Литмир - Электронная Библиотека

А сьвет спакусай падкупіць

імкнуўся меж ягоных варту;

і аблягалі хмары ўпарта

няраз дзяржаўны супакой

і схілы гор, і сьпіну пушчы,

але ні разу не разлушчыў

гарэха збройнаю рукой

ля межаў зманлівых злачынец:

у край быў шлях яму зачынен.

Народ із розных быў плямён,

але ўважаў сябе адзінай

сям’ёй, нібыта нарадзіла

адна іх маці.

Заўжды ён,

калі на край паўзла навала,

зямлю, што долю ўзгадавала,

што хлеб людству дала і соль,

сыноў галубіла, расьціла

і наліла нязломнай сілай,

што абышла нягоды, золь

і ўратавала веліч славы

свае дзяржавы-Сьвятаславы,

абараняў, як сэнс жыцьця,

як маці сына у няшчасьці,

каб сьмерць ня здолела украсьці,

і ўпарта краю родны сьцяг

наперад нёс.

І па віхуры

на чужынецкіх сьценах муру

ламаў ён дзіду перамог

і выразаў мячом на вежах

пячатку з вобразам мядзьведжым,

каб не адважыўся, ня змог

напасьнік выламацца зь меры

і больш ня стукаўся у дзьверы...

Ня бралі войнікі-сыны

з чужых зямель ніякай дані;

і як бы вораг ні паганіў

удачаў іхных, штовясны

ля пераможнае мясьціны

прымалі ворага гасьцінна

і частавалі караля

ці князя нейкага з дружынай

віном брусьнічным і ажынным,

адборным мёдам — чым зямля

плаціла кожнаму за працу,

было чым госьцям частавацца...

На разьвітаньне із байніц,

пасьля ўрачыстых княжых словаў,

ізь літых бітніц адмысловых

на першым завадзе зарніц

пускалі ў сінь тугую налпам

сто чатырнаццаць моцных залпаў.

Вось так ля самых сініх гор,

што йшлі ад мора і да мора,

на неабсяжным тым прасторы

між рэк блакітных і вазёр

спакон вякоў жыла, ляжала

адна дзяржава-Сьвятаслава.

Між тым, у хораме ля скал,

за васямнаццацьцю замкамі,

дзе збуцьвянеў ад часу камень,

дзе жыў адважны князь Аскал,

ішла з чужынцамі размова...

Утаямнічанае змовы

ніхто ня ведаў і ня чуў,

і толькі грозная княгіня,

каб посьпех змовы не загінуў,

паліць загадвала сьвячу

ад першых зораў і да зораў,

каб не наслаў Бог часам мору

на князя.

Ўдзень і уначы

ад злых вачэй зямлі вялікай

праз слуг-ганцоў сваіх паклікаў

ён войска хорам сьцерагчы.

І сьвіце князь Аскал зьняверыў

і ўсіх на забаўку да зьвера

у лёхі хораму укінуў

і, каб зацерці сьлед злачынства,

каб выйшла гладка ўсё і чыста,

даў спадкаемцу свайму, сыну,

наказ — усьмерціць тыя душы,

якія сон ягоны зрушаць...

І от ізноў ва ўсе канцы

тае дзяржавы-Сьвятаславы —

да рэк, вазёр, балот іржавых —

імчацца сынавы ганцы,

імчацца пешкі, мчацца конна

з такою весткаю няпоўнай:

«У слаўным хораме, ля скал,

памёр вялікі князь Аскал...

Цалуйце сьлед ягоных ног

на скрыжаваньні ўсіх дарог!

Ану-ж убачыць ля дарогі

шчасьлівец дух зямнога Бога»...

Гулі мядзяныя званы...

Усьцяж дарог стагналі людзі:

«Як жыць бяз князя рай наш будзе?

Як будзем жыць цяпер адны?

О дух сьмяротнае напасьці,

вярні у рай наш сонца шчасьця!»

Між тым у хораме ля скал

за васямнаццацьцю замкамі,

дзе збуцьвянеў ад часу камень,

сядзеў з дружынаю Аскал

і вёў таемную размову.

Ніхто ніводнаму на’т слову

ня сьмеў пярэчыць, бы ня чуў...

І толькі грэшная княгіня,

каб посьпех справы не загінуў,

паліла жоўтую сьвячу

ад першых зораў і да зораў,

каб не наслаў Бог толькі мору

на князя.

35
{"b":"552371","o":1}