Литмир - Электронная Библиотека

Печкуры

Баба запальвала керагаз i ставiла на яго патэльню. Па чорным сподзе патэльнi з патрэскваннем разбягаўся скрылiк масла. Печкуры выкочвалiся ў муцэ, клалiся ў шапатлiвыя алейныя карункi i залацелi проста на вачах. Печкуроў усяго тры. «Галоўнае — ты iх сам злавiў», — казала баба. Праз бабiна «сам» пачынала праступаць мая самасць, маё сапраўднае «я». Галоўнае — не смажаныя печкуры, чорная патэльня, блакiтны агонь i сiнi керагаз... Галоўнае — «сам». У большасцi людзей сваё «я» з’яўляецца праз люстэрка. Вось ён — адбiтак мяне, вось i я сам. Да мяне самасць прыйшла праз рыбалку, смажанне i паяданне залатых печкуроў з чорным хлебам.

Ведзьмакi

Баба Броня казала, каб не даваў рукi старым людзям, як яны маюць памiраць. Тлумачыла тым, што чортава сiла не дае лёгкай смерцi, а праз руку можна гэтую сiлу перадаць iншаму чалавеку. Жанчыне лягчэй перадаваць хлопцу, а мужчыну лягчэй, калi руку падасць дзяўчына. Баба Броня, калi тое расказвала, сядзела на ложку, а я тым часам, седзячы за сталом, маляваў чырвоныя дзверы дзедавай хаты. Праходзiць, можа, хвiлiнаў пяць, i я забываю пра бабiны словы. А яна раптам на ўсю хату: «Прасiць будуць — а ты не давай рукi!» Так i запомнiлася папярэджанне.

Палiтыка

У вёску да бабы Бронi я прывёз паказаць свае вершы з фотаздымкам, надрукаваныя ў часопiсе «Маладосць». «Вось i ты, як i твой бацька Чэсь, пачаў займацца вершыкамi. А я й яму казала, i табе скажу... Кепскi занятак — палiтыка. Палiтыкаваць не трэба. Не палiтыкуй, Валодзя. Уся палiтыка канчаецца аднолькава — давядзецца ўцякаць у Польшчу цi куды далей. Мой брат, Ян Шайбак, таксама палiтыкаваў, а цяпер каля мора ў Польшчы жыве i сюды прыехаць не можа...»

ДЗЕД

Аддаленасць

Углядаюся ў мiнулае. Яно расплываецца, як акварэль на вiльготнай паперы. Вобраз дзеда зусiм далёкi, як сон; нiбыта ён, мой дзед Валодзя, i не меў той вызначальнай ролi ў маiм станаўленнi, якую насамрэч меў. Заўсёды, калi жыццё пераломлiвалася, страчвала каштоўнасць, а жах i паняверка авалодвалi маёй душой, згадваўся дзед, ягонае простае сялянскае жыццё. Я казаў сабе: калi твае творчыя i палiтычныя iлюзii рассыплюцца, калi грошы скончацца, калi сябры знiкнуць, ты вернешся ў вёску Варакомшчына, будзеш пасвiць каровы i ў полi пад высокiм небам пiсаць вершы. Менавiта вобраз дзеда Валодзi доўгi час даваў мне апiрышча. Зямля, поле, дарога, хата, карова, студня, рэчка, лес. Усё гэта — аснова, усё непарыўна было звязана з дзедам. Цяпер не так. Ён — успамiн. Мне цяжка пачуць ягоны голас. Даводзiцца доўга i напружана настройвацца, каб усё ж пачуць яго слова — слова, сказанае голасам дзеда Валодзi. Я яшчэ чую яго. Яшчэ чую...

Акварэль

На Неўскiм праспекце мама купiла мне акварэльныя фарбы. Яны называлiся «Ленiнградскiя». Набылi ладную скрыначку i яшчэ з дзесятак колераў, што прадавалiся ў маленькiх ванначках уроссып. Усю дарогу дадому, у Менск, я думаў пра акварэльныя малюнкi. Колькi розных сюжэтаў i кампазiцый з’яўлялася ў маiх марах!.. Безлiч! Эрмiтаж мяне ўразiў. А найбольш здзiвiў Шардэн. «На дзюбцы пэндзля ў яго не фарба, а само жыццё», — перад нацюрмортам Шардэна сказала мамiна сяброўка Кiра, мастацтвазнаўца з Эрмiтажу. «Само жыццё...» Найлепшымi фарбамi я мусiў намаляваць «жыццё». Пасля Зiмняга палаца, Ісакiеўскага сабора, вулiцы Растрэлi, сфiнксаў каля Акадэмii мастацтваў, бронзавых коннiкаў я намаляваў свайго дзеда Валодзю на ровары. Намаляваў вялiкае, крытае саломаю гумно i высачэзныя серабрыста-крохкiя таполi пад рэдзенька-шарым небам. Дзед быў у кепцы i клятчастай сiне-белай кашулi. Акварэль рабiлася доўга i старанна, але раcчаравала мяне так, што была падраная на дробныя шматкi i выкiнутая ў смеццеправод.

На «Вы»

Тата з братамi звярталiся да майго дзеда толькi на «Вы». Баба казала пра яго «наш бацька». Слова «бацька» нейкiм чынам засталося ў нашай сям’i за дзедам Уладзiмiрам. Бо да свайго бацькi мы казалi «тата», мама гаварыла «Чэсь», «мой Чэсь», мае дзецi звярталiся па-сталiчнаму: «Вячаслаў Уладзiмiравiч...» Мне вельмi падабалася да дзеда з бабай звяртацца на «Вы». Наогул, «ты» недалюблiваю, нейкае яно не зусiм нашае. Нiбыта ўсе свае, нiбыта блiзкiя, сяброўскiя, таварыскiя, а насамрэч «Вы» да свайго дзеда — правiльна, а калi так, то «Вы» i вернецца.

Хада

Адметнасць хады дзеда Уладзiмiра я заўважыў на фотаздымку, якi зрабiў тата ў Маскве. Па Чырвонай плошчы iшоў мой брат Мiрык. Вастраносыя чаравiкi, джынсы, усмешка, сабор Васiля Бажаволка. І раптам я згадаў здымак дзеда. Боты, клятчастая кашуля, кепка, крытае саломай гумно... Агульнае, падобнае? Хада. Унук i дзед аднолькава рухаюцца, аднолькава выкiдаюць нагу наперад, насок iдзе крышку ўбок, але не ў сярэдзiну, а вонкi. Такое ўражанне, што па Чырвонай плошчы iдзе малады дзед Валодзя, а па вясковым падворку крочыць стары Мiраслаў. І тата i я мелi такi самы крок, тую самую хаду. У мяне кепскi зрок, таму, каб пазнаць чалавека, я запамiнаю паставу, хаду, рух паставы. Для мяне вельмi важна, як чалавек iдзе, таму я лёгка пазнаю знаёмага ў натоўпе. Зрэшты, што ёсць жыццё? Чалавек выйшаў з дому i вярнуўся дамоў. Дзiўна iншае — дзед i ўнук iдуць з дому дамоў аднолькавай хадою.

10 сантыметраў

Тата быў вышэйшы за свайго бацьку на 10 сантыметраў. Для таты чамусьцi было важна, што ён вышэйшы. У дзяцiнстве тата казаў мне: «Я вышэйшы за твайго дзеда, ты павiнен вырасцi вышэйшым за мяне; калi дзед мае 163, я — 173, дык ты мусiш мець 183 сантыметры росту...» З развагаў пра рост толькi пачынаўся пералiк маiх будучых абавязкаў. Бо я мушу быць багацейшы за тату ў столькi разоў, у колькi ён багацейшы за дзеда. Мушу займець большую папулярнасць i стаць на больш высокую прыступку ў сацыяльнай iерархii грамадства... У вынiку я зразумеў, што задачы невыканальныя, што занятак майго дзеда — праца на зямлi — не менш значны за высокiя пасады i ўладныя рэгалii. Можа, з-за гэтага разумення мой рост толькi 180, а жаданне ўпiсвацца ў жорсткiя структуры дзяржаўнага кiраўнiцтва — мiзэрнае. Часам мне падаецца, што дзедавы каштоўнасцi — зямля, дождж, бараны, дом, сад, гарод, малако — больш вартасныя за каштоўнасцi бацькi: мова, Радзiма, кнiгi, лiтаратура... Пераўзысцi дзеда i бацьку я не збiраўся i не збiраюся. Для мяне ўсё ж найбольш каштоўным з’яўляецца iншае: не сама карова, а пасвенне каровы; не напiсаны раман, верш, твор, а магчымасць пiсаць. І яшчэ пра рост... Калi я цэлы дзень прабадзяюся па Барселоне, дык рост мой робiцца 176 сантыметраў. Правяраў, i не адзiн раз.

Кепка

Дзед любiў кепку. Ад маразоў да маразоў ён хадзiў у светлай у шары ранцiк кепцы з вялiкiм брылём. У хаце для дзедавай кепкi быў забiты ў сцяну адмысловы цвiк. Тата, як i дзед, усё жыццё прахадзiў у кепцы, а мне ўсё карцiць мяняць уборы: я то ў берэце, то ў капелюшы, то ў скураной кепачцы, то ў палатнянай, то ў вязанай шапцы. Такi вось я пераменлiвы, наогул не ўспрымаю галаўныя ўборы як свае; мне i валасы чым карацей падстрыжаныя, тым лепш пачуваюся. Толькi заўсёды хацелася мець у сваёй хаце адмыслова забiты ў сцяну цвiк для маёй кепкi. Пайду i ваб’ю.

Чытанне

Наш дзед Валодзя пачаў чытаць толькi ў 70 гадоў. Усё жыццё — цяжкая праца на зямлi i на чыгуначнай станцыi грузчыкам. Калi бальшавiкi забралi зямлю, а за iмi немцы спалiлi хату, выбiраючы памiж калгасам i станцыяй, дзед выбраў чыгунку, бо яна ўсiм уладам i рэжымам патрэбная. Работа на станцыi вызваляла ад войска.Дзед нiкому нiколi не даваў прысягi, ён адпрацаваў за траiх, а мо i за дзесяцярых мужыкоў са зброяю. Жыццё дзеда Уладзiмiра цалкам стваральнае. І толькi ў 70 гадоў яго з грузчыкаў перавялi ў вартаўнiкi. Пiльнуючы макулатуру, дзед панапрыносiў у хату старых падручнiкаў лiтаратуры i ўзяўся чытаць. Чытаў выключна прозу i абураўся на непраўдзiвасць, iлжывасць напiсанага пра вайну, пра вёску, пра Беларусь. Дзядзька Сава спрабаваў яго пераконваць у патрэбнасцi фантазii i мастацкасцi, на што дзед сурова адказваў, што выдуманае i звершаванае — у малiтоўнiках для жанчын, а мужчынскае мусiць быць пераканаўчае i праўдзiвае.

Манеты

У дзедавай хаце была стопка, дзе стаялi кубельцы з салам, бочкi са збожжам, вiселi мяхi з крупамi. Там панаваў заўсёдны халадок, i ў найспякотныя днi я спаў у стопцы. Яшчэ тамака стаяла скрынка з цвiкамi, памiж якiмi пракiдалiся i манеткi знiклых дзяржаваў: капейкi Расейскай iмперыi з двухгаловым арлом, злотыя часоў Пiлсудскага, пфенiгi Трэцяга рэйху, састарэлыя медзякi СССР. Дзед трымаў манеты з цвiкамi, каб, прыбiваючы якую бляху цi толь, рабiць у цвiка шырэйшую плешку. Я быў выпрасiў у дзеда тыя манеты, а потым, сам не ведаю чаму, ссыпаў назад у цвiкi, i не шкадую.

15
{"b":"598166","o":1}