Гiд правёў групу ў двор Мiрскага замка. Экскурсанты вышнуравалiся паўколам. Гiд пачаў дундзiць завучаны тэкст пра каштоўнасць старажытнага помнiка дойлiдства. Нават iнтанацыйная амплiтуда i акцэнтацыi ў гiдавым дундзеннi былi завучаныя. Адна з экскурсантак адышла ад групы i праз незачыненыя дзверы апынулася ў велiзарнай залi. Экскурсантка азiрнулася, а потым хуценька пашыбавала праз усю залю да цёмнага прагалу ў сцяне.
Замак стаяў на рэстаўрацыi, якая цягнулася больш за дзесяцiгоддзе, i па стану помнiка было вiдаць, што да заканчэння яшчэ далёка.
Праз прагал Экскурсантка трапiла ў невялiкi пакой без вокнаў, з яго — у доўгi калiдор, на якi выходзiла шмат дзвярэй. Тут яна спынiлася, нiбыта выбiрала, у якi бок лепш пайсцi. Выбар спынiўся на сходах у самым канцы калiдора. Засыпаныя друзам сходы вывелi на другi паверх, у прасторную залю з растрыбушаным камiнам. Па залi гулялi скразнякi — Экскурсантка знiзала плячыма, яе пачала бiць дрыготка. Раптам яна схапiлася за жывот i скурчылася, нiбыта лялька, зламаная напалам. Трымаючыся сцяны, Экскурсантка прасунулася з камiннае залi ў невялiчкi светлы пакой, дзе спешкам зрабiла тое, што называюць малой i вялiкай патрэбамi. Замест гiгiенiчных сурвэтак яна скарыстала навюткую насоўку. Экскурсантка таропка ўсцягнула майткi i калготкi, аправiла спаднiцу, зiрнула на зробленае, уздыхнула з палёгкаю i пакiнула светлы пакой. З кожным крокам да Экскурсанткi вяртаўся яе заўсёды ўпэўнены i разам з тым крышачку меланхалiчны выгляд.
Калi яна вярнулася да групы, гiд якраз скончыў дундзенне i нехта з прысутных наважыўся вымавiць нясцiплае пытанне:
— А дзе прыбiральня?
Гiд бадзёра паведамiў, што Мiрскi замак не адрапараваны i ў прыбiральню ўсе пойдуць на аўтастанцыi праз якiх паўгадзiны, бо экскурсiя працягваецца.
— Няўжо нельга патрываць? — спыталася Экскурсантка адразу ва ўсёй групы i фанабэрыста ўскiнула галаву.
XXXІX. ЧОРНАЯ ДАМА
Вяселле было сцiплае, бо жанiх гуляў сваё вяселле другi раз. Ладзiлi банкет у цеснай двухпакаёўцы, што мясцiлася ў дзевяцiпавярховiку на ўскрайку горада. Мужчын за сталом назбiралася ледзь не ўдвая больш, чымся жанчын. Таму самаму маладому хлопцу з кампанii давялося пазавiхацца перад тым, як ён апынуўся на вулiцы з сястрою нявесты. Яна была значна старэйшая за хлопца, але яе прыгажосць проста ўражвала. Чорная сукня пасавала да вялiкiх персiянскiх вачэй. Прыгажосць была д'ябальская. І таму канкрэтна сказаць, хто каго выбiраў на банкеце, цi ён яе, цi яна яго, немагчыма. Сам для сябе хлопец назваў жанчыну Чорная дама i не памылiўся, бо здарылася неспадзяванае...
Чорная дама прыняла запрашэнне "пакiнуць банкет" з радасцю, чым i здзiвiла хлопца. А калi ён пачаў цалаваць яе ў лiфце, дык адказала юрлiвай непасрэднасцю. На вулiцы хлопец сказаў, што ведае выдатнае месца, i павёў Чорную даму за сабою. Па дарозе ён расказаў паданне пра Барбару Радзiвiл, якую ў Нясвiжы называюць Чорная дама.
Паданне пра Чорную даму, якое расказаў малады чалавек:
Князёўна Барбара з Радзiвiлаў рана выйшла замуж, але рана i заўдавела, муж загiнуў на вайне. Маладая ўдава-князёўна засталася жыць у Вiльнi ў палацы нябожчыка-мужа. На той час у Вiльнi жыў княжыч Жыгiмонт, пляменнiк вялiкага князя. Ён убачыў Барбару i закахаўся. Разумная князёўна не была супраць таго, каб зрабiцца жонкаю будучага караля. Пачалiся патаемныя спатканнi.
Пра такiя сустрэчы шмат напiсалi Бакачыо i Наварская.
Аднойчы месячнай ноччу княжыч пералез праз высокую сцяну ў сад да сваёй любай i натрапiў на варту. Узняўся вэрхал. Усхапiлася чэлядзь...
Княжыч Жыгiмонт змушаны быў ажанiцца з князёўнай Барбараю. Звянчалi iх патаемна ў касцёле. Неўзабаве Жыгiмонт стаў-такi каралём. Але сойм не хацеў прызнаць за каралеву Барбару Радзiвiл. Толькi Жыгiмонт усё ж дамогся свайго, i ягоная жонка стала каралеваю. Аднак Барбара заставалася бяздзетнаю, нашчадка не было, а праз год яна раптоўна памерла. Гаварылi, што, нiбыта, каралеву атруцiлi. Караля вельмi засмуцiла смерць любай. І жанiцца другi раз ён адмовiўся, бо моцна кахаў сваю Барбару. Прыдворныя запрасiлi чарнакнiжнiка з Англii, каб ён выклiкаў дух каралеўны, якi загадаў бы каралю ажанiцца. І вось аднойчы ўночы ў залю, дзе сядзеў Жыгiмонт з гасцямi, увайшла дама, апранутая ва ўсё чорнае. Кароль кiнуўся да яе з крыкам: "Басенька, мая любая Басенька!" Ён схапiў яе за рукi, як стрэлiў Пярун, i Чорная дама знiкла.
Пасля дух Барбары ў выглядзе Чорнай дамы з'явiўся ў Нясвiжскiм замку. Казалi i такое, што, калi ўзыдзе месяц, апоўначы ў замку з'яўляецца Чорная дама. Яна нiбыта спрыяе закаханым i заступаецца за бяздзетных жанчын. А на каго Чорная дама зiрне, таму выпадае шчасце.
Выдатным месцам, куды хлопец прывёў сваю Чорную даму, быў ельнiк, што стаяў за кальцавой дарогай. Памiж ельнiкам i полем была нешырокая паласа, парослая высокай i мяккай травою. Так што можна было легчы i адчуць рамантычную вусцiшнасць. Напэўна, тое i адчувалi Чорная дама з маладым чалавекам пад месячным святлом. І раптам хлопец пачуў, што жанчына зусiм не ў жарт пракусiла яму нiжнюю губу. Але ён iмгненна забыўся на боль, бо быў заняты вызваленнем цяжкiх грудзей са станiкавага палону. Акрываўленымi вуснамi ён цалаваў шыю Чорнай дамы i адначасна спрабаваў сцягнуць калготкi з жаночых клубоў. Жанчына адказала рэзкiм супрацiўленнем i паведамiла, што ёй нельга... Малады чалавек пачаў гарачым шэптам угаворваць даму. Ён абяцаў, што не будзе глыбока заходзiць, што зробiць усё акуратна, а калi яна не згодная ў першую адтулiну, дык ён не супраць паспрабаваць i ў другую. Чорная дама пагадзiлася на варыянт з другой адтулiнай. Малады чалавек задаволiў сябе цалкам. А жанчына стомленым голасам сказала, што ёй не вельмi падабаецца генiтальны акт. Апраналася Чорная дама страшэнна павольна, i хлопец ужо збiраўся выказаць незадаволенасць, як здарылася неверагоднае...
Чорная дама хiстанулася, i з вабнай намацальнай жанчыны ўтварылася клубчастая аблачынка, што атрутна патыхнула сераю. Аблачынка хутка ўзнялася ў зорнае неба i растала. Малады чалавек разгублена азiраўся, нiбыта шукаў сведку. Але здзiўленне i разгубленасць яшчэ павялiчылiся, бо ён убачыў, што стаiць пасярод пусткi, заваленай будаўнiчым смеццем, што святочная адзежа парваная i ў гразi.
"Нельга столькi пiць, — падумаў хлопец, каб нейкiм чынам замацавацца ў рэальнасцi, i ўголас паўтарыў: — Нельга напiвацца на чужым вяселлi!"
ХL. ФРАНТАВІК
Яны пiлi ўтрох. Сядзелi за гастраномам на пластыкавых скрынях i разлiвалi па шклянках моцны "Агдам". Хлопцы адзначалi вяртанне Франтавiка. Той адслужыў паўтара года ў Афганiстане i вось вярнуўся цэлы i вясёлы. Чым не свята?!
— ...дваiх паклаў. Яны з нажамi, а я з пасам. — Франтавiк выхваляўся. — І паклаў...
Гаварыў ён падоўгу з гонарам i амбiтнасцю. Ягоныя сабутэльнiкi не служылi ў войску, бо адзiн хадзiў у студэнтах, а другi, як перакананы хiпi, памiж войскам i вар'ятняй выбраў вар'ятню. Таму Франтавiк лiчыў, што абавязаны выхваляцца.
— І траiх магу пакласцi, — працягваў ён.
— Канчай залiваць, — студэнт перапынiў афганскага героя.
— Што ты там вякнуў, шчанюк? — Франтавiковы вочы заблiшчалi дурным агнём.
— Не трэба, хлопцы, — вяла азваўся хiпi.
— Вы ўдвох, а я адзiн! — Франтавiк устаў са скрынi i выцягнуў з нагавiцаў пас.
— Я не буду, i вам не трэба, лепш выпiце вiна, — хiпi са шкадаваннем зiрнуў на студэнта.
Той устаў. Франтавiк узняў складзены ўдвая i нацягнуты памiж чырвоных салдацкiх кулакоў скураны пас. Студэнт стаяў да яго бокам, таму Франтавiк не бачыў, як быў расцiснуты ў пальцах цыгарэтны недапалак.
— Нападай! — закамандаваў Франтавiк.
Хiпi глядзеў у шклянку з вiном.
— Конiк! Чакай, зараз конiка злаўлю, — студэнт нахiлiўся да травы i ўзняў сцiснуты кулак.
— Злавiў? — пацiкавiўся хiпi i папрасiў адпусцiць жамярыну.