А далей дакладчык пачаў паўтарацца ды нешта блытаць. Машэраў свайго інструктара слухаў, слухаў, нарэшце нецярпліва абарваў:
– Ты, Баранаў, нам тут пачаў нейкія байкі заліваць! Гэтак і на мяне можаш накалупаць матэрыялу!
Збіты з панталыку, дакладчык замоўк, на яго твары з’явілася дурнаватая ўсмешка.
Машэраў нядобра на яго паўзіраўся, працягнуў:
– Адназначна можаш! Якую табе даведку трэба на ўцёкі з лагера? Хто табе яе выдасць? Немец? А дзе ты фрыца таго, што правароніў на пасту таварыша Карпюка, цяпер возьмеш?
За сталом некалькі галасоў хіхікнула.
Машэраў далей гаварыў:
– Што ён уцёк з лагера? За гэта малайчына! А ўцёкшы, не куды-небудзь пабег, не да мамкі на печку, толькі – у партызаны, каб з немцамі ваяваць!
Тут раптам той самы нецярплівы вайсковец ужо зусім у іншай танальнасці Машэраву падказаў:
– А ён яшчэ на фронце нават паранены! I два разы паранены, адзін – вельмі цяжка!
Машэраў на падказку падхаліма нават вухам не павёў:
– З гэтага боку таварыш Карпюк – чалавек чысты. А кулацкі сын? На Беласточчыне польскія таварышы вазілі мяне на яго хутар, і я бачыў, якія гэта кулакі: лапцем шчы хлябалі. Таксама і бацька яго быў у партызанах, нават і маці. Карпюкі ваявалі, больш бы ў нас было такіх патрыётаў у вайну! Мы не за гэта Аляксея Нічыпаравіча цяпер разбіраем.
Я сваім вушам не верыў. Бо ўсяго спадзяваўся, але каб аж так павярнуліся мае справы?!
Тым часам Машэраў, устаючы з-за стала, – высачэзны, даўгі, – спакойна і ўпэўнена гаварыў далей:
– Мы разбіраем яго справу за выступленні на з’ездах і пленумах СП БССР. Вы, таварыш Карпюк, калі і бачылі што-небудзь заганнае, то, як сапраўдны камуніст, павінны былі ў першую чаргу сюды прыйсці ды выкладваць, што маеце, а вы як рабілі? Вылезеце на трыбуну ды галосіце на ўсю рэспубліку. Я, бывала, прывязу з Масквы гасцей у Саюз пісьменнікаў Беларусі, а яны з Быкавым, Адамовічам павылазяць на трыбуну ды на гасцей валяць, а мне – хоць скрозь зямлю праваліся! Вось за што мы вас цяпер разбіраем. Думаю, варта тут паслухаць камуніста Карпюка, чаму ён так сябе паводзіць. Няхай нам тут скажа, што ён аб гэтым думае. Пярэчанняў няма? Не чуваць. Тады – слухаем!
А я ўсё не верыў сваім вушам. I «таварыш Карпюк», і «камуніст Карпюк», і «Аляксей Нічыпаравіч». I чаму перад выступленнямі не заходзіў да яго (бытта мяне пусцілі б у гэты самы кабінет на пятым паверсе!). I тое, што Машэраў на ўласныя вочы аглядаў на Беласточчыне наш хутар...
Раптам я адчуў, як устрапянулася мая душа. Як кожная клетачка мая напаўняецца сілай. Як вырастаюць ў мяне крылы!
Гэта была за шмат-шмат гадоў, за тысячагоддзі мая першая перамога над хлуснёй!
Гэта быў мой даўночаканы трыумф!
А сказаць мне было што. Я пра гэта думаў і перадумаў усе апошнія месяцы, тыдні, дні, гадзіны, а яны цягнуліся надта марудна. Таму цяпер, не чуючы пад сабой ног, я ўсхапіўся ды пачаў больш-менш спакойна і ўпэўнена гаварыць:
– Га, чаму сябе так паводзіў? Бо іншыя, Пётр Міронавіч, любяць за вугламі брахаць, а калі выйдуць на трыбуну, то гавораць ужо зусім-зусім іншае. Гэта, па-вашаму, правільна? Так сябе павінны сапраўдныя людзі паводзіць? Па-мойму, калі ты маеш што, то з гэтым і на народ выходзь ды гавары, а не брашы за вугламі. Я сябе паводзіў паводле такой менавіта этыкі. Што, мажліва, памыляўся часамі? Мабыць, і вельмі памыляўся. Аднак я Вас, Пётр Міронавіч, і вас, шаноўныя члены Бюро ЦК КПБ, тут спытаюся: які грамадзянін, камуніст і чалавек лепшы: ці той, хто да ісціны даходзіць цераз пошукі ды памылкі, ці той, хто ўспрымае яе, гэту ісціну – адзіную і непаўторную, – як завучаны ўрок?
Сказаў я гэта, бы адрэзаў, і сеў. Ды сам нават здзівіўся, што бразнуў такой удалай думкай.
Выпаліў проста і хітра!
Але ж і ўдалося мне! Ні «апостал» вайсковец, ні Міцкевіч, ні Баранаў, вядома, для мяне не «шаноўныя», але чорт іх бяры, хай абліжуцца!
Толькі, Божа мой, што пачалося пасля мной сказанага!
– А-а, то вы так ісціну шукалі?! – па-маладому зноў ускочыў на ногі Машэраў ды не без сімпатыі пачаў мяне касціць. – Перад кім вы яе шукалі, перад абывацелямі? А ці ведаеце, людзі гэтыя вам апладзіруюць, падхіхікваюць, а затым сюды прыходзяць, сядаюць во на гэтае крэсла ды рознае свінства на вас валяць! Так, так, не здзіўляйцеся, я вам праўду гавару, – валяць! А вы – зноў усё свае! Так камуністы сябе паводзяць?
Машэраў, як вядома, звычкі лезці па словы ў кішэні не меў. Яны і на гэты раз ліліся з яго патокам. Касціў мяне гэтак мінут з трыццаць, успамінаючы факты з маёй біяграфіі, са спатканняў, з чаго я зрабіў сабе выснову: служба даносаў у беларускім ЦК партыі стаіць на вышыні.
За першым сакратаром ЦК узялі слова Кузьмін, Аксёнаў, але і ў іх адчуваліся тыя самыя добразычлівыя ноткі.
Адным словам, пытанне маё на Бюро ЦК КПБ разбіралася амаль тры гадзіны, а час праляцеў, як адно імгненне. Выходзіў я з кабінета, бы на крылах.
У прыёмнай перадавалася ўсё тая ж класічная музыка, і ўпершыню ў жыцці я адчуў яе магутнае хараство.
З апарата плылі не гукі, а нейкія гаючыя лекі, якія хтосьці далікатна ліў на маю збалелую душу, і яна на вачах набірала сілы і спакою.
I дарогі мне паказваць не трэба было. Але я выходзіць не спяшаўся, бо надта цёпла і прыемна ззяла электрычнасць, весела і прыязна свяціўся жоўты лак мэблі, стралялі радасныя прамені ад крышталю на стале ды кінулася мне ў вочы надзвычай густоўная прычоска з каштанавых валасоў дзяўчыны, якую, мабыць, выбіралі на рэспубліканскім конкурсе прыгажунь – аж вачэй нельга было ад яе адвесці!
Нарэшце, выйшаў я ў калідор і свабодна пакрочыў, а грудзі мае поўніліся ўсё тым самым пачуццём перамогі.
Эх, як прыемна было адчуваць такое!
Як прыемна было жыць!
Людзі, я вас усіх люблю і зноў усіх вітаю!
... Між іншым, вярнуўшыся дамоў, у наступны дзень я ў добрым настроі зайшоў ва універмаг. Зайшоў проста так, як ходзяць у лес, каб пабыць аднаму. Стаю перад прылаўкам. Гляджу на тавар і зусім яго не бачу, а проста бытую сам з сабой ды ўсё перажываю ўчарашняе здарэнне ў Менску на пятым паверсе галоўнага партыйнага дома, захапляючыся такім дасціпным сваім адказам. Заадно дзіўлюся: як сумясціць Машэрава, з яго ўзроўнем мыслення, з узроўнем і норавамі яго паплечнікаў, якія падпявалі яму на бюро, бы флюгеры. Успомнілася: у жыцці падобную з’яву я ўжо назіраў і гэтаксама тады дзівіўся сумяшчэнню Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Васіля Казлова і міністра НКУС Лаўрэнція Цанавы. Ад таго, што абодва –Машэраў і Казлоў – працавалі з такімі нікчэмнасцямі і не толькі іх цярпелі, а, найхутчэй, лічылі сваімі паплечнікамі, вобразы аднаго і другога блеклі.
Раптам чую, мяне нехта далікатна бярэ ззаду за локці, па-сяброўску іх націскае, а знаёмы голас на вуха кажа:
– Ну і малайчына, што адбіўся! Віншую! Я за цябе ад душы рады! Так і далей трымаць!
Я азірнуўся, ды чалавек пайшоў ужо.
Па фінскім цёмным касцюме ў белую палоску я пазнаў самага заядлага свайго ворага, арганізатара свінства на мяне, Быкава і Клейна. Яго жэст надта азадачыў: як гэта разумець? I што цяпер: радавацца мне яшчэ больш ці насцярожыцца? ... Праз пару тыдняў пасля таго, як вярнуўся я з Менску, паклікалі мяне ў гаркам і далі пачытаць рашэнне Бюро ЦК. На дзіва, там зноў былі пералічаны ўсе мае ўяўныя злачынствы, а пад канец стаяла: ЦК пакідае мяне ў партыі, але не таму, што не было за што выключыць, а з-за майго шчырага раскаяння ды прызнання памылак. Захацелася зараўці: дзе ж тыя памылкі?! На бюро зусім інакш ставілася пытанне!
«Баранаў – ах, штукар! – адыграўся на мне, – хапіла мяне здагадка. – Ведае, паганец, што я зноў да Машэрава не пабягу!»
Узнімаць бунт і бегчы ў тую кантору другі раз мне ўжо расхацелася. Такі ўзялі нада мной бюракраты верх.
Раздзел чацвёрты
Вяртанне да нормы
Літаральна праз нейкі час усё пачало ў нас мяняцца, бы ў той байцы. Напэўна, у многім спрычыніўся да гэтага Машэраў, які ўсё больш уваходзіў у справы рэспублікі.