Литмир - Электронная Библиотека

Змрочна глянуў на сваю хату, дзе бацька цягнуў на страху куль саломы i пытаўся ў некага па-бабску сварліва, пранізліва: «Дзе гэтыя героі? Куды ён пабег ужо?»

Рука мая ўсё баліць, скура на далоні паднялася, яна, як падушка, белая. Я прыкладваю да яе ўсё, з чаго толькі можна выціснуць холад: ліпкае лісце вольхі, вільготны мох. Балота ўжо чуецца пад нагамі. Мы брыдзём з Глашай, а я шукаю вачамі, што халадней, — нібы намерыўся правяраць тэмпературу ўсяго, што трапляецца па дарозе.

Пах пажарышча, дыму, гарэлага адстаў ад нас, толькі печаная бульба ў маіх кішэнях нагадвае пра яго.

Ужо другі пах забівае лясную свежасць, паўзе нам насустрач, усё больш цяжкі i густы. Менавіта гэты пах мы раскопвалі, калі шукалі зброю. Міжволі выціраеш губы, а яны робяцца непрыемна ліпкімі.

Але лес усё такі ж чысты, вочы мае нічога не знаходзяць. Раптам убачылі некалькі пакалечаных асколкамі ссечаных асінак, светлых, свежых. А пад імі чорныя, нібы дзёгцем налітыя, ямкі. Яны вядуць у бок рэдкіх чэзлых сасонак, да «астравоў». Я ўжо амаль бягу. Глаша ледзь за мной паспявае. Галоўнае, гэты злавесны, ліпкі, знаёмы пах… Тут ужо балота: рудое, з бародаўкамі-купінамі, на якіх неяк прыладзіліся, трымаюцца крывыя дрэўцы. Твань узварушана бомбамі, гразь параскідана, рудая трава, парудзелае кустоўе аерцу нібы кім развешана на суччы i вяршалінах спалохана паніклых сасонак i чэзлых бярэзін. Цяжкі корч прыціснуў да гразі лазовы куст: з вялікай вышыні, мабыць, падаў. Лазовыя кусты, круглыя, як стажкі сена, відны ўсцяж па балоце. Але ніякіх трупаў. А пах падступае, ён побач, яго адчуваеш нават скурай, як лясное павуцінне.

Мы ўжо каля першага «вострава», зялёнага, зарослага густым алешнікам. (Да вайны тут касілі асаку для «індывідуальных» кароў.) Застаецца толькі перабрацца праз чорную паласу рэдкаватай гразі, над якой, нібы затоплены частакол, тырчаць вострыя канцы карчоў, пнёў. А побач яшчэ нейкія бурыя астраўкі выпінаюцца. Я не адразу разгледзеў, зразумеў, што гэта такое, ніколі ix тут не было. Аднолькавыя ўсе нейкія. I раптам агледзеў у балотнай чарнаце бельмаватае вока, круглае, вялікае, а над ім — каровін рог. Тады толькi сцяміў, што такое гэтыя, падобныя адзін да аднаго, бурыя астраўкі. Цэлы статак засмактаных багнай каровіных туш! Вялізныя бурыя i чорныя пухіры, як спіны бегемотаў. Глаша не вытрымала, далонню заціснула рот i кінулася назад. I праўда, смурод яшчэ большы, калі бачыш гэтыя пухіры.

Але прайсці на «астравы» можна толькі тут, не адным мной гэта праверана. Як мы будзем плёхацца ў гэтай смуроднай багне? Каб адзін я, а то ж i Глаша! Закінуўшы вінтоўку за спіну, я ўзяў з лазовага куста забытую некім жэрдку i пайшоў з ёю, як з пікай, на буры пухір. Трэба распіхаць ix. Уздутая туша цяжка i незадаволена гайданулася — i толькі. Глаша пазірае здаля, вочы пакутныя, хворыя…

А я (зусім, як Хведзька на тых старых магілах) весела загарлапаніў, заспяваў патэфонныя словы: «Брось сердиться, Маша!.. Жизнь прекрасна наша…» Я ўжо не звяртаю ўвагі на гразь да пояса, на ліпкі смурод, ускараскаўся на хісткі корч, пастаяў, паківаўся над ім, паспяваў, паказваючы Глашы, як усё пацешна i проста, пакратаў жэрдкай астравок-тушу i скокнуў на яе. I адразу ж саслізнуў, нібы нават не крануўся тушы нагамі. Вінтоўка балюча стукнула па галаве, па вуху, ногі праваліліся ў пустату, пальцы прагавіта хапаюцца за агідную слізгату поўсці, скуры.

Нарэшце ногі нешта намацалі. Гразь па грудзі, але я ўжо стаю. Глаша роспачна глядзіць на мяне, паказваючы, каб ішоў на бераг, да яе. Але тут жа сама, нібы паклікаў хто, ідзе, сунецца да мяне, працягвае руку. Гэта з ёю бывае, вось так i на паляне тады пайшла да Касача, як у сне…

Я не варушуся, баюся, што страчу апору, што напалохаю Глашу ці сам спалохаюся канчаткова. Калі я выпаўзу назад на бераг, ніякая сіла не прымусіць мяне лезці ў гэты смурод. Глаша ўсё ўзнімае рукі над гразёю, гідліва, засцярожліва; спачатку боты, потым спадніца, што зверху штаноў, патанулі ў гразі, чорная твань засмактала Глашыны калені, падцягнуты жывот, чарната ўзнімаецца па шэрым світэры да спалоханых яе грудзей. Глаша сціскае ix локцямі, трымаючы рукі перад тварам… Я кінуўся да яе i якраз у час: яна ўжо амаль падала, калі я схапіў яе за руку i пацягнуў. Не даючы апамятацца ёй, сабе, цягну міма тых «бегемотаў», хапаючыся свабоднай рукой за карчы i голле, i ўсё крычу, моцна i роспачна: «Солнце нам сияет! Нам цветет сирень!» Прымушаючы сябе не думаць ні пра што, не адчуваць нічога, з бяссэнсавай i небяспечнай паспешлівасцю рвуся, цягну Глашу да «вострава». Твар яе перасмыкнуўся ад гідлівасці, роспачы, запырсканы граззю. Колькі разоў ногі нашы зусім трацілі апору, i тады мы кідаліся, як ад агню, убок, бачачы сваю роспач у вачах другога. Ужо асака, ужо блізка бераг, тут ужо да пояса гразь, можна б спакойна дабрысці, але мы нібыта з дзіравай лодкі ратуемся, адчайна караскаемся i выбіраемся, выпаўзаем на бераг.

Выпаўзлі, стаім у асацэ каля кустоў i аддыхваемся, адчуванне такое, нібы нехта цягнуў нас i раптам пакінуў. Нібы нас абсмактала нячыстая зяпа пачвары: стаім зняважаныя, прыцішэлыя, у Глашы слёзы на вачах. Я пачаў ламаць альховае голле, сашморгваць лісцё i абціраць ім з Глашынага світэра рудую гразь, з яе рук, а яна стаіць i плача, раскінуўшы рукі, каб не кранацца самой сябе, разглядвае сябе грэбліва. Заўсёды яна здавалася мне такой вузкай i прамой, як лінеечка, толькі высокія калені ламалі лінію. А цяпер, калі адзенне ліпка аблягае плечы, грудзі, жывот, я бачу, што жаночая стройнасць — гэта сапраўды ломаная лінія. Глаша зласліва забрала ў мяне голле, i цяпер я толькі ламлю i падношу ёй чыстае, адначасна выціраю i сябе.

Раптоўна я адчуў чужы позірк, у спіну нам. Так i ёсць: за кустом стаіць чалавек. Вінтоўка ў яго на плячы, ніякай пагрозы ў постаці, адна цікаўнасць на твары, чакае, што далей будуць рабіць двое, што выпаўзлі з балота на «востраў».

Складанае i дзіўнае гэта пачуццё — успамінаць першую стрэчу з чалавекам, які ўвайшоў пасля ў тваё жыццё. Ты яшчэ не ведаеш, кім, чым ён для цябе будзе, i ўсё ў ім здаецца неабавязковым, як i сама сустрэча з ім, выпадковым: i тое, якая ў яго ўсмешка, хада i якія вочы, рукі. Усё ў такім чалавеку як бы паасобку жыве. Гэта спачатку. Ну чаму абавязкова чорныя цыганскія вочы, калі i бровы i валасы чалавека, што тырчаць з-пад выцертай зімовай шапкі, i гэты дрымуча няголены твар — усё такое светлае, ільняное, саламянае? Ці: да чаго ж не пасуе яму гэты здзіўлена доўгі нос, на якім расселіся аж дзве гарбінкі (чамусьці аж дзве!), калі ў чалавека такі спакойны, разумны, прасторны белы лоб! Навошта такія тонкія i крывыя ногі, абкручаныя анучамі, калі сам чалавек i стройны i дужы, i гэта можна ацаніць, не зважаючы на шырокую шэрую світку, якую ён туга перацяў папругай з вялізнай «камандзірскай» спражкай-зоркай? Усё спачатку здаецца такім неабавязковым, неадпаведным, амаль недарэчным, як i ягоная зімовая скураная шапка побач з сакавітай зелянінай.

Так, тады, разглядаючы яго, што стаяў між кустоў, я не ведаў, кім ён для нас стане i што нас абоіх чакае, што мы перажывём… Але цяпер, калі ўсё ўжо было i засталася толькі памяць, — цяпер у мяне раўнівае пачуццё, што Рубеж толькі такі i мог быць, што другога маёй памяці i не трэба. Чалавек, калі заняў назаўсёды нейкае месца, кропку ў тваім сэрцы, ён не свабоднае месца заняў, якое мог бы запоўніць i нехта другі. Ён не займае, ён сам творыць гэтую светлую кропку, без яго яе i не было б у табе…

Вінтоўка ў мяне за спіной, я скуты спакойным позіркам гэтага незнаёмага. Не, я не думаю, не хачу думаць, што гэта паліцай, але ўсё адно больш звычна сябе адчуваў бы, каб вінтоўка была ў руках. А зняць, выхапіць яе з-за спіны чамусьці нялёгка пад позіркам гэтага чалавека. Будзеш выдаваць палахліўцам або выйдзе ўсё назнарок, дэманстратыўна.

Незнаёмы нешта сказаў, спытаў у Глашы, тая адказала, расказвае яму, абое паглядзелі на мяне, незнаёмы з раптоўнай узнепакоенасцю i як бы збянтэжана. Усё ва мне загуло, паслабелі калені. Я амаль зразумеў, пра што яны гавораць i чаму так зірнуў чалавек.

17
{"b":"599003","o":1}