«Разам з тым, як песьня ўзбагачалася тэмай асабістага й нацыянальнага лёсу, Мікола Гусоўскі ўздымаецца да вышыні нацыянальнага паэта, становіцца ўпоравень са Скарынам. Ахвярнаю асьветніцкаю працай першадрукар узорваў культурную глебу Беларусі пад засеў гуманістычных ідэяў, а Гусоўскі вырашыў увесьці жыцьцё Беларусі й гісторыю ў пантэон гуманістычнай культуры Эўропы. Ідучы з розных кірункаў, ужываючы розныя сяродкі, абодвы гуманістыя - паэт і вучоны-першадрукар - выконвалі агульную цывілізатарскую і патрыятычную задачу»[138].
Таксама, дасюль былі ведамыя толькі пара вершаў і празаічных твораў Андрэя Рымшы - нашага паэта другое паловы ХVІ стагодзьдзя. Як вынікае з адшуканых лістоў Саламона Рысінскага, пісаных у 1586 годзе, А.Рымша меў выдадзенымі свае «Дзёньнікі». З іх С.Рысінскі цытуе адзін верш Рымшы ў сваім перакладзе на лацінскую мову. Гэны кароценькі панэгірычны верш Рымша прысьвячаў Радзівілам, але ён сьведчыў пра высокі паэтычны талент і кругагляд ягонага аўтара. Ды сам Рысінскі высока ацэньвае паэзію Рымшы, імкнучыся надаць ёй «лацінскае грамадзянства». Ягоны лацінскі пераклад верша, зроблены ў двух варыянтах - гэкзамэтрамі й элегічнымі дыстыхамі, яшчэ больш уваскрашае глыбіню й мастацкую прыгажосьць паэзіі Андрэя Рымшы, а таксама сьведчыць пра тое, што сам Саламон Рысінскі быў майстрам паэтычнага слова[139].
Саламон Рысінскі, з свайго боку, ведамы наш філёлаг, філёзаф і паэт канца ХVІ - пачатку ХVІІ стагодзьдзя. Дасюль найбольш знаны ягоны зборнік беларускіх народных прымавак, што выйшаў у Любчы ў 1618 годзе й пасьля шмат разоў перавыдаваўся.
Трэба зьвярнуць увагу й на дзейнасьць Беняша Буднага ды Пётры Кміты. Беняш Будны, праўдападобна, быў сынам Сымона Буднага. Ён - надзвычай адукаваны чалавек, добра знаў антычную й сучасную яму літаратуру. Беняш Будны ўсё жыцьцё пасьвяціў мэце пазнаёміць грамадзтва Вялікага Княства Літоўскага з творамі антычных і сярэднявечных аўтараў. Пачынаючы ад 1576 году ён перакладае на польскую мову (як ведама, і Сымон Будны бальшыню сваіх твораў выдаў у польскай мове) і выдае творы Цыцэрона, раман «Этыёпіка» грэцкага аўтара Геліядора, «Гісторыю Юдэйскай вайны» Флявія. У 1599 годзе ў віленскай друкарні Яна Карчана выйшаў ягоны зборнік пад загалоўкам «Кароткія і ясныя аповесьці, што па-грэцку называюцца Апафегматы». У гэты зборнік увайшлі апавяданьні з жыцьця 123 філёзафаў і славутых людзей антычнае Грэцыі, Рыму, Індыі, сярэднявечнае Эўропы, а таксама шмат іхных афарызмаў. Да шмат якіх з гэтых апавяданьняў даваліся аўтарскія камэнтары. Другое выданьне гэтага зборніка выйшла недзе на пачатку ХVІІ стагодзьдзя. Пасьля сьмерці Беняша Буднага гэтым зборнікам заняўся Пётра Кміта. Але, выдаючы яго два разы ў 1614 годзе ў любчанскай друкарні, Пётра Кміта дапоўніў гэты зборнік новымі апавяданьнямі й афарызмамі, давёўшы лік славутых людзей да 150. Гэты зборнік Буднага-Кміты меў нагэтулькі вялікую папулярнасьць, што пасьля ён шмат разоў перавыдаваўся ня толькі ў Вялікім Княстве Літоўскім і на Ўкраіне, але і ў Польшчы. Ён неўзабаве трапіў і ў Маскву, дзе быў перакладзены на расейскую мову ды хадзіў там у рукапісах. Першае ягонае друкаванае выданьне зьявілася там у 1711 годзе й пасьля перавыдавалася ў 1712, два разы ў 1716, а таксама ў 1723, 1745, 1765, 1781 і 1788 гадох[140]. Дарэчы, ведамая «Граматыка» царкоўнаславянскай мовы М.Сматрыцкага (1618) перавыдавалася ў Маскве ў 1648 і 1721 гадох. На ейнай аснове для Маскоўшчыны былі напісаныя таксама «Граматично исказание об руским езику» Ю.Крыжанічам (1666), «Руковедение во грамматику славянороссийскую или московскую ко употреблению языка московского» І.Капіевічам (1706), «Грамматика русского языка» М.В.Ламаносавам (1755) дый іншыя.
Зразумела, што архівы яшчэ хаваюць ад нас шмат іншых культурных каштоўнасьцяў, шмат іншых імёнаў дзеячоў беларускае гісторыі й культуры. У эпоху Вялікага Княства Літоўскага выдаваліся ж нават песеньнікі з нотамі, геаграфічныя нарысы, мэдычныя і хімічныя дапаможнікі, календары, школьныя падручнікі[141]. А што значыла распрацоўка й выданьне Літоўскіх Статутаў, сыстэматызацыя архіўных дакумэнтаў - Мэтрыкі Літоўскай?
Адным словам, Абэцэдарскаму вельмі цяжка давесьці адваротнае, пераканаць, быццам культура йшла не з Вялікага Княства ў Маскоўшчыну, але з Маскоўшчыны ў Княства.
Што ж да «заходнеэўрапейскіх культурных уплываў» у Беларусі эпохі Вялікага Княства, дык яны нагэтулькі відавочныя, што тут не даводзіцца спэцыяльна паклікацца на тыя ці іншыя факты. У адным мы згодныя з прафэсарам, што не выпадае ўсё зводзіць да гэтых заходнеэўрапейскіх уплываў і запазычаньняў. Самабытнымі тварцамі былі й беларускія культурныя дзеячы. Але ж, шануючы «самабытнасьць беларускае культуры», не выпадае і адмаўляць гэтыя ўплывы й запазычаньні, тым болей, што падобны крок быў бы адно на сьмех. Моладзь, будучыя дзеячы Вялікага Княства вучыліся ў заходнеэўрапейскіх унівэрсытэтах. Краіны Заходняй Эўропы наведвалі і іншыя грамадзяне гэтае незамкнённае ў сваіх межах дзяржавы. Тут яны сустракаліся з культурным Рэнесансам, дасягненьнямі навукі, рэфармацыйнымі рухамі, гуманістычнымі ідэямі. Княства было цесна зьвязанае з Польшчаю й Чэхіяй, а ў школах краю шмат было выкладчыкаў зь Італіі, Польшчы, Нямеччыны дый іншых заходнеэўрапейскіх краінаў. Як жа, у гэтым выпадку Беларусь павінна была адгарадзіцца ад заходнеэўрапейскіх культурных уплываў і пазычаньняў?! Тая ці іншая «зялезная заслона» выглядала б проста нерэальнай, шкоднай і тыранскай.
Зусім не закранаючы пытаньня гуманізму, рэфармацыйныя рухі ў Вялікім Княстве Літоўскім Абэцэдарскі зводзіць да зьяўленьня тут звычайных «радыкальных ерасяў» у каталіцкай і праваслаўнай цэрквах. Бо, паводле аўтара, у краіне не магло быць рэфармацыйных рухаў як з пагляду на пераважнасьць у ёй праваслаўнага жыхарства, гэтак і з тае прычыны, што тут яшчэ «не развіваліся буржуазныя адносіны». Між іншага, ях вынікае з рэцэнзіі З.Капыскага[142], на апошнюю з гэтых штучную марксістоўскую хваробу занядужвае таксама цытаваная вышэй праца С.Падокшына «Рэфармацыя і грамадзкая думка Беларусі й Летувы». Адпаведна й пераход гэтак званых «буйных феадалаў» Княства да пратэстантызму ды кальвінізму Абэцэдарскі разглядае, толькі як іхныя «імкненні павялічыць сваю зямельную ўласнасць за лік царкоўных зямель», а тыя, зноў жа нейкія апрычоныя, «радыкальныя ерасі» - «як выражэнне пратэсту народных мас супраць феадальнага прыгнечання ў Беларусі» (б.84-85). Аднак жа, па-першае, рэфармацыйны рух аднолькава мог закрануць і праваслаўную царкву, а, па-другое, не «радыкальныя ерасі», а толькі рэфармацыйныя рухі з пашырэньнем ідэяў гуманізму маглі спрычыніцца да таго, што ў Вялікім Княстве Літоўскім у ХVІ стагодзьдзі на нейкі час запанавала роўнасьць усіх веравызнаньняў, і ў рэлігійна-палітычным значаньні гэтая краіна тады была найбольш свабоднай ува ўсёй Эўропе. Што ж да праваслаўнае царквы, дык на тэрыторыі Княства першы яе рэфарматар быў Францішак Скарына, які якраз і пачаў ад змаганьня супраць цемнаты праваслаўнага духавенства й вернікаў, супраць заганаў гэтае царквы, а таксама заганаў сьвецкае ўлады. Падобнымі рэфарматарамі былі, прыкладам, браты Зізані, Мамонічы ды іншыя, і асабліва Васіль Цяпінскі, хоць ён і належаў да «гэрэтычнае» сэкты. Дый у пэўнай ступені за рэфарматараў гэтае царквы можна ўважаць прыхільнікаў царкоўнае вуніі - вышэйшае праваслаўнае духавенства, што падпісала акт царкоўнае вуніі 1596 году.
Абэцэдарскі піша ў сваёй брашуры, быццам пра пэрыяд гісторыі Беларусі 1667-1795 гадоў, «калі ў выніку вызначальнага ўплыву каталіцкага Захаду паўстала рэальная пагроза знішчэння самой беларускай народнасці, буржуазна-нацыяналістычныя фальсіфікатары маўчаць, як вады ў рот набраўшы» (б.96). Гэта проста няпраўда, хоць і даводзіцца пацьвердзіць, што пэрыяд гэты мала распрацаваны. І сама савецкая гістарыяграфія згадвае пра яго бегла й павярхоўна, з націскам, зразумела, на найбольш адмоўныя фактары. Што ж да гэтых «буржуазна-нацыяналістычных фальсіфікатараў», дык яны не «маўчаць» пра тое, што гэты пэрыяд быў сапраўды пэрыядам «каталіцкае рэакцыі», узмоцненае палянізацыі нашага краю, пэрыядам агульнага заняпаду. Разам з гэтым яны заўважаюць і той факт, што гэты агульны заняпад быў спрычынены ня толькі гэтым «вызначальным уплывам каталіцкага Захаду». Што значылі для Беларусі спусташальна-рабаўніцкія войны 1654-1667 гадоў ды пачатку ХVІІІ стагодзьдзя, сталая агрэсія Маскоўшчыны-Расеі супраць Рэчы Паспалітай, тая яе палітыка, што ўсяляк імкнулася выклікаць і падтрымаць заняпад Рэчы Паспалітай, каб пасьля разарваць яе на «рускі», «прускі» й «аўстрыйскі» кавалкі? Як прафесійны гісторык, прафэсар Абэцэдарскі мусіў бы ўлічваць усе гэтыя неспрыяльныя і зьнішчальныя для нас фактары, якія, зразумела, садзейнічалі каталіцкай рэакцыі й працэсу палянізацыі нашага народу.