Литмир - Электронная Библиотека

Узяўся запісваць гэта, убачыўшы ў газеце здымак непрыгожай дзяўчыны, якая на сваім месцы добра працуе, а шчасця, можа, яшчэ ўсё чакае. Часцей за ўсё тыя словы «умного, доброго» чалавека і ўспамінаюцца ад сутыкнення з крыўдай жаночай.

* * *

Раптам успомніў, уявіў самога сябе ў пракосе, росна-церпкай раніцай, калі яшчэ тычкі ледзь відны ў світальным прыцемку,— нармальны пачатак дня ў касавіцу.

І — разам з тым — успомніў, як мы днямі ўязджалі ў Беражан і шафёр аўтобуса голасна засмяяўся на групу мужчын, якія — у дзесяць з гакам гадзін — перад пачаткам калгаснага працоўнага дня гуляюць каля лаўкі ў карты. У «дурня», на выкідку. Адны, шасцёх, гуляюць, іншыя стаяць, чакаючы свае чаргі, і каменціруюць з гучным матам і поўнай зацікаўленасцю...

Падумалася: не абражайце былую, сапраўдную працу, якую ведаю і я,— не абражайце «працай» сённяшняй!..

* * *

Арэшчыха пра Багушэвіча:

«Яго польскія вершы слабыя, але беларускія, на маю думку, па меншай меры выдатныя».

Таксама можна сказаць пра польскія вершы Купалы і рускія ў Коласа. І ў Багдановічавай рускай мове, і ў вершах (самаперакладах), і ў прозе мне заўсёды адчувалася пэўная малакроўнасць. Хоць яму з роднай мовай, здалёк ад яе, было найцяжэй.

* * *

Для каго пішаш?.. Цяжка ўяўляць так званага шырокага чытача, тым больш беларускага, яшчэ тым больш — будучага. Пішаш, спадзеючыся, што ён будзе, верачы ў гэта, пішаш па абавязку, з адчуваннем яго, ледзь не інстынктыўным.

* * *

Каб не згубіцца, не разгубіцца ў процьме таго, што ўжо было і сказана, і паўторана, і зноў паўторана, трэба трымацца аднаго: я гэта бачыў сам, гэта чуў з першых вуснаў, ад таго, каму веру, гэта я думаў, адчуваў — я сам, і толькі гэта хачу, магу, павінен расказаць.

* * *

Як ні марудна пакуль што разгортваецца наша нацыянальнае адраджэнне — ужо адчуваецца, што нас усё больш ды больш, і трэба думаць пра свой удзел, сваё месца сціпла, як пра месца ўдзельніка на сваім участку, работніка, які не павінен драмаць, каб не адстаць ад агульнага працэсу.

Пра гэта думаю даволі часта і часам з трывогай.

* * *

Аднабокасць у нашым «аўтэнтычным фальклоры». Паглядзеў у Доме літаратара Гродзенскую, Мінскую, Магілёўскую вобласці, а потым, па тэлевізары, раскошна далі Стаўбцоўшчыну, з заходам у Налібоцкі край. І скрозь — старыя цёткі ды бабулі, пацешна тоўстыя ў нашантьіраных «нацыянальных» спадніцах, але лёгкія ў скоках, у большасці з палатаным, калі па-польску, «узэмбёнем», а то і прастадушна шчарбатых. Калі працавіта спяваюць то не зусім народнае, то народнае да слёз. Два-тры мужчыны, незаезджаныя скакуны ці спевакі амаль на поўны, нармальны голас, а то ўсё жанчыны, жанчыны, як і ў полі. Таўлай успомніўся: «старэюць людзі, хаты»... Хат і новых нямала, а вось народнасць наша старэе.

Было б і зусім сумна, каб не тое, што паглядзелася на заканчэнне прагляду: фальклор самога Мінска. Студэнцкі «Неруш» і напалавіну дзіцячы «Госціца» — гэта ўжо спалучэнне народнасці з культурай, што радуе па-свойму, ужо і красой маладосці, і мілатой (па Скрыгану) маленства.

Агонь трэба несці!..

* * *

Здаецца нават і тэмай: надрукаваны ў раённай газеце пералік загорцаў, што пагінулі ў вайну, нашы — з тых суайчыннікаў, якімі, як чытаў нядаўна, трупамі якіх была завалена Германія. Трыццаць чалавек, за прозвішчамі якіх, датамі нараджэння і смерці стаяць іх вобразы, з мянушкамі і асаблівасцямі характараў.

Сябры майго маленства і старэйшыя, каго я назіраў змалку. Пра некаторых і пісаў ужо: пра Казака-Паганчыка з «Золаку...», ён у спісе першы — Анцух Іван Сцяпанавіч, пра Чэпдрэпа адтуль жа, які тут Бабарыка Іосіф Кандратавіч, пра Гаўрусёвага Мечыка — Мікіту з «Марылі», а таксама Ёсіпа Ярмоліча ў «Байдунах», а тут, у спісе, ён Валасевіч Вячаслаў Самуілавіч... Пра іншых не пісаў, але помняцца яны жыва і сімпатычна, і назваць іх я мог бы шмат. І не толькі з Загора, а і з іншых вёсак наваколля і з Турца, як цэнтра нашага сельсавета. І пра многіх мне ёсць што сказаць, і хацелася б...

У нас па двое загінула ў трох хатах. А ў суседніх, меншых Чыжыноўцах з адной сям'і — усе тры сыны. Галэцкія. Наймаладзейшы — Валодзя, з якім я і юначыў разам, і ў польскім войску разам служыў, і ў палоне быў нейкі час разам, і ў акупацыю ён быў у сувязі з нашай разведкай. Над ім — два старэйшыя: здаравенны, падслепаваты і ў нейкай меры інтэлігентны Мікалай, і менш вядомы мне Іван, былы падпольшчык і пакутнік у польскай турме.

Газетка (малая памерам) надрукавала спіс гэты ў некалькіх нумарах. Калі памножыць забітых з адное вёскі на некалькі дзесяткаў вёсак нашага раёна, а тады яшчэ на сотню з нечым раёнаў рэспублікі, дадаць гарадскіх,— Божа моцны, колькі загінула толькі ў адной Беларусі!..

* * *

Сахараў — адчуванне віны за бацькоўства вадароднай бомбы. Ці былі ў яго такія пакуты? Пэўна ж былі. Талстой, здаецца, у «Круге чтения», цытуе дзённікавы запіс старога Бісмарка: «Тяжело у меня на душе...» Многа людзей загінула ад яго кіраўніцтва. Нават у Бісмарка такое. А пра Сахарава гаворыцца толькі як пра падзвіжніка, ледзь не святога...

Думаў пра гэта, пачаўшы з учарашняга артыкула ў «Правде» пра Сяміпалацінскі палігон.

Які з першых выбухаў — «курчатаўскі», атамны ў сорак дзевятым, ці вадародны, «сахараўскі» ў пяцьдзесят трэцім,— бачыў палкоўнік Коля Мартынаў, які расказваў «між намі, сябрамі», як тады ў наваколлі паслеплі вярблюды, як запрошаныя на выпрабаванне вышэйшыя афіцэры, і лётчык-ас Мартынаў у тым ліку, пасля выбуху павыходзілі з бункераў і моўчкі пайшлі, паехалі адтуль і пры першай магчымасці страшэнна напіліся...

Потым падлічана было (і, вядома ж, з карэкцыяй), што за чатырнаццаць гадоў выпрабаванняў у трох бліжэйшых казахскіх раёнах было апраменена дзесяць тысяч людзей.

І ўсё гэта ішло «між іншым»?..

* * *

...И помощи просят страдальцев уста,

Один у Аллаха, другой у Христа...

Як толькі прачнуўся ў палавіне шостай, зноў падумалася, што гэтыя радкі Апухціна, якія заселі ў памяці з ранняга юнацтва, згадаліся не так сабе, а ў сувязі з тым, што робіцца «в песчаных степях аравийской земли»...

Учора — «дзень малітвы» ў ЗША, «За мір», за тых, хто там, зноў жа — за сваіх.

Як і мы цяпер, як быццам неяк апамятаўшыся, гаворым пра тысячы дарма забітых і пакалечаных у Афганістане — нашых...

А тыя, што гінулі там ад нас, што гінуць цяпер у Іраку?..

* * *

Ездзілі з Шурай у Карэлічы, наведаць у бальніцы яшчэ дваіх маіх пляменнікаў, а яго дваюрадных. Пасядзелі ў іх каля гадзіны, дзеля чаго былі ў падарожжы цэлы дзень, і адчуванне было такое — мы гаварылі пра гэта,— што вось і зрабілі тое, што трэба.

Я нават Хрыстова прыгадаў: «Я быў хворы і вы не наведалі мяне...» Як адно з найважнейшага, праверка веры справай.

Успомніўся мне добры, ціхагалосы, усмешлівы Алесь Пальчэўскі, калі ён прыходзіў да мяне ў бальніцу, скажам, са слоікам мочаных брусніцаў, думаючы пра мой пратрамбін, а думанне гэтае — ад яго чыстай, высокароднай душы, ад жадання чалавечай блізкасці.

Дарэчы тут успамінаецца, як ён, Алесь, выступаў аднойчы ў нейкай школе разам з Героем М., а потым расказваў, як у таго героя, раскормленай, расхваленай пачвары, вучні спыталіся, ці былі ў яго атрадзе (ці брыгадзе) дзеці. «Былі, вядома». І расказаў пра дванаццацігадовага хлопчыка, які прыйшоў да іх, і яму прыдумалі такое выпрабаванне: забіць свайго дзядзьку, якога падазравалі ў сувязі з паліцыяй. Калі малы адмовіўся, яго «шлёпнулі разам з тым дзядзькам»...

Расказваючы гэта, Алесь плакаў. І я не асмелюся назваць гэта сентыментальнасцю, у чым Набокаў абвінавачваў Дастаеўскага, пра што я з гадзіну таму назад чытаў у студзеньскай «Literaturze». У Алеся было зусім іншае, чыстае, яго чуллівасць ішла ад выпакутаванай чалавечнасці. Ды і ў Дастаеўскага, таксама ж пакутніка, з «сентыментальнасцю» было глыбей, чым гэта паддаецца тэарэтызаванню, хоць бы і на набокаўскім узроўні.

44
{"b":"598985","o":1}