Литмир - Электронная Библиотека

* * *

Улетку на прывакзальнай плошчы. Маладая, а можа, і маладжавая жанчына, відаць, у чаканні свайго цягніка, стоячы на адным месцы, павыплёўвала на асфальт цэлую кучку сланечнікавай шалухі. Прыбіральшчыца, пажылая цётка з мятлой і саўком, спынілася побач і пачала дакараць, нягучна і разважліва: «Вось урна каля вас, няўжо нельга туды?..» Збоку трэцяя жанчына нейтральна ўмяшалася з нашай савецкай філасофіяй: «Гэта ж ваша работа — тут падмятаць». І тая сваё, таксама як і пачала, памяркоўна: «Работа, дык работа, а сумленне дзе?..» Першая з іх, тая, што насмеціла, стаіць сабе ціха, як удой аддаўшы, поўна-румяная, ногі расставіўшы, і толькі, здаецца, ці то аблізваецца, ці нават і аддзімае. Нявінна і спакойна,

А побач — хлопчык, ці не сын яе, глядзіць і слухае, беручы «наглядны ўрок» жыццёвай мудрасці.

* * *

Ужо ў нас і педэрастыя — «инакомыслие», ужо і на сустрэчы з паважаным дзеячам (не памятаю, з кім, ды справа тут не ў гэтым) дзяўчына нейкая, не «старая дева» з адчаем у душы, а маладая, нават маладзенькая прылюдна, па тэлевізары, на ўвесь свет, зусім сур'ёзна пытаецца ў таго дзеяча, што ён думае аб... праве на лесбійскае каханне. Таксама ж «инакомыслие»...

* * *

Не магу зразумець: адны збіраюць грошы, карыстаюцца людской міласэрнасцю, заклікаюць да яе — дзеля таго, каб другія бралі шэсцьсот долараў за суткі ў бальніцы, дзесяць тысяч за аперацыю...

Дзяўчынку, да лёсу якое і мяне пэўным чынам далучылі, павінны былі аперыраваць не ў Амерыцы, а ў Вільні, і на гэта трэба было сабраць дзесяць тысяч рублёў (леташніх, з дзевяностага года) і тысячу долараў.

«Рыначныя адносіны» ці проста бесчалавечнасць?..

* * *

На сустрэчу з Гарбачовым у Акадэміі навук, калі мне далі запрашэнне, пайшоў з жаданнем хоць раз, а можа, і «пакуль не позна», пабачыць яго не на тэлеэкране. Пімен назаўтра напісаў мне, што сядзеў я там, «як сфінкс», а я толькі што адказаў у тым сэнсе, што інакш і нельга было сядзець, слухаючы і не могучы зразумець, чаго ён хоча,— падношаны і разгублены чалавек, які ўсім, ад акадэмікаў да веткаўскіх сялянак, свядома ці машынальна не-не дый нагадвае, што ён — прэзідэнт...

* * *

Чытаю ў «Спадчыне» Лёсіка. Гэты Коласаў дзядзька, маладзейшы за свайго пляменніка на год, таксама быў таленавіты. Будзь яго лёс ласкавейшы — быў бы ў нас і яшчэ адзін добры празаік.

І гэта трэба мне адкрываць ужо на семдзесят пятым годзе!.. Які здзек з народа нашага, якая была б дагэтуль літаратура, каб не апека «старэйшага брата», «роднай савецкай улады»!

Напісанае Лёсікам на нашай наваградскай мове хораша вяртае мяне ў роднае асяроддзе. І я ж так пачынаў пісаць, а ў Мінску мяне перавучвалі. Не столькі Крапіва, колькі Клімковіч, галоўны рэдактар выдавецтва, які, з прыгаворкай: «властью, данной мне от Бога», зусім бесцырымонна правіў ужо выпраўленае Крапівой у рукапісе майго першага зборніка... Да Крапівы, у якога я тады вучыўся, трэба дадаць Лужаніна, таксама ў «Раздавім фашысцкую гадзіну», потым у «Вожыку», і Таўлая, з якім мы разам рэдагавалі мае, як гаварыў мне адзін з супрацоўнікаў часопіса «Беларусь», «нацдэмаўскія апавяданні». Не магу сказаць, што ад Крапівы, Лужаніна, Таўлая ішло якое-небудзь свядомае псаванне,— рабілася «тое-сёе» на агульналітаратурны лад дзеля таго, «каб прайшло»; было таксама нямала добрага ў той вучобе, і я нашу ў душы ўдзячнасць да гэтых і некаторых іншых старэйшых таварышаў.

Аднак ёсць тут і сваё аднак — у пільнай вучобе былі і страты мясцовага каларыту ў маёй мове, што вось і яшчэ раз адчулася, над старонкамі Лёсіка.

* * *

Учора пачаў, а сёння вось кончыў чытаць «У кіпцюрах ГПУ». Можна сказаць, што я гэта перачытваў пасля газетнага чытання ў акупацыю.

Было адчуванне, з якім я сёння сеў дачытваць, што месцамі ён, Аляхновіч, уздымаўся ў пакутах да агульначалавечага, а закончыў кнігу мяшчанскім, біфштэксавым трыумфам у стаўпецкім рэстаране...

Многа дае для роздуму абмен паміж Саветамі і Польшчай беларусамі — турэмным Тарашкевічам і лагерным Аляхновічам, намнога больш дае, чым гэта выкарыстаў апошні. А што думаў тады аўтар першай граматыкі і перакладчык (у камеры!) Гамера і Міцкевіча? Неўзабаве, спачатку ў новай, ужо савецкай турме, а потым і перад расстрэлам?..

Якія тэмы, якія на іх павінны быць, прыйсці пісьменнікі!..

* * *

У «Комсомольской правде» ўчора — гутарка трох журналістаў з Яго Свяцейшаствам Алексіем ІІ. Царква паказвае сабе ранейшаю: бласлаўляе тых, што ідуць на вайну, на забойствы, а тых, што не хочуць ісці на яе (memento Афганістан) называе... яшчэ большымі грэшнікамі...

Пераклікаецца гэта з заявай Яна Паўла, таксама Другога, які перад іракскай кампаніяй заяўляў, што ён (яны, католікі) за мір не пацыфісцкі.

Значыцца, і ў адных, і ў другіх — палітыка, што заўсёды было, што ёсць і што збіраецца быць,— і ў католікаў, якія ў трыумфе, і ў праваслаўных, якія бяруць рэванш...

* * *

Дачытаў Шаламава, «Калымскія апавяданні». Такога нельга ні забыць, ні дараваць. Праўдзівасць, жыццёвасць у яго такая, што нават гаўно, дзе яно трэба, не смярдзіць. І сіла слова такая простая, непахісная, хоць і без клічнікаў. Разам з Алегам Волкавым («Погружение во тьму») ці не лепш гэта літаратурна за Салжаніцын?.. Хоць тут параўноваць не варта — трэба з удзячнасцю браць у іх гэтую праўду жыцця.

* * *

Вечар, прысвечаны 90-годдзю Міхася Зарэцкага, адбыўся ўчора ў невялікай, у параўнанні з галоўнай залай Дома літаратара, «каміннай зале». Ні тэлебачання, ні радыё, ні належнай аўдыторыі. Трохі сваякоў, іхніх сяброў ці добрых знаёмых, трохі энтузіястаў, яшчэ менш пісьменнікаў, дый то адны старэйшыя.

На вечары такога пісьменніка, абаяльнага чалавека, аднаго з пакутнікаў, пасля рэабілітацыі, пасля выдання ўжо трох тамоў з чатырохтомніка, пасля таго, колькі нагаворана, напісана, настагнана ды нагалёкана пра мартыралог, генацыд, адраджэнне, самаедства! Якія формы нам патрэбны пры такім змесце, на каго нам перш за ўсё наракаць?..

* * *

Быць чалавекам свайго часу трэба, дакладней кажучы — нельга не быць. Але ж як гэта важна быць яшчэ і над часам, быць тым, хто бачыць далей наперад, вышэй — у агульначалавечае.

* * *

«Гэта табе не пры Польшчы (не пры панах) — аладку мазаць з чатырох бакоў!..» Так гаварылася пра багацейшых у Заходняй. Гумар.

А ў нашай літаратуры, калі ўжо каго возьмуцца хваліць, дык і сапраўды масляць з чатырох бакоў — і анфас, і двойчы профіль, і ззаду, калі трэба, часамі ажно лізнуўшы.

* * *

Учора заходзіў у магазін «Школьнік» з надзеяй выпрасіць там хоць адзін агульны сшытак. Пайшоў нават на тое, што назваўся пісьменнікам, якому вельмі трэба... На ўзроўні прадаўшчыцы, а потым і загадчыцы было катэгарычна адмоўлена: толькі студэнтам, па пасведчанні, тры сшыткі на год. Што ж, закон павінен выконвацца, аднак і да такога паніжэння ўжо на старасць даходзіць... нялёгка.

Зрэшты, сціпласці, пакорнасці нас не трэба спецыяльна вучыць — сама рэчаіснасць вучыць.

* * *

Успомнілася Пушкінава, з найбольш любімага: «Что ты ржешь, мой конь ретивый...» Перачытаў і гэта: «Стамати был стар и бессилен, а Елена молода и проворна...» А потым пашукаў і знайшоў у «Руслане и Людмиле» тое, што так мне, падлетку, падабалася:

С порога хижины моей

Так видел я, средь летних дней,

Когда за курицей трусливой

Султан курятника спесивый,

Петух мой по двору бежал...

45
{"b":"598985","o":1}