Литмир - Электронная Библиотека

— Выразнасць! — Масавiк ударыў даланёю па мяккiм крэсле.

Акторы разбеглiся ў розныя куткi сцэны.

— А каб ты астыў, ты! — з натуральнай злосцю атрымалася ў акторкi, бо яна кахала Масавiка.

— А каб тваю труну зямля выкiнула! — з расейскiм акцэнтам крыкнуў актор, бо ён толькi першы год iграў у беларускiм тэатры i калi хваляваўся, дык быў не здатны сачыць за вымаўленнем.

— Жорстка трэба, жорстка i без акцэнту. У нас нацыянальны тэатр, — зазлаваў Масавiк.

— Ты, кiж-лун, — саркастычна кiнула акторка.

— А ты гла-ма-зда! — адсек актор.

Яны склалi фiгуры з пальцаў.

— Нюхай!

— Цалуй!

— Бэ-э-э, — яна свiдравала пальцам скронь.

— Э-э-э, — ён вывалiў язык.

Потым ён ускiнуў кулак i рушыў на яе. Яна зазванiла зубамi.

— Стоп! Стоп! Стоп! — замахаў рукамi Масавiк.

Акторы павярнулiся да яго i ў адзiн голас сказалi: "Кадук!"

Масавiк знiякавеў.

— Ты мая далiгойла, — магнiтафонным голасам сказаў актор i шырока раскiнуў рукi.

— Ты мой абiзгал, — акторка стала на дыбачкi i выструнiлася.

І ў гэты момант, з-за недагляду рабочых сцэны, апусцiлася заслона.

VIII. МАЛЫ ЧАЛАВЕК

Афармiцель быў у гуморы. Ранiцай ён атрымаў ганарар за афорты да зборнiка паданняў. Удзень вярнуў пазыкi, а ўвечары гуляў па праспекце — спадзяваўся сустрэць знаёмага i адзначыць падзею. Ганарар, як-нiяк. Вядома, можна было затэлефанаваць цi зайсцi да сяброў, але тады страчвалася шчаслiвая доўгачаканасць, у якую верыў афармiцель. Ён начытаўся паданняў i быў упэўнены, што лесуны, дамавiкi i русалкi павiнны яму аддзячыць за свае партрэты ў тоўстым зборнiку.

Афармiцель праходзiў каля рэстарана, калi пачуў тонкi голас:

— Ідзi ў рэстаран.

Афармiцель азiрнуўся, але нiкога не заўважыў i пайшоў паўз рэстаранны партал.

— Вярнiся i зайдзi ў рэстаран, — загадаў тонкi голас.

Афармiцель глянуў пад ногi i ўбачыў Малога чалавека, што стаяў на тратуары. Малы чалавек быў велiчынёю з сярэдняга ката, калi таго паставiць на заднiя лапы. На iм быў спартовы строй, а за плячыма — рэчмяшок. Падабенства з катом надавалi вусы i вочы бутэлечнага колеру.

— Я Малы чалавек, — ён падмiргнуў кацiным вокам. — Мне даручылi арганiзаваць свята ўдзячнасцi. Звычайна я гэткiм часам бегаю, займаюся марафонам дзеля задавальнення, а не дзеля рэкордаў, як людзi. Але, калi трэба дапамагчы зрабiць гэты вечар святочным, дык дапаможам. Ідзi ў рэстаран.

Афармiцель не стаў спрачацца, шчаслiвая доўгачаканасць здарылася, i цяпер можна выпiць за яе.

— Хо-о, каго мы бачым! Няўжо генii ходзяць у рэстарацыi? — да афармiцеля праз усю залу крычаў былы аднакурснiк. — Давай да нас! Штрафную яму!

Афармiцель прайшоў да стала. Застолле было на добрым падпiтку, але з'яўленне новага кампаньёна ўспрыняло з насцярогаю. Хто iх ведае, гэтых цвярозых?

— Да дна! І закускi, — шумеў аднакурснiк. — Дзень варэння ў мяне, чацвёрты дзясятак размяняў. Гуляю, як магу. Паглядзi, якiя жанчыны.

Тыя апусцiлi вочы.

"Няблага атрымлiваецца ў Малога чалавека, — падумаў афармiцель. — Праўда, жанчыны маглi б быць i маладзейшыя, бо пасля другой чаркi я сябе адчую лiшнiм".

— За твае трыццаць гадоў, — афармiцель падняў поўную, як вока, чарку.

— За мяне тут пiлi-перапiлi. Прапаную выпiць за генiя, якi не грэбуе нашым сталом, а потым патанчыць.

Мужчыны выпiлi, жанчыны зрабiлi па глытку i пайшлi танчыць, афармiцель застаўся адзiн. Аркестр iграў без напругi.

Праз хвiлiну афармiцель курыў на ганку.

— Як? — спытаўся Малы чалавек.

Афармiцель глянуў на неба.

— Ідзi да рэчкi, там будзе лодка — пераедзеш на другi бераг. Тут два крокi да рэчкi, а там два крокi да гатэля. У гатэлi лепш, там бар i рэстаран.

Афармiцель праз сквер спусцiўся да Свiслачы. Каля берага стаяў човен. Побач па пояс у вадзе стаяў чалавек i намыльваў галаву. Ён паклаў мыла ў човен i сказаў да афармiцеля:

— Сто гадоў не купаўся, а тут узяў човен напракат i не вытрымаў. Вось як, а вада цёплая-цёплая, нiбыта ў дзяцiнстве.

Ён зайшоў у ваду па грудзi i нырнуў. Вынырнуў ён далёка, афармiцель засумняваўся, што гэты чалавек сто гадоў не плаваў. І мыла ў яго адкуль?

— А мыла ўзяў у рэстараннай прыбiральнi, — крыкнуў чалавек з сярэдзiны Свiслачы. — Сто гадоў не краў, а тут не вытрымаў.

"Колькi ж ты жывеш на зямлi, калi апошнi раз купаўся ажно сто гадоў таму?" — падумаў афармiцель. Ён спадзяваўся пачуць адказ, але чалавек выйшаў з вады i загаварыў пра iншае:

— Заўсёды, заўсёды так — спачатку адно захочацца, потым другое, потым трэцяе, i нi канца нi краю... У мяне так. А ў цябе?

— На другi бераг хачу пераехаць.

— А як пераедзеш, што будзеш рабiць?

— Пайду ў рэстаран.

— Дык i на гэтым беразе ёсць рэстаран.

Афармiцель засумняваўся. Цi варта было казаць праўду гэтаму чалавеку (i цi чалавек гэта?), якi сто гадоў не краў мыла ў рэстаранных прыбiральнях?

— Захацелася ў другi рэстаран.

— Вось i кажу, спачатку ў адзiн, потым у другi, i нi канца нi краю... Сядай.

Яны пераехалi на другi бераг хутка.

— Дзякуй, — сказаў афармiцель.

— Няма за што. Сто гадоў не даваў нырца, а тут, — адказаў чалавек i нырнуў з чоўна ў Свiслач.

"Вольных месц няма! Выбачайце", — паведамляла лямпавая шыльда.

"Прыплылi", — расчараваўся афармiцель.

— Тут твой аднакласнiк у рэстаранным гурце на сола-гiтары грае, — суцешыў расчараванага Малы чалавек i назваў iмя разам з тэлефонным нумарам.

— Хто? — здзiвiўся гiтарыст, калi пачуў голас i прозвiшча афармiцеля.

Той паўтарыў.

— А? Не чакаў, прабач. Зараз iду.

Гiтарыст правёў афармiцеля ў залу i пасадзiў за маленькi столiк на два месцы, каля самай эстрады.

— Прабач, мне трэба граць. Блюз любiш?

— Люблю.

— Мы табе зараз сыграем сапраўдны блюз.

Блюз быў выдатны. У адрозненне ад папярэдняга рэстарана, тут iгралi прафесiйна, з густам i сваё, як пазней растлумачыў афармiцелю гiтарыст.

Афармiцель заказаў каньяк. Пiтво было духмянае, афiцыянт ненавязлiвы, музыка... Карацей, усё было такое, як i павiнна быць.

Публiка танчыла. Афармiцель пашукаў вачыма, каго б запрасiць на павольны танец, i не знайшоў. Рэстаран быў дарагi, i, адпаведна, публiка мела як мiнiмум па трыццаць рублёў i гадоў на кожнага.

— У бар схадзi, там знойдзеш, — параiў у перапынку памiж кампазiцыямi гiтарыст.

У бары працавалi кандыцыянеры i дазвалялася курыць. Афармiцель замовiў каву з каньяком i сеў за столiк. Наведнiкаў было мала, i ён адразу знайшоў тое, дзеля чаго прыйшоў у бар.

Яна сядзела за столiкам адна i пiла праз саломiнку трунак.

Афармiцель папрасiў дазволу сесцi побач. Ён пачаставаў яе каваю з каньяком, а потым яны пайшлi ў рэстаран i доўга танчылi.

Яна была немка i зусiм не ведала нашай мовы.

Калi афармiцелю надакучыла танчыць, ён прапанаваў яшчэ выпiць, яна згодна кiўнула.

Афармiцель падышоў да гiтарыста, якi пераносiў апаратуру ды iнструменты з эстрады ў кладоўку, i папрасiў, каб той дастаў дзве пляшкi сухога вiна.

Гiтарыст пайшоў да афiцыянта i ўзяў дзве пляшкi кабернэ. Калi афармiцель вярнуўся да столiка, за якiм пакiнуў немку, яе там не было. Яна падумала, што ён з ёй развiтаўся, i пайшла да сябе ў нумар. Афармiцель не ведаў, як яе зваць, i не ведаў, у якiм нумары яе шукаць. Заставалася вярнуцца да гiтарыста.

Яны загарнулi пляшкi ў плакаты i разам выйшлi з гатэля. Афармiцель i гiтарыст iшлi з яркiмi рулонамi ўздоўж рэчкi. Афармiцель прапанаваў адкаркаваць пляшку. Яны выпiлi яе на беразе Свiслачы. Афармiцель прапанаваў адкаркаваць i другую пляшку кабернэ, гiтарыст адмовiўся. Яны пайшлi да праспекта, дзе i развiталiся.

Афармiцель стаяў на прыпынку, калi да яго падбег Малы чалавек:

— Як пагуляў?

Афармiцель схiлiў голаў набок i нiчога не сказаў.

— Яшчэ не вечар. Ідзi дамоў пешкi спачатку па праспекце, а потым праз сквер на бульвар, не пашкадуеш. Толькi зрабi адну фармальнасць. — Малы чалавек дастаў з рэчмяшка бланк i ручку. — Напiшы тут: "Малы чалавек сваё заданне выканаў". Яшчэ пастаў дату i роспiс. Разумееш, паўсюль бухгалтэрыi i начальнiкi, iерархiя i адпаведная залежнасць.

3
{"b":"598165","o":1}