Литмир - Электронная Библиотека

Асляпляльна рэзнула нешта па вачах, наўкол стала бела-бела: бяроза, чалавек на зямлі (што ў яго парыпвае?), асака, балота, людзі каля мяне, неба — раптоўна ўспыхнулі празрыстай, нясцерпнай беллю, i, тут жа пачарнеўшы, усё прапала разам са мной.

…Я ў нейкім буданчыку. Знадворку ходзяць, сядзяць на кукішках, нешта робяць людзі. Ніяк не зразумею, трызненне гэта ці ўсё, што я помню, было трызненнем. Але не, усё было i ўсё асталося. Я — гэта той, у каго ўсіх забілі. Мама, малыя… Я спалохана заплюшчыў вочы. I пачуў ужо свой уласны стогн.

Знадворку галасы, прастуджаныя, зласліва-вясёлыя (значыцца, праўда, што я стаў чуць!).

— Гэй, Сцёпка, фокуснік, прыдумаў бы хлебца. Што з твайго пудзіла — ні малака, ні мяса!

— Ніяк не нагуляецца — цацку яму давай!

На мне нейкая незнаёмая, чужая кашуля з белага палатна, а перад самымі вачамі, навешаны ў будане на сучок, сушыцца намыты мой кіцель. Вінтоўка над локцем ляжыць i папруга з падсумкамі — нехта зняў ix з мяне.

А гэта — Глаша, падышла з рэчавым мяшком у руцэ, пастаяла каля параненых партызанаў (я зразумеў ужо, хто гэта там размаўляе, смяецца) — яе тут жа падключылі да жартаў-жарцікаў. Партызан, з няўклюднасцю кульгавага падняўшыся з зямлі, паставіў каля сябе вялізнае, зробленае з ануч пудзіла чалавека i крычыць:

— Глашанька, пабудзь з намі. Калекі, раскажыце, якія тут бываюць вечарынкі! З гармонікам, з бубнам!

— Ідзі сюды, Глаша, не слухай гэтага бязногага. Вечары-ы-нкі яму прысніліся!

— Ад бязрукага чую! — весела адгукнуўся «вечарыншчык».

Глаша звонка, як некалі ў нашым лагеры, смяецца.

— Ой, ачнуўся! — прытворна, як здалося мне пасля яе нядаўняга смеху, узрадавалася Глаша, зазірнуўшы ў мой буданчык. Прысела, глядзіць на мяне, а крычыць некаму за буданчык:

— Кацярына Аляксееўна, вочы адкрыў, глядзіць!

Яшчэ нехта падышоў паглядзець на мяне: вялізная, ахінутая цёплай хусткай галава. Пачала кашляць, надрыўна i цяжка. Прастуджаная галава спытала:

— Табе лепей, хлопчык?

— Зараз мы пакормім яго, — завіхаецца Глаша, развязваючы рэчавы мяшок. — А то мы ўжо за яго баяліся. Я для Глашы ўжо «ён», «яго», як чужы. Затое вось перазнаёмілася з другімі, вечарынкамі яе спакушаюць!

— Гэта што? — паказваю я на чыстую кашулю.

— А што? — бязвінна здзівіліся яе сінія вочы. — Нічога, тваю вымыла.

— Добра, ідзі, я зараз.

Штаны на мне таксама чыстыя, вымытыя — здымалі, надзявалі, чорт ведае што!

Я, лежачы, тужэй зацягнуў папругу, якая аказалася нязвычна доўгай, заправіў кашулю. Рукі i ногі нязграбныя, ватныя, паколвае па ўсёй скуры, асабліва на спіне. Нешта ў далоні замінае, як прыклеілася, — сухая, абмерлая скура.

— Мы ўжо думалі, что тыфус, — кажа Глаша, корпаючыся ў рэчавым мяшку, раскладваючы яду.

Нешта вочы мае баляць пасля той белай успышкі. (Дарэчы, пад вечар яны балець перасталі. Потым, калі зразумеў, што слепну, расказваў пра гэта ўрачам, пра асляпляльную ўспышку каля абгарэлага дзядзькі Юстына, але яны асцярожна i нават ніякавата слухалі пра гэта i цікавіліся: «Ці не было фізічнай траўмы?»— «Была, была i фізічная!»)

Мяне чакаў абед: халодная печаная бульба, яблыкі. Глаша дастала з мяшка яшчэ нешта, загорнутае ў альховае лісце, панюхала.

— Памятаеш свінню, калі мы былі ў тваёй вёсцы? Перабегла яшчэ вуліцу. Хлопцы пазаўчора хадзілі ў Белыя Пяскі… Толькі без солі. Пакінулі табе, а яно бач…

Узяўшы яблык, я паспяшаўся далей ад гэтага мяса.

Мяне хістала.

Параненыя партызаны (чалавек дзесяць пад брызентавай стрэшкай, а трое, каторыя дужэй, — знадворку) адзначылі мае з'яўленне з таго свету гучнымі рэплікамі:

— Галоўнае, на ногі ўстаць.

— Было б на што ўстаць.

— Будзеш, братка, вартаваць «востраў», а то бачыш, якія тут ваякі.

Я, счакаўшы, паздароўкаўся, мне адказалі. Хоць я хаджу на нагах, а яны ляжаць ці бездапаможна сядзяць, але са мной размаўляюць, нібы я самы хворы тут.

Адзін з партызанаў захоплены дзіўнай работай: з ануч i дубцоў змайстраваў ляльку ў чалавечы рост, а цяпер малюе на фанерцы — што павінна азначаць твар, знаёмую фізіяномію: вусікі, акуратную хуліганскую грыўку, круглы разяўлены рот.

Партызан у зімовай шапцы, той, што сустрэў нас на першым «востраве» i прывёў сюды, стаіць, абапёршыся на вінтоўку, i гутарыць то з майстрам, то з яго лялькай:

— Не то страляць у цябе, ануча старая, не то казыраць! Малайчына, Фокуснік, задаеш немцам задачку… Ну, што вочы вылупіў: намалявалі цябе, а ты ўжо i гарлапаніць! Глядзі, Сцяпан, на цябе крычыць. Намалюй яму за гэта крывое вока.

Сцяпан сядзіць, падклаўшы пад сябе мыліцу, у яго занадта, непрыемна прыгожы твар. I ўсё ўсміхаецца, i водбліскі ягонай усмешкі на Глашыным твары. Нават калі яна не глядзіць на яго.

— Я штук пяць ix ставіў ужо, — кажа Сцяпан-«фокуснік», ускокваючы на здаровую нагу i падымаючы з зямлі «Гітлера», на якога i абапёрся. (Сцяпап увесь час i вельмі жвава то садзіцца, то ўскоквае, хаця другая ягоная нага ў цяжкіх лубках.)

— Абодва аднаногія, — крычаць з-пад брызенту, — што Фокуснік, што фюрэр!

— Абыдзецца! — Сцяпан, усміхнуўшыся Глашы. — Любата на ix глядзець? Пад'едуць на машынах, на матацыклах i глядзяць, як папуасы. Як так, хто адважыўся?.. I што рабіць, не ведаюць. Зачапіць — баяцца, што замініравана, гранату кінуць — таксама, бо фюрэр жа. Абсмяешся! Можна біць, як цецерукоў! Зразумеў, Рубеж? Дзейнічай!

— Зразумеў! — абазваўся мой праваднік, — толькі я яму зраблю начынку, вантрабянку з толу. Ён у мяне пабрэша!

— Эх, мне б з вамі! — раптам засумаваў Сцяпан. I адразу Глаша зірнула на яго. Да чаго ж яны адзін аднаго чуюць. Я ўсё прыкмячаю, нават нейкім абвостраным зрокам. Але ўсё ад мяне як бы збоч. Нейкая паласа пралягла паміж мной цяперашнім i ўсім, што нядаўна было такім важным. Toe, што я бачу, заўважаю, што адбываецца па-за мной, адразу ахінаецца нейкім горкім пачуццём, якое поўніць мяне да краёў, нішчыцца ў ім, i само пачуццё ад гэтага ні мацней, ні вастрэй.

(Вочы Сцёпкі-«фокусніка» мне асабліва помняцца: светлыя i вясёлыя да шаленства. А твар непраўдападобна прыгожы, амаль дзявочы. З доўгімі чорнымі вейкамі. Я столькі разоў потым уяўляў, як усё здарылася тут праз сем ці дзесяць дзён: як подбегам прыкульгаў ён з мыліцай адтуль, дзе трашчалі нямецкія аўтаматы, кінуў долу пустую вінтоўку, сарваў з пояса гранату i сеў пад брызентам, падцягнуўшы да сябе мяшок з толам; як папаўзлі да яго з усіх бакоў, нібы да збавіцеля, параненыя, i ён укладваў ix галовамі да сябе, прыспешваў. Усе — тварамі да зямлі, а ён вось такімі ж шалёна-вясёлымі светлымі вачамі апошні раз, за ix усіх, глядзеў на свет. I апошні, хто бачыў гэтыя вочы, — Глаша.)

Уторкнуўшы пудзіла ў пракіслую балотную зямлю, падхапіўшы з долу мыліцу, Сцёпка-«фокуснік» аб'явіў:

— Хай будзе фюрэр шосты!

— A ў нас у 41-м, — не змаўкае «праваднік» (гаварун ён, i яму ўсё адно, слухаюць ці не), — у нас, як прыйшлі вось яго малайцы, найперш склады вывезлі, a семкі (не ведаю, навошта ix было столькі на бабруйскіх складах), семкі не забаранялі браць, ды яшчэ цукар з пяском, ну, i стаялі ў чэргах людзі, a адзін наш, са Слуцка, вельмі ж быў падобны на гэтага з вусікамі. А тут ішоў немец, прыпыніўся, глядзіць! I ўсе чакаюць, што будзе. Стаяў, глядзеў, думаў, а потым — плясь па фізіяноміі! За тое, што на фюрэра ягонага пасмеў быць падобным? Ці рахункі з фюрэрам зводзіў? Нават казалі, што паляк або славак, а не немец… Ну, добра, браткі, што вам прынесці гэтым разам? Заказвайце, як у сталоўцы.

— Задушыце скора сваёй бульбай: халоднай i без солі,— сказаў Сцяпан-«фокуснік».

I другія падхапілі:

— Дойдзеш з вамі i без немцаў.

— Хлебца б расстараліся, а то выпаўзуць, дзе бліжэй, i назад!

— Добра яшчэ, што вяртаюцца. Я на ix месцы даўно б драла даў. Надта вы каму трэба, бязногія, сядзі з вамі, чакай доўбні. Праўду я кажу, Рубеж?

Рубеж (мой праваднік) усміхаецца, зусім не збянтэжаны такой атакай. Грэбаючы тонкімі худымі нагамі па асацэ, падышоў да мяне:

19
{"b":"599003","o":1}