Литмир - Электронная Библиотека

Школа

Мая асабiстая нялюбасць да школы перарасла ў нелюбоў да Ядзiнай школы ды i да школы ўвогуле. У Ядзiнай школе я быў усяго два разы. Першы раз я прывёў яе, упрыгожаную белымi бантамi, у першы клас, а другi раз занёс дырэктару заяву, каб дачку вызвалiлi ад працоўнай практыкi ў калгасе, бо мы ехалi на Балтыйскае мора адпачываць. І ўсё. За адзiнаццаць гадоў два разы. Вучылася Ядзя добра, паводзiла сябе прыстойна, на бацькоўскiя сходы хадзiла баба Жэня. Школу мы перажылi лёгка.

Кашалёк

Вось яна дарослая, дарослая... А надзявае на руку кашалёчак у выглядзе чорнага каня з белым хвастом i грываю, засоўвае яму ў жывот свой пэйджар, круцiць цацку перад вачыма, любуецца лупатымi шклянымi вочкамi свайго ўлюбёнца... Дзiця яна, мая Ядзя.

Грошы

Каму нiколi не шкадую грошай, дык Ядзi. Даю рублi i даляры нiбыта сам сабе. І не проста сабе на штодзённыя патрэбы, а сабе на святы i падарункi. Ядзi шмат чаго трэба... Урокi вакалу, ровар, набор гелевых ручак, джынсы, глiцэрынавае мыла, парфума, начная дыскатэка, карткi на Інтэрнэт... Але яна не злоўжывае маёй грошадайнасцю. З дзяцiнства ў яе ёсць дарослы разлiк, жыццёвая мудрасць, якой нi ў мяне, нi ў жонкi няма.

Кнiжны кiрмаш

Па суботах мы любiм хадзiць па кнiжкi. «Ты сёння iдзеш?» — «Іду». — «І я з табой». Мы праходзiм памiж сталоў, застаўленых кнiгамi, часопiсамi, касетамi i сiдзiромамi. Ядзя заглыбляецца ў контркультуру... Томпсан. Наркаманы. Байцоўскi клуб. Ярафееў. Бероўз... А яшчэ блiскучыя часопiсы... GEO, HAIR’S HOW... Купляю ёй Бероўза, каб пагаварыць пра наркаманiю i растлумачыць, што Бероўз не наркот, бо наркоты не жывуць па восемдзесят гадоў i не пiшуць разумных i паэтычных кнiжак пра лiрыку сноў. Выхаваўчы момант? А як без яго?

Адказнасць

Можа, каму i не трэба мець чалавека, перад якiм можа быць сорамна, меркаванне якога вельмi значнае, чые думкi i адзнакi важныя... Зазвычай гэта настаўнiкi, святары, начальнiкi цi Бог у яго шматаблiчных праявах. У мяне ж iерархiя будуецца i будавалася крыху iнакш. Думка таты значыла для мяне больш, чым развагi ўсiх начальнiкаў разам узятых. Развагi мамы былi дый застаюцца больш каштоўнымi за дыдактыку настаўнiкаў. А кожнае значнае рашэнне я прымаю, параiўшыся з братам i ацанiўшы яго вачыма дачкi. Гэта погляд не зусiм цяперашняй Ядзi, а Ядзi праз дзесяць гадоў. Ну не хачу я, каб ёй было сорамна за татавы ўчынкi нi праз дзесяць, нi праз дваццаць, нi праз пяцьдзесят... А турбаваць Найвышэйшыя сiлы па рознай чалавечай драбязе не лiчу патрэбным. Дачкi тут больш чым дастаткова.

Вакал

Ядзя ў кансерваторыi бярэ ўрокi вакальнага майстэрства. Выкладчыца яшчэ пасля iспыту безапеляцыйна вынесла прысуд: голасу няма, але ёсць жаданне, смеласць i слых, а таму яна будзе займацца з Ядзяю. Не аднойчы i на маiх мастакоўскiх i паэтычных здольнасцях ставiлi крыж. Але ў кожным крыжыку можна ўбачыць плюсiк. Калi захацець, калi мець характар. Колькi таго характару было трэба, каб прымусiць дачку скончыць музычную школу! І слёзы, i капрызы, i лаянкi са знявагамi — усё мiнула. Школу музычную Ядзя скончыла выдатна. Цяпер неiстотныя нi сваркi тыя, нi пяцёркi. Істотна — для каго яна будзе спяваць. Бо вершы i песнi не зусiм належаць аўтару, у большай ступенi яны належаць тым, дзеля каго пiшуцца. Як ёй гэта растлумачыць? І цi можна вытлумачыць любоў? Пэўна, не. А без гэтага застануцца толькi пяцёркi i грошы, i мне будзе сумна.

Холад

Чаму самыя цёплыя ўспамiны пра Ядзiна дзяцiнства ў мяне асацыююцца з холадам? Мусiць, таму, што нарадзiлася Ядзя напярэдаднi зiмы, i ўсе хваляваннi — каб жа толькi не застудзiлася, не замерзла, не захварэла... І робiцца цёпла ад успамiну, як я з ёю на руках уздымаюся ў пусты намёрзлы тралейбус, дзе ўсе шыбы пазарасталi крышталёвымi кветкамi лёду. Як сядаю на рыпучае крэсла каля вадзiцельскай кабiны i трасу бразготкаю перад яе соннымi вачыма. Не спi, нам весела, мы едзем дадому, там твой цёплы ложак...

Неадпаведнасць

У Рымiнi Ядзя пазнаёмiлася з нейкай Анжэлаю Боска, семнаццацiгадовай дзяўчынаю з Мiлана. Яны разам хадзiлi купацца ў гатэльны басейн. Мяне вельмi выратоўвала гэтае сяброўства, бо нумар у мяне быў хоць i вялiкi, але ж аднапакаёвы. Заставацца з жонкаю можна было толькi, калi Ядзя купалася з Лесавiчкаю, так я пераназваў Анжэлу, бо Боска па-iтальянску — «лес». Сяброўства тое скончылася раптоўна. У басейн завiталi хлопцы, пазнаёмiлiся з нашымi дзяўчатамi i не прамiнулi ўдакладнiць узрост Ядзi i Анжэлы. А калi даведалiся, што адной толькi дванаццаць, перасталi з ёй гуляць. Больш за ўсiх здзiвiлася Боска. Яна нават пакрыўдзiлася, быццам Ядзя яе падманвала. Ну хто вiнаваты, што ўсе iтальянкi каратканогiя i меншыя за беларусак? Чаго крыўдаваць? Добра, што здарылася тое напрыканцы адпачынку.

Імя

Як назваць дачку? Такое пытанне я вырашыў для сябе яшчэ ў юнацтве, яшчэ да знаёмства з Аленаю. Мне хацелася ўзнавiць у гэтым свеце сваю любую бабу Ядзю. У гонар яе i назваў дачку. Выдатнае iмя для каралевы, тым больш што нашы каралевы яго i насiлi. Дачцэ яно таксама падабалася, толькi не ў памяншальна-вульгарным варыянце. І калi яе трохгадовую нейкi сусед-вiсус паклiкаў: «Ядзька, пайшлi гуляць!», яна зазлавала i паправiла: «Я — не Ядзька, я — Ядзенька!» У сям’i ўсе называлi яе толькi так.

Вось вам!

Аднойчы баба Нiна, як звычайна, прывезла з лецiшча сваёй унучцы шклянку сунiцаў. Замiлаванне выклiкае вiдовiшча, калi двухгадовае дзiця есць сунiцы. Перамыўшы ўсе ягады, баба насыпа@ла iх на талерку, давала ўнучцы срэбную лыжачку, i яны былi гатовыя да свайго штонядзельнага рытуалу. Тут у варэльню ўскочыла мацi Алена i выхапiла ў Ядзi з-пад рук талерачку з пачастункам. «Нельга! У яе жывот балiць! А вы тут з сырымi ягадамi!» Нешта падобнае з-за жончынага пляча казаў i я. Ядзя ўзняла над галавою лыжку i замест таго, каб заплакаць, з усяе моцы кiнула яе на падлогу i гучна крыкнула: «Вось вам!!!» Мы з жонкаю не чакалi такога злоснага крыку ў наш бок i ад нечаканасцi засмяялiся. Толькi тады Ядзенька заплакала.

Буду!

У кожнага дзiцяцi ёсць рэўнасць да асяроддзя. Напэўна, цяпер гэта рэўнасць да кампутара, якi адбiрае час бацькоў. Пра дакладнасць свайго меркавання я неўзабаве змагу сказаць, паназiраўшы за ўнукам. Што да дачкi, дык яна недалюблiвала тэлевiзар. Не каб з ёй пагуляць-пагаварыць — уся сям’я глядзiць у тэлескрыню! Таму скрыню трэба сапсаваць. Ядзя вырвала з тэлевiзара пульт кiравання. Гэта быў яшчэ тэлевiзар без вынаснога пульта, а з уманцiраваным у яго блокам. Зрабiла яна шкоду дэманстратыўна, ва ўсiх на вачах. Нiхто i думаць не думаў, што чатырохгадовая дзяўчынка такое ўтворыць. Давялося выклiкаць майстра, якi гадзiны дзве праваландаўся з дротамi, пакуль адрамантаваў i настроiў цацку для дарослых. Баба Нiна сказала Ядзi: «Бачыш, як цяжка аднавiць тое, што ты зламала. Дзядзька-майстар дзве гадзiны працаваў... Ты больш не будзеш гэтага рабiць?» — «Буду!» Гэтае «буду» i праз пятнаццаць гадоў вельмi цешыць маю маму. «У нашай дзяўчынкi ёсць характар, а гэта вельмi важна ў жыццi, i я спакойная за яе».

Прыгажосць

Цi прыгожая мая дачка? Не магу адказаць так, каб нехта iншы пачуў i зразумеў, бо прыгажосць чужых людзей мае складнiкi, яна нiбыта сканструяваная з асобных дэталяў, а дачка для мяне прыгожая ўся. Але ёсць моманты найбольшай лiрычнасцi i прыгажосцi. Гэта калi яна зусiм дзiця, i я гладжу яе перад сном па галоўцы, нiбыта адганяю цяжкiя думкi i страшныя сны. Яна вось-вось засне, на развiтанне яна ўсмiхаецца, пазяхае, замiрае, спiць... Уся прыгожая.

Вершы

Неяк звялася традыцыя сямейных канцэртаў i вечарынаў, калi дзецi граюць на музычных iнструментах, спяваюць i чытаюць паэзiю для вузкага кола сяброў сям’i. Аднавiць традыцыю i зладзiць паэтычную вечарыну мы вырашылi ў Крыме, на дачы Максiмiлiяна Валошына ў Кактэбелi. На беразе мора ў белым дамку на дзве сям’i мы жылi разам з крытыкам Аненскiм. Ягоная ўнучка вывучыла i чытала Пушкiна. А Ядзя не менш традыцыйна i класiчна дэкламавала Багдановiча:

Процi цячэння вады
Зможа толькi жывое паплыць,
Хвалi ж ракi заўсягды
Тое цягнуць, што скончыла жыць.
3
{"b":"598166","o":1}