Неяк бацька вярнуўся змардаваны ўшчэнт з мястэчка, куды вазіў апошняе зерне на продаж, каб заплаціць падатак, ды стаў распрагаць не менш змардаваную кабылу. Бацька замерз да шпіку касцей і ніяк не мог адчапіць гужоў ад аглобляў – не слухаліся згрэблівыя пальцы.
Я падышоў дапамагчы. А ён з-за пазухі надта асцярожна выняў цудоўна вышыты на шоўку партрэт Сталіна і, бытта дорачы мне найвялікшую святыню, з урачыстай замілаванасцю сказаў:
– Трымай, Алёшка. У Свіслачы ў газетнай будцы прадавалі па тры рублі. Файны такі – ды гэтак танна... Лепш не паабедаў у сталоўцы, а яго купіў... Нясі на кухню і прыбі над сталом.
Раздзел другі
Чэрвень 1941
Больш-менш значнае, што адклалася ў душу ў другую сусветную вайну, я паспеў ужо выкарыстаць у сваіх кніжках. Засталіся толькі ўрывачныя моманты, галоўным чынам, тыя, якіх з-за цэнзуры друкаваць раней было нельга.
Вайна мяне заспела ў Наваградскім педвучылішчы. У армію ўзяць ваенкамат адмовіў, і я з Наваградка вырашыў ісці дамоў. У той неразбярысе родная хата здалася адзіным месцам, дзе можна было набрацца сілы, каб перажыць трагедыю, знайсці прытулак.
Па дарозе з Наваельні ў Дзятлава я ў хвойнічку спаткаў першых немцаў. Майго ўзросту обер-яфрэйтар паклаў сваё аддзяленне ўпоперак тракту і чакаў раніцы. Яго сябры ў абдымку з ручнымі кулямётамі і карабінчыкамі на яшчэ не зусім астылым звечара жоўтым пясочку адсыпаліся, а обер-яфрэйтар за ўсіх вартаваў.
Спатканне з першым ворагам абышлося вельмі нетыпова. Сонны і ўшчэнт стомлены, я налез на варожы ланцуг упрытык, і кідацца ў хвойнік ужо не мела сэнсу.
Маё з’яўленне обера не здзівіла. Ён пацікавіўся, што ў мяне ў партфелі. Прыязна распытаў, хто я і куды іду, ды вачыма запрапанаваў каля сябе на пясчанай каляіне адпачыць, што я і зрабіў.
Немец добра гаварыў па-польску. Мы з ім сядзелі, як два браты, ды гутарылі мо з гадзіну – аж узышло ды стала прыпякаць летняе сонца.
Не да веры, але ж факт, юнак у варожым мундзіры мне паскардіўся: ён Чырвонай Арміяй надта расчараваны. Спадзяваўся: яна дасць такі адпор, што нямецкія войскі разляцяцца ўшчэнт і салдаты праз пару дзён вернуцца дамоў. Гэтым часам часць аж з-пад Любліна тыдзень валачэцца ў трэцім эшалоне і – ніякага супраціўлення не напаткала.
У голасе ворага прагучалі ноткі жалю, што ўся дарога запруджана савецкай тэхнікай – у асноўным цэлай і спраўнай. Прагучаў і папрок, бытта ва ўсім вінаваты я.
Прыбіты, расстроены, больш з упартасці, чым з пераканання, оберу я адказаў:
– Нічога, усё гэта ў нас так ад нечаканасці. Калі сям’я спіць і нападуць бандыты, – што хочуць робяць, покуль не ачомаюцца людзі. Бяда здарылася толькі на гэтым напрамку. Затое на другіх франтах нашы паў-Германіі прайшлі, а з Берліна савецкія самалёты зрабілі гладкі стол!
– Не ведаю, не ведаю… – з недаверам і з ноткамі надзеі пакруціў галавой обер.
Такога нашага сімпатыка ў форме вермахта я потым за вайну не сустракаў. Напэўна, гэта быў мабілізаваны з-пад Познані паляк, але тая сустрэча і размова настроілі мяне адпаведным чынам і не адпускаюць да сённяшняга дня.
Гэта няпраўда, што гітлераўцы паперлі савецкія войскі на ўсход, бо мелі больш тэхнікі і адмабілізаваных салдат. Каб сцвярджаць такую ісціну, мне не трэба капацца ў архівах – я веру сваім вачам.
У радыусе 25 кіламетраў ад майго Страшава на трох вайсковых аэрадромах – на тым самым Свіслацкім, куды мы з братам зносілі камяні, на Кватарскім і Заблудаўскім – нямецкія машыны спалілі нашыя самалёты – усе да аднаго – у першую гадзіну вайны, а на кожным аэрадроме стаяла па дзевяноста дзве – дзевяноста пяць баявых машын.
Яшчэ адна даведка для нашчадкаў узята са слоў старшыні Гарадзенскага гарвыканкама Ратайкі ў 1941 годзе: «Гародню баранілі нашы 64 зеніткі СПА. Снарадаў ім хапіла толькі на дзве гадзіны. Ужо з 6 гадзін раніцы «месершміты», «штукасы» ды «юнкерсы» беспакарана лёталі над горадам на мінімальнай вышыні, ганяючыся нават за адзінкавымі людзьмі!»
Наш хутар ляжаў недалёка ад аўтастрады Варшава-Беласток-Ваўкавыск-Слонім-Баранавічы-Менск. Савецкія танкі, зробленыя з найлепшай у свеце сталі, пафарбаваныя свежай фарбай, амаль усе цэленькія (!), кінутыя на гэтай шашы, нямецкая трафейная каманда акуратна пранумаравала. У Беластоку на бартах немцы вывелі першыя нумары. А пры ўездзе ў Ваўкавыск – і цяпер з дакладнасцю да аднаго метра магу паказаць тое месца! – стаяла ў адхоне скасабочаная машына з парадкавым нумарам 500.
Гэта была славутая «трыццацьчацвёрка». Такой маркі памятаю пяць машын на нашай шашы. Нутро мелі пакрытае густой белай эмаллю, ад чаго яно здавалася залітымі яечным бялком – цвёрдым, як косць. Уся праводка ў танках была ізалявана сталёвай сетачкай «у елачку», чаго потым не спатыкаў нават на нашых самалётах. Спецыяльныя каманды рабочых тыя шэдэўры танкабудаўнічай савецкай тэхнікі потым, як бручку, аўтагенам парэзалі на роўныя квадраты ды адправілі ў Рур на пераплаў.
Між іншым, доўгі час я намагаўся дабіцца аўтарытэтнага адказу, чаму гэткія практычныя немцы не пастараліся тыя машыны выкарыстаць па прызначэнню, пакуль не вычытаў у замежных крыніцах, што гэтаму перашкодзіла самаўпэўненасць Гітлера і пыха гітлераўцаў. Пад канец 1943 года палітыку сваю немцы пачалі ўжо мяняць, ды было позна.
Адным словам, нашых танкаў было аж паўтысячы. А з Беластока да Ваўкавыска ўсяго 90 кіламетраў. Наўрад ці прайшло па нашай шашы тыды 500 танкаў, нямецкіх, бо Гударыян са сваёй сталёвай армадай валіў на Менск праз Брэст-Баранавічы.
З такім самым недаверам я адбіраю і тлумачэнне, што нашая армія бытта бы адразу аддала пагранічную зону, бо мела там мала войск. Таксама хлусня.
Уздоўж граніцы ўсе нашы палі ды лясы былі запруджаны салдатамі – той самай кадравай арміяй, якой, паводле слоў маршала Жукава, мы ўжо больш ніколі не мелі на працягу ўсёй вайны.
Да крыўды абурала лёгкасць, з якой немцам удавалася граміць нашы батальёны, палкі, дывізіі ды карпусы, абкружаць ды нішчыць іх, тысячнымі натоўпамі браць у палон байцоў, бытта яны ўсе апынуліся там у нас выпадкова і без камандзіраў, нібы былі не войскам, а якімсьці табуном, толькі абмундзіраваным пад чырвонаармейцаў.
Даўжэзнымі калонамі немцы іх потым перлі за былую савецкую граніцу, на тэрыторыю генерал-губернатарства (так ужо тады называлася Польшча), і заганялі ў лагеры за калючы дрот паміраць ад голаду. Там яны і ляглі ў братнія магілы па 20, 40, 50 і нават па 80 тысяч у адной яме ламанай лініяй (гэтак ішла даваенная граніца) – Сувалкі, Аўгустаў, Асавец, Богушы (куды трапіў Якаў Джугашвілі-Сталін), Граева, Ломжа, Бельск-Падляскі...
Палякі падлічылі, што на іхняй тэрыторыі ўздоўж старой (да 1939 года) савецкай граніцы лягло гэтак у братнія магілы аж 1,5 мільёна чалавек – пераважна людзей, якія трапілі ў палон у першыя дні вайны.
Адлегласць ад Сувалак да Карпат нават меншая, чым трэцяя частка вогненнага вала вайны. Я дакладна не ведаю, як было на астатніх дзвюх трэціх частках, але, як у выпадку з танкамі, наўрад ці на нашым адрэзку фронту на ўсход пераваліла больш войск вермахта, як савецкіх у палон. А яшчэ трэба ўлічыць тых, хто склаў галаву ў пагранічных баях ды на палях ад Слоніма да Менска, каго пахавалі ў брацкія магілы ўздоўж граніцы, хто не ўвайшоў у лік 1,5 мільёна. Такім чынам, па колькасці немцам супрацьстаяла і нашых войск напэўна больш. Такія рэаліі. У гэтай сувязі мне прыгадваецца размова з генерал-палкоўнікам А.Гарбатавым.
Мяне, ветэрана, даўно мучыла адно пытанне, і я ўсё хацеў задаць яго каму-небудзь з вядомых вайсковых аўтарытэтаў. Доўга я насіўся з гэтым пытаннем, пакуль не надарыўся выпадак.
Спрабуючы з Алесем Адамовічам арганізаваць Усесаюзнае таварыства цвярозасці (1962 год), я для гэтага сустрэўся ў Маскве са славутым генералам (Гарбатаў – таксама закаранелы вораг алкаголю, што мы вычыталі з яго кніжкі). Аляксандр Васільевіч прыняў мяне на сваёй кватэры ля Мікіцкіх варот – у вялікай і даволі сціпла абстаўленай залі, уздоўж сцяны якой ляжала радочкам паўтара дзесятка сёдлаў – сувеніраў грамадзянскай вайны. Асвоіўшыся з абстаноўкай, я ў яго пацікавіўся, наколькі хутчэй закончылася б вайна на нашу карысць, калі б Сталін хоць на два дні ці на дзень раней даў загад мабілізаваць войскі.