Литмир - Электронная Библиотека

— Ты што, як рэзаны?!

Сердаваў ён адразу, рэзка, i я яго любіў i баяўся. Наогул я заўсёды любіў суровых, няласкавых, можа, менавіта таму, што такім быў мой бацька. Нават ад'язджаючы на вайну ў Фінляндыю, бацька не пацалаваў мяне, a толькі сціснуў рукою плячо i паказаў на заплаканую маму i сястрычак-блізнят, абвязаных хусткамі пад пахі: «Глядзі ix!»

Цяпер я падыходзіў да таго самага месца, дзе гэта было, дзе наша хата. Тут агеньчыкі ўжо не поўзаюць па агародах, толькі каля печаў трымціць гарачы дух; значыцца, пачыналі з гэтага канца… Бяроза ўзвышаецца нада мной, задраўшы купчастую галаву ў чорнае неба. Ацалелі весніцы, прасла плота. Каля печы зямля прыцемнена свеціцца.

Глаша паціху накіравалася да печы, а я ўсё не заходжу ў расчыненыя весніцы. Хто, чыя рука ix расчыніла? I што было потым? Ад Глашыных ног застаюцца барвовыя, гарачыя сляды. Зачапіла вуголле ботам — коратка ўзляцеў рой іскраў… Як на той паляне… Пра што гэта я? Думка ўсё стараецца збочыць, не вяртацца да самага страшнага. Рашуча, пераканана, каб самому паверыць, кажу Глашы, што ўсе выратаваліся, усе ў лесе. Глаша нахілілася, разглядае нешта. Я кідаюся туды ад весніц i сам палохаюся свайго імпэту. О, я ведаю, што гэта такое, белае вуголле! А мне раптам здалося, што яно белае, — як згарэлыя косці. Не, не, гэта ад печы адсвечвае, ад пабеленай мамінымі рукамi нашай печы! I гарэлы пах бульбы i яблыкаў, толькi бульбы i яблыкаў! Яны схаваліся ў лесе, я ведаю, заўтра ix знайду, убачу…

Я падыходжу да печы, кранаюся яе, нечакана халоднай сярод неастылага вуголля. Боты мае, як вільгаць на балоце, выціскаюць з зямлі барвовасць, святло. Сляды згасаюць не адразу, тлеюць, успыхваюць ад ветру, па ix прабягаюць сінія i чырвоныя агеньчыкі.

За яблынямі плямай бялеецца печ Юстына — нашага суседа. На плоце нешта развешана белае, пачынае здавацца, што гэта людзі, жахліва нерухомыя.

Я пайшоў назад, да весніц. Глаша ўжо там, глядзіць мне насустрач. Села на лаўку, i я сеў побач. У Глашы нешта такое азначылася: жаночае, простае. Узяла маю галаву i паклала сабе на калені, а сваю мне на спіну. Потым я зусім лёг на доўгую лаўку, i не было дзіўна ці сорамна, што яна сядзіць, а мая галава ў яе на каленях, як не дзіўна i не сорамна параненаму. Час ад часу я расплюшчваю вочы, бачу Глашын твар, заўважаю, як вецер кратае вуголле на папялішчы i крывавыя водбліскі кідаюцца на дрэвы, знаходзяць i паказваюць яблыкі, чырвона-чорныя яблыкі. У галаве стукае, i гэты гук, як рэха — то стукае ўжо недзе на агародах, то вяртаецца ў мяне ж. Нешта пустое то напаўняецца, мною напаўняецца, то апаражняецца. Гэты стук, пахі гарэлых яблык, печанай бульбы завабліваюць мяне ўсё ў адзін i той жа сон — ён канчаецца i пачынаецца зноў. Раніца ў нашай хаце, на печы шэпчуцца i стрымана рагочуць тады-сяды блізняты, на кухні мама, я чую, як яна сячэ на дошцы мяса, як перастаўляе чыгункі, грукае патэльняй, i я баюся, што зараз яна ўвойдзе i ўбачыць мяне з Глашай— у ельніку, на лапніку…

Прахапіўся я пад яркай, сляпучай сінечай. У прахалоднай вышыні калышацца бяроза; жоўтая палавіна кроны — як раптоўная сівізна. Вераб'і, цёмная густая чародка, не зляцелі, а неяк ссыпаліся з бярозы на агарод. Я правёў ix позіркам i прачнуўся канчаткова. Унізе, на зямлі, на агародах — чорна i па-страхавітаму пуста. Печы не белыя, як тады, на змярканні, а брудна-шэрыя. Калі глядзеў на пажаўцелае голле, на вераб'ёў, здалося, што чую шум бярозы, вераб'інае чыліканне. Цяпер зноў усё наўкол анямела, i толькі ва мне самім шум. I пачынае нудзіць.

Я пашукаў вачамі вінтоўку, Глашу — не ўбачыў; нязграбна адштурхнуўшыся ад краю лаўкі, павярнуўся і, падымаючыся, абапёрся рукой… Нешта мякка хруснула пад далонню, i страшэнны ўдар у локаць, у патыліцу падкінуў мяне. Ротам, языком я злізваў, высмоктваў востры боль, што засеў у далоні. Глаша спалохана спынілася каля весніц з кавалкам чорнай бляхі ў руках, як з падносам, а на ім падгарэлая бульба i яблыкі. Паставіла «паднос» на траву i вінавата падбегла да мяне, але я вырваў з яе рук сваю балючую далонь i схапіўся за прыклад вінтоўкі — цёплая! Да жалеза прыклаў — не памагае. Траву памацаў — цёплая. Я круціўся, шукаў i не знаходзіў холад. Каблуком выбіў яму ў доле, уціснуў у яе далонь — боль адразу адступіўся, зямля яго адабрала, але недзе ён i застаўся, як пчалінае джала. Глаша вінавата кратае пальцам гарэлыя бульбіны, якія засталіся на лаўцы, нешта гаворыць, мусіць, папракае сябе, мяне. Боль зноў вяртаецца, i я, ускочыўшы, выбіваю новую ямку ў доле, прыціскаю далонь, i боль зноў аціхае — пясок адбірае яго, як ваду. Тое, што я раблю, як я кручуся, ускокваю, б'ю нагой зямлю, хапаюся за яе, мусіць, вельмі выглядае недарэчна, i я злую, што не магу не рабіць гэтага. Глаша, выбраўшы момант, узяла маю руку, падзьмула на пачырванелую далонь.

— Ты што — цыганка? — я вырваў руку i зноў пачаў хаваць яе ў халодным доле. Глаша — нічога не заставалася — усміхнулася мне, а я ёй знізу, i мы заняліся кожны сваім: я сядзеў, прыкуты да зямлі, яна раскладала на лаўцы наш сняданак. Падышла да мяне, выняла з маіх ножнаў нямецкі штык-кінжал i пачала абшкрабаць бульбу, хукаючы на пальцы. Вунь з якога прыску набрала бульбы — адно вуголле! Час ад часу забіраю да сябе сваю руку, боль не адразу, але абавязкова вяртаецца, зноў укручваецца ў локаць, ў галаву, у патыліцу. Кладу далонь на жалеза вінтоўкі — памагае. Прыкладваючы далонь да ўсё новых, яшчэ не нагрэтых частак вінтоўкі, пайшоў на пажарышча, да печы. Боль перайшоў у печ, у яе глыбокі холад. Я трымаўся за гэты холад i разглядваў сваю хату: некалькі пачарнелых вялікіх камянёў на вуглах, жалезны ложак, веласіпедная рама, пагнутае вядро. Была яшчэ швейная машына, гэта добра, што яе не відаць. Вядро маглі не браць, стары веласіпед таксама, а машыну мама абавязкова ўзяла б — галоўнае наша багацце. Мы i да вайны жылі, апраналіся з мамінай машыны, a ў вайну — тым больш.

У печы стаяць чыгункі. У тым, які бліжэй, — чорнае вуголле. Я дастаў другі, там нейкая страва — вымлела ледзь не да дна. Чыгунок яшчэ цёплы, я нясу яго ў далонях, але болю не адчуваю, забыў пра боль. Стаўляю мамін абед на лаўку, дастаю з кішэні лыжку.

Каштую, з'ядаю трохі агорклага крупніку, перадаю лыжку Глашы i бяру з яе рук абшкрэбеную бульбіну. Глаша пакаштавала i ціхенька паклала лыжку.

Паснедалі, Глаша акуратна прыбрала з лаўкі лушпінне. Чыгунок я аднёс i паставіў зноў у печ. Боль вярнуўся ў руку, я ішоў па нашым садзе, шукаючы сярод яблыкаў неабпаленыя, цэлыя, зялёныя. Знайшоў адзін, надкусіў яго i прыклаў да далоні. Зямля ўся ўсыпана чорнымі яблыкамі. Ix столькі, што ідзеш па ix, наступаеш, як на жывое нешта… Вось што бялелася ноччу на плоце — клочча абгарэлай бялізны. Яе тут іскрамі абсыпала ад нашай i Юстынавай хаты. Але чаму яе не забралі з сабой: не змаглі, не паспелі? Трывога зноў працяла мяне халодным потам.

Глаша глядзіць у неба. Так, ужо лятае. Яна заўсёды над намі, калі нам дрэнна, — нямецкая «рама». Партызаны не раз спрабавалі збіць яе, але ніяк не ўдавалася. Кажуць, што на ёй браня.

«Рама» ляціць у бок лесу, нам таксама — туды.

Калі пасля вайны мне даводзілася лятаць у самалёце, увесь час не пакідала думка: вось так, вось такімі бачыла зямлю, хаты, нас, людзей, тая «рама», бачыў ён — нехта абагулена агідны. Ён, менавіта ён надта рана, не па праву бачыць зямлю, чалавека з такой вышыні, з якой ўсё здаецца нязначным, макетным, умоўным. Мусіць, нават не са злосцю, а весела ганяліся «месеры» за бежанцамі, калі тыя, як мурашкі, рассыпаліся з дарогі. Вось так бы цэлілі з чорнага космасу ў блакітна-шкляны шарык, якім любаваліся першыя касманаўты, шчаслівыя, што яны — людзі.

«…Паслухайце, Фларыян Пятровіч, што гэта ў вас зноў?»

З гэтымі словамі звычайна паяўляецца ў маёй кватэры Барыс Бокій, мой былы аспірант, а цяпер таксама кандыдат навук, псіхолаг. Я яго ніколі не бачыў, ведаю толькі голас, поціск тонкай моцнай рукі, жвавы крок, энергічныя, шумныя рухі: ён для мяне нешта чорненькае, бліскучае, вострае. Відаць, хударлявенькі, маленькі брунет з тонкім i вялікім носам, «вальтэраўскім». Я некалі адзначыў сабе, што людзі са смешным, птушыным тварам абавязкова іранічныя, хочуць, каб насмешка праменіла з ix, а не ix даганяла.

15
{"b":"599003","o":1}