Цяжка таксама пагадзіцца з думкай Абэцэдарскага, што далейшае знаходжаньне Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай пад «вызначальным уплывам каталіцкага Захаду» было раўназначнае нацыянальнай сьмерці беларускага народу. У гэткім стане, прыкладам, шмат стагодзьдзяў знаходзілася Чэхаславаччына, пасьля яшчэ ў горшым стане апынулася й сама Польшча. Народы гэтыя, аднак, не загінулі. Не загінуў бы й беларускі народ, тым больш у эпоху, калі пачалі нарастаць нацыянальна-вызвольныя рухі, разьвівацца нацыянальна-культурнае адраджэньне. Далейшае йснаваньне Рэчы Паспалітай без умяшаньня ў яе нутраныя справы Расеі прывяло б у гэтай краіне да сацыяльных рэформаў, эканамічнага ўздыму, культурнага перараджэньня, а гэта значыць - і да дэмакратычных рэформаў, да разьвязаньня тым ці іншым парадкам нацыянальнага пытаньня. Трэба, нарэшце, адкінуць самаўпэўненасьць Абэцэдарскага ды іншых савецкіх тэарэтыкаў, быццам толькі Расея магла прыносіць народам «нацыянальную свабоду», быццам толькі яна магла выпрацаваць і цяпер мае гэтак званы рэцэпт «разрешения национального вопроса». Поўнае падпарадкаваньне Маскве, бесхрыбетнае поўзаньне перад яе нагамі, чаго ад кажнае нацыі дамагаецца Масква, - гэта далёка ад разьвязаньня нацыянальнага пытаньня ці палагоджаньня нацыянальных дачыненьняў. А што каштавалі й каштуюць нерасейскім народам ейная русыфікатарская палітыка, розныя забароны й паліцэйскія рэпрэсіі, чым асабліва славіцца гісторыя гэтак званага Савецкага Саюзу?! Сталыя рэпрэсіі супраць «нацыяналізму» нерасейскіх народаў, і ня толькі ў дзялянцы палітычнай, але і ў галіне мовы, культуры і гісторыі, пры захаваньні й разьдзіманьні расейскага вялікадзяржаўнага шавінізму - гэта не пазытыўнае разьвязаньне нацыянальнае праблемы, а хутчэй палітыка нацыянальнага генацыду.
Немагчыма пагадзіцца з Абэцэдарскім і наконт таго, як ён цьвердзіць, спасылаючыся на Ў.Пічэту, што «Той жа самы час, калі ў Беларусі лютавала каталіцкая рэакцыя, а беларуская культура прыйшла да заняпаду, на Ўкраіне, дзякуючы ўз'яднанню яе з Расіяй і ўзмацненню руска-украінскіх сувязей, быў часам росквіту творчых сіл народа і ўздыму яго культуры», што, нарэшце, «...толькі ўз'яднанне з Расіяй у 1772-1795 гг. вывела беларускі народ на прагрэсіўны шлях эканамічнага і культурнага развіцця» (б.96-97).
Мы ўжо згадвалі, як быў разбураны наш край і колькі загінула беларускага жыхарства ў выніку вайны 1654-1667 гг. ды Паўночнае вайны пачатку ХVІІІ стагодзьдзя. Гэныя сумныя для нас факты, асабліва заняпад тады ж разбураных і абязьлюдненых гарадоў - гэтых цэнтраў культуры, не маглі, зразумела, ня спрычыніцца як да заняпаду беларускае культуры, гэтак і да заняпаду палітычнае сілы народу наагул ды тым сама да аслабленьня ягонага супраціву «каталіцкае рэакцыі» й працэсу палянізацыі. Украіна тады не перажыла падобнае катастрофы, хоць, ведама, і ёй даводзілася нялёгка. З гэтае прычыны ейнае культурнае разьвіцьцё магло йсьці далей у нейкай ступені нармальна. Ды гэты культурны «ўздым» на Ўкраіне, пра які гаворыць Абэцэдарскі, не абмяжоўваўся толькі той часткай, што тады адыйшла да Расеі.
Згадвалася таксама й пра тое, што з далучэньнем Беларусі да Расеі стан аніяк не палепшаў. У эканамічным дачыненьні красавала й надалей тая ж паншчына, а таксама прымітывізм у разьвіцьці гарадоў. У нацыянальна-культурным дачыненьні Расея даўжэйшы час падтрымлівала тую ж «каталіцкую рэакцыю» й працэс палянізацыі краю, а тады ўзялася за русыфікацыю беларускага народу, забараніўшы адначасна найменшыя спробы нацыянальна-культурнага адраджэньня. Абэцэдарскі ж ведае, што забарона беларускае мовы, гэтага аднаго з асноўных фактараў нацыянальнага жыцьця, трывала ажно да 1905 году. Пасьля таго як былі зьліквідаваныя Полацкая акадэмія (1820), Віленскі ўнівэрсытэт (1832), а тады яшчэ Віленская мэдычна-хірургічная акадэмія (1842) і Віленская каталіцкая духоўная акадэмія (на пачатку 1840-х гадоў апошняя была перавезеная ў Пецярбург), «дабрадзейка» Расея не патурбавалася пра адчыненьне на тэрыторыі Беларусі хоць бы аднаго якога-небудзь унівэрсытэту. Дарэчы, пасьля паўстаньня 1863 году царскія ўлады зачынілі таксама Горацкі сельскагаспадарчы інстытут ды зьліквідавалі й некаторыя гімназіі, як, прыкладам, прагімназію ў Сьвіслачы ды гімназію ў Наваградку.
Зьвяртаючыся да гэтых чыста каляніяльных зьяваў, сапраўды вельмі цяжка прыняць канцэпцыю Абэцэдарскага, быццам «толькі ўз'яднанне» Беларусі з Расеяй «вывела беларускі народ на прагрэсіўны шлях эканамічнага і культурнага развіцця».
Бясспрэчна, і пасьля ўваходу ў склад Расеі, а тады і ў склад СССР Беларусь павінна была рабіць нейкі крок наперад як у эканамічна-сацыяльным, так і ў культурным дачыненьні. Сьвет жа не затрымаўся на месцы, а рабіў зрухі ў кірунку ўсебаковага прагрэсу. Але дзякаваць Расеі за гэтыя зрухі зусім не выпадае, бо яны былі б няўхільнымі і ў тым выпадку, калі б Беларусь засталася ў складзе Рэчы Паспалітай, а тым больш няўхільнымі й плённымі, калі б Беларусь здабыла сваю незалежнасьць. Што да «прагрэсіўнага шляху культурнага развіцця» беларускага народу, захаваньня ім свае нацыянальнае сьведамасьці і нацыянальных імкненьняў, дык усё гэтае было здабытае й перахаванае ім якраз у жорсткім змаганьні з нацыянальным прыгнечаньнем, у супраціве русыфікацыі, з чым беларускі народ аднолькава сустрэўся як у складзе Расеі, так і ў складзе СССР. Абэцэдарскі, як гісторык, павінны добра ведаць, што бяз гэтага змаганьня й супраціву сяньня наагул не існавала б ні беларускага народу, ні ягонай «суверэннай» беларускай савецкай дзяржавы.
КОЛЬКІ СЛОВАЎ НА ЗАКАНЧЭНЬНЕ
Апошні разьдзел брашуры Абэцэдарскага - «Ці быў у Беларусі класавы мір?» (б.98-110) - даводзіцца пакінуць неразгледжаным. Інакш трэба было б закрануць і пытаньне, ці йснуе клясавая гармонія ў Савецкім Саюзе, што зноў жа расьцягнула б наш адказ прафэсару. Тут мы коратка зьвернемся да больш істотнага.
Як вынікае з дакладу былога сакратара С.Пілатовіча на пленуме ЦК КПБ у лістападзе 1970 году, у дачыненьні да Інстытуту гісторыі й Інстытуту літаратуры АН БССР былі вынесеныя адмысловыя партыйныя пастановы. Яны асудзілі «памылковыя погляды раду работнікаў у галіне гістарычнай навукі, літаратуры і мастацтва» ды, як канстатаваў Пілатовіч, дапамаглі «навуковым установам і творчым арганізацыям яшчэ больш актыўна, вастрэй выступаць за ўсталяванне марксісцка-ленінскага метаду аналізу працэсаў грамадскага развіцця»[143]. Згадваючы гэтыя пастановы цяперашні дырэктар Інстытуту гісторыі АН БССР І.Ігнаценка (да гэтага ён быў дырэктарам Інстытуту гісторыі партыі пры ЦК КПБ) з свайго боку паведаміў, што ў гуманітарных інстытутах АН БССР было праведзенае таксама «скарачэнне колькасці супрацоўнікаў» і што наагул «існуюць вялікія цяжкасці з апублікаваннем навуковых працаў»[144]. Гэтыя факты якраз падмацоўваюць тое нашае сьцьверджаньне, што наступ супраць аб'ектыўнага асьвятленьня гісторыі Беларусі заплянаваны зьверху й што брашура Абэцэдарскага зьявілася ў рэчышчы гэтага партыйнага наступу, г.зн. была «партыйным заказам».
У гэтым дачыненьні асабліва сымптаматычныя выказваньні на ХХІV зьезьдзе КПСС, што адбыўся на пачатку красавіка 1971 году. Сам Брэжнеў выцягнуў з архіваў і як навінку запрапанаваў зьезду тую праўду, быццам у Савецкім Саюзе ўжо «возникла новая историческая общность людей - советский народ». Але, як калісьці Сталін, Брэжнеў не забыўся выдзеліць з гэтай «новой общности», а, праўдзівей узьнесьці над ёй, «великий русский народ», даючы яму наступную характарыстыку: «Его революционная энергия, самоотверженность, трудолюбие, глубокий интернационализм по праву снискали ему искреннее уважение всех народов нашей социалистической Родины».
Вось тут і «пошла плясать губерния», ведама, гэтая «пляска» была загадзя заплянаваная. Першыя сакратары ЦК кампартыяў шмат якіх нацыянальных рэспублік навыперадкі пачалі сьцьвярджаць гістарычную вартасьць гэтае высновы Брэжнева, з свайго боку прапануючы Маскве «горячую любовь и глубочайшее уважение к старшему брату - русскому народу». Бо, як нізка кланяліся некаторыя зь іх, «глубокий интернационализм, великий талант, светлый ум, щедрое сердце, бескорыстие, постоянная готовность к самопожертвованию и великодушие - все эти замечательные качества русского народа завоевали ему глубочайшее уважение всех советских народов». Больш за тое, нібы забыўшыся, чым павінен характарызавацца інтэрнацыяналізм, яны запрапанавалі таксама, што ўзьніклая «новая историческая общность людей - советский народ» мусіць падтрымлівацца і ўзмацняцца шляхам яшчэ большае культурнае й моўнае русыфікацыі нерасейскіх народаў, больш актыўнага змаганьня з «буржуазным нацыяналізмам», шляхам больш узмоцненае прапаганды і «научной разработки» не «проблем расцвета каждой из социалистических наций», а «процесса их сближения».