Гэтыя радкі не пакідаюць сумніву, што Гусоўскі, як ужо гаварылася, лічыць, што ратунак і збавенне можа прынесці толькі шляхта, па яго разуменню — народ. Цяжка дакладна сказаць, якія канкрэтныя падзеі меў ён на ўвазе, апісваючы крызіс грамадскага жыццл. Падзей, што маглі навесці на горкія думкі, было шмат. Не выключана, што паэт меў на ўвазе нядаўнюю міжусобіцу паміж тураўскім князем Міхаілам Глінскім і троцкім ваяводаю Юрыем Забярэзінскім. Прэстыжная сварка магнатаў вылілася ў палітычны інцыдэнт. Здольны палкаводзец, праслаўлены перамогамі ў бітвах супраць татар, Міхаіл Глінскі выкарыстаў незадаволенасць беларускай праваслаўнай шляхты, якую зацірала прывілеяваная літоўска-каталіцкая знаць, і, сабраўшы ў 1508 годзе атрад, зрабіў наезд на рэзідэнцыю ваяводы. Адсекшы галаву саперніку, каралеўскаму фаварыту, інтрыгану, прыхільнікі Глінскага ўваткнулі яе на дзіду і паехалі па ваколіцах Гродна, Слоніма, Мінска вербаваць аднадумцаў. Паўстанцы апусташалі ўладанні караля і яго фаварыта. Міжусобіца набыла рысы нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Сігізмунд сам рушыў пакараць мяцежнага князя, але той перайшоў на службу да цара Васіля III і дапамог яму ўзяць Смаленск, Здача Смаленска ў 1514 годзе рускаму цару выклікала шок у каралеўстве, не дапамагло пакаранне смерцю былога кашталяна Салагуба, на дварах еўрапейскіх манархаў загаварылі пра пачатак канца Рэчы Паспалітай. У межы аслабленага Вялікага княства Літоўскага рынуліся татары і туркі. Калі ў 1506 годзе Міхаіл Глінскі дашчэнту разбіў войскі перакопскага хана пад Клецкам, дык улетку 1519 года яго пераемнік, на пасадзе літоўскага гетмана, Астрожскі пацярпеў поўнае паражэнне пад Сокалем. У 1523 годзе татарскія «галастры» без бою ўгналі з Падолі 9 тысяч бранцаў, а летам наступнага года туркі захапілі 20 тысяч. Зацятая сварка паміж літоўскім канцлерам Радзівілам, гетманам Астрожскім і новым троцкім ваяводаю Гашталдам да рэшты абяссіліла край. Вяльможных буянаў мірыла сама каралева Бона, а Сігізмунд мусіў абкласці ў 1523 годзе чопным падаткам кракаўскую зямлю, каб выплаціць «падарунак» татарам. Кароль настойваў у сейме
Гэтыя падзеі праліваюць новае святло і дапамагаюць вытлумачыць, чаму Мікола Гусоўскі назваў сваю радзіму краем «загадак і цудаў», а роздум пра яе напоўніў трывогай. Як ні цяжка было слузе біскупа і каралеўскага дыпламата гаварыць пра ўнутраныя балячкі радзімы, але ён сказаў сваё слова. Гусоўскі на баку тых, хто здольны «пастаяць за закон», падтрымліваць галасы абурэння ў народзе.
Ацэнкі Гусоўскага — выклік прыдворным польска-лацінскім паэтам таго часу. Андрэй Кшыцкі і Ян Дантышэк ва ўсім гучна падтрымлівалі караля, асуджалі барацьбу шляхты за грамадзянскія правы як пагрозу дзяржаве. У публіцыстычнай паэме «Скарга рэлігіі і Рэчы Паспалітай», якую напісаў Кшыцкі ў адзін год з «Песняй пра зубра», праводзіцца думка, быццам нерашучасць і мяккасць цэнтральнай улады асмельвае крыкуноў, спараджае «шум і гаману паспольства, разруху і бунты». У «Эпіталаміі» Дантышка, напісанай з выпадку шлюбу караля з Бонай, імя Міхаіла Глінскага прыведзена ў дакор і на навуку патэнцыяльным бунтаўшчыкам: зрсь, маўляў, «пагубіў сваім самаўпраўствам сябе і родзічаў, страціў усю маёмасць», так яму і трэба, хай ведае, як «самавольна абвяшчаць сябе незалежным князем Літвы». Гусоўскі глядзеў на сучасныя грамадскія падзеі глыбей і перажываў супярэчлівасці жыцця больш напружана. Паратунак ён бачыў не ў каралеўскім дэспатызме, а ў адраджэнні гераічных традыцый часоў Вітаўта, які ўмеў зацікавіць грамадскімі справамі шляхту і даваў доступ да спраў і пасад не радавітым, а здольным і здатным. Звяртаючыся ў канцы паэмы да дзевы Марыі, паэт на манер старых летапісцаў малітоўна просіць яе:
Нашым князям, што ў сваіх міжусобіцах розум
Нашай крывёй замуцілі, падай на пахмелле
Мысляў і ўчынкаў цвярозасць, вярні раўнавагу
Мудрых дзяржаўцаў, напомні пра іх абавязкі,
Гэтак злачынна забытыя,— карай напомні!
Свет вар'яцее, і ўсе міратворцы на словах —
Гэта ваўкі пад ягнячым руном красамоўства. (80)
Талент і эпоха ўсклалі на плечы Гусоўскага цяжкую ношу. Ён першы ў беларускай літаратуры адчуў і выказаў надыход крызісу ў феадальным укладзе жыцця ў сябе на радзіме, крызісу, які даў парасткі новага ладу ў еўрапейскіх краінах. Гусоўскі не мог яшчэ ведаць, што новае можа прыйсці толькі з пакутай.
У сярэдзіне стагоддзя тое, што Гусоўскаму здавалася загадкай, стане адкрытаю драмай. Канфлікт гэтай драмы напоўніць творы публіцыстаў, лёс краю стане трывожнаю тэмай беларускай літаратуры XVII стагоддзя.
Гэта будзе карціна шукання сродкаў абновы грамадства і змагання за абнову. Нашчадкі Скарыны і Гусоўскага трывожна задумаюцца над тым, як аздаравіць жыццё роднага краю, як асвяціць і ўзвысіць свой народ, вярнуць да гістарычнай славы. Сымон Будны і Васіль Цяпінскі запрапануюць як радыкальнейшы сродак — абнавіць веру і царкву, ахапіць сацыніянскім рухам увесь край. Тады ім здавалася — бясконцыя багацці, што сабраліся ў руках знатных марнатраўцаў, будуць добраахвотна павернуты на асвету і культуру. Народ наш, які, па словах публіцыста, «был зацный, славный, острый, довстнпный народ», цяпер падупаў, стаў пагарджаць навукамі і занядбаў родную мову. Гэты ўпадак напаўняе сэрца асветніка болем і рашучасцю змагацца за былую славу народа і радзімы.
Цыпрыян Камуняка ў «Прамове Мялешкі», «Лісце да Абуховіча» літаральна паўторыць заклік Міколы Гусоўскага: вярнуцца з гэтага аблуднага веку назад у век гераічны, адмовіцца ад раскошы, моды і любоўных брэдняў, што завозяць немцы ці ляхі, застацца сабою, захаваць суровую патрыярхальную прастату. Іван Мялешка выступіць як старамодны дзівак, але на справе ён разумны і смелы грамадзянін, праўдалюб, які самому каралю не збаіцца старым звычаем кінуць праўду, як соль у вочы.
Аршанскі кашталян Філон Кміта Чарнабыльскі таксама выкажацца ў сваіх «Отпісах» за прастату адносін, за давер і парадак у дзяржаве. Горка насміхаючыся з сучаснасці, дзе «вольнасці шляхецкія з'елі парадак», стары служака засумуе па былінных гераічных часах.
Дабіўшыся прывілеяў, за якія ішла барацьба ў часы Гусоўскага, шляхецкае «паспольства» не набыло патрэбнай грамадзянскай адказнасці, пачало злоўжываць свабодамі. Былыя паляўнічыя і воіны цяпер сталі буянымі палітыканамі, прыдворнымі спрытнягамі, абжорамі — кім хочаш, толькі не дысцыплінаванымі грамадзянамі. Кміта быў нават гатовы паклікаць на каралеўскі трон Івана Грознага, каб той навёў парадак сярод разбэшчанай знаці. 3 горыччу адказвае Чарнабыльскі сваім праціўнікам, якія захочуць абазваць яго здраднікам, што не пойдзе цар у гэткую дзяржаўную развалюху, з якое ўцёк назад у Францыю Генрых Валуа, нядаўна абраны каралём.
У перыяд прыбліжэння гістарычнай развязкі езуіты будуць прапаноўваць свае паслугі — увесці ўвесь край у рэчышча каталіцкай веры і культуры. Яны аблытаюць сеткай школ усю Беларусь і перавараць у сваім катле ўсё маладое пакаленне беларускай шляхты. Уніяты падтрымаюць езуітаў, выпрасяць толькі нейкую бачнасць нацыянальнай адрознасці ў формах царкоўнай службы. Пісьменнікі-палемісты з праваслаўнага лагера будуць упарта стаяць за старую веру, але без гераічнай традыцыі. Сарказмам і гневам прагучыць гэтая тэма ў трактаце Васіля Суражскага «О вере единой», крыкам адчаю ў «Фрынасе» Мялеція Сматрыцкага і «Дыярыушы» Афанасія Філіповіча. У цэлым гэта будзе малюнак пакутлівай дэградацыі ўсяго феадальнага саслоўя ад магнатаў мяча і крыжа да шляхты і радавога духавенства. Пануючае саслоўе не зможа годна кіраваць грамадствам, але захавае сілу і лютасць, каб падаўляць народную нязгоду. Так і не выпрацуе феадальная Беларусь радыкальнага сродку супраць крызісу. Распылепасць намаганняў так абяесіліць край, што перадавыя людзі будуць спадзявацца толькі на збавенне з-за мяжы. Цёплы вугельчык нацыянальнага духу захавае адна дрымотная патрыярхальная вёска.