Литмир - Электронная Библиотека

У Купрэева дарослае ўжо тое былое дзіця вайны раптам ловіць сябе на дзіцячых жаданнях: «Калі ўчую на вуліцы смех дзяцей, іх гульні, так хочацца босым да іх пабегчы... Ды не бягу на вуліцу. Сорамна. Скажуць: здурэў». I герой абмяжоўваецца ўздыханнем. Звяртаючыся да дзяцей, наказвае: «Ганяйце мячы, бегайце... і за нас». Вось ледзь не ўвесь верш. Празаічны па форме, не прычэсаны рыфмамі, ён цераз расхрыстанасць формы выяўляе, як зіхоткае свячэнне самацвету,— задуму сапраўды вершавую, сапраўды паэтычную.

I ўсё ж Купрэеву, па крайняй меры ў першым зборніку, не ўдалося пераадолець пэўных скрыпаў і хрыпаў, характэрных для надвярэджанага густу. Нават у адным з лепшых вершаў паэта «Калі хочаш наведаць мой край», дзе так хораша раскрыта прывабнасць прыроды, народных звычаяў і побыту Палесся, нават тут канцоўка рэжа вуха пэўнай нетактоўнасцю: «...ад бруду, калі ён ёсць, яшчэ здаля ногі свае выцірай, рукі свае выцірай — калі хочаш наведаць мой родны зялёна-блакітны край». Асабліва гэтае «калі... ёсць». Пэўная знарокавасць, штучнасць маналога, уяўна-паэтычная мройнасць і неапраўданыя агрубленыя заземліванні эмоцый у пагоні за «дыяпазонам» — вось што аслабляе эстэтычную вартасць збор-ніка, значную частку якога маладыя даследчыкі вершаванай тэхнікі разабралі на цытаты.

Пасля першай кніжкі ў Купрэева пачалася зацяж-ная творчая дэпрэсія. Сімптомы яе можна было адчуць у тэксце зборніка, але праявы дэпрэсіўнасці былі прыняты некаторымі крытыкамі за паэтычную арыгінальнасць.

Нізкі вершаў, апублікаваныя Купрэевым нядаўна, дазваляюць, на шчасце, сказаць пра новае творчае ажыўленне. Сярод апублікаванага ёсць верш, які з поўным правам можа заняць месца ў сучаснай анталогіі,— гэта верш пра балючую памяць вайны. Мабыць, ніхто з паэтаў, акрамя Купрэева, не асмеліўся б на такую рамантычную жорсткую чуласць — вызваць з брацкіх магіл трох франтавікоў, з-пад Курска, Варшавы, Берліна, прывесці ў родныя хаты, даць ім выказац-ца і адправіць назад — у трагедыйную несмяротнасць:

Спыніўся Валодзя ля крайняй хаціны —

за акном пасівелая Кацярына

стаіць з ручніком, палівае на рукі мужчыне...

Першы муж ля парога з прабітымі скронямі

шэпча: « Жывіце »,

пакланіўся абноўленым веснічкам,

ціха пайшоў пад Варшаву.(43)

101

Не думаў і не гадаў Мікола Засім, пішучы адказы пачынаючым, да якіх інтэлектуальных вышынь і спадаў, да якой рафініраванасці і агрубленасці паэтычнай мовы дойдзе яго вучань.

Урокі Засіма

Праходзяць гады. I нават нам, каму даводзілася сустракацца з гэтым мажным, ладна скроеным чалавекам, чуць яго бойкую, з паляшуцкім акцэнтам гаворку і бачыць яго ў розных жыццёвых сітуацыях — часта зусім не паэтычных,— нават нам бег часу прасвятляе памяць, вымятае ўсё выпадковае, дробнае і адкрывае з кожным годам ясней і ясней сутнасці. натуры арыгінала, мастака-самародка.

Літаратары Брэстчыны часта адчуваюць нястачу і прысутнасць Міколы Арцёмавіча Засіма. I з гэтага адчування так нечакана і хораша ўсплываюць на літаратурных серадах, на сходах літаб'яднання і проста пры сустрэчах успаміны пра яго. Многія актыўныя зараз паэты Брэстчыны прайшлі праз яго клапатлівыя рукі, шчодрае сэрца і дасціпны здаровы мужыцкі розум, чыталі пісьмы-адказы на першыя спробы пяра, адказы часта несамавітыя, бо напісаныя вершам. Засім так любіў маладую змену, кволую рунь, якая купінкамі зелянела на здратаванай вайною зямлі Палесся, так па-гаспадарску цешыўся ўсходамі, што з-пад пяра незнарок выходзілі вершы — на вершы.

Чалавек па-сялннску практычны, Засім, пэўна, хацеў уласным прыкладам паказаць літаратурным пабрацімам, як лёгка паэту выказвацца ў рыфму, і адначасова намякаў, што не кожны рыфмаваны тэкст — верш, не ўсё напісанае ў рыфму павінна друкавацца. А яму рыфмавалася лёгка, хочаш — па-беларуску, хочаш — па-руску ці ўкраінску, а хочаш — і па-польску, а не, дык на ўсіх чатырох мовах зараз. Мікола Засім не толькі мог рыфмаваць на хаду, часта ён экспромтам складаў мастацкія рэчы: для аднаго адрасата ён прыдумляў дасціпнае павучанне, для другога — сяброўскі дакор, а трэцяму слаў і хвалебную оду. Адказы маладым ён пісаў ад душы, таму многае з іх запомнілася. I сёння, калі яго літаратурныя «хроснікі» перадаюць свой вопыт маладзейшым сябрам, то часта гавораць: «Мікола Засім сказаў бы ў гэтым выпадку так:

У нас за стих певцу почет,

К науке всем открыты стежки.

Хочу, чтоб это ты учел

И не рифмачил, дружа, в спешке»

102

.

Ёсць у Засіма і сяброўская парада, і навука тым, хто думае, быццам паэзія — лёгкая справа, якою забаўляюцца ў вольны час. Хай пачатковец не спакушаецца знешняй лёгкасцю рыфмавання. Засім па-народнаму ўшчувае бегуноў за славай, напамінаючы, што ў нас кожны мае доступ да вучобы, таму нікому нельга дараваць верхаглядства. Малады паэт, па ўяўленню Засіма, павінен быць адукаваным чалавекам, інакш у яго но будзе маральнага права паказваць чытачу, як трэба сёння жыць, як і дзе шукаць шчасця ў жыцці. Калі жыццё пашкадавала цябе: не пусціла па універсітэтах пакут, дык дзякуй і канчай нармальныя універсітэты.

Паэтычнага няўдачніка, які ўпарціцца, лічачы сябе майстрам любоўных вершаў ды хоча перакласці віну і, чаго добрага, работу на плечы літаратурных кансультантаў, дапякуць такія радкі:

Ты падтрымку у нас маеш

Не такую мо, як трэба,

Ды дарма, брат, наракаеш:

Каб кахаць — то ж сэрца трэба.

I, слухаючы гэтыя няхітрыя, але і не пустыя парады, усведамляеш, што паэт ведаў, адчуваў, што важна для пачынаючых аўтараў. Як і кожны мастак, ён часта ламаў галаву над сакрэтамі творчасці і нярэдка пісаў пра ўласны вопыт.

Ужо на пачатку сваёй літаратурнай дарогі Засім дайшоў да ісціны, што мастацкі твор складаецца не проста са слоў, ён складаецца з жыццёвага лёсу аўтара і з лёсаў яго герояў — чытачоў. Каб узрушыць напісаным, трэба здабыць права на слова, заваяваць гэтае права ў грамадскай барацьбе, якую вядзе народ-чытач. Засім сумленна прытрымліваўся гэтага прынцыпу, таму хоць не шмат напісаў за паўтара дзесятка гадоў да вызвалення Заходняй Беларусі, але напісанае было кроўным, сваім. Гэта быў бадай што галоўны прынцып яго паэтыкі, вуглавы камень яе. Тут ляжаў і галоўны сакрэт поспеху няхітрай, часта каструбаватай, але заўжды жыццёвай яго паэзіі. Сёння мы знаем, што, ідучы за гэтым прынцыпам, паэт прыйшоў у сваё даўгалецце.

Характэрнаю рысай паэтычнай працы і стылю мыслення Міколы Засіма сталі калектыўнасць і адкрытая гутарковасць. Лірычны герой у яго вершах гутарыць з сялянамі-землякамі, як свой чалавек са сваімі людзьмі, ён узбуджаецца і разварушвае пачуцці слухачоў, весяліць іх і вучыць прыкмячаць у смешным сур'ёзнае, а ў напышлівым — смешнае. Паэтычны дыялог у Засіма з вяскоўцамі адлюстроўвае характэрную для палескага сяла атмасферу абшчыннай калектыўнасці духоўнага жыцця, адкрытасці маральных ацэнак, якія рэгулююцца звычаямі і абрадамі. У старой вёсцы духоўнаю працай была занята ўся грамада, і паэт адчуваў сябе толькі запявалам. Яго слухачы выступалі і крытыкамі і памочнікамі. Кожны з іх пачуваў права і абавязак не толькі пахваліць або зганіць яго твор, але і падказаць аўтару, уставіць ямчэйшае слова ці новы факт. I паэт не павінен крыўдаваць на такое ўмешванне ў яго творчую кухню, бо гэта агульная кухня — яго і слухачоў. Наадварот, аўтар удзячны слухачам за падказкі і папраўкі, бо іх зацікаўленасць — адзіны стымул яго творчасці. Да канца дзён захаваў Мікола Засім патрэбу нейкага патрыярхальнага яднання са слухачом. Кажуць, што яго выступленні на калгасных сходах мелі нечуваны поспех. У пісьме да аднаго пачаткоўца ён раіў не расчароўвацца, калі твораў не друкуюць: «Я быў рады сваім вершам, калі пры панскай Польшчы чытаў іх рабочым у тартаку ці на лесасеках, не друкуючы іх. Так і Вы не замыкайцеся ў шкарлупу, а дзяліцеся напісанымі з сябрамі-аднавяскоўцамі. Тады лягчэй будзе на сэрцы і вершы атрымаюцца лепшыя».

77
{"b":"599001","o":1}