Литмир - Электронная Библиотека

Партфель у майго Бокія заўсёды набіты кнігамі, часопісамі, пакідае яго ля парогa з такім грукатам, нібы з пляча скідае. I тут жа выкрыквае навіну: апраўдалі яшчэ аднаго каменданта лагера, партрэтамі «чалавека-сонца» б'юць па галаве жанчын i дзяцей (сем'і непажаданых дыпламатаў), лейтэнант Колі выпушчаны на волю…

— Што ў вас там, Фларыян Пятровіч, зноў?

«У нас, там» — гэта тут, на нашай планеце. Барыс не тое што захоплены, ён «разношвае» (так ён гэта называе), як новыя чаравікі, ідэю, гіпотэзу, адкрыта запазычаную з нейкай фантастыкі, рамана. Мы, зямляне, з вышыні гэтай гіпотэзы, не самі па сабе, а пад нечым наглядам: нейкая звышцывілізацыя ставіць дослед, каб вырашыць, ці можна нас дапусціць, падключыць да сябе. Альбо «закрыць дослед».

Усё, што я некалі казаў яму, студэнту i аспіранту, да чаго ён тады пачціва прыслухоўваўся, цяпер вяртае мне, звяраючы з новай i ўсё больш нечаканай рэальнасцю. У іранічнай абгортцы вяртае. Забывае Бокій, што сам цяпер педагог i надта скора можа апынуцца ў маёй ролі. Тону гэтаму, трохі штучнаму, памагае яшчэ i тое, што Барыс забягае да мяне часцей за ўсё па званку Глашы, якая напаўголаса пытае, ці не змог бы ён суправаджаць мяне ў інстытут (калі гадзіны — Глашыны ў школе i мае ў інстытуце — супадаюць). Барыс паяўляецца нібы дзеля таго толькі, каб выкласці мне ўсё, што думае ён пра нас, пра зямлян.

— Слухайце, Фларыян Пятровіч. Мільярд адной глоткай крычыць. Заўважце! Мільярд! Не, не, закрываю дослед, безнадзейна.

— Пацярпі. Гэта праходзіць.

— Каб пачацца ў другім месцы? Бо вы ж прытвараецеся, Фларыян Пятровіч, што можаце пра гэта спакойна! Вы сваімі вачамі бачылі, чым такое канчаецца. Чалавек, які аднойчы трапіў пад кола, на ўсё жыццё перастае верыць у руль, тармазы. А вы, значыць, псіхалагічнае выключэнне? Ці маеце што паведаміць пра знікненне ці хаця б збліжэнне «нажніц» паміж тэхнічнай i маральнай культурай?

— Дастаткова, на першы выпадак, пачуцця самазахавання.

— Не ўсім відам млекакормячых гэта памагло. I потым яшчэ не даказана, што гэта пачуццё ў чалавецтве ёсць, захавалася.

— Homo sapiens вылучаецца яшчэ i тым, што надзелены здольнасцю разумна выбіраць напрамкі i варыянты. Не заўсёды ён карыстаўся гэтай здольнасцю, але цяпер усё так паскорылася, сціснулася, стала відавочным, што выбіраць — прасцей.

— Паскорылася! Скарастрэльныя ракеты, кароценькія ідэі? Кнопкі?

— Затое i другое з'явілася. Раней колькі пакаленняў нараджалася, жыло, памірала — i ўсё пры адной фармацыі. Здавалася людзям, што нероны, людовікі, раманавы — гэта навечна, што рабства, што абсалютызм, што капіталізм не скончацца ніколі. А цяпер у адно чалавечае жыццё ўмяшчаецца i першае, i другое, i чацвёртае. Можна разумнець — i паасобку i разам! Адной нагой у крыжовых паходах, другой — на далёкіх планетах. Не словы гэта, а рэальнае пачуццё — у нас, прынамсі, каго захапілі i 30-я гады, — што мы жывыя сучаснікі i тых, хто жыў 500 год таму, i тых, хто прыйдзе праз 500. Так, усім заўсёды здавалася, што ix пакаленне на самым «заломе» гісторыі. Але тут ужо сапраўды прамы вугал. Хіба няма ў табе такога пачуцця, што на адной плоскасці — нероны, людовікі, гітлеры, а на другой — гарманічны свет яфрэмаўскай «Андрамеды»? А ты, а мы — на вяршыні прамога вугла. I тое i другое — твая біяграфія, твой час, у полі зроку…

— У мяне з Шылерам другое пачуццё: «Когда боги были человечней, человек божественнее был».

— Калі гэта яны былі больш чалавечныя?

— Калі не ў бранявых лімузінах гойсалі, а сядзелі на алімпах. Заўсёды людзі аддавалі багам свае вартасці, як i свае недахопы, але ніколі такім кепствам, дрэнню, подласцю не нафаршыроўвалі сваіх багоў, як у XX веку.

— Заўсёды гістарычны прагрэс лічыў за лепшае піць нектар з чэрапа забітага. Памятаеш, у Маркса? Таму i кажам, што ўсё гэта прадгісторыя.

— A гісторыя? Хатыні, Сангмі?

— Так, адна нага ўсё яшчэ там.

— I яе не засмоктвае? Успомніце, як Талстога палохала, што ў агромністай краіне знайшлося некалькі ахвотнікаў усенародна выконваць работу ката. Спачатку быў адзін, яго вазілі з Масквы ў Кіеў, у Адэсу — надзяваць «вераўчаныя гальштукі». А потым знайшлося яшчэ некалькі ахвотнікаў, i як гэта ўстрывожыла Талстога. Ну, а каго здзівіш такой навіной у наш час? У Сангмі забівала нават не спецыяльна падабраная каманда, а радавая рота, звычайная, дзевятнаццацігадовыя. Толькі што ад татаў i ад мам… Які ж клімат патрэбны, каб звычайныя людзі былі на гэткае здольныя! Вам, Фларыян Пятровіч, пра што-небудзь кажа такое паскарэнне?

— Так, але калі гэта было, каб так адкрыта бунтавалі супраць вайны? I дзе? — у мілітарысцкай, моцнай дзяржаве! Толькі ў Pacii нешта падобнае было, у семнаццатым. Вось тады i адкрылася старонка самой гісторыі — нарэшце, гісторыі!

— Сарвуцца ў фашызм — куды толькі дзенуцца вашы бунтары! Не, не, i не прасіце, Фларыян Пятровіч, закрываю дослед…

Я яго не бачыў ніколі, свайго пастаяннага апанента, толькі голас помню, што так лёгка набірае адценні блазенства. Мне спрачацца з Бокіем не проста, таму што вельмі часта i з памяццю ўласнай трэба спрачацца. Тое, што Бокій толькі ўгадвае, я бачу, таму што ўжо бачыў — учора…

«Рама» вісіць над лесам, куды мы з Глашай ідзём. То ўзнімаецца, то апускаецца ніжэй. Выглядае жывыя дымкі. Можа, ужо склікае сваіх, з бомбамі. Вісіць над усім, у брані, нетаропкая, i нібы глядзіць на цябе векам аграмаднага насякомага.

Сон адзін мне запомніўся, i не сам наогул сон, а ягонае адчуванне, незвычайнае, дваістае. Быццам я ўверсе, на самалёце, але ўнізе — таксама я. I бачу сябе, i баюся самога сябе: ганяю па голым, як стол, полі таго, што ўнізе, — базабароннага, маленькага. I раптам маленькі, спалоханы, злосны — таксама я — падае на спiну i страляе, страляе ў самалёт, я адчуў, што пацэліў і што падаю, лячу на таго, што пада мной, — вось-вось стрэцімся, разаб'ёмся адзін аб аднаго, i я прашу, малю, каб хоць нехта з нас двух застаўся, ацалеў…

Лес сустракае мяне знаёмымі цяністымі дарогамі, прасекамі. Сосны, дубы, потым пойдзе елка i сырая вольха, а там — балоты, «астравы», дзе мы заўсёды хаваліся, дзе хаваюцца нашы. Колькі ўсяго ўжо было, a ў лесе ўсё, як раней. Мне нават захацелася паказаць Глашы нашы з Хведзькам лясныя таямніцы, але я толькі пасміхнуўся ў той бок. Дзе цяпер «Хведзька — вераб'іная смерць»? У партызаны яго не пусціў бацька: «Хочаш, каб сям'ю выбілі? Матку ды малых пашкадаваў бы!» I хітра раззброіў Хведзьку. Падказаў, нагаварыў знаёмым партызанам, што ў сына цэлы склад зброі. Хведзьку прыціснулі, i ён аддаў. Пра ўсё гэта я даведаўся, калі забег аднойчы дамоў, яшчэ да кантузіі. Мама тады дужа ўзрадавалася майму прыходу, а сястрычкі-блізняты вунь з якім захапленнем i павагай разглядвалі брата, абвешанага зброяй. Толькі мундзір нямецкі ix бянтэжыў: нібы акрамя нас чацвярых яшчэ нехта ў хаце быў — чужы. Не пры маме, a калі яна выйшла на кухню, блізняткі ў адзін голас выдыхнулі:

— Ты яго забіў?.. Гэтага!..

I паказалі на мой мундзір.

Ад мамы я даведаўся пра тое, як Хведзька адплаціў бацьку. У іхнім садзе схаваны быў вяпрук, «кормны», пудоў на восем. Хведзька шапнуў пра гэта нейкім вандроўным веселунам, у падзяку за абяцанне, што возьмуць яго ў сваю трупу. Тыя ведрука сцягнулі, а Хведзьку, які чакаў ix каля лесу, сказалі: «Ідзі, бацька шукае. А нам здраднікі не трэба». Хведзька два дні хаваўся ў кустах, а бацька хадзіў паўзлессем i гукаў: «Ідзі дамоў, свалата, ідзі, гад, не зачаплю, хоць забіць цябе мала!»

Ад мамы я выправіўся да Хведзькі — з вінтоўкай, ягонай вінтоўкай, пры поўным партызанскім парадзе.

— Яшчэ адзін герой! — сустрэў cпaкушальніка сам гаспадар — даўгарукі, сутулы Хведзькаў бацька. — Няма на цябе бацькоўскай папругі!

Хведзька выйшаў з хаты i прайшоў моўчкі паўз нас. Я — у след за ім. Быў ён журботны, мой сябра, гаварыў неахвотна.

— Ну як? — крануў маю вінтоўку. — Страляў? Ці самагонку жлукціце там? Я сабе аўтамат здабуду.

16
{"b":"599003","o":1}