— Скажыце, а ў Гомелi ўсiм супрацоўнiкам рэстарацый выдаюць ангельскiя гарнiтуры цi толькi тым, што крадуць мяса?
Рабаўнiк зазлаваў, але выгляду не падаў:
— Прабачце за нясцiпласць, але на мне фiнскi гарнiтур, а не ангельскi. Мяса я, на жаль, не магу красцi, бо яно размяркоўваецца памiж кухарамi. Я краду, даруй мне Божа, толькi каньяк, i калi вы не супраць, дык у гатэлi "Расея" ў мяне засталася апошняя крадзеная бутэлька, якую можна выпiць за джазмена.
— А яшчэ аднаго аматара джаза з Гомеля ў вас няма? — спыталася пiянiстка ў чырвонай сукнi.
— З сабой няма, ён застаўся распрацоўваць тэму "Радыеактыўны блюз".
— Тады паехалi ў "Расею". Удзвюх мы як-небудзь з вамi справiмся.
"Паглядзiм", — падумаў помслiвы Рабаўнiк.
Досыць доўгае стаянне на таксовым прыпынку дазволiла яму перайграць сiтуацыю, i ў вынiку трыо аматараў джаза апынулася ў рэстарацыi "Прага". Пасля выпiтага каньяку пiянiсткi ледзь не ўгаварылi Рабаўнiка выйсцi на эстраду, пазычыць саксафон i сыграць "Радыеактыўны блюз".
— Калi будзеце так даставаць, дык я прадам свой фiнскi пiнжак, але ўгавару лабухаў iграць тры разы запар "Сабачы вальс", i ад канцэрта чорнага Бога не застанецца нi знаку, нi следу.
"Сабачы вальс" пiянiсткi слухаць не захацелi, затое пагадзiлiся ўзяць на вынас каньяк i шампанскае ды пагуляць па начной Маскве. Прагулянка, як i разлiчваў Рабаўнiк, скончылася танцамi на кватэры ў адной з пiянiстак. Танцавалi дзяўчаты выдатна.
"Трынаццаць гадоў адзаймайся музыкай, i пачуццё рытму выпрацуецца, хочаш ты таго цi не хочаш", — зазначыў для сябе Рабаўнiк.
Незаўважна для дзяўчат ён растоўк на кухнi дзве пiгулькi сонных лекаў i высыпаў у келiх пiянiсткi, што была ў чырвонай сукнi. Тая выпiла разам з усiмi за чорнага Бога i нават не заўважыла, што смак напою змянiўся. Рабаўнiк запрасiў яе на доўгi павольны танец.
— Спа-а-аць, — пiянiстка пазяхнула.
— Пайшлi, я правяду, — ён пацягнуў яе за руку.
— Не трэба, я сама, — сказала яна, але паслухмяна пайшла за Рабаўнiком у спачывальню.
— Рабi што заўгодна, толькi хутчэй. Я проста памiраю, так хачу спаць.
Па ўсiм Рабаўнiк зазначыў, што пачуццё рытму ў пiянiсткi не знiкае нават пасля каньяку, шампанскага i сонных лекаў.
Другая пiянiстка цiхамiрна спала, седзячы ў глыбокiм фатэлi.
Рабаўнiк падрыхтаваў на кухнi новы келiх з каньяком i сонным. План у яго быў даволi просты, але, каб здзейснiць, давялося аднаўляць сваю мужчынскую здатнасць з дапамогаю самага звычайнага масiравання. Калi чэлес меў станоўчы выгляд, Рабаўнiк пабудзiў пiянiстку, што заснула ў фатэлi. Яны нават не клалiся на кiлiм, Рабаўнiк здзяйсняў свой план, укленчыўшы каля фатэля.
Па ўсiм пiянiстка засталася задаволеная. Рабаўнiк прапанаваў выпiць, i яна праглынула сонны напой. Ён не пашкадаваў пяшчоты, каб дзяўчына хутчэй заснула.
Рабаўнiк запэўнiўся, што пiянiсткi спяць, прыняў душ, памыў посуд, старанна працёр усе паверхнi, дзе маглi застацца адбiткi ягоных музычных пальцаў, i пачаў педантычнае, але хуткае абследаванне кватэры. Ён пакiнуў абрабаванае жытло толькi тады, калi ў кiшэнях фiнскага гарнiтура ляжала каштоўнасцяў тысяч на дваццаць пяць. У гатэль "Расея" Рабаўнiк не паехаў, бо спынiўся ён у гатэлi "Украiна". Адтуль, вядома ж, разлiчыўшыся, ён даехаў на таксоўцы ў аэрапорт i праз колькi гадзiн быў у родным Мiнску.
Праз месяц Рабаўнiк даволi выгодна прадаў саксафон i калекцыю фiрмовых кружэлак, бо канчаткова пераканаўся, што з-за хобi — любовi да джаза — можна атрымаць дысквалiфiкацыю ў сваёй асноўнай гульнi — кватэрных рабаваннях.
Рабаўнiк клаў у кiшэню грошы за iнструмент, i яму падумалася, што Бог усё ж больш падобны да белабародага дзеда, чымся да потнага амерыканскага негра з трубою.
XXІІІ. МАНЕКЕНШЧЫЦА
— Ну, не плач, не плач, — сяброўка суцяшала Манекеншчыцу. Тая размазвала хустачкай сапсаваны слязьмi макiяж i нiяк не магла супакоiцца.
— Я ж думала, што ён сапраўды мяне любiць. А ён...
— Гад ён, — уставiла сяброўка.
— Ён не гад, ён добры... А сягоння, я нават не ведаю, што на яго найшло. Я з падарункам... У яго — дзень нараджэння. Я прынесла шалiк доўгi белы шаўковы... Ведаеш, як прыгожа глядзяцца на высокiх мужчынах доўгiя шалiкi? Уяўляеш, у яго ёсць чорнае палiто, вось да яго i купляўся гэты шалiк. Проста вымольвала ў Доме мадэляў, ледзь не ўкленчыла. Мне ж так хацелася, каб у Мiколенькi быў такi падарунак, каб яму было прыемна... А ён выгнаў мяне i шалiк кiнуў у твар. Ненавiджу яго!
— Шалiк? — здзiвiлася сяброўка.
— Пры чым тут шалiк? Яго хто нi навяжа, адразу робiцца падобны да гомасексуалiста. Мiколеньку я ненавiджу. Ён мне ўсё жыццё перакруцiў, каб яго самога ў пятлю скруцiла. У мяне быў муж, памятаеш? Абы-што, але муж. З-за Мiколенькi мы развялiся. Ну, ды Бог з iм. Потым мне падалося, што Мiколенька — нiкчэмнасць, сквапны дробны хлус. Я папрасiла пазычыць мне 200 рублёў, а ён апусцiў вочкi i сказаў, што ў яго iх няма. Як жа ж, няма! Я i завяла сабе немца. Памятаеш, таго тоўстага iнжынера? Выдатны быў немец. І якая ж я была дурнiца, калi з-за Мiколенькi пакiнула iнжынера з маркамi. Я паверыла ў словы пра каханне, iдыётка. А сягоння прыйшла з падарункам, бо Мiколенька паабяцаў нарэшце пазнаёмiць мяне са сваiмi бацькамi. А замест бацькоў ён мне паказаў часопiс...
— Часопiс? — сяброўка здзiвiлася.
— Памятаеш вокладку: я аголеная трымаю ў руках кавалак паўпразрыстага шкла? Твару не вiдаць. А ўсё астатняе... Каму якая справа? Гэта ж мая праца, слушна? Чаму ўсiм зайздросна, што ў мяне прыгожае цела? І таму яго трэба хаваць у саўкоўскiх анучах?..
— Дый не павiнна ты хаваць сваё цела, — пераканана сказала непрыгожая сяброўка.
— А, можа, Мiколенька думае, што я была б супраць, каб i яму прапанавалi сфатаграфавацца на вокладку? Ды нi ў якiм разе, фатаграфуйся, колькi заўгодна... Толькi нiхто не прапануе. На твары ж не напiсана, што дзед пакiнуў паўмiльёна ў спадчыну? А Мiколенька ўпэўнены, што ўсё гэта вiдавочна, што, маючы грошы, можна здзекавацца з каго заўгодна. Ён упэўнены, што мне падабаецца займацца сексам у ягонай смярдзючай машыне. Ну, я разумею, была б сапраўдная машына, дзе можна было б легчы. А ў гэтай, калi ўвесь час пяткi каля вушэй, рукi невядома дзе, а рухацца зусiм немагчыма, бо цi што-небудзь разаб'еш, цi то сам падзярэшся аб якi-небудзь незакручаны вiнт. У Мiколенькi кватэра i дом за горадам... Але ж гэта для iншых, а для мяне — машына... Ты ведаеш, пра што я падумала?
— Не, — сказала сяброўка.
— Напэўна, у Мiколенькi ўсе астатнiя палюбоўнiцы такiя тоўстыя, што з iмi нельга займацца сексам у машыне. А са мной можна, я ж такая гнуткая, што можна злавiць кайф нават у машыне. Але гэтага больш не будзе. Хай ён задавiцца сваiмi грашыма разам са сваiмi сытымi каханкамi. Абнаглеў, казёл. Я прыходжу, а ён мне часопiс паказвае i крычыць: "Ты — прастытутка!" І б'е мяне часопiсам па твары... Казёл! Не дарую. Нiколi не дарую...
Манекеншчыца заплакала.
Сяброўка спачувальна захiтала галавою:
— Ён не варты тваiх слёз. Не плач...
XXІV. САДОЎНІК
Садоўнiк жыве на беразе мора, у вёсцы. Уяго маленькi дамок i палiсаднiк.
Шторанiцы Садоўнiк iдзе ўздоўж берага на працу. І можна ўбачыць на золку, як шырокiм крокам абпалены сонцам i ветрам малады чалавек iдзе i нясе на плечыках белую накрухмаленую кашулю. На Садоўнiку чорныя нагавiцы i чорныя паўчаравiкi, нiякай iншай вопраткi ён не прызнае. А белую накрухмаленую кашулю ён ускладае толькi ўвечары. А пакуль ён кiруецца да шматпавярховага гатэля, пры якiм адказвае за невялiчкi батанiчны сад.
Чаго толькi няма ў тым садзе. Даўгапёрыя грывы пампаснай травы паселi ўздоўж цэнтральнай алеi. А з другога боку прысады, зараснiкi гонкага шапаткога бамбуку, якi адгароджвае сад ад пляжа i марскога ветру. А ў самым цёмным кутку саду, каля сметнiка, сядзiць алейна-зялёны куст — Юдава дрэва, дый навявае нядобрыя думкi. Але тое цёмны кут, а ў самым светлым — ружы, iх шмат, яны розныя: i барвовыя, i крэмавыя, i колеру сырадою. Разы два цi тры на тыдзень Садоўнiк складае з тых ружаў букет, але пра букет крышачку пазней. Над разарыем узвышаюцца магутналiстыя фiнiкавыя пальмы. Калi Садоўнiк акуратна падразае магутныя лiсты, дык пальмавы ствол робiцца падобны да вялiкага ананаса. Можна бясконца захапляцца напалову рукатворным шэдэўрам Садоўнiка, але... Але надыходзiць час, i на сад апускаецца ноч. Садоўнiк iдзе да мора. Ён агаляецца i доўга плавае — змывае стому. Потым ён вяртаецца ў свой дашчаны садовы будан, дзе ўскладае хрумсткую ад крухмалу кашулю, бярэ букет ружаў i крадком падыходзiць да гатэля. Садоўнiк грукае ў шыбу медпункта. Акно адчыняецца, i Садоўнiк падае букет медсястры. На падаконне ён уздымаецца зусiм нячутна. Медсястра зачыняе акно i апускае жалюзi, а толькi тады запальвае святло. Яна ладная ў белым халаце. У яе такiя цёмныя смочкi, што нават праз халат i станiк свецяцца дзве павабныя плямiнкi. Медсястра кладзе букет на стол. Садоўнiк здымае з сябе кашулю i кiдае на падлогу, i ў гэтым руху ўся ягоная страсць. Ён жа для гэтага руху i прасуе кашулю i носiць яе на плечыках аж два кiламетры. Медсястра скiдае халат i здымае станiк. Чорныя смочкi клiчуць Садоўнiка. Ён ужо распрануўся i дапамагае жанчыне выслiзнуць з вузкай спаднiцы. Аголеную медсястру Садоўнiк кладзе на белую вузкую канапу. Жаночыя ногi ўздымаюцца высока ўгору, калi мужчына накрывае грудзьмi тугiя смочкi. Садоўнiк не любiць ноч, таму ў медпункце гарыць святло. Жаночыя рукi кладуцца на клубы Садоўнiка. Непастаўленыя ў ваду ружы напаўняюць пакой садовым водарам. Медсястра ўстае з канапы i ўскладае станiк. Як i большасць жанчын, яна ўскладае спачатку станiк, а потым майткi. Як i ў большасцi жанчын, у яе ёсць муж i дзецi, але толькi ў яе адной ёсць Садоўнiк, якi ўжо апрануўся i трымае пад пахаю пакамечаную кашулю. Медсястра гасiць святло. Садоўнiк нiколi не забывае забраць букет. Сцежкаю, што абсаджана вастраiклаю апунцыяй, ён iдзе да Юдавага дрэва, паўз яго на сметнiк, дзе выкiдае букет. Садоўнiк не любiць ноч, бо ягоны любiмы сад запоўнены адпачывальнiкамi, што ў цукерачным водары алеандры п'юць са слоiкаў кiслае вiно i кiдаюць цыгарэтныя недапалкi у разарый. Яны абрываюць лаўравiшню, абломваюць галiнкi найстаражытнага дрэўца гiнка, набiваюць пакеты эўкалiптавым лiсцем, а ў паштовыя канверты запiхваюць ружова-жоўтыя пэндзлiкi-мяцёлачкi альбiцыi — яны нiшчаць сад. І ўсё робiцца ўначы, калi Садоўнiк iдзе дадому, трымаючы пад пахаю пакамечаную кашулю i дзеравяныя плечыкi.