Литмир - Электронная Библиотека

Неяк Скрыган расказваў, як працаваў у Сібіры на сплаве. Адзін выпадак з яго ззкаўскіх пакут асабліва моцна ўразіў мяне, і я здзівіўся, чаму ён гэта не апіша. А добры, мілы, вясёлы Іван Аляксеевіч адказаў мне нейкай «мудрасцю»: ці што час не настаў, ці што паспеецца, ці што... іншае нешта, у аснове чаго — асцярожнасць, надломленасць, жаданне ціха пажыць, адпачыць...

З болем думаецца, што і ў запалоханасці сваёй гэтыя слаўныя людзі ў найменшай меры вінаваты самі, у гэтым іх надломленасць, а ламалі ж яны сябе не самі. Я не абвінавачваю, крый мяне Бог, я сумую. Мне зранку, як толькі ўзяўся за Алесеў двухтомнік, думалася пра тое, як мала мы шануем нашых старэйшых сяброў, нашых народных пакутнікаў, як мала ім кажам заслужана добрых слоў. Ды тут жа і іншае нельга не памятаць,— і ў дабраце трэба быць шчыра-праўдзівым, літаратуру нельга рабіць няпраўдай ці толькі часткай, частачкай яе.

* * *

На ўзлессі — зялёнае котлішча колішняга хутара, нібыта помнік па тым, што тут адбылося.

У ліпені сорак чацвёртага, калі з усходу ішло вызваленне, а немцы, адступаючы, панічна здаваліся чародамі, на гэтым хутары некалькі партызанаў выпівалі ад радасці, а група «фрыцаў» надыбала ў сваёй разгубленасці сюды — пасля лесу, лугоў, ракі — зноў на ўзлесак і хату. Хлопцы выскачылі:

— Стой, растакую вашу!.. Гэнды гох!.. Немцы пакідалі зброю. Іх бы хоць адагнаць далей ад пакіданых аўтаматаў... Ды тут гаспадар хутара, як і ўсе хлопцы, п'яны, падышоў да таго, што з чырвонымі лампасамі, ды па мордзе яму. Генерал выхапіў з кішэні пісталет і палажыў «бандыта» ці «хама», як ён там яго палічыў. Ён і скамандаваў: «Фойер!», агонь, а падкамандныя схапіліся за зброю. Бедныя хлопцы (з нашай брыгады) загінулі ўсе. Хата згарэла, сям'я хутаранца таксама,— вораг яшчэ агрызнуўся па-свойму спрактыкавана.

Хто ж гэта бачыў?

Адзін з партызанаў выходзіў за хлеў. А быў ён у паліцэйскай форме, трафейнай. Калі выбег з-за вугла на гвалт, яго заўважылі, паклікалі. Палічылі паліцаем, а ён — са страху, убачыўшы трупы сваіх — згадзіўся: «Я! Я!..» Немцы ўзялі яго з сабой, правадніком, давялі ажно да Усходняй Прусіі. Вярнуўся ён толькі пасля перамогі...

Цяпер вось, толькі паставіўшы кропку, успомніў яшчэ адзін зялёны помнік, яшчэ адну ваенную трагедыю, расшыфраваную мне тым самым мясцовым дзядзькам.

У буйнай красе наднёманскага ўзлесся, на нізкай паляне — магіла трох яўрэйскіх сем'яў. І плоцік абгароджы струхлеў, паламаўся, і надпісу якога-небудзь на помнічку няма, і шырокая магіла, і котлішчы забудоў — усё высока парасло быллём. Адтуль, дзе было даваеннае жыццё трох сем'яў, я ведаю дачку з адной сям'і, пажылую ўжо, а ўсё яшчэ бойкую партызанку. Пры Польшчы — во дзе было ЧП! — яна «па любові», уцёкшы з дому, выйшла замуж за гоя, светлага беларускага хлопца з недалёкага прыляснога хутара. Праўда, шчасце іх было нядоўгім,— ратуючыся ад другой пасадкі ў турму, хлопец той неўзабаве перайшоў за граніцу, у Саветы, думаў, што і жонку пазней забярэ. А там яго, камсамольца-падпольшчыка, шчырую душу, залічылі ў польскія шпіёны, і ён не вярнуўся...

* * *

На юбілейным банкеце заслужанага мовазнаўцы адзін з яго лепшых вучняў, сам ужо кандыдат навук, тамадзіў даволі сухавата, аднастайна. Маладзічкам слова дае і толькі ўсё «член нашай кафедры» ды «і яшчэ член нашай кафедры»... У перапынку адна з гэтых маладзічак з асцярогаю засмяялася мне:

— Ой, Іван Антонавіч, толькі ж не выдавайте мяне!.. У яго і ў дысертацыі так было: «член аднародны», «член неаднародны»... А Фёдар Міхайлавіч тонкім аловачкам усе тыя словы паабводзіў — «член» ды «член» — і ўнізе старонкі напісаў: «Каб ён табе адсох!..» Я сама гэта потым убачыла...

Вось, Федзя, і ў мяне тым часам абразок! [46]

1979

Можа, гэта і жорсткасць, крыўдныя словы, але я гэта ўбачыў ясна — нібы толькі цяпер.

Ні Засім, ні Васілёк не змаглі стаць прафесійнымі літаратарамі, выйсці з былога, няхай сабе і высакароднага, але аматарства,— і ў гэтым іх трагедыя.

У Міхася была перашкода — яго ў сорак чацвёртым пакрыўдзілі незаслужаным арыштам. («Солтысы, солтысы стогнуць вакол на саломе, і з імі разам я...» — успамінаў ён потым.) А Засім — наадварот — быў у мясцовай славе, але і гэта не памагло.

Цяжка такое — перажыць свае магчымасці.

А ці ж усіх сярод нас можна назваць прафесійнымі?

* * *

Можа, таму, што мы пад'язджаем да Рыгі, ці таму, што новае апавяданне Рэдзінга пачынаецца з сабакі, а да таго ж і таму яшчэ, што я ў добрым, ледзь не творчым настроі,— словам, успомнілася з апошняга спаткання з Ватагам. У іх на з'ездзе. Пачуў, што незнаёмы мне муж знаёмай Д. памёр. «Як бы мне выказаць ёй спачуванне? Яе ж тут сёння няма...» А ён, зусім сур'ёзны чалавек, засмяяўся. «Ты што?» — «Спазніўся, друг,— яна ўжо зноў замужам. Трэці раз...»

У гэтым смешнае было не ўсё. Новы муж, яшчэ ў якасці жаніха, прыйшоў упершыню на яе багатую дачу і, ад паўнаты шчасця, хацеў паддобрыцца да — хутка ўжо да іхняга — сабакі. Прыгнуўся пагладзіць, а той — хап яго за нос!..

Усё-такі трэба выказаць спачуванне: новы муж у бальніцы, адразу.

...А мне ўсё чуецца яе колішні смех,— вясёлай трыццацігадовай,— смачны, залівісты смех. З той залатой восені шасцідзесятага года, з нашага беларуска-латышскага маладога падарожжа аўтобусам па Латгаліі...

* * *

Так, чацвёрты і пяты тамы трэба ўжо рабіць. Яшчэ раз падумаў пра гэта, пачуўшы па тэлефоне з Мінска пра смерць Якімовіча. З ім я бачыўся перад самым ад'ездам. Стары быў заклапочаны, нібы нават з крыўдай гаварыў мне, што дата ў яго 17 студзеня, а вечар у саюзе хочуць рабіць ажно 30-га... А памёр ён, відаць, 15-га, бо хавалі якраз у дзень ягонага 75-годдзя.

Успомнілася з удзячнасцю, як ён калісьці, адразу пасля вайны, добра сустрэў мае апавяданні для дзяцей, што мне было тады асабліва дорага,— Галоўліт вырашыў зусім не друкаваць мяне, і цягнулася такое каля года... «Прыгоды цюціка» так і не пайшлі ў «Бярозцы», экземпляр з праўкай Алеся Іванавіча захаваўся сумна-прыемнай памяткай. Пасля была мая праца ў яго выдавецкай рэдакцыі, адзін год, затым яго вельмі прыязнае выступленне пра мяне на ўсесаюзнай канферэнцыі па дзіцячай літаратуры, наогул наша прыязнае суіснаванне. Няхай сабе я і не надта высокай думкі і пра яго паэзію ды прозу, і пра складанне падручнікаў ды бясконцыя апрацоўкі народнага... Прыемны, свойскі чалавек, старэйшы таварыш, адзін з нямногіх, што ацалелі ў трыццатых гадах...

* * *

У санаторных «наркомаўскіх масах», як гаварыў калісьці Анатоль Астрэйка, весела ўспаміналі з сябрам дзядзьку ў Вільні: «А то ж паноў, о Божа мілы!» А сёння зноў вось падумаў: «Не дай мне Бог дажыць да гэткага трыбуха!..» Нібы куфар перад сабою нясе,— можна і ў карты на ім пагуляць, і саганы з бульбай ставіць, як на прыпеку. Як яны ўсе здорава гатовы, пазбаўлены свайго, таўкуцца тут абязлічаным гуртам рознамаштабных столаначальнікаў. Нават яшчэ і тлуста пасмейваюцца з нейкага там беларускага пісьменніка ці журналіста, як мой вясёлы ды разумны сябар.

* * *

Бондараў, з якога хлынула нікім не атрымліваемая пустата (польскае próżność, рускае тщеславие), які ў кожным сваім «мгновении» бачыць эмбрыён цэлых раманаў, які свайму былому, прыязнаму і талковаму рэдактару сказаў, што цяпер ён «в редакторе не нуждается».

Ганчар, па слабенькае апавяданне якога («Дружба народов», № І, 1979) спецыяльна ездзілі ў Кіеў...

Быкаў, які ў «Правде» піша (рукою Новікава), што многа ў яго працы як у дэпутата...

Такое робіцца са здольнымі. А шэрасць, што не проста шэрасць, пра якую неаднойчы гаварыў Шолахаў, але шэрасць у кіраўніцтве ўсёй літаратурнай справай — шэрасць з многатом'ем «збораў», з дынастычным прапіханнем у літаратуру сваіх дзяцей.

25
{"b":"598985","o":1}