«Вось так жывём разам, спажываем разам хлеб, а мары і беды ў кожнага свае, — горка пасміхнуўся ў думках Гардзей. — Што ж нас зводзіць разам, такіх розных? Няўжо толькі інстынкты? Ці нешта высокае і неспасціжнае? Нейкая вышэйшая сіла надзяляе нас радасцямі і прымушае дорага плаціць за памылкі і грахі? Ці мо ніякай звышнатуральнасці і няма, а ёсць толькі наша сумленне, якое судзіць нас у горкую часіну. Бо пакуль усё добра, дык і жывеш, як набяжыць. А здарыцца бяда — міжвольна разважаеш: чаму гэта са мною здарылася? Чаму я такі няшчасны? Чаму лёс такі несправядлівы да мяне? А ці не сваімі ўласнымі рукамі мы ствараем гэтае няшчасце? Самі ж выбіраем сабе сяброў, якія потым ператвараюцца ў ворагаў, якія жадаюць нам смерці. Самі жэнімся Бог ведае з кім і невядома дзеля чаго. Маючы адно дзіця, ужо не хочаш мець з ёю іншых дзяцей. Ды і нічога не хочаш мець. А яна прагне прызнання ў каханні, захаплення, шчасця. Як навучыцца захапляцца жанчынай, якая з ранку і да позняга вечара ходзіць у атопках, у замызганай спадніцы ад печы ў хлеў і назад? І толькі ў свята на якую гадзінку апране чыстую сукню. А ў тваіх вачах яна па-ранейшаму не больш, чым свінарка, даярка, кухарка.» Адначасова Гардзей разумеў, што Зося ні ў чым не вінаватая, калі б ён стварыў ёй адпаведныя ўмовы жыцця, яна таксама хадзіла б, як пані ў капялюшыку з сумачкаю пад пахаю. Але ўся прычына ў тым, што і святы свае, і будні мы ствараем уласнымі рукамі. А душа яго быццам і не прагнула ніякае ўрачыстасці, бо ніяк не магла выбавіцца з хваробы.
Раздзел другі
Ліхалецце
1
Гардзей прачнуўся ад невыразнага гулу, падумаў, што недзе далёка разгулялася навальніца. Расплюшчыў вочы, зірнуў у акно. Было ўжо даволі светла. Ночы чэрвеньскія кароткія. Ён паляжаў, услухоўваючыся ў далёкія грымоты, потым падняўся, выйшаў у двор, паглядзеў на захад, скуль далятаў гул, убачыў, што неба там падсвечанае чырванню. «Здаецца, за ноч свет дагары нагамі перавярнуўся, — падумаў Гардзей. — Сёння сонца ўзыдзе на захадзе». Ён павярнуў галаву на ўсход, але ўбачыў, што неба і там заружовілася. Гардзей яшчэ раз паўзіраўся ў бок Берасця і раптам зразумеў: «Гэта б’е артылерыя! І занадта моцна для вучэнняў. Гэта вайна? — спытаў сам у сябе і тут убачыў, што на ўсход рухаецца ромбам зграя цяжкіх самалётаў з крыжамі на крылах. — Вайна з немцамі!»
Ад гэтай здагадкі сэрца Гардзея трывожна захвалявалася, але яму адразу згадаліся тыя вясёлыя немцы, што жылі ў папярэднюю вайну ў ягонай хаце, а на развітанне падаравалі карову. Гэта яго адразу супакоіла. Ён падумаў, што, можа, яшчэ сустрэне каго з тых ваякаў, але прыкінуўшы, што ўжо з таго часу мінула чвэрць веку, зразумеў: цяпер прыйдуць дзеці тых, хто ў пятнаццатым прыходзіў на Беларусь.
З хаты выйшла Зося, спытала, хаваючы трывогу:
— Чаго ты ўсхапіўся, яшчэ рана?
— Слухаю, што гэта гудзе.
— Ну і няхай гудзе. Мо на чыгунцы што.
— Гэта вайна, Зося.
— Вайна? — спалохана перапытала Зося. — І што ж нам рабіць? Трэба выязджаць?
— Няма куды. Самалёты з крыжамі толькі што паляцелі на ўсход. Не тая гэта вайна, ад якой можна схавацца.
— Божа, Божа, што цяпер будзе, — заламала рукі Зося, гатовая загаласіць.
— Цішэй, сына напалохаеш. Што будзе — пабачым.
Раніцай на хутар забеглі два маладзенькія салдаты, астрыжаныя нагала, без гімнасцёрак, апранутыя толькі ў споднія белыя сарочкі і кальсоны, босыя. Яны папрасілі піць і хлеба.
— Пакармі, — загадаў Гардзей Зосі. — Заходзьце, хлопцы, у хату.
— Не, дайце нам хлеба і мы пойдзем, — сказаў адзін з вадзяністымі напалоханымі вачамі.
Гардзей са спачуваннем паглядзеў у мурзатыя юныя твары і прапанаваў:
— Можа, умыецеся з дарогі?
Салдаты адмоўна пакруцілі галовамі.
— Што ў Брэсце? — спытаў Гардзей.
— Немцы занялі горад.
— Выходзіць, вайна? — спытаў Гардзей.
— Вайна.
Зося прынесла бохан хлеба і гладышку малака. Хлопцы выпілі малако нагбом, хлеб адзін узяў пад паху. І яны подбегам рушылі далей.
— Бедныя дзеці, — сказала Зося са шкадаваннем, праводзячы позіркам хлопцаў.
— Усе мы бедныя. Няма нам ні радасці, ні спакою на гэтай зямлі.
У гэты час выбухі пачуліся і на ўсходзе, мусіць, бамбілі чыгуначную станцыю ў Жабінцы.
— Ужо з усіх бакоў грыміць. Божа літасцівы, уратуй, — уздыхнула Зося, перахрысцілася і пайшла ў хату, бо ў гаспадыні заўсёды адна турбота, пакуль ёсць сям’я, трэба дбаць пра яе, каб была накормленая і дагледжаная.
У тую нядзелю Гардзей амаль цэлы дзень праседзеў на лаўцы каля весніц. Лічыў крыжастыя самалёты, што хмарамі ляцелі на ўсход, а потым вярталіся назад. Прабягалі міма чырвонаармейцы, але ўжо не спыняліся каля Гардзея, а кіраваліся ў лес, каб не быць навідавоку. Толькі адзін малады мужчына, што быў апрануты ў камандзірскую гімнасцёрку з ромбамі, папрасіў цывільную вопратку. Зося вынесла яму бацькаву даматканую сарочку і такія ж нагавіцы. Вайсковец падзякаваў, тут жа пераапрануўся, і хацеў аддаць гаспадыні вайсковую форму, але Зося адмовілася, замахала рукою, маўляў, не трэба, насіце на здароўе і сваё, і наша.
Ужо ў самым канцы дня да Гардзея падышла маладая жанчына, адразу было відно, што з гарадскіх, з падплоенымі валасамі, у светлай сукенцы з бэзавымі кветкамі. Было з ёю двое дзетак: дзяўчынка гадоў пяці ішла, трымаючыся за прыпол маці, на руках жанчына несла немаўля. Ніякіх рэчаў у яе з сабою не было, толькі маленькая сумачка.
— Добры дзень вам. Наш цягнік разбамбілі, засталіся мы ні з чым. Дайце, калі ласка, дзецям паесці, — папрасіла яна.
— Заходзьце ў двор, — запрасіў Гардзей. — Зося, пакармі дзяцей і жанчыну, — крыкнуў ён жонцы, якая корпалася ў гародзе.
Зося выбегла насустрач гасцям, прывіталася, і павяла іх у хату, а Гардзей вярнуўся на свой назіральны пункт, як па-вайсковаму ён называў лаўку каля весніц. У Берасці ўсё яшчэ то гуло, то глуха вухкала, быццам хто малаціў молатам у дно пустой бочкі. «Напэўна, крэпасць дабіваюць», — падумаў Гардзей.
Зося, накарміўшы, правяла да весніц жанчыну з дзецьмі. Тая падзякавала гаспадыні і гаспадару за гасціннасць і спытала, ці можна спыніцца ў кагонебудзь у вёсцы на кватэры:
— Можа, якая самотная бабулька жыве? Вы не глядзіце, што я гарадская. Сама з вёскі, толькі вучылася ў горадзе, а потым замужам.
Яна недагаварыла, мусіць, баючыся, што падрабязнасці могуць нашкодзіць ёй.
— Самі бачылі, хатка ў нас маленькая, — сказала Зося. — Ідзіце ў вёску, папытайце там.
Жанчына яшчэ раз пакланілася на развітанне і пашыбавала па палявой сцежцы праз поле да Крачкаў.
— Божа, Божа, дзе ж гэтая бедная жанчына галоўку прыхіліць? — уздыхнула Зося.
— Трэба было ў сябе пакінуць, — сказаў Гардзей.
— Пакінула б, каб не была яна такая прыгожая.
Зося хітравата ўсміхнулася.
— А мне цяпер усё роўна, — абыякава адказаў Гардзей. — Табе ж доктар усё растлумачыў.
— Растлумачыў? Што ён мне мог растлумачыць, — як бы здзівілася Зося. — Ён мне толькі сказаў, што табе нельга хвалявацца, бо хвароба можа назад вярнуцца.
— Ну?
— Я даўно заўважаю, што не хвалюю цябе. Ты мне ніколі нават «кахаю» не сказаў.
— А хіба пра гэта трэба абавязкова казаць?
— Пажадана, — усміхнулася Зося.
— Вам, бабам, абы языкамі ляскаць, — незадаволена буркнуў Гардзей.
— Ты толькі не злуй і не хвалюйся. Усё ў нас будзе добра.
З двара выбег Ораст, несучы ў рукаў адламаную галіну, падсеў да бацькі, папрасіў:
— Тата, зрабі мне дудку.
— Нашто яна табе?
— Хачу граць.
— Падрасцеш, я табе гармонік куплю. Будзеш ты гарманістам на ўсю вёску.
— Не, я дудку хачу, — заўпарціўся сын, на чорныя, як у Гардзея вочы, навярнуліся слёзы.
— Добра, не плач. Які ты слязлівы, увесь у маму.
Гардзей выцягнуў з кішэні сцізорык, пачаў выразаць дудку. Зося таксама села на лаўку побач, з любасцю паглядвала на сына і мужа. Гэта была рэдкая хвіліна шчаслівага спакою, і трэба было радавацца ёй, бо ніколі не ведаеш, што прынясе заўтрашні дзень.