Литмир - Электронная Библиотека

І не падумалася мне, што гадзіны праз дзве маці таго хлопчыка, маладжава-сімпатычная бландзінка на сустрэчы з мясцовай інтэлігенцыяй надорыць нас з Жэнікам цудоўнымі агароднімі рамонкамі, а ў мяне папросіць падпісаць ёй «Я з вогненнай вёскі...».

Другая сустрэча адбылася назаўтра ўранку, калі мы наведалі васьмігодку, драўляна-аднапавярховую, чысценькую пасля «глянцавага» рамонту і прасторную без дзіцячага шоламу. Прыйшлі настаўніцы... мужчын толькі двух, дырэктар і пажылы выпускнік брэсцкага педінстытута. Тут мы з ім ды з Жэнікам успомнілі сябра, Валодзю Калесніка. Гаворка з настаўніцтвам ішла пра клопаты іх працоўных будняў: што няма для малодшых класаў кніжачак (паабяцаў прыслаць), што няма чым карміць свіней, бо ж не людзі, і не настаўнікі ў тым ліку, вінаваты, што йдзецца на такое злачынства — карміць жывёлу хлебам, чаго нідзе на ўсім свеце не робіцца... Ну, і вучняў з кожным годам менш. Было калісьці больш як чатырыста, цяпер — шэсцьдзесят восем...

Мы іх горка «пацешылі» тым, што ў Слабодцы, дзе мы ўвосені выступалі, шаснаццаць вучняў на дзевяць настаўнікаў.

Запусцелыя хутары, дзе на падворках трава па калені, пустыя хаты, самотныя вуллі, дзе на лятках поўзаюць пчолы, не раўнуючы як мухі па мерцвяку...

Стары ляснік, восемдзесят чатыры гады, косіць пры дарозе сена службоваму каню. Пра карову не кажа, але ж яна, вядома, ёсць. Жэніка не пазнаў, хоць і брат іхняга сувязнога, з гутаркі толькі прыпомніў. Брат быў удзельнікам грамадзянскай вайны, а немцы яго расстралялі за сувязь з партызанамі.

У весць! за леснічоўкай — бабка ў валёнках на сонейку. Пазнала Жэніка, расказала яму пра сям'ю, а ён перадаў прывітанне яе дочкам, у якіх ужо ўнукі, а для яго яны — нібы толькі дзяўчаты, да якіх па-дзецюкоўску заязджалася.

У Кляцішчы, дзе ў свой час размяшчалася камандаванне нашага Баранавіцкага злучэння, дзіўна гасцінная сям'я К., дзе мы і начавалі. А ў іх назаўтра сваты на агледзінах, былы старшыня калгаса, проста і шчыра станоўчы чалавек, і жонка, таксама пенсіянерка, нядаўна настаўніца пачатковых класаў, відаць, па прызванні. Іхняя ўнучка, акушэрка, выходзіць за сына нашых гаспадароў, лесніка.

Былая настаўніца скардзіцца на сэрца:

— Яно ў мяне не баліць, а часам рыпае. І слабасць. Карову даіць не магу. А муж за век не навучыўся. Прадалі. А такая ж была разумная. Апошні раз даіла яе, дык яна мне і рукі лізала, і твар...

Жанчына мілая, з далёкімі прыкметамі былой красы. То ў бальніцы цяпер, то дома. Толькі зашмат гаворыць пра немач сваю. Маўклівы муж і дома гэтага, трэба думаць, наслухаўся, але тут ні слова. Успаміналі, як жаніліся ў пасляваеннай беднасці. А цяпер засталася цярплівасць дружбы.

Гаспадыню, як на гутарцы ў школе сказала нам адна настаўніца, у вёсцы празываюць Рыбкай. Маці так называла яе ў маленстве. Быстрая, нястомна вясёлая нестарая жанчына. «Больш за ўсё люблю кветкі і кнігі»,— гаворыць. Сама робіць чучалы. «Каго хочаш, глушца, арла, дзікага качара». А частаваць умее аж залішне шчодра.

Мужык — здаравенны каваль. Яму было дваццаць пяць, ёй шаснаццаць і тры месяцы, калі ў іх пачалося.

— Я трохі запіваў, пясочылі мяне на камсамольскім сходзе. Асабліва яна старалася... Дагнаў пасля на вуліцы. Ну што, кажу, набрахалася? А замуж пойдзеш за мяне?

Тут гаспадыня, смеючыся:

— Ой, сталі мы самі жыць, дык я і варыць яшчэ не ўмела. Дастала кнігу «О вкусной и здоровой пище», дык толькі наплачуся, чытаючы. Шпінат, сельдзярэй нейкі трэба, а я не ведаю, што гэта!..

Калі пайшло ў нас пра партызанскае, яна расказала, як у блакаду сорак трэцяга года,— што сама памятае, а што ад старэйшых потым пачула,— іх, дзяцей і жанчын, выгналі з хатаў на луг — расстрэльваць. І немец, нейкі старшы над усімі, «сеў і заплакаў». А тады скамандаваў салдатам, і яны пайшлі, нікога не забіўшы...

Цётка бойкая, а ледзь не сарвалася ў слёзы.

Добра, цікава, патрэбна з людзьмі!

* * *

Чытаю «Сцяну» Марцінкявічуса, раздзел пра сціпла, мудра апантанага фатографа, які быў мнагадзетны і не ўмеў крыўдаваць, а толькі

Отвечал

Прощающей улыбкой.

И соседей

Всех, кому нужно и кому не надо,

Всегда снимал бесплатно.

За спасибо.

І успамінаецца другі фатограф, небагаты гаспадар у нашым Турцы, спакойны, негаваркі, інтэлігентны з выгляду і па натуры Цітавіцкі, які нядаўна, раней, чым памерці,— пагарэў. Згарэў і стары апарат са сталюгамі, і ўвесь фотаархіў, здымкі і негатывы — усё, што рупліва збіралася ды захоўвалася ці не больш за семдзесят гадоў.

У мяне захавалася некалькі фотаздымкаў яго работы яшчэ з палавіны дваццатых гадоў, калі я вучыўся ў чацвёртым класе. Добра на іх бывае паглядзець, успомніць сябрукоў, сябровачак, нашых настаўнікаў, падумаць, што з імі здарылася пасля...

А з нейкай асаблівай цікавасцю і шкадаваннем, што ў мяне яго няма, бачу здымак з урока гімнастыкі — на школьным дварэ, зімою, дзе я ў калматай аўчыннай шапцы, — бачу яго толькі ў памяці, таксама ўжо даўняй, ды з чужых рук.

Затое нядаўна мне падаравалі фота з вясны саракавога года, з Першамайскага мітынгу ў Турцы, і ў тым натоўпе землякоў, у большасці сваёй знаёмых, я з пачуццём журботнай радасці знайшоў брата Мішу. Таксама ўжо гісторыя — той час...

Цітавіцкі здымаў і за плату, і так сабе, для душы і для памяці. Своеасаблівы летапіс аднаго з куткоў Наваградчыны, пры чатырох уладах. Колькі ўсяго пайшло ў нябыт! Як добра было б паглядзець той архіў! Не толькі ж дзеля зямляцкай цікаўнасці...

* * *

Народнае: «Не плач, яго ўжо няма». Гаварылася так ужо тады, калі дарагі або дарагая былі яшчэ ў хаце.

Юлія не хавалі аж восем дзён: праходзілі дні горна-алтайскай літаратуры, а перад гэтым Мілда прасіла, каб ён дзень пабыў дома. І ў мяне было адчуванне, што яго ўжо даўно, вельмі даўно няма, хоць ён яшчэ вось у труне, у кветках. Пералом у адносінах да блізкага чалавека — ён жывы, за ім памяць — адбыўся даўно: так адчувалася.

Ува мне жыў яшчэ трохі ўспамін пра нездаволенасць ім у маладых пісьменнікаў,— ён засядзеўся ў кіраўніцтве. Ды Яніс Плотніек пазней унёс яснасць: «Гэта быў наш колішні малады максімалізм. Пакуль не паразумнелі, не пераканаліся, што Юлій Ванаг — таварыш добры, надзейны, на сваім дзевятым дзесятку маладзейшы за некаторых маладых ужо не аднаго пакалення». Зрэшты, я не цытую:

Яніс гаварыў прыблізна так. А я слухаў і ўспамінаў сваіх, што таксама заседжваліся, кожны па-свойму...

Словам, учора — і ў тэатры, і на могілках, і на памінках у саюзе пісьменнікаў — прыемна было пераканацца, як яго любяць, шануюць. Таму, што ён гэтага варты, і таму, што яны, латышы, любяць, шануюць сваё, чаго ў іх варта, трэба павучыцца і нам.

Таленту ён меў столькі, колькі яму было дадзена, а вось распарадзіўся ім, выкарыстаў яго для народа належным чынам, на ўсю сілу, што і важна, і павучальна.

Я думаў, што выступаць мне трэба будзе на паніхідзе ў тэатры, але ў іх гэта робіцца інакш: адно выступленне на паніхідзе, больш — над магілай. Ганаровая варта таксама па-свойму: па траіх абапал труны; падышоўшы, кланяюцца нябожчыку, адыходзячы — таксама. Паўзмрок, цішыня, аркестр, не духавы, а струнны, дэкламаванне яго вершаў, песні на ягоныя тэксты — усё з урачыстай нябачнасці. Слова Андрыса Веяна. На могілках, пад дажджом, выступаў Язэп Османіс, потым я, пад пазычаным парасонам, тады жанчына-рэдактар, за ёю настаўніца са школы ў яго родным раёне, тады дзяўчынка-школьніца. Пасля, ускладаючы вянкі або кветкі, кожны гаварыў, адкуль яны, ад каго, або і слова казаў кароткае. Артыстка Вія Артманэ (прыгожая па тэлевізары), сівы, артыстычнага выгляду энтузіяст роднай літаратуры, яшчэ хтосьці з добраахвотных...

36
{"b":"598985","o":1}