Яму хацелася разгадаць таямніцу нараджэння планет. Здагадкі ў яго з’яўляліся даўно, але ўявіць усё больш-менш дакладна, ды яшчэ ў цэлым Сусвеце, доўга не мог. І ўсё ж аднойчы, як ён лічыў, да яго прыйшло гэтае дзіўнае адчуванне, што ён разгадаў таямніцу. У палаце храплі і пасопвалі хворыя. Гардзей узіраўся ў зорнае неба праз потнае шкло, па якім спаўзалі кроплі вільгаці. І раптам перад ягонымі вачамі ўзнікла неверагоднае відовішча: неабдымная туманнасць закруцілася спіраллю, быццам ракавінка смаўжа, уцягваючы з космасу ўсё, што сустракала на сваім шляху. Яна рухалася да вялікай і яскравай зоркі, жадаючы і яе паглынуць. Аднак зорка аказалася такая вялізная і магутная, што сама прымусіла туманнасць ператварыцца ў шар і рухацца па пэўнай арбіце... Што гэта было? Сон ці мроя, Гардзей сказаць не мог, але здарылася галоўнае: ён лічыў, што знайшоў разгадку ўзнікнення планет у Сусвеце. Заставалася толькі запісаць яе на паперы. Гардзей дастаў з-пад падушкі сшытак і аловак, пачаў пісаць усляпую: «У касмічнай прасторы знаходзяцца атамы вадарода і іншых касмічных рэчываў, з якіх пад уздзеяннем магнітнага поля ўтвараюцца туманнасці, здатныя ўшчыльняцца і ўтвараць кангламераты ў выглядзе шара пэўных памераў. Калі гэты шар набліжаецца да Сонца, пад уздзеяннем магутнага свяціла пачынае рухацца па арбіце вакол яго, прыцягваючы да сябе касмічныя рэчывы. Пры гэтым паверхня шара награваецца і верхні слой вільгаці выпараецца і ўтварае атмасферу. Энергія Сонца прыцягвае да сябе атмасферу, пранізвае яе наскрозь. Гэта прымушае планету рухацца вакол уласнай восі. Пры наяўнасці ўласнай атмасферы на такой планеце могуць размнажацца мікраарганізмы, якія спрыяюць нараджэнню сушы ў суцэльным акіяне. Такім чынам можа нараджацца жыццё на планетах».
Гардзей адчуваў натхненне, уздым і радасць ад нечаканай здагадкі, якая так раптоўна прыйшла да яго. Ён не чуў галасоў тых гаротнікаў, якія спалі на суседніх ложках. Яны храплі, задыхаючыся ў сне, ад астмы ці сухотаў, сутаргава хапалі вуснамі паветра, заціхалі на імгненне, быццам паміралі, але зноў пачыналі цяжка дыхаць... Яму хацелася дадумаць, дапісаць усё тое, што так доўга не давалася і раптам прыйшло само сабою. І ён зноў узяўся запісваць, лічачы, што: «З самага пачатку ўтварэння Зямлі і да цяперашняга часу ў акіянах кішыць мноства мікраарганізмаў. Кожны від мікробаў адпавядае ўтварэнню пэўнага мінерала, напрыклад, ад аднаго віду паходзіць каменны вугаль, ад іншага — каменная соль і г. д. У выніку ўзаемадзеяння розных мінералаў утвараецца мноства новых рэчываў. Зямля з самага пачатку ўяўляла сабой вадзяны шар невялікіх памераў у дыяметры. Калі б сабраць усю ваду з паверхні Зямлі і яе атмасферы і залучыць у шар, гэта і быў бы першапачатковы яе выгляд. У выніку росту зямлі ў вадзе гэты шар паступова павялічваўся. Зямля і цяпер працягвае расці. Аднак утвараецца яна не каля цэнтра шара, а бліжэй да паверхні, на такой глыбіні, дзе маглі вольна размяшчацца разнастайныя мікраарганізмы, адклады якіх і ператвараліся ў далейшым у мінералы. Варта мець на ўвазе, што зямля нараджалася нераўнамерна па ўсёй воднай прасторы. Недзе яна апускалася ўглыб зямнога шара, недзе выступала, выходзіла наверх. Таму ў зямной кары назіраюцца гранітныя платформы, якія могуць раптам абрывацца, напаўзаць адна на дну, крышыцца, правальвацца і г. д. Пад зямлёй адбываюцца непрадказальныя рэакцыі, якія выклікаюць землятрусы і вывяржэнне вулканаў.»
Гардзей стомлена адкінуўся на падушку, адчуў, што стала цяжка дыхаць, забалела сэрца. Ён паляжаў некалькі хвілін, чакаючы палёгкі. Боль у сэрцы нарастаў. Падумаў з дакукаю, што трэба папрасіць у медсястры валяр’янкі, хаця ён па-ранейшаму баяўся, каб не паднеслі якой атруты. Аднак падняўся і ціха, каб не пабудзіць нікога з хворых, выйшаў у калідор, дзе было больш чыстага паветра.
7
З лагера Гардзей вызваліўся толькі вясной 1956 года і адразу вырашыў ехаць да жонкі і сына, з якімі не бачыўся амаль дзесяць гадоў. Доўгая дарога расцягнулася ў часе амаль на тыдзень, і тым жаданей здавалася сустрэча. Ён вырашыў забыць назаўсёды тое, што давялося перажыць у лагеры, ніколі не згадваць і нікому не расказваць пра свае пакуты. Хацелася верыць, што адышлі ў нябыт страх, лагер, смерць, якія пры Сталіне сталі сродкам падпарадкавання народаў і своеасаблівым спосабам выхавання безгалосых рабоў. Людзі паміралі ад голаду і холаду, ды былі прымушаныя трываць пакуты і не толькі маўчаць, але хваліць новы лад жыцця і мудрых партыйных лідараў, якія мелі ўсе прывілеі ў грамадстве. Радыё і газеты пісалі пра свабоду ў Краіне Саветаў, але свабодаю карысталіся толькі тыя, што займалі высокія пасады і прапаведавалі замест любові і міласэрнасці класавую барацьбу. Татальнае віжаванне аднаго чалавека за другім ухвалялася скрозь: на прадпрыемствах, у калгасах, у войску, у храме, у сям’і, у турмах і лагерах. З-за намовы ўсялякі нявінны грамадзянін мог пазбавіцца не толькі маёмасці і блізкіх людзей, а і свайго жыцця. Прыніжэнне, здзек, боль, якія ён зведаў, неабходна было выкінуць з памяці і душы. Інакш, як ён разумеў, немагчыма будзе далей жыць з непамернаю крыўдаю за сябе, сваіх родных, блізкіх, ды і проста многіх знаёмых людзей, з якіх нямала хто застаўся навечна ляжаць у вечнай мерзлаце... «За-быць, за-быць, забыць.» — стукалі колы цягніка.
Калі раскінуліся за вагонным акном бяскрайнія рыжыя казахскія стэпы, яшчэ не абуджаныя цяплом, Гардзей радасна падумаў, што ўжо хутка ён убачыць сваіх родных. І гэта будзе яму ўзнагародай за доўгія пакуты і цярпенне.
Раённы цэнтр, дзе жылі Зося з Орастам, стаяў пры чыгунцы. Даехаў да яго Гардзей без цяжкасці. Знайшоў па адрасе патрэбную вуліцу і дом, пастукаў у дзверы. Яму адчыніў высокі сімпатычны юнак.
— Ці туды я трапіў, малады чалавек? Шукаю Сафію Рахубу. Ці тут яна жыве?
— Тут, гэта мая мама Зося, — разгублена і быццам пакрыўджана адказаў юнак.
— Ты Ораст? Ты мой сын Ораст? — здзіўлена ўсклікнуў Гардзей, углядваючыся ў твар юнака.
— Я Ораст.
— Божа мой, як ты вырас! Я ніколі не пазнаў бы цябе, каб выпадкова сустрэў на вуліцы.
— А я цябе адразу пазнаў.
Гардзей усхвалявана абняў сына, прытуліў да грудзей, адчуў прыліў пяшчоты, якая шмат гадоў не наведвала яго душу. У лагеры перад ім стаяла адна мэта — выжыць у невыносна цяжкіх умовах, выстаяць, умець загадзя прадбачыць небяспеку і пазбегнуць няшчасця. А пагроза зыходзіла з усіх бакоў: ад лагернага начальства, ад сваіх жа лагернікаў, ад бяспечнай і цяжкай працы ў шахце, ад дактароў, якія лячылі ці залечвалі да смерці, ад аховы, бо яна была ўзброеная і мела права страляць без папярэджвання, калі што.
— Заходзь у хату, — запрасіў сын.
Гардзей ступіў у беднае, але ахайнае жытло, у якім стаялі самаробныя стол і ўслон. Невялікая пабеленая грубка тулілася да правай сцяны, а за ёю мясціўся насціл накшталт беларускага запечка. Зрэшты, усё, неабходнае для жыцця, было.
— Дзе ж мама? — спытаў Гардзей.
— Пайшла на рынак, хутка вернецца. Сядай бліжэй да стала. Можа, есці хочаш?
Гардзей з любасцю і ўдзячнасцю за чуласць паглядзеў на сына і адказаў:
— Есці не хачу, а вады папіў бы.
— Дык на лепш узвару. А хлеб ляжыць на стале, накрыты ручнічком.
— Як некалі ў нас дома, — усміхнуўся Гардзей, заглядваючы пад ручнік, дзе ляжала паўбохана хлеба, спечанага Зосяю.
Ораст наліў кубак узвару з сухіх абрыкосаў, паставіў перад Гардзеем, сказаў:
— Калі ласка, пі.
Гардзей зрабіў колькі глыткоў, наталяючы смагу. Сам не чакаў, што гэтак расхвалюецца ад сустрэчы з сынам, які з падлетка ператварыўся ў юнака.
— Раскажы, як вам жылося.
— Ды ўсё добра. Я заканчваю дзясяты клас. Мама працуе.
— Якія ў цябе планы на будучыню? — зацікаўлена спытаў бацька. — Ці не збіраешся вучыцца далей?
— Пакуль не ведаю. Прынамсі, тут, у Казахстане, заставацца не хачу. Мару вярнуцца ў Беларусь.
— Я таксама пра гэта заўсёды марыў. Аднолькавыя, сынок, у нас з табою мары, — усцешана сказаў Гардзей. — Панасіла нас па свеце, а цяпер пара вярнуцца ў родны край. А дзяўчына ў цябе ўжо ёсць? — з добраю ўсмешкаю спытаў Гардзей.