Мне і Клейну вярнулі партбілеты.
Быкаў не толькі стаў лаўрэатам, але і газеты ўсё часцей пачыналі яго хваліць.
У вобласці стала больш парадку.
Адзін за адным абармоты паляцелі з пасад. Зрэшты, некаторыя да таго сябе скампраментавалі, што органам кантролю аблегчылі іх звальненне.
«Генка» папаўся на непрыстойных махінацыях. З «мэра» горада перавялі яго дырэктарам камбіната. Бачачы, што ўсё гэта толькі пачатак, аднойчы напіўся ды з дубальтоўкі стрэліў сабе ў рот.
Магільніцкі выбіўся ўжо ў пракуроры рэспублікі. Вельмі пышна сябра пахаваў. Яшчэ дапамог яго судовую справу ануляваць, але пагарэў неўзабаве і сам на вядомай у рэспубліцы авантуры, пасля чаго яго звольнілі з пасады ды выключылі з партыі.
Затым наш абласны цэнтр патрэсла справа высокапастаўленых паляўнічых.
Згаданы ўжо сакратар абкама партыі Аляксандр Ульяновіч з начальнікам КДБ Кузняцовым і намеснікам старшыні аблвыканкама Пронькам былі да ўсяго заўзятымі браканьерамі. Гэтыя зухі пад Новы год заехалі ў дзяржаўны Белавежскі заказнік, каб разжыцца на свята дзічынай. Панапіваліся, кажуць людзі, да таго, што ў вачах ім стала дваіцца ды траіцца. У выніку чаго адзін, страляючы бытта бы па кабану, загнаў жакан Ульяновічу ў жывот.
Пасля гэтага выпадку не толькі пастралялі васьмярых ганчакоў высокапастаўленых паляўнічых. Усіх «варашылаўскіх стралкоў» Машэраў зараз жа звольніў з працы.
ЦК КПБ у пакаранне з абкамаўскай пасады зняў і Ульяновіча. Але, як трапна сказаў наш мудры Кандрат Крапіва, бюракраты паасобку не жывуць, існуюць толькі клубамі. Вось і гэты чалавек, маючы за сабой шмат сяброў, надта ж хутка дамогся памілавання і стаў намеснікам міністра культуры. Калі выйшаў на пенсію, узначаліў у Менску музей ВАв.
Здавалася б, падзеі павінны ўжо былі навучыць няўрымслівага Аляксандра Восіпавіча. Ды натура браканьера не дае чалавеку спакою і цяпер. Зноў смаліць па пісьменніках – на гэты раз ужо ад менскай вандэі.
Чацвёртага ліпеня 1987 года рэспубліканская газета «Звязда» на ўсю Беларусь абрынула рэзкі артыкул, падпісаны таксама і Ульяновічам (усяго аўтараў – шэсць), у якім крытыкавала В. Кандрацьева, Д. Граніна, А. Адамовіча, Ю. Балашова за «...актыўную прапаганду тэзіса аб агульначалавечым гуманізме, у аснове якога ляжыць біблейскі запавет «не забі», за прыдуманую асобнымі літаратарамі «акопную праўду»... Што знаходзяцца яшчэ і цяпер такія аўтары, не дзіва. Іншаму цемрашалу хоць кол на галаве чашы, а ён будзе плявузгаць сваё, бо і праўду людзі кажуць: на свеце бывае ўсё, акрамя слупоў, каб падпіраць неба, акрамя паясоў, каб падперазаць горы, акрамя мяжы глупству.
Успамінаю тут Ульяновіча між іншым. Хачу праблему ўзняць глыбей.
Адразу пасля землятрусу ў Ленінакане мой сын, які прымаў удзел у ратавальных работах ад Сухумскага фізіка-тэхнічнага інстытута, мне паскардзіўся:
– Разумееш, тату, у сапраўдны бетон бухнеш кувалдай, і яна са звонам адскочыць. А там удар у любое месца па панелі – і кувалда праваліцца па ручку, як у труху! Бо цэмент пайшоў налева! Арматура не зварана, прэнцікі кожны па сабе. З-за вечнага разгільдзяйства дзевяціпавярхоўкі развальваліся лёгка, бы картачныя домікі, і процьму народу прыдушылі!
Калі гаварыць паралелямі, у часы застою і нашая мараль будавалася на каркасе, зробленым вось такім цяп-ляпам. А мы дзівімся, адкуль бяздушныя бюракраты, адкуль такія сакратары райкамаў, што не маюць павагі ні ў дарослых, ні ў моладзі. Не дай Бог цяпер землятруса, што перажылі мы ў 1941-1945 гадах!
Аднак мне, мужыцкаму сыну, які душой навекі зросся з зямлёй, на заканчэнне «Хронікі» хочацца спусціцца з інтэлігентных праблем і зноў пагаварыць пра сяло.
Разважанні пра мінулае
Пасля 1954 года хрушчоўскія рэформы адкрылі калгасам другое дыханне.
Дазволілі тады вярнуцца ў сёлы і выселеным ды вывезеным. Напалоханыя да смерці аднойчы, тысячы няшчасных мужыкоў – грамадзян СССР, карыстаючыся тым, што да 1939 года яны мелі польскае грамадзянства, з месца ссылкі адправіліся прамым ходам у ПНР: не захацелі паспытаць лёс яшчэ раз.
Акурат у той самы час у Маскве пабываў Конрад Адэнаўэр. Нямецкі канцлер да смерці сварыўся з Хрушчовым за кожнага немца, які яшчэ заставаўся ў СССР у лагеры, сварыўся гэтак, каб з Крамля яго чуў увесь свет. Нашых жа грамадзян у той час ад’ехала ўПольшчу дзесяткітысяч –палякаў яўрэяў, але нікога абсалютна гэта не хвалявала. Выязджалі, каб пры перамене ўлады ў СССР зноў не трапіць у ранейшую сітуацыю і не скончыць жыццё ў ссылцы. Аднак ніхто не спрабаваў іх адгаварыць, супакоіць, стрымаць. Толькі большасць высланых усё ж такі вярнулася да родных пенатаў. Зноў жа ніхто ў іх не папрасіў прабачэння. Аб іх невінаватасці не было абвешчана ўсенародна, не гаворачы аб афіцыйнай рэабілітацыі, – сарамліва выпускалі, і справе канец, чым далі падставу для розных правакацыйных меркаванняў. Паўтараю, цяпер нам вядома, што ў 1940-1941 гадах з Заходняй Беларусі вывезлі ў Сібір 400 000 чалавек, гэта значыць 10 працэнтаў усяго насельніцтва Заходняй Беларусі. А вывезеных пасля вайны ніхто не лічыў і лічыць, здаецца, не збіраецца. Хоць зрабіць гэта вельмі ж лёгка. У кожным сельсавеце Гарадзеншчыны ляжаць асабовыя справы сялян, на якіх накладзены рэзалюцыі энкэвэдэшнікаў: «семья кулака, подлежит ликвидации хозяйство, а члены семьи – к высылке». Толькі прайдзіся па сельсаветах, палічы...
Адным словам, цяпер не скажаш, колькі іх было, наднёманцаў, тады на высылцы і колькі ў лагерах – 10 тысяч, сто, паўмільёна, а колькі памерла ў халоднай тундры, стэпах Казахстана і дзе іхнія магілы.
Ніхто не вярнуў ім і адабраных гаспадарак, дамоў, млыноў ды кузняў з варштатамі. Прыбітыя, прыніжаныя і напалоханыя, яны яшчэ доўга прыходзілі ў сябе, ціхенька седзечы, як мышы пад венікам. Мінула пару гадоў, як людзі пачалі адкрыта гаварыць аб той несправядлівасці, але большасць так і закончыла сваё жыццё, не дачакаўшыся хоць якой маральнай рэабілітацыі.
Адным словам, пад канец пяцідзесятых і ў першай палове шасцідзесятых, покуль у верхніх эшалонах здзекаваліся з творчай інтэлігенцыі, жылі сабе прывольна і ў вус не дзьмулі, абзаводзячыся шыкоўнымі кватэрамі, ордэнамі, вучонымі званнямі, выдаючы замуж дачок, гэтак жа выгодна жэнячы сыноў, у вёскі Гарадзеншчыны разам з выселенымі вярнулася любоў да працы, народная добрасумленнасць, якая з гадамі пачала прабівацца наверх скрозь іржу крыўд і дзікага адміністравання.
Неўзабаве і сярод вясковага начальства, аб чым я ўжо гаварыў, навялі збольшага парадак. У нас гэтыя зрухі, дзякуючы сумленнаму і аўтарытэтнаму нават у прывольным Крамлі Пятру Машэраву, пачаліся значна раней, чым па краіне Саветаў (толькі гэтым я тлумачу, што на Беларусі ў часы застою амаль не арыштоўвалі, не высылалі за граніцу, не садзілі ў «псіхічку» дысідэнтаў).
Услед за Ульяновічам з Гародні зніклі Малочка і Мікуловіч. Першым сакратаром абкама стаў Леанід Кляцкоў – чалавек ураўнаважаны, мудры, багаты душой і справядлівы. Ён адразу змікіціў, што ў дзяржаўных інтарэсах трэба вярнуць чалавеку Гарадзеншчыны веру ў здаровы розум і ў глыбокія маральныя вытокі нашай справы.
Не памятаю выпадку, каб Кляцкоў хоць адзін раз каго-небудзь з літаратараў не прыняў, не выслухаў, не дапамог, не вырашыў пытання паводле сваёй любімай прымаўкі: няма праблемы!
Толькі з’явіўшыся на пасадзе першага сакратара абкама, Кляцкоў адразу захацеў пазнаёміцца і са сваімі літаратарамі.
Пры сустрэчы з Быкавым яму сказаў:
– Добра пішаце, Васіль Уладзіміравіч! Аб ваенных асабістах, я лічу, пішаце замякка! Трэба пра іх больш сурова пісаць! Я сам на фронце бачыў, колькі шкоды прынесла гэтае племя!.
Забягаючы наперад, успамінаю выпадак, калі я з гісторыкам Міхасём Ткачовым зайшоў да яго напрыканцы 1987 года і пацікавіўся: дык што ж адбылося ў Маскве на пленуме ЦК КПСС, што там такое Ельцын сказаў, чаму яго адразу пазбавілі ўсіх пасад?!
Удзельніка таго пленума Кляцкова нібы ўкалолі. Стары з болем у душы прастагнаў: