У 1955 годзе я, старшыня мясцовага літаб’яднання, хадзіў да яго па дазвол, каб надрукаваць у абласной газеце артыкул пра Міхася Васілька з нагоды 50-годдзя паэта. Баранаў ужо аднекуль ведаў, пра што буду яго прасіць, і да размовы быў падрыхтаваны. Адразу мяне аблаяў за дапамогу мацёраму буржуазнаму нацыяналісту – Васільку, які ў часы акупацыі бытта бы «якшаўся» з Беларускім камітэтам у Беластоку.
З камітэтам Міхась уступіў у кантакт па заданні партызанскай брыгады, камісарам якой быў тагачасны сакратар Гарадзенскага райкама партыі Дайнека, чаго Баранаў не ведаць не мог. Каб патрапіць пад шумную кампанію барацьбы з нацыяналізмам, якая тады грымела, адказную і небяспечную місію Васілька Баранаў браць пад увагу не хацеў: яна яму была невыгоднай.
Адным словам, чыноўнік тады мяне аблаяў. У адказ я штосьці рэзкае кінуў, а Баранаў павысіў голас яшчэ мацней. І скончылася наша дуэль тым, што Баранаў папёр мяне з кабінета ды патэлефанаваў сакратару партарганізацыі рэдакцыі Тропіну, каб той зараз жа выключыў Карпюка з партыі за пасобніцтва мацёраму нацыяналісту.
Справу маю тады ўладзіў Максім Танк. Аднак зуб на мяне Баранаў займеў. I цяпер – на табе, маеш! – праз колькі гадоў сустракаюся з тым самым Баранавым у Менску ў ролі прасіцеля.
Прымаючы з маіх рук апеляцыю, Іван Аляксеевіч адкрыта з мяне пакпіў:
– Навошта табе марнаваць час і паперу? ЦК КПБ цябе ўсё роўна не адновіць! Хопіць таго, што мы на рэспубліканскай парткамісіі пацвердзім рашэнне гарадзенскага бюро!
Я агрызнуўся:
– Справа ваша – матэрыял прыняць, зарэгістраваць і даць яму ход.
I праўда, парткамісія пры ЦК на сваім пасяджэнні неўзабаве справу без мяне разгледзела і, вядома, пакінула без змены. Далей мае паперы Баранаў накіроўваць не спяшаўся, як я ні бамбіў ЦК пісьмамі і тэлефоннымі званкамі.
А час ішоў. Ад радні і нешматлікіх знаёмых, што яшчэ мяне не абміналі, я даведаўся, як пастарэў, згорбіўся і счарнеў з твару. Ды і сам адчуваў, як слабну з кожным днём, як падаю духам, раблюся панылым, змрочным, хоць у размове з блізкімі стругаю з сябе героя. Некуды падзеўся мой сон, таму днём і ноччу лазіў я, бы лунацік, па пустых гарадзенскіх вуліцах і па лесе. Тады сябе пачаў угаворваць: трэба ратавацца, бо інакш затопчуць. Ратавацца мушу. Няўжо дапушчу, каб узялі нада мной верх розныя бюракраты-авантурысты? Не прапускаюць справы на бюро? А я ўсё зрабіў, каб яе прабіць?
Адным словам, я не пераставаў верыць, што недзе існуе справядлівасць, што ёсць людзі, якія напэўна ва ўсім гэтым разбяруцца і мяне абароняць.
I вось на ўрачыстым юбілеі нейкага нашага класіка, карыстаючыся запрашальным білетам ад Саюза пісьменнікаў БССР (з членаў СП СССР мяне яшчэ не паспелі выключыць), у оперным тэатры я нахабна прарваўся цераз ахову да Пятра Машэрава ды заявіў, што лічу сябе ні ў чым не вінаватым, сумленне перад партыяй і людзьмі маю чыстае, але мяне нядобразычліўцы здорава пакрыўдзілі. Папрасіў яго асабіста пацікавіцца маёй справай, а маю апеляцыю вынесці на абмеркаванне Бюро ЦК КПБ. На маё здзіўленне, Машэраў з прыязнай ветлівасцю мяне выслухаў і просьбу паабяцаў уважыць.
Дзякуй Богу, слова сваё гэты чалавек стрымаў.
У прыёмным пакоі
Тая падзея адбылася памятным для мяне днём – 2 снежня 1972 года – і ўражанне зрабіла магутнае. Тое, што я там бачыў і чуў, было надта маляўнічым ды характэрным для сваёй эпохі. Такога не вычытаеш ні ў адной кніжцы, ні ў адным газетным артыкуле, таму лічу сваім абавязкам яго абнародаваць, пакуль памяць яшчэ трымае ў галаве ўсе дэталі, а сэрца захавала выразныя сляды таго хвалявання.
Нас, выключаных з партыі, у прыёмным пакоі на пятым паверсе ўсім вядомага будынка ў цэнтры Менска сабралася шэсць чалавек. Мужчыны нервова хадзілі па пакоі ды са злосцю касіліся на чорную скрыначку радыё, з якога расфуфыраная сакратарка ад няма чаго рабіць бесклапотна слухала якуюсьці цягучую музыку. Мяне ж разабрала дзіўная абыякавасць – на гэты раз ужо без ніякіх пігулак. Пра тое, што чакала, я абсалютна не думаў, толькі глядзеў ва ўсе вочы ды прыслухоўваўся, ходзячы па паркеце разам з калегамі па няшчасцю.
Было надта ж цікава.
Адзін штрафнік з планкамі баявых ордэноў на грудзях стараўся давесці суседу, што ў партыі яго абавязкова адновяць, бо сам Машэраў не раз бываў на яго лесаўчастку, бачыў, які там парадак, нават хваліў за гэта. I быць таго не можа, каб Пётр Міронавіч гэтага не запамятаў.
Другі мужчына гаварыў, што ён старшыня калгаса, калісьці не хацеў заараць траву пад кукурузу, хоць атрымліваў вымову за вымовай. Пётр Міронавіч той яго ўчынак, напэўна, цяпер успомніць ды ацэніць – іначай быць не можа!
А нейкі высокі, сухі ды панылы, як сыч, стары прафесар пераходзіў ад адной пары да другой і шаптаў:
– Товарищи, но ведь Машеров матерый националист, вы не находите? Послушайте, товарищ, но ведь...
Нарэшце, пачалі выклікаць па адным на расправу. На дзіва, людзей затрымлівалі за дзвярыма чамусьці ўсяго хвілін пяць. Мужчыны выскоквалі праз вялізныя дзверы з прысудам, як ашалелыя, нічога не чуючы, не бачачы і нічога не гаворачы. Дый было такое ўражанне, што яны раптам страцілі здольнасць гаварыць! Дзяўчына цяпер выступала ўжо ў ролі нейкай сястры міласэрнасці і кожнаму цярпліва паказвала, як выйсці, а мужчыну з планкамі ўзяла нават пад локаць і правяла ў калідор.
«Што яны робяць?! – закіпеў у маёй душы бунт. – Напрыклад, у мяне гэтак усё заблытана, хіба ж за такі кароткі тэрмін можна разабрацца ў справе?!»
Але вось пераступіць запаветны парог дайшла чарга і да мяне. Нарэшце!
На бюро ЦК КПБ
Зрабіў я некалькі крокаў, і перада мной адкрыўся зеў велізарнага, як футбольнае поле, кабінета першага сакратара ЦК КПБ. З левага боку пад сцяной выцягнуліся адзін за адным чатыры ці пяць сталоў, а яшчэ два сталы ў процілеглым ад мяне канцы, у самым яго тарцы, стаялі ўпоперак, утвараючы з мэблі такім чынам літару «Т». Уздоўж тае перакладзіны, як апосталы на малюнку «Тайная вячэра», расселіся важна члены бюро ЦК, а пасярэдзіне – сам Машэраў. Мяне пасадзілі ад сябе надта далёка, у канцы ножкі «Т», пад мікрафон.
I пачалася мая справа.
Баранаў спачатку выклаў, як я ўтаіў ад партыі колькасць бацькавых кароў – упісаў у аўтабіяграфію на адну рагулю менш. Утаіў аднаго каня, а зямлі – аж на трынаццаць гектараў! Як падрабіў даведкі для асабістай справы. I што з партыі ўжо выключаўся неаднойчы.
У самым разгары баранаўскага даклада нейкі нецярплівы вайсковец з ліку «апосталаў» паспрабаваў дапамагчы Івану Аляксеевічу:
– Ён яшчэ і ў нямецкім лагеры сядзеў!
– Ён з лагера нават уцё-ок!..
Са словаў другога падказчыка выходзіла, што знаходжанне ў нямецкім лагеры і асабліва ўцёкі з яго – немаведама якая загана.
Бліжэйшы да мяне з членаў бюро сядзеў сакратар ЦК КПБ па сельскай гаспадарцы I.Міцкевіч – той, якога я некалі папракаў за чужы ордэн, які ўсяго праз 10 гадоў у Маскве ў Вялікім тэатры оперы і балета папросіць у мяне прабачэння. Цяпер ён не вытрываў, падаў рэпліку таксама:
– Мы з ім разбіраліся не раз, калі яшчэ працаваў я ў Гародні. Чатыры з палавінай гадзіны аднойчы гутарыў з ім, а пераканаць так і не змог. Закаранелы! Што ж, бацька яго – мацёры кулак, а сам ён – сын кулака! Праўда, у яго цешча залаты чалавек – Фаіна Абрамаўна Цыгельніцкая. Старая рэвалюцыянерка і сяброўка па падпольнай барацьбе Прытыцкага. Сам жа ён адкрыты вораг і антысаветчык!
Гэтага яму здалося мала. Міцкевіч падумаў, што б дабавіць яшчэ, і кінуў:
– А сябруе, ведаеце, з кім?
Тут абвёў вачыма сяброў і вытрымаў паўзу, каб прысутных уразіць яшчэ больш:
– З Алесем Адамовічам!
Ну, заахвочаны такімі рэплікамі, Баранаў пасыпаў зноў факты. Маўляў, невядома, дзе я правёў у вайну цэлы год – няма даведак. Як гэта я з лагера ўцёк, калі адтуль не мог уцячы ніхто! Яго бацька перад вайной кулацкім падаткам абкладаўся, і таму можна зразумець, чаму ў сына такія паводзіны. Адным словам, паводзіны яго – акурат шкоднага ворага і антысаветчыка!