Литмир - Электронная Библиотека

Вобраз Алеся Руневіча — творчая ўдача Янкі Брыля. Ён узбагачае беларускую літаратуру, якая з моманту свайго адраджэння зрабіла вобраз паэта-патрыёта, песняра-будзіцеля, вешчуна народнай долі карэнным сваім героем. Сярод папярэднікаў і настаўнікаў Янкі Брыля тут былі Генрых Сянкевіч з яго «Янкам-музыкантам», Уладзімір Караленка з яго «Сляпым музыкантам», а галоўнае, Якуб Колас з яго «Сымонам-музыкам» і Андрэем Лабановічам. Прадаўжаючы гэтую слаўную традыцыю, Янка Брыль здолеў зрабіць яшчэ адно адкрыццё. Яго герой сумясціў у сабе лёсы герояў Коласа, стаў мастаком і барацьбітом, антыфашыстам, партызанам. Ён пайшоў у сваім грамадзянскім развіцці далей, у адпаведнасці з патрабаваннем часу і абставін.

Руневіч — сын той часткі беларускага народа, якая дваццаць гадоў знаходзілася пад прыгнётам буржуазнай Польшчы, але разам з тым ён, сын веку, ужо прабіўся да тых каштоўнасцей чалавечага духу, якія выпрацавала еўрапейская цывілізацыя напярэдадні смяротнай сутычкі з фашысцкім варварствам. Святло чалавечага духу, што сышло на заходнебеларускага юнака з твораў Талстога і Чэхава, Шуберта і Глінкі, Міцкевіча і Канапніцкай, Максіма Горкага і Якуба Коласа,— стала яго ўнутраным святлом, яго багаццем, яго скарбам. Спазнаўшы шчасце бескарыслівай любові да чалавека і чалавецтва, Руневіч пакутліва спасцігаў навуку нянавісці. Дзеля гэтага яго нянавісць да фашызму асабліва пераканаўчая, дзеля гэтага змястоўнымі стйновяцца звычайныя сутычкі героя з ахоўнікамі фашысцкага рэжыму. Не проста было ўзяць гэты рубеж летуценнаму гуманісту і паэту Руневічу, але ён узяў яго, і ўзяў у той крытычны момант, калі сусветная вайна ператварылася ў Вялікую Айчынную вайну. «...ці не брыдка мне,— прызнаецца Руневіч,— што пакуль яны не пайшлі на Саветы, дык я не разумеў як след пакуты другіх людзей, другіх народаў?» (308) Перарастанне летуценнага гуманізму юнага паэта ў мужны гуманізм барацьбіта адбываецца пад уплывам сацыяльных падзей. Напад гітлераўскай Германіі на СССР праясніў расстаноўку сіл у свеце, якая дагэтуль прыцямняласч дыпламатычнай працэдурай.

Асуджаючы жорсткае, змрочнае, нялюдскае ў жыцці фашысцкай Германіі, Руневіч ідзе да сацыялістычнага гуманізму, які наказвае весці бязлітасную барацьбу супраць фашызму і вайны — галоўнага зла сучаснасці. У рамане «Птушкі і гнёзды» выразна відна пазіцыя сучаснага савецкага пісьменніка, які на аснове сацыялістычнага гуманізму імкнецца ўмацаваць духоўныя сувязі нашага народа з перадавымі сіламі нямецкай нацыі, якой ужо сёння даводзіцца змагацца супраць рэцыдываў неафашызму і рэваншызму. Трывогі і клопаты сучаснасці апладнілі раман Янкі Брыля, напоўнілі ўсе яго поры высокім хваляваннем і надзеяй на тое, што жахі вайны не павінны паўтарыцца.

Раман «Птушкі і гнёзды» расшырае далягляды гістарычнага вопыту савецкага чытача, паказваючы, якім светлым маяком была і застаецца наша краіна для прыгнечаных і спанявераных жыхароў планеты. Ззянне гэтага маяка прывяло загубленыя ў шталагах фашысцкай Германіі душы ваеннапалонных у рады антыфашыстаў, у сям'ю савецкіх грамадзян.

Перад першай старонкай

Прыёмы працы ў Янкі Брыля не зусім такія, як прынята ўяўляць: яго рабочы стол — гэта месца, дзе ўжо завяршаюцца вынікі творчых пошукаў і знаходак, дзе манціруецца з вобразаў структура твора, што ўвасабляе праўду жыцця, соль яго. А шукаў мастак гэтую праўду дзесьці далёка-далёка і прывёз яе гарачую, трапяткую, яшчэ загадкавую, не да канца зразуметую: ні то салёную, ні то салодкую. Пачутае і ўбачанае проста асела ў душы, бо кранала навізною, самавітасцю. Мастацкае запамінанне — толькі ўступ да эстэтычнага мадэліравання жыцця і яго эстэтычнай ацэнкі. Жывое атрымала ў душы мастака сваё месца: сур'ёзнае стала каля сур'ёзнага, балючае побач з балючым і прымервалася да талстоўскіх ці чэхаўскіх узораў, якія захоўваліся там, нібы эталоны меры і вагі ў старадаўніх брацкіх цэрквах. Трапіўшы ў душу мастака, знаходкі не залежваюцца: яны дабіваюцца ад творцы афармлення. Творчая фантазія захоплівае іх і кружыць па сваіх арбітах, паварочвае рознымі гранямі, шліфуе, надае форму. Фрагменты жыцця ператвараюцца ў кампаненты яшчэ не напісанага твора. Тут покуль што няма нічога спецыфічнага для Янкі Брыля як мастака. Арыгінальны не прынцып, а яго канкрэтная праява. Праблема ў тым, наколькі гатовы той ненапісаны твор, наколькі ён зграбны і закончаны. Радэн сказаў, што, гледзячы на глыбу мармуру, ён бачыць вобраз, і яму застаецца толькі ўсё лішняе паабіваць, пасколваць, вызваліць чалавека з каменнай масы. Такую яснасць мастацкага бачання можна лічыць ідэалам. Яна патрэбна скульптару, няблага з ёю жыць і пісьменніку. Але вернемся да Янкі Брыля.

Яшчэ ў першыя гады нашага знаёмства я прыкмеціў адну зайздросную рысу яго натуры — патрэбу і ўменне сходзіцца з людзьмі.

Спачатку мне, безгалосаму, здавалася, што яго нарасхват бяруць у кампаніі за пявучасць. Янка Брыль мае добры слых і голас. Спявае: то на птушыны лад — для сябе, то ў гурце — сабе і ўсім. Пяе натуральна і лёгка беларускія, рускія, украінскія і польскія народныя песні. Стыхія музыкі — яго стыхія. Раз неяк давялося пачуць ад яго самапрызнанне: «Я не скоры да слёз, хіба толькі слухаючы музыку часам плачу». Дык вось мне і здавалася, што галасістасцю ён падкупляе людзей. Потым пераканаўся: не, тут штосьці іншае. Ён ведае нейкі сакрэт, умее падысці і выклікаць на шчырасць. Размоўцы, нават першыя стрэчныя, мабыць, адчуваюць сур'ёзныя, уважлівыя адносіны да сябе і таму натуральна і проста плацяць шчырасцю за шчырасць, даверам за давер. Дапытлівасць у Янкі Брыля не настырная, я сказаў бы, стрымана цнатлівая. Не раз быў я сведкам таго, як ён умее маўчаць, слухаць, назіраць, не ўмешваючыся ў размову там, дзе ўмяшацца лёгка. I справа, можа, не столькі ў павазе да размоўцы, а ў здольнасці разумець чалавека інтуіцыяй, сэрцам, пераносіцца ў яго становішча, ужывацца ў яго свет. Здольнасць спасцігаць, што адчувае чалавек, асабліва чалавек у клопаце, у горы — вось, бадай, сакрэт той кантактабельнасці Янкі Брыля, без якой не было б псіхалагізму і лірызму яго твораў.

Чытач, мабыць, памятае мініяцюру пра цыгана-музыку са зборніка «Жменя сонечных промняў». Там ёсць эпізод, як адзін са спадарожнікаў аўтара навёў на цыгана фотаапарат і зняў яго, а няшчаснаму чалавеку здалося, што той з фотаапаратам — прадстаўнік жахлівай памяці «цывілізатараў», тых нелюдзяў, што ў вайну знішчылі яго сям'ю. Цыган-музыка ўцякае з аўтобуса. Прызнацца, прачытаўшы гэтае месца ў мініяцюры, я рашыў, што пісьменнік выдумаў псіхалагічную матывіроўку. Фатаграфаваў цыгана я сам і не заўважыў, каб той спалохаўся. А тое, што ён раптам сышоў на прыпынку, я ўспрыняў як эксцэнтрычную выхадку хворага чалавека. Пачаў я распытваць у таварышаў-снадарожнікаў — Брыль меў рацыю. У сваю чаргу я мог бы сёе-тое дадаць да напісанага ім з пункту гледжання практычнай логікі падзей і зрокавых дэталей.

Янка Брыль схоплівае чалавека і чалавечае ў далікатных адценнях эмоцый, а расказанае кімсьці можа прыгадаць і паўтарыць, перадаючы ўсе вострыя выразы ў іх жывым інтанацыйным гучанні. Узнаўляючы менавіта жывое гучанне гаворкі, ён адначасна як бы неўпрыцям каменціруе, прыцэньваецца і ацэньвае гуманістычную каштоўнасць запамятанага. Я не раз здзіўляўся яго ўчэпістай памятлівасці. Аднак пісьменнік не зусім давярае сваёй адменнай выспецыялізаванай памяці. Яшчэ ў пачатку 50-х гадоў, у час нашых вандраванняў па заходніх абласцях, Янка часта пачынаў новы дзень з таго, што заносіў у блакнот перажытае ўчора. Гэта нібы малітва ўдзячнасці жыццю за тыя дары хараства і пазнання, якія ўчора яно захацела адпусціць мастаку.

Між іншым, Янка Брыль не хаваецца са сваімі нататкамі, не абводзіць іх німбам таямнічасці. Ён лічыць іх такой жа натуральнай справай, як эцюды ў жывапісца. Помню, аднойчы на Кромані, пасля цяжкога вандроўнага дня і неспакойнай ночы (у Налібоцкай пушчы тады пастрэльвалі яшчэ недабітыя фашысцкія паслугачы), Янка Брыль на світанні дастаў блакнот і кажа мне: «Ты браў акварэльныя фарбы, давай намалюй усход сонца над возерам, а я апішу. Потым пакажам адзін аднаму». Так і зрабілі. Кромань ён параўнаў з блакітным вокам пушчы, якое таямніча і мудра глядзіць у неба з-пад засені веек-сітнягоў. Гэты вобраз увайшоў у яго падарожны нарыс, што друкаваўся дзесьці ў газеце і паўтарыўся ў адной з мініяцюр.

57
{"b":"599001","o":1}