Литмир - Электронная Библиотека

Другі так прыўлашчыў маю куртку, пакінуўшы мяне – свайго партызана – на зіму амаль голым.

Мясцовыя камандзіры чагосьці такога сабе не дазвалялі. Памятаю, я, напрыклад, не дазволіў сабе ані разу паесці, пакуль мае людзі не былі накормленыя. Спаць клаўся, уважліва паглядзеўшы, ці хлопцам і дзяўчатам выгодна, ці вартаўнікі надзейныя. Калі заданне было надта небяспечнае, выконваў яго сам.

Быў я не выключэннем. Так паводзілі сябе ўсе мясцовыя камандзіры. Бралася ў іх гэта, мабыць, ад народных традыцый, апісаных у пачатку «Хронікі».

Каторы раз вяртаючыся ў думках да ваеннага перыяду, хачу звярнуць увагу на яшчэ адзін факт. У часы акупацыі, як ні дзіва, квіслінгаў ды ахвотнікаў ісці ў паліцыю, каб уволю піць гарэлку ды пастраляць па жывых мішэнях, ва Усходняй Беларусі немцы знаходзілі куды больш, чым у Заходняй. Там падбіралі нават для такой службы паводле ўзросту і года нараджэння, бо мелі выбар і маглі сабе такі капрыз дазволіць. І ведаю свае цэлыя раёны, дзе для такой службы добраахвотнікаў немцы набраць не маглі. У нас часта заганялі ў паліцыю, пагражаючы карай смерці.

Вайна i Бахус

Адной з прычын, чаму мне ўдалося перанесці цераз усе нягоды сваю галаву больш-менш цэлай, ведаю напэўна, была і тая, што, за выключэннем выпадку, калі зрабіў я гэта з-за цікавасці, ніколі – ні патаемна, ні яўна, ні пры якіх абставінах – не выпіў і чаркі спірту, гарэлкі, самагонкі, каньяку, вытрымліваючы клятву, дадзеную пры ўступленні яшчэ ў 1934 годзе ў Камуністычны Саюз Моладзі Заходняй Беларусі. Хоць трапляў у кур’ёзныя сітуацыі ды небяспечныя моманты, калі безадказныя сарвігаловы і пісталет да скроні прыстаўлялі, а я не меў ніякай гарантыі, што сваю пагрозу не выканаюць.

Ох, і даставалася ж мне з-за гэтага! У іншай кампаніі мяне з-за адносін да алкаголю стараліся зрабіць сектантам, якімсьці гомасексуалістам, але я, сціснуўшы зубы, цярпеў.

Не піў – і ўсё тут!

А па-чалавечы шкадаваў паклоннікаў «свяшчэннай каровы» часта. Асабліва ў ваенныя гады, пра што дагэтуль пісаць не было мажлівасці.

Калі вы будзеце чытаць у якім-небудзь ваенным рамане ці аповесці тлумачэнне прарыву нашых пазіцый тым, што бытта бы на пэўны ўчастак вораг кінуў адборныя часці і цалкам п’яных салдат, вы не спяшайцеся даваць гэтаму веры. Гэта прафанацыя падзей! Так пішуць пераважна безадказныя аўтары, якія паразітуюць на балючай для нашага народа тэме. Слова «адборная», заўважце, ужываюць яны аднолькава часта і ў пачатку вайны, і ў канцы, бытта савецкія байцы пад Масквой, Сталінградам і Курскам стралялі не стальнымі кулямі, са сталёвай абалонкай, бытта снарады і бомбы нашыя начынены былі гнілой бульбай, таму немцы нават і страт не мелі.

Асабліва асцярожна трэба падыходзіць да выразу «зусім п’яных салдат».

Немцы, па нашых мерках, п’юць наогул мала. Гітлераўцы і самагонку дазволілі гнаць на акупаванай тэрыторыі выключна там, дзе жылі славянскія народы, бо рабілі гэта з агіднай мэтай – каб славян разлажыць! Але няхай хто-небудзь з іх адважыўся б наладзіць самагонны апарат у «фатэрляндзе» – канцлагера не мінаваў бы!

Да вайны (між іншым, таксама і цяпер) немец, якому ўздумаецца выпіць, замовіць ў рэстаране 25-грамовую чарку шнапсу. Калі ж каторы збіраецца гульнуць, просіць афіцыянта максімум – двайную (допэльшнапс!), і тады ў зале на такога п’янчугу звяртаюць усе ўвагу. Выглядае, вядома, смешна, але гэта не анекдот.

Бітвы, выйграныя гітлераўцамі ў Еўропе ў першай палове вайны, зроблены імі на цвярозую галаву, і мне невядома, каб у франтавое меню нямецкіх салдат уваходзілі 100 грамаў гарэлкі. Масла – так. Менавіта сто грамаў, нават у складаных палявых умовах, належала кожнаму салдату ў суткі. Для масла ўсе вайскоўцы нават мелі спецыяльную пластмасавую скрыначку, і кожны яе надта сцярог.

Больш за ўсё ў канцы вайны, калі ўжо немцы выдыхаліся, вермахт кідаў у атаку і п’яныя часці. Але з гэтага не было карысці. Нашы саллаты тады нават пацяшаліся – во, маўляў, гэтая самая «сакрэтная зброя» шалёнага Гітлера, а дапаможа яму бы мёртваму прыпаркі.

I стыхійна напіваліся часамі немцы да ўпаду пры адступленні, калі без надзеі на поспех спрабавалі вырвацца з акружэння. Але і тады падобныя выпадкі былі больш сярод тых, хто вырашыў скончыць жыццё самагубствам. Вясной сорак пятага каля Одэра сам смаліў па такой роце з палкавой гарматы прамой наводкай, ды мяне, як і маіх сяброў, надта дзівіла, што акружэнцы нават не азіраліся на тых, хто падаў, бытта былі гэта манекены, а не паплечнікі!

Я лічу, што выдаванне па сто грамаў байцам у другую сусветную вайну – фатальная памылка. Краіна наша вялізная. Людзей многа, яны розныя. Для многіх гэта паслужыла зачэпкай любым коштам здабываць сабе і дзвесце грамаў, і паўлітра.

Сведчу, як на святой споведзі: у тую суворую пару знаходзілася надта многа паклоннікаў «свяшчэннай каровы». Так і маячыць перад вачыма батальён пяхоты пад Берлінам, які літаральна за некалькі месяцаў ці нават тыдняў да канца вайны атруціўся драўняным спіртам. I цяпер выразна бачу дзесяткі нерухомых і тых, якія корчацца ў пакутах, ды ведаю, што гэты малюнак будзе прыгнятаць мяне ўсё жыццё, ад яго нікуды не падзецца.

Іншыя тады лічылі, што ў баі цябе абавязкова выручыць гарэлка. Як толькі надараўся выпадак, напіваліся – і мора было ім на калена, а лужа – па вушы.

Пілі ў халадзіну, каб сагрэцца, але я, лежачы побач на тым самым снезе, выразна бачыў, што ім зусім не горача, таксама, як і мне.

Пілі для адвагі. Але такі зух выбываў са строю ад пасланага выбухам кавалка звычайнай цагліны, які знёс яму патыліцу, бо ўладальнік не вельмі дальнабачнай галавы палічыў каску лішняй абузай.

Пры банальнай сутычцы з немцамі выпівакі хутчэй давалі праціўніку мажлівасць застаць сябе знянацку, мелі прытупленую рэакцыю і, вядома ж, часцей цярпелі паражэнне. А калі ты глядзеў на бягучага гітлераўца цераз проразь мушкі ці на крыжавіну гарматнай панарамы лавіў машыну, танк, цябе агортвала атарапеласць ад адной думкі: як здолееш трапіць у гэтае рухомае макавае зернятка, хісткую, расплыўчатую і зусім малюсенькую смяцінку! Да таго ж, у цябе адубелыя пальцы, злева і справа тварылася ліха ведае што, ды яшчэ аднекуль сек кулямёт, абдаючы твае шчокі і вочы калючым крошывам каменю, пяску, ільдзінак і тугімі жгутамі паветра. Яшчэ цяжэй было справіцца з баявой задачай адкрытым для ўсёй вайны зверху, знізу і з бакоў лётчыкам, танкістам, якія, акрамя таго, мусілі адчуваць і кожную шрубачку ці заклёпку складанай машыны!

Ды пры такіх абставінах трапіць у праціўніка нават выдатна вытрэніраванаму, цвярозаму байцу, які яшчэ і добра выспаўся, было не вельмі проста, а што казаць пра тых, у каго перад вачыма дваіцца і траіцца!

Адным словам, ад выпівак і на вайне карысці мелі мала. Там часцей з-за гэтага гінулі. Гэта і лагічна – толькі ў матэматыцы мінус на мінус дае плюс, і дзякуючы менавіта такім ісцінам вынайдзена нават ЭВМ. У звыклым жыцці цудаў такіх не бывае. Затое па якіхсьці д’ябальскіх законах адно з другім можа проста перакрыжавацца. Я не раз сабе думаў: калі, не дай Бог, над краінай зноў навісне пагроза вайны, ад байцоў спатрэбіцца такая свежасць успрыняццяў і яснасць думкі, што выпівох да сучаснай зброі, нашпігаванай электронікай, нельга падпусціць і блізка. Тады каму абараняць краіну?

Але вернемся да суровых дзён.

Ох, і многія жонкі, мацяркі і нявесты не дачакаліся мужоў, сыноў і каханых з вайны з-за той жа праклятай гарэлкі. I калі б наша камандаванне мела тады магчымасць дэталёва, як гэта зараз робяць на шашы сяржанты і афіцэры дзяржаўнай аўтаінспекцыі, разбірацца з усімі выпадкамі, змест некаторых пахаронак быў бы цалкам іншым – я ў гэтым упэўнены. I нарэшце, нікуды нам не дзецца ад той горкай праўды, што сярод нашых лясных вояў бяда гэтая назіралася куды часцей, чым у армейцаў. Дысцыпліну трымаць у лесе было значна цяжэй.

Ледзь не кожны былы партызан назаве вам аперацыі (я заяўляю з поўнай адказнасцю!), якія праваліліся з-за самагонкі. А колькі па гэтай самай прычыне загінула груп падрыўнікоў, сувязных і людзей выпадковых. Ды і «бобікаў» у батальёны Рагулі, Камінскага немцы вербавалі, галоўным чынам, з выпівакаў.

83
{"b":"556142","o":1}