Литмир - Электронная Библиотека
A
A

За акном усё яшчэ звінела радыё і муха — білася ў шкло. Гаспадар не выйшаў ні з хаты, ні з хлява. Джукі тады скочыў у сад — у кут да студні. У два скачкі, з ганка цераз частакол… Закалыхалася толькі ўгары голле ад яблыні і пасыпаўся на сцежку пад лапы позні белы цвет… Джукі не бачыў яшчэ, каб так цвіў сад — быў увесь белы ад цвету, як ад пены, зрабіўся нейкі празрысты, нібы шкляны, і цягнуўся ўгару — здавалася, за гэтыя дні ён пачаў шугаць у неба адным белым цветам. І трава ў садзе так буяла, што ў ёй хавалася дзежачка з вадой, якая стаяла пад яблыняй…

У садзе было ціха — каб дзе муха зазвінела. Джукі, не знайшоўшы ў садзе гаспадара, бег ад студні белай ад цвету сцежкай на двор і чуў, што ступае лапамі на мёртвых пчол… Яму яшчэ здалося, што ў хаце заплакалі малыя гаспадаровы дзеці. Ён спыніўся ля ганка і задзёр угару галаву — у сінім небе над вёскай нылі самалёты, цягнучы за сабой белыя, як цвет на яблыні, пеністыя дарожкі — іх было аж чатыры, — і за сцяной у хаце звінела радыё…

І Джукі, як і ўчора, не знайшоўшы дома маладога гаспадара, выбег на вуліцу і пусціўся ў канец вёскі да школы, дзе ён бачыў свайго гаспадара апошні раз. Выбегшы на вуліцу, ён быў яшчэ спыніўся — хацеў павярнуць на шашу, каб пабегчы ў лес да свінакомплекса, дзе ўсягды дзень і ноч прападалі яго малады гаспадар і маладая гаспадыня і дзе ў дзесяці доўгіх і высокіх мураваных будынках было гэтулькі свіней, што калі б давялося забрахаць на кожную адзін толькі раз, не хапіла б сабачага жыцця… Але ён ужо бегаў туды ўчора. Маладога гаспадара там не было. Адно галодныя свінні вірашчалі так, што здавалася, поўсць стане дыба…

І Джукі пабег у канец Бабчына пад Стралічава.

3

Пацягнуўшы носам густы пыл з палыном і мазутам, Джукі адразу пачуў, што ягонага маладога гаспадара няма ў грумадзе. Але ён бег, усё нюхаючы пыл і форскаючы носам, у грумаду да школы пад канец вёскі. Усюды пахла палыном і саляркай, здратаванай травой, дымам ад папярос і праціўным вінным перагарам, як ад кіеўскага таксіста, а ён, Джукі, цягнуў і цягнуў носам пыл: не ля школы, дык ля магазіна гаспадар будзе — мала, што ён у тую раніцу сеў з маладой гаспадыняй — у яе на руках было двое малых, а ён валок два вялікія чамаданы — у бітком набіты аўтобус. Перад тым гаспадар пусціў яго ў хату і доўга гладзіў па галаве, гледзячы ў вочы. Пасля сам лізнуў яго, Джукі, у нос і заплакаў. Джукі бег ззаду за аўтобусам аж за Стралічава, не дабегшы да Хойнік. Джукі не раз быў у Хойніках, ведаў, што малады гаспадар мог сесці ў вялікі чырвоны аўтобус і паехаць далей — у Гомель. Ну і што?.. Не раз было: паедзе — прыедзе…

У грумадзе ля школы на дзядзінцы неяк прарэзліва і праціўна звінелі галасы і вёдры — ну і што? Хіба так не было? Завялі трактар, застракатаў матацыкл, зараўлі цяжкія, крытыя брызентам машыны, пускаючы сіні дым вышэй стрэх. Ля магазіна стаялі ў рад вялікія чырвоныя аўтобусы…

Джукі адразу сунуўся ў грумаду — пад ногі: яму раптам здалося, што ён пачуў знаёмы пах гаспадара — пах свіней на свінакомплексе, саляркі, варанай бульбы і яшчэ нечага рэзкага — так пахлі двое маленькіх дзяцей, калі гаспадар трымаў іх на руках; малаком і сікамі. Гэты пах быў недзе зусім блізка, і Джукі аж спёрла ў горле. Ён бег, цёршыся ля босых, мокрых ад расы і апырсканых граззю ног, ля халяў кірзавых запыленых ботаў і заляпаных гноем гумовікаў, ля новых беленькіх кедаў, красовак, туфелек, чаравікаў і басаножак… Ён круціўся ўзад-уперад, задыхаючыся ад пылу, яму сталі абцасам на балючую правую лапу, і ён закульгаў… Кульгаў, пакуль не пачаў задыхацца ад пылу і знямогі. Падумаў тады, што і боты, і босыя ногі, і штаны, і спадніцы — усё пахне сёння гаспадаром: свіным хлевам, гарам і дзіцячымі сікамі, збіваючы яго са штыху.

Рыкала недзе скаціна, крычалі і плакалі людзі, брахалі сабакі, хлебястаў блізка трактар, але Джукі не шманаў — такое бывала і ля школы, і ля магазіна не раз. І не такое нават, калі сюды сыходзілася вечарам шафярня і калі сярод іх быў кіеўскі таксіст. Але сёння над усім гэтым — над вёскай, над людзьмі, над доўгімі чырвонымі аўтобусамі і вялікімі кузаўнымі машынамі, крытымі брызентам, у кабінах якіх сядзелі ваенныя, вісела нейкая ўтрапёная, гарачая чалавечая трывога, якую Джукі ўлавіў ужо тыдні два назад. Яна адрознівалася ад звычайнай сабачай трывогі, і яе Джукі ніяк не мог зразумець сваім маладым яшчэ розумам… Нарэшце яна вылілася ў адну кроплю, чыстую і празрыстую, як раса на ніжыперніцы: ён больш ніколі не ўбачыць свайго маладога гаспадара з маленькімі дзецьмі на руках…

Над вёскай павіслі гарачае сонца — паліла з засмужанага жоўтага неба — і плач. Дзяцей адлучылі ад грумады і пасадзілі ў вялікія чырвоныя аўтобусы — садзілі людзі ў белых шапачках на галовах. Ад іх пахла ёдам — аж зрывала нос.

У аўтобусах шчыльна пазачынялі вокны.

Астатняя грумада, грукаючы кірзавымі ботамі, шлёпаючы гумовікамі і сіляючы басаножкамі пясок, села ў крытыя брызентам машыны.

Ля школы асталося некалькі чалавек з вёскі — пусціліся бегчы за машынамі. Джукі абагнаў іх і пабег першы. Бег аж за Стралічава, пакуль язык ад пылу, што падымалі машыны, не зрабіўся шорсткі, як кара…

Тады яго зноў зблажыла…

4

Змораны, Джукі сядзеў на пагурку ля шашы пад Стралічавам і глядзеў на поўдзень, дзе несціхана гулі ў небе самалёты і далёка, недзе ўжо на Ўкраіне, падымалася і стаяла, як і ўсе гэтыя дні, густое бурае воблака. Ён не ведаў чаму, але яму раптам захацелася завыць, і ён, задзёршы ўгару галаву і гледзячы на рудое воблака, над якім кружылі дробныя чорныя мушкі — самалёты, зацягнуў, як воўк. Раз, другі, цягнуў доўга, як выліваючы з душы і страх і бяду і сабачыя слёзы па гаспадару, якога вельмі любіў, і самому яму адтаго рабілася жудасна — уставала на хібе поўсць…

У Бабчыне пачалі адзывацца сабакі.

Яны і атакавалі яго, калі ён збег з пагурка ад Стралічава на вялікі лог з асушальнымі канавамі, у якіх блішчала на сонцы вада. Бабчын разросся, пайшоў паўкругам да шашы і да лесу, акруціўшы шырокай, доўгай абтаполенай вуліцай хат на дзвесце вялікі лог, дзе нядаўна яшчэ было возера. Па ім плавалі на чоўнах па траву, лавілі карасёў і стралялі качак.

Яны сабраліся з усяго Бабчына на лагу ля канавы. Вада ў ёй была роўна з берагамі. На беразе стаяў чырвоны трактар — пампаваў яе ў два вялікія, укрытыя цэлафанавай плёнкай, душы — адзін і воддаль яго — другі. За плёнкай відаць былі цьмяныя сілуэты голых людзей; вуха лавіла халодны баязлівы смех. Да душаў — аднаго і другога — выцягнулася доўгая чарада людзей, як, бывае, да магазіна; знадворку ля цэлафану падымалася высака ўгару мыльная пена, і яе разносіў гарачы вецер, які дзьмуў з самай раніцы з гары — з Украіны. Ля душаў, ля трактара і ля крытых брызентам машын завіхаліся людзі ў белых халатах, з белымі шапачкамі на галовах і з белымі павязкамі на тварах…

Атакавалі яны яго з гэтага боку, ад людзей з белымі шапачкамі. Джукі згледзеў яшчэ здалёку, з гары, што яны, збегшыся, круціліся пад нагамі ў людзей з белымі шапачкамі, перабягалі ад трактара да канавы і назад, ляжалі хто як на траве, кашлялі, перхалі, ванітавалі, падпаўзалі да душа і лізалі белую пену. Былі злосныя, гыркалі на людзей і самі на сябе.

Джукі іх усіх адразу пазнаў: леглі, згледзеўшы яго, на беразе канавы на стоптанай траве ў адзін рад і натапырыліся ў яго бок, нават хвастамі не краталі — чакалі.

Самая першая ляжала, выцягнуўшы ўперад лапы і паклаўшы на іх морду, сучка Брынза. Была яна старая, худая, доўгая, касцістая і ўся жоўтая — і вочы ў яе былі жоўтыя. Жыла яна з таго канца Бабчына, пад свінакомплекс, у старой будцы з дзіравай жоўтай, як сама, ржавай бляшанай стрэшкай ля хлеўчыка ў такой жа старой гаспадыні. У Брынзы быў гадаванец — Тузік, такі ж жоўты, кудлаты, толькі недаростак. Ляжаў ён цяпер за ёй ззаду і церабіў нагой за вухам.

Воддаль Брынзы, павярнуўшыся да яе галавой, кашляў Руды. Дварняк з выбітым вокам. Невядома чый. Аціраўся каля ўсіх свіных карыт у Бабчыне і ў дадатак еў курыныя яйкі ў гнёздах.

2
{"b":"570160","o":1}