Литмир - Электронная Библиотека

Багдановіч намаляваў руку, якая, забыўшыся на загад і прымус, узнаўляе тое, што бачаць і чым любуюцца вочы за акном панскага двара. Ткачыха тчэ «цвяток радзімы васілька» — сімвал поля, прастору, роднага краю, адабранай свабоды. У «творчым» забыцці паднявольнай ткачыхі паэт убачыў праяву рэалістычнай прыроды мастацтва з яго нязменнай вернасцю жыццю, выказаў спагаду народнаму таленту, пазбаўленаму права на свабоднае самавыяўленне. Рука ткачыхі ў забыцці міжвольна выткала сваю мару і мару свайго народа — сімвалічны вобраз. Гэты сімвал супрацьстаіць другому сімвалу — персідскаму ўзору. Роднае, сціплае, праўдзівае супрацьпастаўлена чужому, пышнаму, экзатычнаму; народнае — панскаму, а не прасцецкае — «вучонаму», як выйшла ў перакладзе.

Т. Хрусцялеўскі ў пачатку верша падкрэсліваў сацыяльныя супярэчлівасці, можа, аж надта яскрава, а ў канцоўцы грамадзянскі падтэкст заглух, выяўленчая роля канцоўкі як ударнага кампанента змазалася.

Ян Гушча праявіў вялікі энтузіязм, узяўшы на сябе клопат упершыню азнаёміць польскага чытача з творчасцю М. Багдановіча. Відаць, любоў, з якою ён выконваў гэтую місію, штурхнула яго на празмернае асучасніванне тэхнікі верша, што прывяло да аслаблення рамантычнага струменя ў інтанацыях. Думаецца, што Ян Гушча прадоўжыць свае творчыя сувязі с Багдановічам. Жадаючы яму ўдачы, хацелася б падкрэсліць важнасць данясення ўсіх адценкаў Багдановічавага смутнага і мудрага гумару, яго рамантычнай іроніі, яго іншасказанняў, у якіх часта засяроджваецца ідэйны змест вершаў.

Гумару ўвогуле не пашанцавала ў анталогіі. Кандрат Крапіва адкрывае савецкі этап беларускай паэзіі адною толькі байкай «Дзед і баба», гумарыстычная тэма ў П. Панчанкі прадстаўлена толькі «Краем паэтаў». I, як назло, пераклады не паднялі афарыстычнай ёмістасці першага твора і зіхоткага падтэксту другога. Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Пятрусь Макаль зусім не ўсміхаюцца на старонках анталогіі.

Маральна-этычная і філасофская скіраванасць густу складальніка заважыла на змесце зборніка. Паэты, у творчасці якіх пераважае медытацыйна-роздумная лірыка, аказаліся лепш прадстаўленымі за іншых. У кнігу ўвайшло парадкам добра перакладзеных вершаў Сяргея Дзяргая, Янкі Сіпакова, Анатоля Вярцінскага, Аляксея Коршака, Дануты Бічэль-Загнетавай. Не пашанцавала, з другога боку, адкрыта публіцыстычнай паэзіі Аркадзя Куляшова, з якой выбраны толькі чатыры вершы, Уладзімір Дубоўка, Піліп Пестрак, Аляксей Пысін, Анатоль Вялюгін, Сяргей Грахоўскі маюць толькі па адным, прытым не дужа паказальным вершы. Шэрагу вядомых паэтаў, у тым ліку Міхася Чарота, Уладзіміра Хадыкі, Уладзіміра Жылкі і іншых, няма ў анталогіі. Апошняя акалічнасць не можа выклікаць персанальных прэтэнзій да складальніка: яна мае свае аб'ектыўныя прычыны ў слабасці польска-беларускіх паэтычных сувязяў. Калі падумаць пра ўзаемнасць, дык у нас атрымалася б амаль тое самае.

Я схільны прызнаць у цэлым рацыю Яна Гуцічы: відаць, так і трэба было, каб польскі чытач пачаў шырокае знаёмства з беларускай паэзіяй цераз узоры інтэлектуальна-заглыбленай лірыкі — грамадзянскай, філасофскай, пейзажнай, інтымнай. Напэўна, можна знайсці і тут некаторыя ператрымкі. Напрыклад, на маю думку, не абавязкова было ўключаць у такую сціплую анталогію ажно тры аднатэмныя вершы — М. Танка, У. Караткевіча і А. Лойкі пра Венеру Мілоскую. I ўсё ж падборка лірыкі дае цікавы матэрыял для роздуму.

Дыферэнцыяцыя, ачышчэнне лірычнага жанру наступае тады, калі побач з паэзіяй літаратура развівае прозу і драматургію. Адбор лірыкі, зроблены Янам Гушчам, дазваляе акінуць агульным позіркам значную частку чыста паэтычнага плёну, сабранага болып як за паўвека нашымі паэтамі з нівы беларускага жыцця. Самыя вялікія ўраджаі прыпадаюць на савецкі час, і гэта выдатна сведчыць пра паэтычнасць нашага часу і пра сталасць літаратуры.

Выбарачнасць не арыфметычнага парадку падказала складальніку ўключыць -з багатай спадчыны П. Броўкі нізку вершаў 60—70-х гадоў. Сапраўды, роздумная лірыка П. Броўкі гэтага часу знамянуе ўзлёт яго таленту. Умудроны жыццёвым вопытам паэт выяўляе глыбокую добразычлівасць да свету, пошукі згоды з сабой і жыццём цераз падрахункі перажытага. Перад намі адкрываецца драма душы, напружанай усведамленнем непазбежнасці развітання і неўміручасці. У матывах развітання аптымістычныя інтанацыі гучаць шчыра і мудра, дапаўняючы той спантанны задорны аптымізм ранняй творчасці, які часам здаваўся знешнім і паказным.

Чытаючы такія, дарэчы удалыя, пераклады Яна Гушчы і Леапольда Левіна, як «Позняя восень», «Бабяе лета», «Бяроза, ах бяроза», «Я чалавек», міжвольна пачынаеш думаць, што лірычны герой П. Броўкі на-стойлівы і паслядоўны ў сваёй жыццесцвярджальнай дабраце, высакароднай гатоўнасці адысці, каб застацца.

Думаецца, калі перад складальнікам анталогіі стаяла неабходнасць выбару аднаго звяна з багатага набытку П. Броўкі, дык гэта звяно выбрана ўдала. З тое вышыні, на якую ўзняўся паэт у найноўшых сваіх вершах, многае бачыцца з папярэдніх яго каштоўнасцей.

Калі гаварыць пра якасць адбору паэтычнага матэрыялу, дык трэба прызнаць удалай падборку вершаў П. Панчанкі, якая даносіць яго цудоўную ўражлівасць на эмацыянальныя праявы жыцця, на буры, трывогі і пробліскі сонца.

Творча і трапна пераклаў Ян Гушча «Родную мову», верш, дзе задума і пафас будуць, відаць, своеасабліва ўспрымацца польскім чытачом, для якога праблема аджывання мовы можа мець хіба што характар дасціп-най фантастыкі ці ўспамінаў пра даўно забытую гісто-рыяй небяспеку.

Ян Гушча ўлічвае гэта пры перастварэнні верша. Радок «Калі ж хто загадвае: «Не трэба!» перакладзены «Калі нехта гаворыць: Не трэба!» і ў тым жа чатырохрадкоўі заключны радок «Асудзіце на безліч год» адпаведна — «Хай лёс мой будзе суровы». У выніку такіх далікатных, як бы чыста стылёвых мадыфікацый палеміка пра аджыванне мовы з адкрыта публіцыстычнага плана пераводзіцца ў план інтэлектуальны, аспрэчваецца чыёсьці порсткае прагназіраванне. Пры гэтым узнікаюць маральныя праблемы, пытанне пра адказнасць за знешне нявінныя, а па сутнасці некампетэнтныя і няўчасныя мазгаванні. Паслядоўна трымаючы ўяўленне чытача ў сферы вытанчаных думак, суджэнняў і маральных рухаў, перакладчыК адпаведна ўраўнаважвае канцоўку, якая пры літаральным перакладзе здалася б польскаму чытачу лішне чулліваю. Радкі:

Ці плачу я, ці пяю,

Ці размаўляю з матуляю —

перакладзены так:

Czy kiedy piszę, czy kiedy śpiewam,

Czy kiedy ze mną rozmawia matula...

Лірычны герой не плача, а піша (бо паэт), і не ён размаўляе з матуляю, а яна з ім, ён слухае мову яе.

Дзеянні героя набылі больш стрыманасці, а паічуцці ўнутранай годнасці, псіхалагічная сітуацыя стада па-свойму больш сэнсоўнай. Апошнія два радкі вельмі натуральна завяршылі кампазіцыю, хоць засталіся нязменнымі ў перакладзе:

Pieśń moją, mowę moją

Wciąż do pierci przytulam.

Песню сваю, мову сваю

Я да грудзей прытульваю.

Подых пяшчотнай улюбёнасці мастака ў роднае слова не можа не ўсхваляваць кожнага чытача. Бачыць мову такой ачалавечанай, напоўненай зместам народнага жыцця і лёсу — гэта, як кажуць, ад бога. Не са слоў складае мастак свае вершы, а з часцінак душы сваёй і свайго народа, увасобленых у мове як супольным бясцэнным скарбе. Паэту балюча, што даражыць такім скарбам не кожны ўмее. Ці не таму, што дастаецца гэты скарб лёгка і проста, задарам, механічна разам з нараджэннем? Даражыць духоўнымі скарбамі павінна вучыць грамадства. Гэта і робіць паэт, ствараючы верш пра родную мову і любоў да яе.

У вершы «Слёнскі танец» П. Панчанка як бы зухуе віртуознасцю, з якою ўмее карыстацца фарбамі роднай мовы. У перакладзе Конрада Фрэйдліха гэты верш прагучаў таксама задорыста і задумна, як у беларускім арыгінале. Трапны пераклад «блікаў — смяшынак» дае надзею на тое, што з цягам часу беларускі гумар шырэй будзе данесены польскаму чытачу.

33
{"b":"599001","o":1}