Литмир - Электронная Библиотека

Дзiўна, што яна ў апошнiм радку абмылiлася i працытавала яго з той памылкаю, якую непазбежна раблю чамусьцi i я:

...Цягнуць тое, што скончыла жыць.

Трэцiм выступоўцам быў сын жывапiсца Эсцiса. Пяцiгадовы хлопчык адбарабанiў на iўрыце вайсковую рэчоўку пра непераможнасць салдатаў Ізраiля. Вiдавочна, памылак ён не зрабiў. А чамусьцi прысаромлены бацька пачаў апраўдвацца i казаць, што гэтаму вершу сына навучылi ў дзiцячым садку. І мы ўсе разам пагадзiлiся з думкаю, што нельга аддаваць паэзiю ў рукi садкоў i садаў.

Ролiкавыя канькi

Жонка набыла для Ядзi ролiкавыя канькi. Выпатрабавала. Надта ўжо дачцэ хацелася. Модна. Каталася. Смяялася. Весялiлася. І — «вось вам»... Каля рэчкi скакала з прыступак. Упала. Няўдала. Зламала руку ў перадплеччы. Сябры i сяброўкi, што дзеразавалi разам, спалохалiся i паўцякалi. Скурчыўшыся, ледзь прытомная Ядзя праседзела на прыступках больш за гадзiну, пакуль нейкi чужы чалавек не патэлефанаваў жонцы i не расказаў пра няшчаснае здарэнне. Жонка завезла Ядзю ў больнiцу, дзе ёй увагналi ў косткi жалезныя пруткi i, паклаўшы на правы бок, зрабiлi расцяжку. На адным баку Ядзя праляжала ў ложку дваццаць тры днi. Схуднела, адны вочы блакiтныя засталiся. Выйшла з лякарнi, а праз якi месяц зноў на канькi стала: «Я асцярожна». Сэрца халадзее. А цяпер лётае на ровары i марыць пра вадзiцельскiя правы.

Дакумент

Атрымаў новы, чысцюткi, без штампаў памежных, без вiзаў замежных блiскучы сiне-залаты пашпарт. Дзень змарнаваў на чэргi, сваркi, тэлефонныя званкi сябрам, i ўсё ж маю рэч. Пашпарт для новага жыцця, з пасталелым тварам на фота i адсутнасцю дзяцей. Так. Дзяцей ў мяне больш няма: на думку дзяржавы, па перакананнях грамадства, паводле ўсiх дакументаў... Выраслi. Графы «дзецi да 16 гадоў» больш не запаўняю. Дробязь, фармальнасць, дэталька... А сумна. Дзецi? І сумеўся. Ёсць? Няма? Што адказаць? Ясней яснага, Ядзя ёсць. А трэба казаць «няма». Вось так.

ЖОНКА

Знаёмства

Мы знаёмiмся на танцах. Сутыкненне на танцульках. Хiповая маладосць, вясёлыя вечары. Палова Менска збiраецца на вечарынкi ў тэатральна-мастацкiм iнстытуце. Маю на ўвазе багемны Менск, а не горад правiнцыйных iдыётаў, бязрогага быдла, савецкiх чалавечкаў i парткамунiстаў. Дваццацiпалыя казлы скачуць у iншых месцах: «на карчах» — у парку iмя даўно забытых чалюскiнцаў, «на дошках» — на трактарным заводзе. Мана, што ў эсэсэсэрыi няма сацыяльнага падзелу. Ёсць! І добра. І выдатна. І цудоўна. Кожны ведаў, дзе яму пiць, гуляць i танчыць. Ну, i я — нервовы малады мастак — танцую ў сваiм iнстытуце, а вяртаюся ў майстэрню i бачу: мой шыракаполы капялюш вiсiць на мальберце, а не на пачапельнiку. «Якая скацiна чапала капялюш?» — «Я!» — смяецца мая будучая жонка Алена. Нахабнае, ганарыстае стварэнне. У зялёных вочках — выклiк. Каму? Мне? Усяму свету i святлу? Капелюшу? Хочацца ўзяць яе за скураную куртку i адарваць рукаво. Чаму не адрываю? З-за зялёных вочак, з-за выклiку свету i святлу? З-за кахання з першага позiрку? Пэўна ж. Інакш як растлумачыць, што памятаю знаёмства да розных дробязяў, кшталту нейкага там капелюша на мальберце? Далей банальна: вiно, наблiжэнне, прапановы. «Я намалюю Вас!» — «А я Вас сфа-та-гра-фу-ю!»

Фотавершы

Мы сустракаемся, малюемся, фатаграфуемся, цалуемся, рвём фотаздымкi, рэжам карцiны, пiшам манiфэсты: «Пераробiм!», «Зруйнуем!», «Адновiм!» Манiфэст, як афарызм, будуецца на парадоксах. Весела. Шумна. Аэрадынамiчна выглядаюць палёты здымкаў i малюнкаў, кiнутых з моста ў рэчку Свiслач. Вынаходзiм форму творчасцi: фотавершы — тэксты, напiсаныя на здымках, цi здымкi, аздобленыя вершамi. Робiм выставу ў iнстытуцкiм фае. Дэкан здымае. Кажа, што ў радку «лiст паляцеў» чуецца слова «палiцай». Ідыятычны крэтынiзм — асноўны стыль у паводзiнах дэканаў, рэктараў i прарэктараў усiх часоў, дзяржаваў i народаў. Прыхiльнiкаў у фотавершаў няшмат, але ёсць. Сябры, вядома... Фотавершаў робiм процьму. Яны — нiбыта лiсцiкi на дрэве нашага кахання. Я iх збiраю ў папкi. Яны i праз дваццаць гадоў у нас, у шафе кнiжнай, каля ложку.

Доўгi-доўгi дзень

Калi ты некага кахаеш, абавязкова надыходзiць доўгi-доўгi дзень. Знiкае ноч: ты не спiш, ты кладзешся спаць, але не можаш заснуць, устаеш i едзеш, iмчыш-ляцiш да яе. Яна гэтаксама не спiць. Вы сустракаецеся а пятай ранiцы, каля возера. Чаму каля возера? Каб многа неба, каб неба адбiвалася ў вадзе, а вада плыла ў небе. Каб усё ў свеце пераблыталася i перамяшалася. Ноч перамешваецца з днём, зямля — з небам, чорнае — з белым. Каб ты пацёк у яе, а яна — у цябе. Гэта i ёсць доўгi-доўгi дзень.

Вяселле

Мы жэнiмся. Вяселле не такое, як ва ўсiх. Мы распiсваемся ў вёсцы Пагост. Выдатнае месца, каб спраўляць вяселле. Могiлкi люблю я. Могiлкi любiць Алена. Сведак бракуе. Жанчына, якая афармляе шлюб, здзiўляецца. Дзе госцi? Дзе сведкi? Дзе бацькi? У Менску чакаюць. Вы праўда прыехалi на аўтобусе? Мы — бедныя, i прыязджаем i з’язджаем з мястэчка Пагост рэйсавым аўтобусам.

Альбом

Ёсць рэчы, якiя робiш без пэўнай мэты, цi дакладней — iмпульс, якi штурхае iх рабiць, тоiцца ў глыбiнях iнтуiцыi... Таму цяжка растлумачыць iншым, нашто я перабiраю дзiцячыя фотаздымкi Алены, зробленыя цесцем, i, адабраўшы больш выразныя, клею iх у альбом. Нi жонцы, нi цесцю той альбом не быў патрэбны. Яны не выказалi нiчога адмоўнага, але i ўхвалы былi толькi ветлiвыя, не больш. Ёсць i ёсць, каб не зрабiў, нiчога б не здарылася б i не змянiлася. Зрэшты, я не разлiчваю на iх захапленне. Мяне цiкавiць iншае... Што? Пра тое я даведаюся пазней, калi Ядзя пойдзе ў першы клас, сядзе за парту, i яе сфатаграфуюць з букваром. Дачка прынясе са школы здымак, я пакладу яго ў «жончын» альбом i ўбачу: Алена i Ядзя — адзiн чалавек, якi адначасна жыве ў двух узростах. Насуперак логiцы, рацыi, розуму i папярэднiм сваiм ведам я ў гэта паверу, гледзячы на падабенства фотапартрэтаў дачкi i жонкi, Алены i Ядзi.

Яе тата

У жонкi ёсць адзiн чалавек, якi любiць толькi яе i больш нiкога. Калi я гавару з iм, мне падаецца, што ён нiкога i не любiў за сваё доўгае жыццё, акрамя яе. За гэтае пачуццё, за гэтую адданасць i шчырасць Алена хоча аддзячыць i запiсацца мардвiнкаю, як бацька. Яны абое ганарацца сваёю прыналежнасцю да вугра-фiнаў. Усё фiнскае, эстонскае, вугорскае ў iх добрае апрыоры. Каб не мая цешча, у жончыным пашпарце стаяла б: «мардвiнка». Але цешча, мудрая жанчына, сказала, што, жывучы ў славянскiм свеце, трэба выбiраць славянскую нацыянальнасць. Прозвiшча Бяляеў, якое носiць сям’я, выдуманае для жыцця ў савецкай iмперыi. Сапраўднае прозвiшча цесьця — Ісаеў. Так мая жонка робiцца беларускай.

Шкадаваннi

Знайсцi слова для азначэння iнтымных i найiнтымнейшых стасункаў з жонкаю проста неабходна. Бо ўсе гэтыя «сэксы», «трахi», «гэблi», «маркiтоўкi», «любошчы», «каханнi» з «любовямi» — не сямейныя. У нас прыжылося «шкадаванне». Прыжылося, змянiўшы сэнс. З яго выпарылася прынiжанасць i жальба, яно напоўнiлася пяшчотаю, ласкавасцю, цеплынёю. Я шкадую жонку, яна шкадуе мяне, мае галаву, спiну, вочы... Мы жывем у шкадаваннях.

Вершы

Пiсаць вершы недасягальнай каханцы, адсылаць iх у лiстах, чакаць адказаў... Ну вядома, такога ў лiтаратуры безлiч. Дульсiнеi, Лауры, Анабэлi Лi... А каб жонцы пiсаць? Нашто? А таму, што ў Алены да мяне быў iншы муж. А таму, што ў Алены i пасля мяне можа быць iншы муж. Таму, што на Алену наплывае наркатычны сон, i жыццё страчвае вартасцi, каштоўнасцi i прывабнасцi. Яе жыццё крышыцца i рассыпаецца. Побыт яе прыгнятае. Прэснасць патрабуе кiслаты, вогненнасцi i вастрынi. Ёй балюча i нясцерпна, яна такая:

Жонка

У сне сустракаеш другога,
А ўдзень ты не помнiш яго.
Мяцеш i шаруеш падлогу,
Чакаючы мужа свайго.
Крухмалiш, прасуеш кашулi.
Дзiцяцi гатуеш абед,
Намыўшы да бляску каструлi, —
Вось так i трымаецца свет.
4
{"b":"598166","o":1}