Литмир - Электронная Библиотека

І тым не менш, вера ў міфічную краіну, дзе плывуць малочныя рэчкі, якой кіруе вялікі Чалавек, жаданне хоць ілюзорнага шчасця сабе, дзецям і ўнукам у нашых сялян заглушалі здаровы мужыцкі розум.

Усе сумненні былі кволымі. Людзей агарнуў дзіўны энтузіязм якойсьці паслухмянасці, ён прытупляў у іх нават чалавечнасць. Гіпноз новай улады быў настолькі моцны, што людзі, зведзеныя да нявольнічага падпарадкавання і бяздумнага захаплення, адчувалі сябе нават і праўда шчаслівымі. У іх усё мацней гаварыла чужое іхняму выхаванню і традыцыям продкаў. Яны і не заўважылі, калі пасталі здольнымі на подласць.

Цяпер бачылі галоўнае: новая ўлада – свая. Калі што і не так, можна пацярпець. Маўляў, усей падаплёкі вывезеных і арыштаваных я не ведаю і не хачу ведаць, толькі – дыму без агню не бывае. Ды і трэскі сапраўды ляцяць, калі лес сякуць. Што зробіш, памылкі заўсёды здараліся, асабліва пры вялікай справе. Усё гэта чалавечае, разбяруцца. Напэўна разбяруцца. Бальшавікі – людзі галавастыя, бачыш, якая ў іх тэхніка? Разбяруцца і з маёй сям’ёй! Зразумеюць, нарэшце, што я не з чужога класа, іўсё ўладкуецца! А пакуль што існаваць можна?

Можна! Ну і жыві!

Новыя парадкі ва ўсёй краіне

Факты тым часам жыццё падсыпала і падсыпала. Сваякоў, якія засталіся ў грамадзянскую вайну ў Савецкай Расіі, чамусьці па-ранейшаму не пускалі на радзіму да сваякоў у госці. Калі ж гэта Вызваленне, чаму б не з’ездзіць з беднай і прыгранічнай Заходняй Беларусі ў квітнеючую Усходнюю, чаму не пабачыцца з братам ці сястрой? Але ж – куды там!

Не давалі нават прапускоў, каб з’ездзіць бацьку ці маці да родных дзяцей!

Тым, каму ўдалося вырвацца да бацькоў праз кардон тайна, апавядалі пра жудасныя пакуты, якія перажылі ў СССР сваякі толькі за тое, што ў іх хтосьці жыў у Польшчы, – не браліся пад увагу аніякія тлумачэнні.

Чамусьці чалавек са схільнасцю рабіць даносы асуджаўся толькі ў тым выпадку, калі рабіў гэта пры тагачаснай Польшчы. Калі ж і пры новай уладзе заняўся падобным рамяством, яго прымалі на службу як свайго, даруючы ўсе ранейшыя грахі. Такіх нават у прыклад прыводзілі. Наш малапісьменны сусед Марцін Грушэўскі, які пры Польшчы ў час забастоўкі лесарубаў быў штрэйкбрэхерам, за што падпольшчыкі яго не раз білі, стаў цяпер правай рукой у энкавэдзістаў, а пры сустрэчы з бацькам дэманстраваў сваю перавагу.

I неўзабаве ўсё больш тых, хто даносіў раней, пачалі тое самае рабіць ды цяпер яшчэ і выхваляцца.

У школах развесілі партрэты піянера, які выдаў бацьку. Ад гэтага ўжо жахнуліся старыя людзі. А як жа біблейскі запавет: шануй бацьку свайго і маці сваю? Так, бацька хлопчыка мог і няправільна штосьці ўчыніць. Але ж не дзіцяці меркаваць аб сваіх бацьках і мацярках. Што яно яшчэ разумее? Дай толькі волю такім, і – свет разваліцца!

Адным словам, новая ўлада здзіўляць людзей не пераставала. Для гэтага жыццё ўсё падкідвала прычыны.

Тыя, хто раней лёгка паддаваўся паланізацыі, цяпер дружна загаварылі па-руску. Не, «дружна» – не тое слова, бо загаварылі наперабой. Новым уладам такія паводзіны надта здагадлівых грамадзян спадабаліся. Усіх, хто гаварыў па-ранейшаму, пачалі кляйміць нацыяналістамі, асколкамі нацдэмаўшчыны, рупарамі ворагаў народа ды чорт ведама чым яшчэ. А слухалі людзі цяпер такое чамусьці раўнадушна.

Забаранілі праводзіць Купалле, калядкі і батлейкі, хадзіць з «зоркай» на Каляды.

Забаранілі спяваць «Ад веку мы спалі», «Люблю я край, старонку гэту». Загадчык навучальнай часткі Наваградскага педвучылішча Кашалеўскі мяне падлавіў на такім занятку ў калідоры і папярэдзіў: пачуе з маіх вуснаў такое яшчэ раз – вылечу з педвучылішча і мной зацікавіцца НКУС.

Хлопцы ў Заходняй Беларусі любілі наогул танцаваць, і я быў заўзятым танцорам. Загадчык навучальнай часткі заадно папярэдзіў: тое самае зробяць са мной, калі на вечары ў педвучылішчы буду танцаваць танга. Падумаўшы, велікадушна дазволіў факстрот. Але ім таксама не павінен надта захапляцца. Рэкамендавалася танцанаць кракавяк, лявоніху, падыспань і вальс.

Тым не менш, жыццё стала такім насычаным і бурлівым, што ўсе дзівацтвы, забітыя той самай эйфарыяй, мазгі ды псіхіка паступова сталі ўспрымаць нейкім другім, не самым галоўным, паверхам.

Нябачнае да гэтай пары бясплатнае лячэнне і адукацыя. Мажлівасць кожнаму працаваць на будоўлях, чыгунцы, здабычы торфу, у лесе і атрымліваць немалыя грошы.

Хутка і ў нас з’явіліся ахвотнікі, каб за капейкі купіць бутэльку-дзве гарэлкі ды ў нядзелю ці будзень адведаць яе заманлівую асалоду (і гэта быў толькі пачатак!)...

З’явілася мажлівасць праехацца на спадарожнай машыне ў любую вёску, бо аўтамабілі запрудзілі ўсе дарогі, утварылі на іх шырокія каляіны са следам пратэктара. Толькі падымі руку – кожная палутарка спыніцца.

I ўжо зусім ашаламляла лёгкасць, з якой можна было амаль задарма набыць білет на цягнік ды, як рабілі калісьці толькі паны з паўпанкамі, адправіцца куды душа жадае (вядома, у межах Заходняй Беларусі).

Напэўна, пералічанага было б недастаткова нармальнаму чалавеку, каб яго душа пры новай уладзе адчула поўны камфорт. Але ж, я паўтараю, у наіўных ды мала праінфармаваных людзей тае пары было столькі веры, надзеі, што яны пастараліся заплюшчыць вочы на вываз людзей, не бачыць, як з імі абыходзіліся.

Энтузіязм тае паслухмянасці быў надта агрэсіўны. Да сённяшняга дня – праз паўстагоддзя! – добра адчуваю, з якой нядобразычлівасцю я ставіўся да тых, хто адважваўся крытыкаваць новыя парадкі, спрабаваў называць белае белым, чорнае чорным, а котку коткай. Нават блізкія людзі выклікалі абурэнне.

Майго роднага дзядзьку Мікалая, былога члена КПЗБ, што з астаткамі польскай арміі ў верасні 1939 года трапіў пад Бродамі да Чырвонай Арміі ў палон, запяклі ў лагер біць камяні для шашы. Калі абжыўся, мамін брат паабяцаў начальніку вядро самагонкі, і той адпусціў яго на пару дзён дамоў.

Дзядзька Мікалай у лагеры прайшоў ужо добрую школу палітычнага «лікбезу» і цяпер пастараўся пляменніку адкрыць на ўсё вочы. Перада мной ён цярпліва разлажыў па палічках крывавыя злачынствы Мудрага Правадыра і Настаўніка. І выходзіла, што Сталін прыслаў да нас войскі зусім не вызваляць Заходнюю Беларусь. Згаварыўшыся з Гітлерам, Заходнюю частку Беларусі акупаваў, а сам ён крывасмок і нікчэмнасць.

Упершыню ад яго я тады пачуў, як энкавэдоўцы ноччу адбіралі па чысціні рук з вялізнага натоўпу польскіх палонных сабе ахвяр ды з наганамі вялі іх у бліжэйшы яр расстрэльваць. Апавядаў дзядзька пра ўсё са злосцю, з горыччу, з абурэннем. Аднак дарэмна сваяк стараўся.

Дзядзькавы словы чамусьці мяне толькі раззлавалі. Я не стараўся зразумець усю праўду, а пашукаў аргументаў, каб сваяка зрэзаць. Потым, вядома, з даносам, як Паўлік Марозаў, у сельсавет не пабег. Але пад уздзеяннем скажоных уяўленняў аб патрыятызме, ад якогасьці халопства, што ішло ад безразважлівай веры ў раз і назаўсёды прынятыя заклікі, ад той самай эйфарыі ды рамантычна-анархічных ідэй, якімі быў нашпігаваны, дзядзьку я страшна ўзненавідзеў.

Мне, вясковаму абмежаванаму абалдую, такое можна было і дараваць. Бо толькі пачынаў жыць, наіўны быў, як цяля. Але ж як дараваць бацьку, бываламу зубру, што першую сусветную вайну адбухаў у акопах ад званка да званка, быў неаднойчы паранены і біты, які за арганізацыю забастоўкі лесарубаў сядзеў у ваўкавыскай турме пры Польшчы, а ў апошні час кулацкім падаткам даведзены да роспачы.

Аднаго разу мы з ім некуды ішлі. На палявой дарозе падышла да бацькі надта знебарачаная маладзіца. Яна адвяла яго ўбок ды з плачам стала штосьці тлумачыць. Бацька лічыўся на вёсцы не толькі добрым гаспадаром, але і мужыком з галавой. Мы даўно прызвычаіліся, што да яго людзі ішлі за парадай. На гэты раз слухаў бацька жанчыну, слухаў, тады яе абарваў:

– Ніхто яму, Зося, не вінаваты! Яго права скончылася – і няхай церпіць!

Жанчыну пакінуў, а мне з абурэннем паскардзіўся:

– Некаторыя думаюць, што і цяпер, як пры Польшчы, сем’ям арыштаваных трэба таксама спачуваць, на адваката ўскладчыну грошы збіраць – бачыш ты іх?!

80
{"b":"556142","o":1}