Аляксандр Васільевіч не падтрымаў майго аптымізму. На маё вялікае здзіўленне, ён сказаў такое, што дайшло да мяне толькі праз некалькі год.
Паводле меркаванняў славутага палкаводца, пры той неразбярысе, парадках і бяздарных камандзірах мабілізацыя такая толькі дала б немцам магчымасць нарабіць з нашых байцоў яшчэ больш гарматнага мяса ды набраць яшчэ больш палонных. Атрымалася б, як з тымі самалётамі, якіх на пачатак вайны ў нас было ў некалькі разоў болей, чым у праціўніка. Бо справа ў іншым. Маўляў, потым мы не мелі ні такіх войск, ні столькі тэхнікі, ні складаў з харчамі, а немцаў, хоць і з цяжкасцю, праперлі.
Не ведаю, як у каго, а мне часта на памяць прыходзіць верасень 1939 года. Успамінаецца тая легкадумная самаўпэўненасць нашых афіцэраў і напрошваецца выснова: пахвальба і пустата – два бакі аднаго медаля.
Тысячу разоў меў рацыю Гарбатаў. Калі прыпякло і не стала мішуры ўхвалення «правадыра» ды «шчаслівага жыцця», калі да мазгоў касцей пранікся кожны трывогай за лёс сваіх нашчадкаў, то і вынік атрымаўся лепшы.
Потым нават старой канструкцыі танкамі, самалётамі ды не заўсёды большай колькаснай перавагай праціўніка перамагалі. Клаліся касцьмі, але давалі адпор, ішлі наперад. Толькі ўсё тое якім коштам адбывалася! Фактычна, вораг задыхнуўся – мы закідалі яго нашымі трупамі, страціўшы забітымі ў дзесяць разоў больш за праціўніка! I гэта пры тым, што выпусці ў чыстае поле нашага салдата супроць нямецкага, то яшчэ невядома, хто з іх атрымае верх!
Адным словам, бяздарна мы правялі вайну. I ў гэтым вінавата ў першую чаргу савецкае кіраўніцтва.
Роздум пра часы акупацыі
Нашы сяляне надта сардэчна ставіліся да параненых байцоў ды тых, каму ўдалося ўцячы з нямецкага лагера. Але здараліся выпадкі, калі потым немцы злапанага байца дапытвалі ды збітага вадзілі па вёсках і хутарах. І той выдаваў сваіх збавіцеляў.
Пасля вочнай стаўкі раненага і тых, хто яго лячыў ды карміў, вялі на расстрэл.
Пачуўшы пра новы такі выпадак, бывала, я з горыччу ў душы сабе казаў: і на гэты раз трапіў, мабыць, немцам у лапы нехта з тых, хто ў кіёску прасіў «курыцельную газету» ды страляў у нас па буслах на балоце.
Мажліва, на сотні тысяч палонных такое прадажніцтва здаралася з нямногімі, але, як кажуць, з песні слова не выкінеш – такое было, могуць нават цяпер пацвердзіць пажылыя людзі. Кожны выпадак непрыемным рэзанансам разыходзіўся па акрузе, зацьмяваючы часам надзвычайнае геройства іншых байцоў.
У лясах Заходняй Беларусі засталося шмат акружэнцаў.
Пасля такога разгрому нямецкай арміяй нашых войск, вядома, на акупаванай тэрыторыі Днём Перамогі яшчэ і не пахла. Як бы цяпер некаторыя ні даводзілі, што ўжо тады бачылі пераможны для нас канец вайны, а летам жудаснага І941года будучыня бачылася, мякка кажучы, змрочнай. Некаторыя акружэнцы стваралі ў лясах узброеныя групы з галоўнай мэтай – захаваць жыццё ці, у скрайнім выпадку, як найдаражэй яго аддаць. I страшныя ў сваім адчаі былі тыя групкі.
Сярод абмундзіраваных лесавікоў былі розныя па званню і адукацыі людзі. Але толькі выхадцы з народа, нядаўна залічаныя Мудрым Правадыром у ворагі народа, толькі былыя кэпэзэбоўцы, што ад гітлераўцаў таксама паўцякалі ў лес, надалі групам акцэнт змагароў з акупантам.
Прынамсі, гэтак было ў Заходняй Беларусі. I доўжылася так да канца 1942 года. Затым з Вялікай зямлі прыбылі прадстаўнікі Штаба партызанскага руху. Яны кэпэзэбоўцам бесцырымонна паказалі ранейшае месца, і тыя сціпла на яго адышлі. Мне даводзілася камандаваць атрадам толькі 100 дзён, і то перад самым прыходам Чырвонай Арміі, але нават я заўважыў розніцу ў паводзінах партызанскіх кіраўнікоў – мясцовых і ўсходніх.
Калі сядзелі мы, здаралася, у засадзе, а на фурманках ехалі карнікі, страляніны не адкрывалі. Карнікаў прапускалі – бераглі мужыкоў, якія правілі коньмі.
I міны пад цягнік закладвалі так, каб не трапіў на іх, барані Божа, пасажырскі, якім мясцовыя цёткі вазілі ў Беласток яйкі ды курэй на продаж.
Дыверсіі на чыгунках рыхтавалі старанна. Рабілі іх мала.
Затое пра кожны выпадак, пра кожны пушчаны такім чынам пад адхон поезд, напэўна ведаю, людзі яшчэ і сёння апавядаюць. Забягаючы наперад, скажу, што ў 1971 годзе, калі выключылі мяне з партыі, адным з аргументаў быў і той, што мой атрад ліпавы. Інструктары, якія рыхтавалі на бюро справу, здзекаваліся:
– Ха-ха! Толькі тры эшалоны пусціў! І гэта – цэлым атрадам! Ну ж і ваяваў! Іншыя партызаны нішчылі іх цэлымі дзесяткамі!
Ведаў і я такіх.
Мы праводзілі сапраўдныя дыверсіі. Кожная прынесла праціўніку вялікія страты ў людзях, у матэрыялах і надоўга абрывала на каляі рух. Затое каб апісаць, як такі выбух рыхтаваўся, як яго праводзілі, спатрэбілася б сярэдняй велічыні кніжка.
Не памятаю, каб хоць адзін з атрадаў, што арганізаваліся пад Менскам ды перабраліся на Прынёманшчыну, трымаўся нашай тактыкі. Затое і сёння стаіць у вушах іхні дэвіз, які ўражваў сваёй антыгуманнасцю: лепш няхай загіне дзесяць нявінных, чым выпусціць з засады жывым аднаго гітлераўца.
А ўзарваць цягнік для такіх – раз плюнуць. У гэтым таксама была свая тонкасць. Калі хуткасць цягніка адрознівалася ад хуткасці пешахода, выбух вырываў у рэйцы кавалак у 70 сантыметраў даўжынёй (стандарт, правераны не раз на практыцы), і толку – ніякага. Бо машыніст імгненна дасць экстранны тормаз, а інерцыя пры такой хуткасці ў эшалона невялікая, ён адразу і спыніцца. Тады дамкратамі вагон падымуць, рэйку спецыяльная брыгада за гадзіну заменіць ды машыністу пасігналіць – можна далей ехаць.
Цэленькі нямецкі цягнік неўзабаве зноў валачэцца па сваім маршруце. А ў партызанскі штаб тым часам ляціць рэляцыя, што на такім-та адрэзку пуці ў столькі-та гадзін і мінут такім-та атрадам знішчаны нямецкі таварняк, напрыклад, з 47 танкамі. Намеснік камандзіра па камсамолу паралельна сігналізаваў у штаб пра гэты самы выпадак па сваёй лініі…
Ой, сабраць бы ўсе тыя рэляцыі, падсумаваць знішчаныя гэтак армады танкаў, самалётаў, горы вагонаў і цягнікоў праціўніка, то зусім незразумелым будзе, адкуль у гітлераўцаў потым цягнікі браліся, як бедныя немцы не паддаліся Чырвонай Арміі яшчэ ў пачатку вайны.
I камандзіры паводзілі сябе іначай. Тыя, хто да нас прыйшоў, пераважна вылучаліся адвагай, нічога не скажаш. Выдатна разбіраліся ў канструкцыі зброі. Затое такі чалавек з якойсьці лёгкасцю даваў загад, каб расстраляць спатканага ў лесе незнаёмца альбо партызана – бытта парушальніка дысцыпліны, дзе было дастаткова звычайнага спагнання.
Камандзір такі трымаўся ад партызан далёка, лічыў іх за нішто: такія нават асобна харчаваліся. Звычкі гэтыя перанялі, мне здаецца, ад арміі. Асаблівай бяздушнасцю вылучаліся тылавікі. Забягаючы наперад, не магу не ўспомніць непрыемны эпізод з першых дзён “вызвалення”.
Беласток нашы занялі26 ліпеня. У часы акупацыі ў ім былі даволі актыўныя антыфашысцкія групы. Адзін вузел такіх падпольшчыкаў узначальвала Ліза Чапнік (падпольная мянушка – Марыся Мразоўская). Яна мела завербаваных відных адміністрацыйных кіраўнікоў Беластоцкага бецырка, якіх у сваю чаргу ўзначальваў нямецкі інжынер Артур Шадэ.
Убачыўшы першых байцоў Чырвонай Арміі на вуліцах Беластока, Марыся запатрабавала ў камандзіра, каб нямецкіх антыфашыстаў перадаць нашым арганізавана. Неўзабаве з’явіліся прадстаўнікі «СМЕРШа». Выслухаўшы Мразоўскую, першае, што яны зрабілі, – абрабавалі ўшчэнт Артура Шадэ і яго сяброў – інжынераў Отта Бусэ, Бэнэшэка, Боле, адбіраючы ў іх чамаданы. Ды яшчэ на допыце іх да крыві збілі. Гэтак абышліся з нямецкімі патрыётамі, якія ў свой час перадалі партызанам планы апорных пунктаў Беластока, асабовыя справы на здраднікаў, медыкаменты і нават – сувоі сукна і цэнтнеры каўбасы.
Не прыпамінаю такога выпадку, каб камандзір, прымаючы ў свой атрад новага партызана, забраўшы ў яго фотаапарат, пісталет, затым вярнуў. Такі нахабнік адабраў і ў мяне бацькаў «ТТ», і потым у яго я не заўважыў нават намёку на тое, што ён зрабіў кепска і адчувае мукі сумлення.