1944
Просьба
В.С.
Я стаміўся ідучы,
і стасункі нашы квіты.
Адзінотаю лячы
прымхаў мякіш сакавіты...
Вабіць кубак недапіты —
пі ды іншага вучы...
І пра век мой, горам біты,
ня турбуйся — памаўчы.
1944
З паэмы «Цені сьмерці»
Ты наровіш, пазнаў я, употай паўзьці
за плячыма, туляцца і стынуць,
упівацца у цела маё да касьці,
ценем чорным схіляцца ля тыну.
На паўкроку цікуеш пры сонцы хаду,
а па сонцы — даўкімі рукамі
у касьцістай істоце спустошаных дум
точыш, лашчыш абветраны камень...
Выгінаешся, кленчыш прад воблікам дзён,
перад першай выгоднай ахвярай...
Ненасытны пагляд твой, згібеньне, відзён
пры сьвятле і у збоішчы хмараў.
Адступіся, касьцісты, жахлівы прывід —
цень сьмяротны сьмяротнага духу!
Не скарыцца жывое на сьцежках крыві
перад сілаю грэшніцкай скрухі.
Ты наровіш, пазнаў я, употай паўзьці,
ценем чорным схіляешся коса.
Бой крыві ў маіх жылах ня счах і ня сьціх,
голас песьні расьце да нябёсаў.
1944
КЛЯТВА ДУХУ
Паэма
Прысьвячаю любай
і дарагой мне Маці
1
Час ізноў мае думы пакратаў
і наструніў пад грукат гарматаў.
Думы песьняй вазьму апрану я,
няхай песьня настрою пільнуе;
няхай цешаць пульсацыяй вёснаў
гукі музыкі звонка-узьнёслай.
Яны сэрца крануць і расчуляць,
маці боль свайго сына адчуе.
Калі-ж песьня мая зьіржавее,
думы вецер дашчэнту разьвее;
гукі музыкі, любай і шчырай,
адлятуць у няведамы вырай;
і настрой, хоць і сьлёзна заплача,
гэтай страты ніяк ня зьіначыць.
Дык расьцеце, і думы, і песьні,
узьлятайце у сінь паднябесься!
У нястрыманым вашым развоі
радасьць словамі сум перакроіць.
Я скажу ўсім: ідзеце сюды вы
слухаць песьні жыцьця агнявыя,
песьні працы і песьні змаганьня —
думы блізкага, сьветлага раньня!
Гэта час мае думы пакратаў
і наструніў пад грукат гарматаў.
2
Калісьці сокамі грудзей
паіла продкаў ты, зямліца,
і мы, каб род не парадзеў,
прыйшлі пітва твайго напіцца.
З маленства сьнілася у сьне,
было мацункам нам адзіным.
Яму, як сонцу і вясьне,
маліцца хочам на Радзіме.
Тут ветры ў песьнях шалясьцяць,
а песьні — палкія, жывыя.
Драбніца кажная жыцьця
усімі вызнана навылет.
Пакуты цяжкія радні,
разбою воражага грукат,
уцехі выпітае дні
і радасьць даўняга — адчуты.
Тут нылі з посьніцы бацькі,
і самі скораму ня зналі.
Ішлі, узяўшыся за кій,
у сьвет шляхамі чэрствых даляў.
Ня год які мо’ і ня два
у край чужы ішлі нясьмела.
Сухая, гойстрая жарства
пякла ног струджанае цела.
Ня мелі болю чым уняць
сыны твае у дзікім сьвеце:
халоднай поўначы штодня
калечыў сэрца льдзяны вецер.
Цяпер зірні: перад табой
стаім на варце ганаровай.
Скажы — і рынемся у бой
усе, ня вымавіўшы слова.
Пакуль-жа сокамі грудзей,
як продкаў некалі, зямліца,
напой, каб род не парадзеў,
каб ніцма целам не зваліцца.