Литмир - Электронная Библиотека
A
A

«Мы, Гальбаста Мамарэн Эўлем, Гердайла Шэфін Молі Олі Гой, наймагутнейшы імператар вялікай Ліліпуціі, надзея і страх Сусвету,

самы мудры, самы дужы і самы высокі з усіх цароў свету, чые ногі ўпіраюцца ў сэрца зямлі, а галава дастае да сонца,

чый позірк прымушае дрыжаць усіх зямных цароў,

прыгожы, як вясна, добры, як лета, шчодры, як восень, і грозны, як зіма,

сваёй высокасцю загадваем вызваліць Чалавека-Гару з ланцугоў, калі ён дасць нам клятву выконваць усё, што мы ад яго патрабуем, — а іменна:

па-першае, Чалавек-Гара не мае права выязджаць за межы Ліліпуціі, пакуль не атрымае ад нас дазвол з нашым уласнаручным подпісам і вялікай пячаткай;

па-другое, ён не павінен заходзіць у нашу сталіцу, не папярэдзіўшы аб тым гарадскія ўлады, а папярэдзіўшы, павінен дзве гадзіны чакаць ля галоўных варот, каб усе жыхары паспелі схавацца ў дамы;

па-трэцяе, яму дазваляецца гуляць толькі па вялікіх дарогах і забараняецца таптаць лясы, лугі і палі;

па-чацвёртае, у час прагулак ён павінен уважліва глядзець сабе пад ногі, каб не раздушыць каго-небудзь з нашых шаноўных падданых, а таксама іх коней з карэтамі і калёсамі, іх кароў, авечак, і сабак;

па-пятае, яму строга забараняецца браць у рукі і саджаць да сябе ў кішэні жыхароў нашай вялікай Ліліпуціі без іх на тое згоды і дазволу;

па-шостае, калі нашай імператарскай вялікасці патрэбна будзе паслаць куды-небудзь тэрміновую вестку ці загад, Чалавек-Гара абавязваецца даставіць нашага ганца разам з яго канём і пакетам да ўказанага месца і прынесці назад цэлым і здаровым;

па-сёмае, ён абяцае быць нашым саюзнікам у выпадку вайны з варожай нам выспай Блефуску і павінен зрабіць усё для таго, каб знішчыць непрыяцельскі флот, які пагражае нашым берагам;

па-восьмае, Чалавек-Гара павінен у вольны час дапамагаць нашым падданым на ўсіх будаўнічых і іншых работах: падымаць самыя цяжкія камяні пры збудаванні сцяны. галоўнага парку, капаць глыбокія калодзежы і равы, карчаваць лес і пратоптваць дарогі;

па-дзевятае, мы даручаем Чалавеку-Гары змераць крокамі ўсю нашу імперыю ўдоўж і ўпоперак, і, падлічыўшы колькасць крокаў, далажыць аб гэтым нам ці нашаму дзяржаўнаму сакратару. Даручэнне наша павінна быць выканана на працягу двух месяцаў.

Калі Чалавек-Гара клянецца свята і няўхільна выконваць усё, што мы патрабуем ад яго, мы абяцаем дараваць яму волю, апранаць і карміць за кошт дзяржаўнай казны, а таксама даць яму права бачыць нашу высокую асобу ў дні святаў і ўрачыстасцяў.

Дадзена ў горадзе Мільдэнда, у палацы Бельфабараку, у дванаццаты дзень дзевяноста першага месяца нашага слаўнага царствавання.

Гальбаста Мамарэн Эўлем Гердайла Шэфін Молі Олі Гой, імператар Ліліпуціі».

Гэты скрутак папірусу прывёз у замак Гулівера сам адмірал Скайрэш Балгалам.

Ён загадаў Гуліверу сесці на зямлю і ўзяцца левай рукой за правую нагу, а два пальцы правай рукі прыставіць да лба і верхняй часткі правага вуха.

Так у Ліліпуціі клянуцца ў вернасці імператару.

Адмірал гучна і паволі прачытаў Гуліверу ўсе дзевяць патрабаванняў па парадку, а потым прымусіў паўтарыць слова ў слова такую клятву:

«Я, Чалавек-Гара, клянуся яго вялікасці імператару Гальбаста Мамарэн Эўлем Гердайла Шэфін Молі Олі Гой, наймагутнейшаму ўладару Ліліпуціі, свята і няўхільна выконваць усё, што будзе пажадана яго ліліпуцкай вялікасці, і, не шкадуючы жыцця, абараняць ад ворагаў яго слаўную краіну на сушы і на моры».

Пасля гэтага кавалі знялі з Гулівера ланцугі. Скайрэш Балгалам павіншаваў яго і паехаў у Мільдэнда.

13

Атрымаўшы волю, Гулівер папрасіў у імператара дазволу агледзець горад і пабываць у палацы. Шмат месяцаў пазіраў ён на сталіцу здалёк, седзячы на ланцугу ля свайго парога, хоць горад і быў усяго за пяцьдзесят крокаў ад старога замка.

Дазвол быў дадзены, але імператар узяў з Гулівера абяцанне не паламаць у горадзе ніводнага дома, ніводнай агароджы і не растаптаць незнарок каго-небудзь з гараджан.

За дзве гадзіны да прыходу Гулівера дванаццаць вестуноў абышлі ўвесь горад. Шасцёра трубілі ў трубы, а шасцёра крычалі:

— Жыхары Мільдэнда! Па дамах!

— Куінбус Флестрын, Чалавек-Гара, ідзе ў горад!

— Па дамах, жыхары Мільдэнда!

На ўсіх рагах вуліц расклеілі адозвы, у якіх было напісана тое ж самае, што крычалі вестуны.

Хто не чуў, той прачытаў. Хто не прачытаў, той пачуў.

Гулівер зняў кафтан, каб не зачапіць крысом комін ці карніз якога-небудзь з дамоў і не змесці незнарок на зямлю каго-небудзь з цікаўных гараджан. А гэта лёгка магло здарыцца, бо сотні і нават тысячы ліліпутаў паўзлазілі на дахі дзеля гэткага дзівоснага відовішча.

У адной скураной камізэльцы падышоў Гулівер да гарадскіх варот.

Усю сталіцу Мільдэнда акружалі старадаўнія сцены. Яны былі такія тоўстыя і шырокія, што па іх свабодна магла праехаць ліліпуцкая карэта, запрэжаная парай коней.

Па рагах сцен узвышаліся спічастыя вежы.

Гулівер пераступіў цераз вялікія Заходнія вароты і вельмі асцярожна, бокам, прайшоў па галоўных вуліцах.

У завулкі і маленькія вулачкі ён і не думаў ісці: яны былі такія вузенькія, што Гулівер баяўся засесці паміж дамамі.

Амаль усе дамы ў Мільдэнда былі трохпавярховыя.

Ідучы па вуліцах, Гулівер раз-пораз нахіляўся і заглядаў у вокны верхніх паверхаў.

У адным акне ён убачыў повара ў белым каўпачку. Повар спрытна скуб не то жучка, не то муху.

Прыгледзеўшыся, Гулівер зразумеў, што гэта быў індык.

Каля другога акна сядзела краўчыха з работай на каленях. Па рухах яе рук Гулівер здагадаўся, што яна зацягвае нітку ў вушка іголкі. Але іголку і нітку ўбачыць было нельга, такія яны былі маленькія і тоненькія.

У школе дзеці сядзелі за партамі і пісалі. Яны пісалі не так, як мы — злева направа, не так, як арабы — справа налева, не так, як кітайцы — зверху ўніз, а па-ліліпуцку — накасяк, з аднаго ражка ў другі.

Ступіўшы яшчэ крокі тры, Гулівер апынуўся каля імператарскага палаца.

Палац, акружаны падвойнай сцяной, знаходзіўся ў самым цэнтры Мільдэнда.

Цераз першую сцяну Гулівер пераступіў, а цераз другую не мог: сцяна была ўпрыгожана высокімі вежамі, і Гулівер пабаяўся іх разбурыць.

Ён спыніўся між дзвюх сцен і задумаўся: у палацы яго чакае сам імператар, а ён не можа туды прабрацца. Што ж рабіць?

Гулівер вярнуўся да сябе ў замак, узяў дзве табурэткі і зноў пайшоў да палаца.

Падышоўшы да знадворнай сцяны палаца, ён паставіў адну табурэтку пасярод вуліцы і стаў на яе абедзвюма нагамі.

Другую табурэтку ён узняў над дахамі і асцярожна паставіў за сцяну, проста ў імператарскі парк.

Пасля гэтага ён лёгка пераступіў цераз абедзве сцяны — з табурэткі на табурэтку, — не зваліўшы ніводнай вежы.

Перастаўляючы табурэткі ўсё далей і далей, Гулівер дайшоў па іх да пакояў яго вялікасці.

Імператар праводзіў у гэты час ваенную нараду са сваімі міністрамі. Убачыўшы Гулівера, ён загадаў шырока расчыніць акно.

Увайсці ў залу Гулівер, зразумела, не мог. Ён лёг на двары і прыклаў вуха да акенца.

Міністры абмяркоўвалі, калі найбольш выгадна пачаць вайну з варожай імперыяй Блефуску.

Адмірал Скайрэш Балгалам устаў са свайго крэсла і далажыў, што флот непрыяцеля стаіць на рэйдзе і, відаць, чакае толькі спадарожнага ветру, каб напасці на Ліліпуцію.

Тут Гулівер не вытрымаў і перабіў Балгалама. Ён спытаў у імператара і міністраў, за што, уласна кажучы, збіраюцца ваяваць дзве такія вялікія і слаўныя дзяржавы.

З дазволу імператара дзяржаўны сакратар Рэльдрэсель адказаў на пытанне Гулівера.

Справа была такая.

Сто гадоў таму назад дзед цяперашняга імператара, у той час яшчэ наследны прынц, снедаючы, разбіў яйка з тупога канца і шкарлупінай парэзаў сабе палец.

Тады імператар, бацька наследнага прынца і прадзед цяперашняга імператара, выдаў указ, у якім забараніў жыхарам Ліліпуціі пад страхам смерці разбіваць вараныя яйкі з тупога канца.

6
{"b":"575065","o":1}