i ўраз захлынуўся ім, сваімі слязьмі. Ускочыў на ногі, адбег як далей i лёг у жорсткую асаку, прыціснуўся тварам да зямлі, з якой выступае халодная вільгаць. Але зямля не адбірае, не высмоктвае з мяне боль, ды i я не аддаю. Я ўжо шукаю яго, боль, папракаю сябе, што столькі часу не ведаў, што ix ужо няма, нават не хацеў жа верыць у праўду. Не прыйшоў, не ўратаваў ад пагібельных пакут, ад смерці…
Людзі зноў падышлі i абкружылі мяне, сталі нада мной. А я то падаю ў кароткае выратавальнае забыццё, то вяртаюся да явы. У дзяцінстве, хворы, я нават у забыцці помніў, што побач усё сядзіць мама. I зараз мне гэта ўяўляецца. Ява i трызненне, як два люстэркі: кожнае адбівае глыбіню другога, забірае яе сабе i зноў вяртае, ужо як сваё… Я дома, я ляжу за нашай квяцістай шырмай, несправядліва пакрыўджаны мамай, злосны на яе, плачу i ўяўляю, як я вырасту i не буду любіць яе, не буду любіць… Вінаватая, добрая, ласкава пасміхлівая рука яе кранулася маёй патыліцы, пагладзіла валасы, я адразу забыў сваю дурную дзіцячую злосць, схапіў руку… i тут вярнуўся да явы.
Не, гэта не мама! Але i не Глаша, як мне потым падалося. Незнаёмая жанчына сядзіць, пагойдваючыся, каля мяне, твар цёмны, распухлы, страшны. Нешта кажа, мармыча, i я нават чую яе голас, але не слухаю, ведаю, што мне толькі здаецца, быццам я чую. Быццам i caпраўды чую.
— Дзе ж ты быў, сынку, я ўжо думала, што няма цябе, не ўбачу, плакала-гаравала, думала, забілі…
Але i другія галасы мне трызняцца:
— Цётка Маланка, цётка Маланка, гэта з Белых Пяскоў хлопец, не ваш, цётка Маланка!
Я ляжу тварам да зямлі, але ўсё бачу: як стаяць нада мной людзі, як паднялі i павялі тую жанчыну з распухлым цёмным тварам… Ды не ж, гэта я чую. Я зноў чую!
— Флёра, Флёрачка! — Глашын голас. Цяпер яна на месцы той жанчыны, на месцы маёй мамы… I яшчэ галасы:
— Юстын таксама з Белых Пяскоў, каторы ляжыць у нас. Абгарэў каторы, спалены.
Не, гэта праўда, я чую! Юстын? На плоце бялелася клочча бялізны, яго i нашай, на апусцелым агародзе яго печ побач з нашай. Сын яго ўтапіўся, а стары Юстын ішоў праз вёску i ўжо ведаў, што ў хаце труна, што сын — тапелец…
Шум пульсуе ў маёй галаве па-ранейшаму, але праз яго праразаюцца, нахлынаюць галасы: дзіця плача, ушчуваюць яго, пра Юстына гавораць… Як бывае, калі далонямі закрываеш i адкрываеш вушы. Але чакай! Юстын? Дык ён тут?
— Дзе ён? Юстын!.. Гэта наш сусед. Дзе ён?
Я ўскочыў на ногі. Нешта ва мне ўжо палохае ix — гэта я заўважаю па дзіцячых вачах i нават па Глашыных.
Я кінуўся ўслед за натоўпам жанчын, дзяцей, што падаўся на другі край «вострава», так, быццам яшчэ можна нешта перайначыць, выправіць, вярнуцца на два дні назад. Мяне вялі праз увесь «востраў». Гэта толькi назва «востраў», а на самай справе — усё тое ж балота, толькі сушэйшае, парослае асакой i хмызамі. Ногі па костачкі ў вадзе, у рэдкай ускаламучанай твані. На пажаўцелым галлі — знак таго, дзе жытло, — валяецца апратка, сядзяць i ляжаць дзеці, каторыя зусім малыя: чуцен ix кволы плач, i ў ім нават просьбы няма, а звыклая скарга на сырасць, на рудых аваднёў. Нідзе нават дымку не відно, мусіць, «рама» ўвесь час вісіць над лесам.
Пад адзіным на гэтым востраве вялікім дрэвам ляжыць нешта чырвона-сіняе, нешта асклізла-мокрае. У вачах пацямнела, калі мне пачулася (ці гэта мне здалося) сухое парыпванне пры кожным уздыху-ўсхліпу таго, хто, мабыць, i ёсць мой сусед Юстын. Каля яго сядзіць старая з галінкай, грэбае над ім ёю, ціхенька адганяючы ад абпаленага, здаецца, само паветра, яго цяжар. На нас яна i не зірнула.
— Юстын, Юстынко, вось прыйшлі да цябе, з тваёй вёскі партызан, твой сусед, Юстынко!..
Жанчыны, некалькі галасоў адразу, звяртаюцца да Юстына, ужо суцэльны лямант, — ён для Юстына, для мяне, для гэтага белага, для сутоністага неба.
— Ты нас чуеш, Юстын? Прыйшлі да цябе, вось i яго мамку спалілі, усіх вас пабілі, папалілі. Усіх: i ўнукаў тваіх, i нявестку, i ягоную мамку, уciх… А ты выпаўз з агню, ты прасіў, каб дабілі, бег за імі i прасіў, так табе балела… Што яны, што яны сказалі, Юстынко? Ты бег, ты прасіў, маліў забіць цябе… Смяяліся, яны смяяліся, Юстынко? Смяяліся: «Жыві, бандыт!.. На расплод…»