Литмир - Электронная Библиотека

— Абраннік маладой графіні не падабаўся графу. Людзі кажуць, што наняты забойца забіў нежаданага зяця. Толькі ты нікому пра гэта не кажы.

— Які жорсткі свет, — прамовіла Зося. — Якія жорсткія людзі...

— Людзі ёсць розныя, — адказаў Юлек.

Усім сваім выглядам ён нібы паказваў, што не такі, што на Зосю ягонай дабрыні, напэўна, хопіць, але дзяўчына нічога не заўважыла, душа яе была абцяжарана ўласнымі трывогамі і згадкамі, праз якія Юлеку ніяк не ўдавалася дастукацца да яе душы.

11

Непрыкметна прайшоў адзін год, пацягнуўся другі. Найміты ўсё часцей думалі і загаворвалі пра дамоўку, хацелася сваёй стравы на стале, няхай і простай, але звыклай, сваіх людзей і роднай гаворкі навокал. Зосі таксама карцела вярнуцца дамоў. Каця пісала падрабязныя лісты, расказвала пра бацьку і Серафіма. Хацелася адначасова быць дома і тут, у Стараволі. Хоць Зося лічыла, што найлепш ёй жылося ў прытулку, дзе шмат чытала, спявала, займалася ў танцавальным гуртку, але ж у прытулку нельга было жыць вечна, прыйшла б пара і давялося б ісці на свой хлеб.

У адзін з цёплых восеньскіх вечароў аканом пан Падгурскі сабраў наймітаў, прызначыў некалькі хлопцаў завезці на фурманках яблыкі ў бліжэйшы гарадок на кансервавы завод. Акінуўшы позіркам гурт дзяўчат, тыцнуў паль­цам у Зосю:

— Ты таксама паедзеш. Заўтра а шостай гадзіне выязджаем.

Гэля тузанула Зосю за рукаў, з зайздрасцю пасміхнулася:

— Аканом цябе вылучыў, напэўна, ты яму спадабалася.

— Гэта ж стары дзядзька! Што ты вярзеш? — абурылася Зося.

— Паны старыя не бываюць. Хто багаты, той заўсёды малады.

— Сціхні! Бо пасварымся, — папярэдзіла Зося.

Зрэшты, Зосі было прыемна, што менавіта яна, а не хто-небудзь іншы паедзе ў горад, і ў прадчуванні цікавай вандроўкі заснула.

Раніцай шасцёра хлопцаў паселі на падводы. Запрэжаныя коні ўжо застаяліся ў чаканні, нецярпліва пераступалі з нагі на нагу. Зося выбірала, на які воз лепш сесці, вырашыла, што на першы. Але тут пад’ехаў аканом на двухколавай брычцы і запрасіў Зосю да сябе. Абоз рушыў з маёнтка па дарозе праз лес, потым пацягнулася восеньскае перааранае поле. Удалечыні павольна круціліся крылы ветрака, пэўна, ужо малолася зерне новага ўраджаю. Праехалі некалькі шэрых вёсак, дзе сустракаліся там-сям каменныя пабуды з чарапічнымі дахамі. Гарадок аказаўся недалёка, дзве гадзіны няспешнай язды. Каля завода было дзесяткі два фурманак, гэта не спадабалася аканому, але давялося чакаць.

Калі нарэшце дайшла іхняя чарга, аканом спытаў:

— Паненка пісьменная? Лічыць і пісаць умееш?

Зося згодна кіўнула галавой.

Хлопцы ставілі на вагі скрынкі з яблыкамі, аканом сачыў, каб работнік завода не памыліўся, а Зося старанна запісвала вагу. Узважаныя яблыкі высыпалі ў вялікі бункер. Потым яшчэ ўзважылі пустыя скрынкі. Аканом загадаў хлопцам вяртацца дамоў, а сам заняўся падлікамі, потым параўнаў свае лічбы з тым, што налічыў работнік завода, усё сышлося.

— Павартуй брычку, — сказаў пан Падгурскі Зосі, — а я пайду ў кантору і атрымаю грошы.

Зося села ў брычку і ганарыста паглядвала на паненак, якія праходзілі міма. Напэўна, ніхто не здагадваецца, што яна з глухой палескай вёскі, а думаюць: нейкая багачка, калі ў такой брычцы сядзіць.

Аканом вярнуўся хутка, нязграбна ўскараскаўся ў брычку, паправіў капялюш, упрыгожаны рабенькімі пёркамі, які насунуўся на самыя вочы, весела падміргнуў Зосі і сказаў:

— Паненка добра папрацавала. Мушу заплаціць. — Ён дастаў грошы, падаў Зосі. Яна пасаромелася пералічваць, але зразумела, што сума ніштаватая.

— Дзякую вам, пане Падгурскі, — адказала, моцна заціснуўшы ў руцэ грошы.

Аканом тузануў лейцы, конь весела зацокаў капытамі па брукаванцы. Аднак гаспадар хутка спыніў яго каля некалькіх крамаў.

— Я пайду куплю таго-сяго, — сказаў аканом.

— А можна мне зайсці ў гэтую краму? — паказала Зося рукою на вітрыну, дзе было вывешана жаночае адзенне.

— Зайдзі, толькі не доўга, — папярэдзіў пан Падгурскі.

Зося ўвайшла ў краму. Яе ветліва сустрэў сіваваты габрэй:

— Што паненка хоча? — спытаў ён.

Зося расціснула кулак, паклала свой скарб на прылавак і сказала:

— Мне б пінжачок са спадніцаю і блузку.

Габрэй спрактыкаваным вокам агледзеў Зосю і прынёс ёй шэры касцюмчык і белую блузку.

— Тут можна памераць, — прапанаваў габрэй і паказаў прымерачную.

Зося ведала, што ёй нельга затрымлівацца, аднак не вытрывала, каб не памераць гэтае шыкоўнае, як ёй здавалася, адзенне. Зайшла за шырмачку, паспешліва пераапранулася і з захапленнем паглядзела на сябе ў люстэрка. Шэры колер вельмі пасаваў да вачэй, а каўнерык блузкі асвяжаў, рабіў твар выразным. Яна ў гэтым адзенні выглядала не як наймічка, а як выхаваная і адукаваная шляхцянка.

Дзяўчына згарнула сваё адзенне і выйшла з прымерачнай. Стары габрэй задаволена зацмокаў языком, зняў з вітрыны белы капялюшык, упрыгожаны далікатнымі штучнымі рамонкамі, надзеў Зосі на галаву, падвёў да люстэрка, што стаяла пры сцяне.

Зося была ў захапленні ад сябе, убачанай у люстэрку. Шчыра падзякавала габрэю, зрабіла рэверанс, як вучыла выхавацелька ў прытулку, і выбегла на ганак. Аканом сядзеў у брычцы і чакаў яе.

— Прабачце, калі ласка, што затрымала вас.

— Паненка, цябе ж не пазнаць! Што гэта з табою зрабілася? — задаволена ўсміхнуўся пан Падгурскі — і мноства маршчынак разбеглася ад ягоных вачэй да скроняў.

— Дзякую вам за ўсё, — збянтэжана адказала Зося, усаджваючыся побач з панам.

Аканом шпарка пагнаў каня. Але як толькі выехаў за гарадок, звярнуў з брукаванкі на палявую дарогу.

— Куды мы едзем? — занепакоілася Зося.

— Справа тут у мяне ёсць, — буркнуў сабе пад нос Падгурскі.

За полем пацягнуўся невялікі лясок, за якім раптам адкрылася прыгожае і круглае, як сподак, азярцо. Аканом спыніў каня, прывязаў лейцы да дрэва. Конь адразу пачаў скубці траву. А пан Падгурскі разаслаў посцілку, паклаў на яе вяндліну, хлеб, цукеркі, паставіў пляшку з віном, нават дзве чаркі аднекуль узяліся.

— Сядай, паненка! Паабедаем, — запрасіў аканом. — Дарэчы, як цябе завуць?

— Зося.

— Выдатна, Зоф’я — азначае мудрая...

Пан Падгурскі адкаркаваў пляшку, напоўніў чаркі, сказаў тост:

— Каб нам заўсёды гэтак удала ездзілася.

Зося пакаштавала напой. Віно было духмянае і салодкае.

— Пі, Зося, і закусвай... Не саромейся.

Пілося лёгка, елася з апетытам. Аканом адкаркаваў яшчэ адну пляшку, весела падміргнуў дзяўчыне:

— Хто добра працуе, той мусіць добра есці.

— Сёння для пана не працоўны дзень, а святочны, — засмяялася Зося.

— Што праўда, то праўда. Свята трэба каваць сваімі рукамі. Ты такая малайчына, дай я цябе хоць пацалую за тваю кемлівасць.

Пан Падгурскі цмокнуў Зосю ў шчаку, крэкнуў і сказаў:

— Якая ты салодкая, быццам цукерку праглынуў.

— Вы і прыдумаеце, пан Падгурскі, — засмяялася Зося, ад віна ёй зрабілася весела.

— А цяпер ты мяне пацалуй, — пан Падгурскі падставіў шчаку.

Зося гатовая была не раз, а і дзесяць разоў пацалаваць аканома за той падарунак, які ён ёй зрабіў. Між тым Падгурскі падліваў Зосі чарку за чаркаю салодкае пітво. Яна не заўважыла, як захмялела. Галава закружылася, яна прылегла на апалую лістоту, удыхнула сыры пах зямлі.

— Адпачні, адпачні... І я з табою — побач.

Падгурскі лёг побач з Зосяй, пачаў цалаваць, а ў яе не было сілы нават рукою варухнуць. Свавольныя аканомавы рукі гладзілі яе, лашчылі, абдымалі.

— Годзе вам, пан Падгурскі. Нечым вы мяне напаілі, што я быццам калода стала, нават язык не слухаецца. — знясілена прамармытала дзяўчына.

— Ах, Зоська, Зоська. Старасць шмат хоча, ды мала можа.

Аканом адпоўз ад Зосі, абаперся спіною аб дрэва, цяжка дыхаў.

— Вось халера. Думаў паспрабую яшчэ раз. Мо з маладою атрымаецца. Ні віно піць, ні паненак любіць. Усё мінула.

Аддыхаўшыся, пан Падгурскі сабраў посцілку, дапамог Зосі ўскараскацца ў брычку, пагнаў каня, нешта мармычучы сабе пад нос. Зося задрамала. Пакуль ехалі, хмель выветрыўся. Ужо ў прыцемку з’явілася Зося перад наймічкамі, вясёлая і ўбраная ў новыя строі, чым выклікала нездаволенасць і зайздрасць. Дзяўчаты пачалі паміж сабою пераміргвацца і з’едліва пасміхацца.

9
{"b":"551745","o":1}