Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Іван Пташнікаў

Львы

Міколу Мятліцкаму прысвячаю.

Апавяданне

1

Джукі блажыла.

Яму выварочвала нутро і язык, — язык рабіўся доўгі, выцягваўся з рота, чырванеў, як агонь, слаўся на траву і на жоўтыя ў цвеце кунатыя адуванчыкі, і з яго цякла зялёная сліна — пенай. Калі блага адпускала, яго адразу хапаў кашаль — сухі, дзяркаты, глыбокі, ад яго падцінала духі, спірала ў вузкіх, маладых яшчэ сабачых грудзях — Джукі не было яшчэ і двух гадоў, — і ён тады задыхаўся ад сухой гарачкі, якая паліла ў горле і востра пахла растаптаным палыном і ёдам.

Ён бег тады з двара, пасля бег вуліцай з Бабчына на лог, пасечаны на чорныя сцежкі кароўімі капытамі яшчэ ад згону зімы, шукаў жыватом халодную пляйстру зямлі, клаўся аблогай і выцягваў сваю чорную як смоль з белай ласачкай на носе морду ў купіну — у густую цёмную ніжыперніцу, на якой увесь дзень, горача ці холадна, віселі буйныя, па ягадзе, кроплі расы. Тады адпускала, можна было перавесці дух. Язык цямнеў, рабіўся ліловы, не лез назад у рот, ляжаў на купіне, выцягнуты і здранцвелы, не хацеў нават злізваць расу. Па языку адразу пачыналі поўзаць мурашкі. Маленькія, худзенькія, рудыя і жоўта-выцвілыя, яны абсыпалі яго і пяклі, што крапівай ці чорт ведае чым… І тады Джукі чуў, што ён яшчэ жывы… Падымаў сваю доўгую чорную з ласачкай морду з купіны і адплюшчваў балючыя вочы. Яны рэзаліся ад пяску, пылу, дыму, смуроду і былі мокрыя ад гарачых слёз. Ён цёр тады іх сагнутай крывой правай лапай — зраслася абы-як пасля таго, як ён сунуў яе ля магазіна пад машыну; калі апускаў лапу — уваччу было жоўта ад адуванчыкаў. Яны раслі, старчма і абвісшы, на купіне, на сцежцы, воддаль на лагу, усыпалі поле, як скінуць балючымі вачыма, перабягалі за шэры асфальт і знікалі пад самым лесам ля Вялікай Пелі — балотца. Ад іх уся зямля, увесь Бабчын і нават зацягнутае густой тумановай завалаччу сіняе неба акрывавілася нейкай праціўнай успененай чырвонай жаўцізной… Здавалася, што ўвесь свет жоўты… Каб хоць сонца ўгары не было жоўтае. А то і яно крывава-жоўтае і, падняўшыся над лесам і над дарогай, круціцца і круціцца, як вялікае сабачча вока… Ад яго пачынае круціцца зямля падыспадам з полем, Бабчынам, шэрай шашой, далёкім лесам, — каб і хацеў, дык не ўдзержыш яе пад сабой сваімі пакалечанымі кволымі сабачымі нагамі. Як ні чапляйся…

І тады зноў падступае блага… Так тузае, што, здаецца, галаву сарве з карка і адкіне за жоўтую купіну…

Блажыць пачало тыдні два назад, калі з начы выпаў сіні іней. Джукі тады сарваўся з прывязі — адцяў два кружочкі ад ланцуга, яны і цяпер, калі ён бяжыць, бывае, звіняць на ашыйніку на грудзях, там, дзе спірае кашаль. Ён бег у тую раніцу вуліцай, а над ёй вісеў густы нейкімі жоўта-бурымі клубамі — ад ранішняга сонца, ці што? — туман. Ні хат, ні платоў не было відаць. Вуліцу ён чуў толькі носам — пахла пылам і палыном, што рос ля платоў і частаколаў. Туман быў цёплы, як пара, і пах нейкай праціўнай мазутай, перагарам, паленай гумай, бензінам, гнілой ворванню, ад якой выварочвала нутро, і… ёдам. Джукі бег за вёску, шукаючы ў рудым тумане хоць які ўзмежак з прытаптанай вільготнай дзяцельніцай, куды можна было б уткнуць нос. Спачатку ён дыхаў палыном. Пасля і палын пачаў смярдзець, бензінам, гнілой ворванню і ёдам… Ні ля калгаснай студні, ні на ўзмежках, ні на дзядзінцы ля фермы не было ратунку…

Выбегшы за вёску на лог, Джукі згледзеў, што ўсюды на траве ляжыць сіні дробненькі іней — насыпаўся, як увосень. Іней лез у нос, нічым не пах, можа, трохі сухім торфам, але хацелася перхаць. Ад перхаўкі шорсткі, як пілавінне, сіні іней лез у грудзі, і тады іх разрываў кашаль. Праз якую гадзіну пачало блажыць — вырвала на жоўтыя адуванчыкі ўсё, што Джукі падабраў учора позна вечарам на двары ў курыным карыце, і пагнала зялёную пену… Ужо нічога не давала рады: ні палын на межах, ні зверабой, ні лебяда ў гародзе, ні жоўтыя адуванчыкі, якія ён жвакаў у роце зубамі, — адуванчыкі буялі такім цветам, які Джукі ніколі яшчэ не бачыў. Не ратаваў ні густы пырнік, ні дзяцельніца, ні жычка ля хлеўчыка, ні маліннік у гародчыку ля студні, дзе Джукі качаўся. Куды толькі ён не соваў нос… Нідзе не было спасу. Ратавала толькі ніжыперніца — расла, сцелячыся сваім шырокім, пажмаканым, як мяхі ў гармоніку, лісцем па самай зямлі. Яе прыкрывалі зверху ад інею і пылу густая трава і адуванчыкі, ніжыперніца была халодная, як лёд, і на ёй вісела раса.

На другі дзень Джукі шукаў носам адну толькі ніжыперніцу. Спачатку ён злізваў сваім доўгім языком з яе халодную расу. Пасля пачаў жаваць лісце і глытаць. Блага мінала.

І Джукі, пасля таго як выпаў сіні іней, усе гэтыя дні, калі яго душыла блага, шукаў ніжыперніцу…

2

Пасля ніжыперніцы адпусціла. Джукі мог дыхаць усімі, ахрыплымі за гэтыя дні, грудзьмі, і, падняўшыся з лагчынкі ля купіны, ён пабег, форскаючы ад пылу і задзіраючы морду, назад у Бабчын — на свой двор, дзе з учарашняга былі расчынены насцеж і вялікія вароты, куды заязджаў гаспадар на трактары і на грузавой машыне, і маленькія варотцы, праз якія ўсягды хадзілі да іх на двор па ваду суседзі. Джукі на суседзяў ніколі не брахаў; ляніва глядзеў і на курэй, што беглі на двор з усяго канца вёскі і лезлі ў карыта да свіней. Іх ганяла сама маладая гаспадыня — гальніком, дзержачы на руцэ малое.

На двары было пуста, дзверы ў хату і ў хлеў былі пазачыняны. У хляве, чуваць было, грукала рагамі аб сцяну карова і рохкалі свінні. Куры, выдзеўбаўшы гразь у карыце, паселі на ганку і круцілі галовамі. У хаце крычала на ўсё горла радыё — не выключылі.

Джукі, прыбегшы з логу, як і ўчора раніцай, шукаў маладога гаспадара: станавіўся на заднія лапы і пярэднімі дзёр па дзвярах у хату, пішчаў і скуголіў. Ніхто не адчыняў. Тады ён даставаў лапамі да акна ў хаце і стрэпаў кіпцямі па шкле. У хаце было пуста. Джукі бачыў у шыбіне толькі сваю чорную вострую морду з белай плямкай на носе і доўгі чырвоны язык — выцягнуўся за гэтыя дні, аж не месціцца ў роце. Каб хоць яго можна было схаваць за зубамі, а то целяпаецца, ловячы пыл, пясок, мух і мурашак, робіцца за дзень шорсткі, як тарка. Мякчэў язык толькі пасля благі — ад зялёнай пены.

Джукі глядзеў праз акно ў хату, дзе былі параскіданы па падлозе лыжкі і дзіцячыя чырвоныя лялькі, і чакаў. Вот выйдзе на ганак малады гаспадар, высокі, стройны, чорна кучаравы, у чорных штанах і белай рубашцы. Джукі падскочыць з зямлі, пакладзе яму на плечы пярэднія лапы і лізне языком у самы кончык носа, асцярожна, далікатна — і ўсё: малады гаспадар не любіў, каб яму вадзілі па шчоках мокрым языком, як анучай, гэта маладую гаспадыню можна было лізаць, ніколі не закрывалася, — і тады малады гаспадар пусціць у хату, адчыніць шафку і адрэжа яму кавалачак кілбасы, што прынёс з магазіна. Джукі яе вельмі падабаў.

Джукі лёгка клаў маладому гаспадару лапы на плечы — быў у свае няпоўныя два гады рослы — на высокіх лапах; доўгі — калі клаўся пад дзверы, займаў увесь ганак; з доўгім хвастом — хвост чорным цяжкім выцягнутым сярпом цягнуўся за ім аж па зямлі. Сам Джукі быў, відаць, беспародны, аблавухі дварняк, толькі, што ні кажы, — разумны і, ў дадатак да ўсяго, чорны, як бог ведае ў што афарбаваны, і бліскучы, аж палыскаўся. Малога яго звалі Бімам, пасля, калі падрос і ўжо ганяў курэй, сталі зваць Жукам. А летась увосень на цэлы месяц прыехаў дамоў іхні сусед — таксіст з Кіева. Высокі, вышэй маладога гаспадара, ценкі, цяней за гаспадара, з доўгімі, аж па плечы, кучаравымі чорнымі валасамі, даўжэйшымі, чымся ў маладога гаспадара, з чорнымі вусамі, большымі, чым у гаспадара, хадзіў ён заўсёды ў белых штанах, чырвонай рубашцы, пад чорным, як у яго, Джукі, хвост, доўгім гальштукам і ў чорных, такіх бліскучых туфлях, што на іх не было як глядзець — слеплі сабачыя вочы. Ён зваў яго не Жук, а Джукі — на загранічны манер. І перахрысціў сваёй лёгкай рукой. Адразу…

1
{"b":"570160","o":1}