Литмир - Электронная Библиотека

* * *

Быў Ш. Добра пагаварылі — з адною сёння тэмай у цэнтры. Смяяўся, што бабы загорскія кажуць пра той чацвёрты блок:

«Цэмент раскралі, зляпілі тую станцыю з пяску, вось яна і развалілася».

* * *

Зноў прыгадаліся два пажылейшыя за мяне яўрэі з друкарні, якіх я частаваў пасля выхаду першай кнігі. Як пілі мы, чым закусвалі, у якім закутку друкарні гэта было — добра не памятаю. Прозвішча загадчыка наборнага цэха Рудзік; я запомніў яго, відаць, з-за Тургенева. А прозвішча загадчыка цэха друкарскага не запомнілася — ад імені нейкага, здаецца, без вышэйшых асацыяцыяў. П'янкі, вядома, не было, яўрэі людзі акуратныя, а ўражанне ад маёй удзячнай радасці, ад іхняга разумення яе — памятаю.

З Рудзіным, чалавекам самавіта-сур'ёзным, мы і пасля гэтага, як і перад гэтым, прыязна здароваліся. А той другі, цяпер безыменны, па-прасцецку, дабрадушна губаты, пры сустрэчы шырока ўсміхаўся: «Ну, а калі будзе другая кніга?»

...Захацелася дадаць, што я тады быў літработнікам «Вожыка», апранутым абы-як, у «юнраўскія» неданоскі, і гэта, відаць, яшчэ больш збліжала мяне з тымі небагатымі, працоўнымі людзьмі.

* * *

У выступленні М. С. Гарбачова ў Тальяці — сказанае ім, як многа дрэннага абумоўлена тым, што ўсімі кіравалі на адлегласці, з цэнтра, недастаткова ўлічваючы думку тых, што працуюць.

А намі, літаратарамі, па-ранейшаму кіруюць з цэнтра — маркавы, верчанкі, сураўцавы... Яны ўжо могуць кіраваць і «па-новаму», наадварот таму, што і як рабілі ўчора!.. У перадапошнім нумары «Литгазеты» на ўсю старонку была такая, «установочная», справаздача з чарговага паседжання сакратарыята.

* * *

Дадуць Героя — будзеш і герой. У гэтым усё — каб далі.

* * *

Па тэле, у перадачы пра сучасную савецкую прозу, чатыры маскоўскія крытыкі на ўсе лады скланяюць чатыры рускія прозвішчы. А мне ўспомнілася, як мы з волжскай плаціны кідалі кавалкамі булку, і асятры, таксама ці не чатыры найбольшыя, насілі, штурхалі лычамі адзін, другі, трэці такі кавалак — ці то хочучы з'есці, ці то забаўляючыся...

* * *

У кнігарні пісьменніка нам, літаратарам, абмежавалі кніжныя заказы. І я аднойчы пацешыў сяброў-«балельшчыкаў»: «Чытайце тыя, што сабралі». Бо і ў самога так многа яшчэ стаіць непрачытаных!

* * *

Гоняць з трыбуны апладысментамі, а ён яшчэ ўсё выступае, крычыць — як быццам з-пад абернутага воза сена.

* * *

Я ўсё свядомае жыццё хацеў і стараўся бачыць праўду як найбольш аб'ектыўна. Трохі ўдавалася, трохі ў бакі кідала... І недарма Адамовіч сваю «Ничего важнее» падпісаў мне, як «неисправившемуся толстовцу». Хоць «талстоўства» свайго я шукаў не толькі ў Льва Мікалаевіча, але і ў многіх другіх. Бо і ён жа браў не толькі «сам з сябе», як гаворыцца ў вёсцы пра самавукаў, а з многага ў жыцці свайго народа і многіх іншых народаў.

* * *

Генадзь Цітовіч згасае ў страшнай, жахліва моднай хваробе. У папярэдні прыезд з вёскі, у канцы мая, я званіў яму, дакладней ім, спадзеючыся, што трубку падніме жонка. А падняла дачка, цераз яе перадаў прывітанне. А ўчора іхні сусед, Толя Грачанікаў, гаварыў, што ад жонкі Генадзевай чуў — той «вельмі нервуецца»: не давёў да ладу архіў!.. Як часта гэта паўтараецца: з ладам, з успамінамі. І яшчэ адзін панёс з сабою так многа.

* * *

Багатага хутара даўно няма. Толькі хаціна на тым котлішчы стаіць, зляпаная пасля вайны. А ў ёй яшчэ ўсё жыве старая гаспадыня, ужо зусім нямоглая, але яшчэ ўсё тая — даўнейшая па характары, светапогляду, звычках. Ганаровая, хоць. і няма чым ганарыцца, уладная, хоць і няма над кім уладарыць. Толькі на дзецях гэта паказвае, калі прыязджаюць з горада ці. заходзяць з вёскі, дапамагаюць ёй і не могуць унаравіць.

Ад былога на котлішчы засталася старая ліпа з буслянкай і вялізны, шырозны куст бэзу. Сёлета расцвітаў ён неяк туга, але ж і расцвіў вельмі багата. Магутны пах яго я адчуў уранні здалёк і здзівіўся, што бэз можа так далёка падаваць свой пах.

Вось і ўспомніў гэта, чытаючы ў Тагора:

По аромату узнают

цветок в лесной глуши...

* * *

Ах, ах!.. Аднаму шэсцьдзесят восем, другому ажно восемдзесят, сядзяць у зале, дзе шмат моладзі, і адзін з іх, маладзейшы, шэптам паказвае праз чатыры рады — ужо дальназоркасць! — прывабную бландзіначку:

— А каб гэта ж, пане браце, дзьмухнуць ёй лёгенька на шыйку ды прылажыцца, га?

— Сма-ка-та! — усміхаецца і старэйшы.

Ах, ах!..

* * *

Успомнілася, як істотнае. Мы з сябрам стаялі на аўтобусным прыпынку. Праходзіла падсухенькая, таленавітая Жэня Янішчыц. Хацела павітацца ды ісці сваёй дарогай, але я запыніў:

— Хадзі, малая, парукайся з дзядзямі.

Пагаварылі ўтраіх пра самае тады галоўнае, трывожнае — пра Чарнобыль. І «малая» сказала:

— Думаю вось пра наш пісьменніцкі з'езд. Божа, якая дробязнасць! Ды абдыміцеся ж вы ўсе, таварышы, падумайце, што робіцца!..

Штосьці так. І яшчэ:

— Сарака яшчэ няма, а ўжо як думаецца...

— А як жа нам, калі на носе семдзесят?

Гэта ўжо мне, бо ў сябра ў запасе больш.

* * *

Правабярэжжа. Нёмана, Стаўбцоўшчына.

Піянерлагер «Пралеска» каля Дзераўной. Дзеткі з Кармянскага і Рагачоўскага раёнаў. Гаспадар нашай паездкі «газікам», супрацоўнік раённай газеты, сказаў раней, што дзеці з Брагіншчыны, і я гатовы быў сустрэць тут страшнае. Шчаслівае «расчараванне» — малеча здаровая, вясёлая, толькі сумуе па мамах, пра што яны мне і адказалі хорам, калі, выступаючы перад імі, спытаўся пра гэта.

У Дзераўной — адзін з герояў Чарнічэнкі, Герой Сацыялістычнай Працы Ваньковіч. Чараваты, вясёлы мужчына, які выйшаў да нас з майстэрні замурзаны. Расказаў пра сёлетні ўраджай бульбы, зялёнае «воблака» якое (маміна слова) віднелася адразу за майстэрняй і «палігонам» іржава-чырвонай сельгастэхнікі, пра таксама добры ўраджай жыта, нягледзячы на тое, што «з красавіка да пазаўчарашняга дажджу не было». Два адчуванні: нібы няёмкасць, што вось масквіч Чарнічэнка і гэтае месца знайшоў на карце краіны, а я тут упершыню, і другое — хутчэй не адчуванне, а думка,— што ў нас было б, каб такіх, як гэты Ваньковіч, былі не толькі адзінкі...

Дзераўная, што была для мяне калісьці нечым загадкава-далёкім, яшчэ да таго перадваеннага моста ў Ярэмічах, доўгага, высокага, за якім ішла грэбля — на пушчанскі ўсход.

Згадаўся варшаўскі ксёндз Сувала, «партызанскі капелан» Ора, які тут служыў перад самай вайной і ў гады акупацыі, адкуль, дарэчы, і яго «акоўскі» псеўданім. Вясёлы сангвінік з нядрэннай беларускай мовай і фальклорнай дасціпнасцю, што мне, ад знаёмства з ім у 1973 годзе, прыгадалася, калі глядзеў на магутны касцёл у дрэвах, на пануючым узгорку.

Помнік архітэктуры, што ахоўваецца дзяржавай, і помнік расколу нашай беднай нацыі на дзве незажываючыя палавіны: касцельна-«польскую» і царкоўна-«рускую». Першая ў гэтых мясцінах пераважае.

Пацверджанне гэтаму ўбачылася і ў другім мястэчку, Налібаках, на могілках і ў незакончаным касцёле. Дабудаваць яго перашкодзіў верасень 1939-га. Народная гамана, якую нам перадавала прыемная жанчына, парторг, пра ксяндза,— «сам будаваў» гэты касцёл, ледзь не на «складкі» прыхаджан, людскою самаахвярнай працай. Магутная «каробка» з чырвонай цэглы, цікавая па архітэктуры, без даху, з пустымі прастакутнікамі і кругамі вялізных пустых вокан. Праз адно з іх,— як расказаў мой спадарожнік, партызанскі сябар Жэнік [58],— праз круглае, над уваходам, біў, пакуль не заглух, фашысцкі кулямёт, калі партызаны, увабраўшыся ў сілу, разбівалі тут гарнізон паліцаяў і немцаў. На помніках эпітафіі «польскія», дзе касцельная мова ўгматвае мясцовыя, беларуска-мясцовыя прозвішчы, што пацешна чытаюцца на лацініцы: Дашчэчка, Босы, Агейка... На старых помніках металічныя пліты і мова крыху больш пісьменная, а на сучасных павыбівана-пазалочана мноства, зноў жа, малапісьменнай бэрсаніны, з абавязковымі «просі о тшы Здровась Мар'я» або «просі о вэстхнене». На сучасных стэлах некалькі надпісаў па-руску. І толькі адзін па-нашаму, на магіле дзіцяці, што памерла на сваім другім годзе. Ядвіга Іванаўна, парторг, у нядаўнім мінулым шчырая работніца ў жывёлагадоўлі («Другі ў раёне ордэн Леніна»,— як сказаў нам таварыш з рэдакцыі), расказала, што бяда гэтая — у сям'і маладых настаўнікаў, дзе муж з Коласавай Мікалаеўшчыны.

35
{"b":"598985","o":1}