Литмир - Электронная Библиотека

Дарожныя запісы Янкі Брыля або цалкам уваходзяць у творы, або становяцца штуршком для стварэння карціны прыроды, ці ключом да якогасьці чалавечага характару, ці, нарэшце, проста штрыхом, рысачкай. Найбольш цэльным пашанцуе стаць самастойнымі творамі-мініяцюрамі, што мяжуюць паміж навелай, вершам і афарызмам.

Гэты першы «палявы» этап работы пісьменніка мае ў сабе шмат імпрэсіўнасці, ён цякучы, зменлівы, эфемерны, тут непазбежны выпадковасці, суб'ектыўнае перабольшванне і заніжэнне. Але, мне здаецца, этап гэты вельмі важны, бо толькі яго інтэнсіўны і плённы ход гарантуе будучаму твору свежасць, багацце фарбаў, шчырасць інтанацыйнага гучання. Я хачу падкрэсліць, што ў Янкі Брыля першыя вобразныя ўяўленні не маюць той закончанасці, пра якую казаў Радэн, яны характарызуюцца напружанасцю і зменлівасцю. Мажліва, таму, што пісьменнік увекавечвае не момант, а працэс. Толькі рэдкім задумам шанцуе канчаткова скласціся ў структурныя сістэмы на першай стадыі творчай апрацоўкі і пераліцца на паперу гатовымі творамі. Ды і то гэта пераважна творы дробных жанраў, для якіх эмацыянальная свежасць, зыркасць ды інтанацыйная шчырасць — дастатковыя паказчыкі мастацкасці. Мне вядома ўсяго некалькі «паўнаметражных» апавяданняў, напісаных экспромтам, гэта: «Мой зямляк», «Казачок», «Ліпа і клёнік», «Галя».

Памяць Янкі Брыля эмацыянальнага тыпу з музычна-інтанацыйнай арыентацыяй. Колькі я памятаю, ён усё скардзіцца, што не запамінае твараў людзей, а толькі мову. Значная частка запамятанага і запісанага — ужо толькі сырэц, накіды, штрыхі настрояў і думак, гаваркія словы, якім, каб стаць кампанентамі будучага твора, трэба пабываць у творчай кузні або, як сказаў бы Гегель, прайсці другую стадыю ачышчэння духам, у часе якой імпрэсіі, эскізы, схопленыя з лёту, адбіраюцца, асэнсоўваюцца, шліфуюцца, аблушчваюцца са шкарлупін выпадковасці, падганяюцца і складваюцца ў сістэму твора, сугучную папярэдняй задуме, падмацаванай светаадчуваннем і эстэтычным ідэалам. Вядома, сама задума не даецца ў гатовым выглядзе, яна таксама вырастае з завязі, наліваецца сокамі, выспявае ў рабоце ў працэсе вобразнага мадэліравання матэрыялу. Не выключана, што рост задумы можа часам перайначыць папярэдняе аўтарскае ўяўленне і намер. У працэсе працы канкрэтызуецца мэта зносін з чытачом, а значыць і задума. Ёсць на гэтым этапе і небяспека збіцца з папярэдняй унутранай задумы. Цяпер трэба, хоць гэта неймаверна цяжка, праявіць волю, бо чым бліжэй канец работы, тым цяжэй нешта змяпіць, а найцяжэй перарабляць ужо апублікаванае. Там, сапраўды, спатрэбіцца падняцца над сабою, гэта значыць, праявіць самакрытычнасць сапраўды бязлітасную.

Покуль мастацкі твор складаецца ва ўяўленні, нават покуль заносіцца фрагменцікамі ў блакнот, ён фактычна яшчэ не твор. Мастак яшчэ радуецца без трывог, калі будзіць свае лятункі-мары і сам адзін плыве на крыллях мар у краіну ідэалу. Цяпер яму лёгка і проста адагнаць выпадковы або неадпаведны вобраз, сапхнуць у забыццё, цяпер можна дазволіць выплысці на паверхню свядомасці вобразам-«анархістам», якія нагадваюць камень, пушчаны жэўжыкам у царкоўны звон, толькі для таго, каб пачуць пратэстуючы бас металу. Тут многае дазволена, тут няма яшчэ абсалютнай строгасці, тут эксперыментатарства, тут і зухаўство, тут і забаўка. Але ў меру набліжэння да настольнага перыяду кругі фантазіі становяцца ўсё больш строгімі, покуль не стануць настолькі яснымі, што здадуцца мастаку абцыркляванымі. Тады прыйдзе трывога: пачынаецца самы адказны этап у рабоце. Успрынятыя вобразы не хочуць знікаць. Яны «бамбардзіруюць» памяць, спрабуюць сілком прарвацца ў твор. Вось чаму мастак піша напружана і шпарка, каб не збіцца з тропу, не згубіць каларыту і структурных абрысаў задумы ў калейдаскопе дэталей.

Мастацкі твор заўжды сплаў знешняга жыцця з унутраным жыццём мастака, дыялектычная еднасць адлюстравання і самавыражэння. А рашаючы момант у стварэнні дыялектычнай еднасці гэтых двух светаў — застольная праца над творамі. Тут, у сваёй кузні, мастак паўторна распальвае жыццёвыя факты і «загатоўкі» вобразаў, каб у творчым агні і кіпенні атрымаць сплаў знешняга і ўнутранага свету і зафіксаваць яго ў кампазіцыі. Толькі гэтыя пераадоленыя і пераўтвораныя пачуцці стануць сапраўдным эстэтычна дзейсным вобразам.

Другі этап работы мае ў Янкі Брыля таксама пэўныя асаблівасці. Мне здаецца, адна з іх абумоўлена калектывізмам яго натуры, патрэбаю дзяліцца думкамі і ўражаннямі, раіцца з другімі людзьмі. У студэнцкія і аспіранцкія гады мне даводзілася, на правах сябра, быць слухачом вусных варыянтаў Брылёвых твораў, а асобныя фрагменты рамана «Птушкі і гнёзды» я чуў у вусным пераказе не раз. Але ўжо гэты раман быў першым творам, які Янка Брыль не чытаў уголас знаёмым, а пасля амаль перастаў чытаць і іншыя творы — дае сяму-таму пачытаць рукапіс, ды і ўсяго.

Прынята лічыць, што мастакі ў перыяд выспявання задум бываюць замкнёнымі, баяцца, каб не выладаваць творчага запалу на расказванне: часта збываюць журналістаў агульнымі фразамі: «Нешта пішу, хваліцца не сціпла». У Янкі Брыля быў час, калі расказванне твора сябрам і знаёмым складала састаўную частку творчага акта, гэта быў своеасаблівы перавал паміж так сказаць «палявым» і «настольным» перыядам у рабоце. Перавал гэты мастак ператвараў у творчую пляцоўку. Я прыкмеціў, што чым інтэнсіўней працякаў працэс выношвання, тым эфектыўней ішла настольная праца. Творы, асабліва сярэдніх жанраў, якія перад напісаннем ён расказваў, а ў часе пісання некалькі разоў прачытваў слухачам, выйшлі больш зладжаныя, кампазіцыйна і эстэтычна цэльныя. I хай уявіць чытач, як здзівіўся я, калі зусім нядаўна, у 1974 годзе, Янка сказаў, дзелячыся планамі на зіму: «Ёсць задума трох апавяданняў, працую адначасна над усімі, а пра што яны, баюся, брат, расказваць, каб не размагніціцца». Я думаў над гэтаю метамарфозаю і прыйшоў да высновы, што ў структуры найноўшых твораў Брыля — і апавяданняў, і нарысаў, і мініяцюр — усё большае месца займае думка, філасофскі роздум. А гэта такі кампанент, для афармлення якога падыходзіць пісьмовая мова, ён патрабуе, каб яго чыталі і нават перачытвалі вачыма, для сябе, калі хочуць грунтоўна засвоіць. Ці не ў адпаведнасці са зместам і структурай твораў змяняюцца і прыёмы работы, нават характар творчага працэсу, псіхалагічны змест яго. А можа, гэта толькі часовыя адхіленні ад старых нормаў?

Настольная праца ў Янкі Брыля звычайна ідзе шпарка, але праходзіць напружана, часам капрызна.

Вось працуючы над эсэ пра Індыю, адкуль Я. Брыль вярнуўся з блакнотам нататак і перапоўненым уражаннямі сэрцам, ён востра перажывае прылівы і адлівы творчай заўзятасці. Я адчуваю сябе крыху вінаватым: адарваў, мабыць, сваім прыездам чалавека ад работы. Брыль супакойвае. Справа, аказваецца, у тым, што ён колькі дзён чытаў «Адкрыццё Індыі» Джавахарлала Нэру і не пісаў. У гутарцы прызнаецца, што не хоча пісаць у такім стане, калі здольны толькі рэгістраваць факты: «А затым мы паехалі ў самы паўднёвы штат Індыі, сталіца яго — Бангалор,— і г. д.». Ён кажа, што знарок у клубе Саюза пісьменнікаў паслядоўна расказаў слухачам пра сваю паездку, разладаваўся. каб цяпер не спакушацца прыёмамі летапісання, храналагічнай кампазіцыяй. Мастак пачаў эсэ на хвалі прыўзнятага пачуцця, хоча і завяршыць твор на гэтым узлёце. Як толькі спадае настрой, Брыль перастае пісаць і бярэцца вычытваць рукапіс перакладаў адной польскай кнігі. Пераклад ляжыць на краі стала. «Нічога, зраблю, выцягну,— адсапнуўшы, гаворыць ён: пра эсэ.— Я ўжо бачу рэч у цэлым. Засталося яшчэ два вузлы завязаць: дзеці Індыі і музыка, потым сустрэча з сынам Мікалая Рэрыха і заключны акорд».

Ён чытае мне кавалак пра гасцяванне ў магараджы, а потым расказвае фацэтную сітуацыю, якую бачыў, сутыкнуўшыся з работай членаў індыйскага таварыства па навуковым планаванні сям'і. Сапраўды, пацешна гучаць адкрытыя нагаворы проста на вуліцы стэрылізавацца... Я пытаюся:

— Чаму ж ты пра гэта не напісаў?

— Тут не лажыцца,— тлумачыць Брыль.— Ёсць, ведаеш, унутраныя законы кампазіцыі, трэба, каб матэрыял сам лажыўся, кусок пры куску, а так будзе стракацець. Выбіваецца гэта з танальнасці. Я адчуваю, хоць дакладна вытлумачыць не бяруся. Тут сёмае пачуццё падказвае, што і дзе ляжа. I не абавязкова, каб усё гарманізавала. Могуць быць і кантрастныя мясціны, але яны павінны адцяняць асноўную танальнасць, а не выпірацца наперад. Гэтым эпізодам трэба знайсці іншае месца...

58
{"b":"599001","o":1}