Литмир - Электронная Библиотека

А самае страшнае сёння — усенароднае п'янства і ўсенародная абыякавасць?.. А жывучая і ў марксізме рэлігійная спадчыннасць — культ асобы, у неглыбокім сваім падтэксце бяздумна цынічны, абыякавы да лёсу рэвалюцыі, да яе заваёў і ахвяр, панесеных за яе?..

* * *

У чым філасофія ваеннай (ці антываеннай) прозы Быкава і чаму я сяды-тады быў і ў нечым застаюся з ім нязгодным? «Дажыць да світання», «Яго батальён» — ці гэта ўжо стомленасць ад спеву на адзін матыў, ці тут у пэўнай меры агалілася штосьці з таго, з чым я нязгодны? Праўда пра вайну — так. І ўсё? А калі вайна не свяшчэнная, калі нас штурхануць на іншую?..

* * *

Розных адценняў чырвань, жаўцізна, зеляніна кляновых лістоў (у вазачцы пад бяросту) на фоне чыстага шкла, за якім і чыстае неба, і сонечная зеляніна, і зіхатлівае мора — жывы асенні вітраж.

І хуліганістае: неймаверныя зады ў спартыўных портках — хоць ты вазьмі ды мелам пішы на іх: «Хозяйство Икса», «Хозяйство Игрека»... Як на ваенных «студэбекерах» было. А наша маці сказала б, па-народнаму: «Во дзе сракі панаядалі!.»

* * *

Другі раз пасля 1952 года быў у доме-музеі Астроўскага. Не растлумачыш нікому, што мне бывае неяк няёмка ад сустрэчы з ім, амаль заўсёды. Сёння падумаў: так вось калісьці стваралі святых угоднікаў... І разумею, што гэта сорамна, так думаць, але — думаю. І пра яго паслядоўнікаў думалася, пра тых, што таксама былі пакутнікамі, высакароднымі, гарачымі людзьмі, але таленту не мелі нават і такога, і таму так шкада іх бывае, і так няёмка пры іх...

...Што прыкра, дык гэта здымак Астроўскага на ложку,— у зашпіленым кіцелі, з ордэнам. Для фатаграфавання, а нібы ён так, пры такім парадзе, і заўсёды ляжаў...

* * *

С. А. расказаў, што ім было проста загадана не запрашаць на тэлебачанне Адамовіча, Быкава, мяне і... п'яніцу N. Прыгадалася з расказаў Ж. і іншых заходнебеларускіх падпольшчыкаў, як у турме палітычным падсаджвалі крымінальных. І перадачу ў семдзесят другім годзе па «Я з вогненнай вёскі...», заказаную нам і ўжо гатовую, знячэўку, нібы з-за вугла, няўдала і груба сарвалі — таксама па загаду зверху. І з Адамовічавай карцінай «Хатынь, 5 км» — тое ж самае. «Если хотите давать, то уберите Брыля»... Трэба гэта — каб дурань сядзеў наверсе, бервяном валіўся пад ногі? Будзе такое і яшчэ? Вядома ж, будзе. «А ты, сіраціна, жыві!»

Заканамернасць нейкая, як быццам абавязковая: за савецкую ўладу змагацца... з савецкай уладай, з яе адказнымі прадстаўнікамі, якія павінны былі б дапамагаць нашаму руху наперад. Разнавіднасць іх і няспыннае папаўненне. Жывеш і не ведаеш, які сціпляк заўтра ці паслязаўтра стане тваім начальнікам, будзе гадзіць, а потым знікне, і ўсе як быццам толькі што ўбачаць, якое гэта было дзярмо.

* * *

Маё першае ўражанне ад Яшына было вясёлае, з пачутага — як ён зайшоў у рэдакцыю «Савецкага селяніна» і з парога прадставіўся; «Аляксандр Яшын. «Алёна «Раміна». Нібыта толькі што быў адзначаны Сталінскай прэміяй. Потым прыйшлі «Рычаги» і наша знаёмства ў Мінску, у аэрапортаўскім рэстаране, пасля нейкай нарады. Я шчыра хваліў «Рычага», а ён абараняўся ныццём: «Да вот же не печатают». Потым «Вологодская свадьба», уражанне ад якое мне псавала мазня з устаўной сківіцай. Потым — прыгожа выдадзеная «Угощаю рябиной». Сапраўднае, але здавалася перахвалена наўздагон (як гэта несмяротна модна!).

Таленавіты і — яшчэ адзін — «несостоявшийся».

У кожнага з нас бываюць свае «Рычага» і няма права хоць бы пункцір пакінуць замест таго, што выкінута ў тэксце. Гладка... Нават кругі не разышліся.

* * *

З рукапісу былой шматгадовай пакутніцы [45]:

«...Как условна грань между высокой принципиальностью и узколобой нетерпимостью, как относительны все человеческие системы взглядов и как, наоборот, абсолютны те страшные муки, на которые люди обрекают друг друга».

* * *

Суворавец, якога не пусцілі (па тэлефонным званку) пабачыцца з маці, што памірала, а пусцілі толькі тады, калі — па поўнай форме — прыйшла з яго дому тэлеграма «з пацверджаннем факта», не застаў яе, прыехаў з пахавання і падаў заяву аб выхадзе з вучылішча:

«Не хачу, каб вы тут з мяне зрабілі такога, як вы самі, звера».

І адпусцілі, бо ён «бунтаваў» усю роту.

1978

Прадмова да рускага зборніка выбраных вершаў Івана Драча: нібы той самаўпэўнены, балбатлівы маскоўскі ментар Сураўцаў робіць на фоне аўтара самадзейна-мастацкую гімнастыку. Хоць ты скажы яму, як дзед Талаш опернаму дырыжору: «Адыдзіся, што ты тут размахаўся!..»

* * *

Малады інструктар райкома гаварыў суседу, маладому пісьменніку:

«І ўсё роўна мы будзем жыць лепш за вас». Хто «мы» і хто «вы» — каго менш, каго больш? А людзі ж бачаць — і бліжэйшыя, і далейшыя,— якая бездань, як яна пашыраецца паміж новай «нікчэмнай меншасцю» і большасцю, дзеля якой рабілася рэвалюцыя...

* * *

Чамусьці хвалю гаспадыні З. М., што тая — добры доктар, добрая жанчына. А гаспадыня — хітра ўсміхаючыся сваімі чорнымі ды быстрымі:

«Яна так адной бабцы казала: «Мая мама ў вашых гадах памерла, а вы ўсё лячыцца хочаце...» Ну, і любіць, каб да яе не з пустымі рукамі».

Трохі збянтэжана, пачынаю апраўдвацца: «А я ўжо з вайны, можна сказаць, і не бачыў яе...» Дый у вайну, у партызанах, не надта ведаў З. М., хоць і пісаў пра яе ў райгазеце.

Навошта яна — падслепаватая дабрата?

* * *

«Вместе с Толстым умерла нежность»... А з другога боку: «Истерический хлюпик»... Успомнілася гэта ўчора: Блок і Ленін.

* * *

Прачнуўся ў чатыры і, як працяг нейкага сну, да болю, да ўласнага болю і жаху выразна ўспомніў таго маладзенькага партызана з сінява-слабодскай заставы, які, калі паліцаі і немцы прарваліся за Нёман, уцёк у нейчую хату і схаваўся на печ, дзе яго потым, калі фашыстаў прагналі, знайшлі ўсяго папоранага штыхамі...

Успомніліся і мае страшныя моманты, якія цяпер здаюцца страшнейшымі, чым тады, наскрозь жыва адчулася, што так яно магло быць і са мною — жах, пакуты і смерць. І сёння ўжо той жах прымерваю і на падлетка-сына, якога тады не было...

* * *

Польскае консульства — побач з Домам літаратара. На іхнім плоце — радасны стэнд: «Polak і Rosjanin w kosmosie!» Наш цудоўны Клімук, што ў палёце быў з кнігай Коласа, і другі беларус, Кавалёнак, імем сваім — беларусамі — дома, у СССР, не названы ані разу.

Яшчэ адно сведчанне няправільнай палітыкі. А мы, асуджаныя на асіміляцыю, усё яшчэ пішам... Адказваючы за сваё, не вінаватыя ў тым, чаго асабіста «не можам перайначыць».

* * *

Зноў «мысль, что душу омрачает»: усе ўцякаюць з вёскі, хаты пусцеюць, вёска-карміцелька ліквідуецца, у нас — з моваю заадно. І што гэта будзе — хоць бы праз пяць гадоў? Не разумею... Разам з людзьмі, з якімі гавару пра гэта — і тут, у родных мясцінах, і ўсюды...

* * *

N., які закончыў вышэйшыя літаратурныя курсы, выступаў на абмеркаванні нейчых апавяданняў коратка і катэгарычна: «Павінна быць завязка, кульмінацыя і развязка. А дзе гэтага няма, дык няма і апавядання».

Азамі гэтымі валодае, вядома ж, і Алесь Пальчэўскі, аднак каб ён, замест вялай, надуманай белетрыстыкі (апавяданне «Сын»), проста і шчыра апісаў сваю асабістую трагедыю з сынам — наколькі гэта было б лепш! Самому яму і за намёкамі ўсё ясна, сябрам яго — таксама, нейкага чытача знойдзе і гэты твор. Аднак, ведаючы праўду з ягонага расказу, сапраўдную трагедыю ні ў чым не вінаватага бацькі, у якога нялюдска забралі і васемнаццаць гадоў жыцця, і адзінага сына, выхаваўшы яго варожа-чужым чалавекам — ведаючы гэта, мне той эрзац у раскошным кніжным выданні лічыць літаратурай не хочацца...

24
{"b":"598985","o":1}